2
Праз пару дзён адпраўляюся ўздоўж берага, каб чаго-небудзь пашукаць. Цяпер ля маіх ног — гладкая, спакойная і пранізаная промнямі вясенняга сонца плынь лілавата-сіняй вады. Яна ласкава і ціха плюскае, вінавата ліжа каменьчыкі на беразе, бытта саромеецца свайго разгулу ды перажывае з-за шкоды, якую прынесла людзям. Аднак на сярэдзіне яшчэ бушуюць віры, стрыжань імкліва прэ іх у Балтыку, і калі доўга глядзець на тое, як малыя і вялікія карусельчыкі абганяюць адзін аднаго, кружыцца галава, а ногі міжволі
нясуць цябе далей ад берага.
За Пышкамі, дзе пад агнём фашыстаў у 1944-ым працавала славутая пераправа нашых войск на Захад, стаіць хутар. Ля дома крычыць і мітусіцца народ, кірую туды. Выяўляецца, пасля паводкі дзядзька ў печы тут знайшоў сома.
Вада гаспадару размыла хлеў ды пагнала ў бок Друскенікаў бярвенні, платы, рухомы набытак ды злізала ўвесь садок, а дзядзька з апошняй сілы трымае за жабры, пуды на два, вусатае страшыдла ды з радасцю, бытта на латарэі толькі што выйграў пяць тысяч, хрыплым голасам крычыць:
— Заходжу ў хату першы і — што за халера, плешчацца ў печы штось! Выгнаў з кухні дошкай ваду, заглядаю ў чэраў, а там — ён! Дзве гадзіны мучыўся, покуль халеру злавіў!..
Такое ж шчаслівае захапленне відаць у вачах яго жонкі, дзяцей-школьнікаў.
Чалавек з камісіі па аказанні дапамогі тым, хто пацярпеў ад паводкі, вымае складаны метр, прыкладвае да аслізлай рыбіны, ківае галавой ды з зайздрасцю кажа:
— Сто сорак пяць сантыметраў!.. І забраўся ж куды?! Не, сто сорак восем!..
Сом ляніва віляе хвастом, і перапалоханыя людзі кідаюцца ад яго прэч.
Ля Балі Сольнай спатыкаю Ванду Антонаўну Савецкую з музея. Пры дапамозе мясцовых школьнікаў яна знайшла размыты вадой скарб — залатыя манеты часоў Екацярыны. Адшліфаваныя вадой жоўтыя кружочкі на сонцы аж ззяюць.
Далей натыкаюся на якіясьці мокрыя карчы, што валяюцца на голым прыбярэжным пяску. Прыглядаюся лепш — і абміраю — косці маманта! Бягу па Ванду Антонаўну, паказваю знаходку, а масіўную сківіцу ўскідваю сабе на плячо ды валаку дамоў. Прыдумваю шкляную скрынку, куды змяшчу трафей, дзе пастаўлю ў пакоі на відным месцы.
Дома цётка Насця, што дапамагала жонцы варыць абед, паведаміла:
— А такія дзве косткі мой тата-нябожчык з-пад рэчкі прывалаклі за польскім часам. То ўся вёска потым пазычала іх у нас: клалі пад ложак, каб хлопцы радзіліся...
Але з маёй памяткі выйшаў адзін пшык. Нічога не падазраючы, я не забяспечыў костку спецыяльным растворам, і яна праз пару гадоў рассыпалася на порах.
З тых дзён у мяне засталіся толькі гэтыя нататкі.
СІНІЧКА
Пад Новы год прыляцеў я ў Душанбе на юбілей Лахуці. Калі ноччу сябры нас везлі з аэрадрома, я заўважыў, што ў сталіцы Таджыкістана яшчэ няма снегу.
Раніцой абудзіўся я на дачы Саўміна, куды змясцілі ўсіх гасцей юбілея. У прадчуванні экзотыкі паспяшыў хутчэй на вуліцу.
Крочу па тунельчыку з вінаградных лоз. Хтосьці слівавы кампот тут выліў ці якое ліха?!
— Э-э, дык гэта ж — гронкі!.. Вінаград у свой час не абабралі, ён абваліўся і дагнівае.
Жывецца ж людзям.
Узыходжу на мокрую траву, прыглядаюся — раса на ёй!.. А вунь на клумбах красуюцца белыя ружы. У адных сукеначках ды калошыках на босыя важаняты шмыгаюць загарэлыя і чарнавокія дзяўчынкі... Каб нам хоць крыху такога цяпла на Новы год!..
Стаю. Гляджу. Дзіўлюся. Думаю.
З густой і пышнай піхты азвалася птушка.
Сінічка?!
Аднак, яна!
Глядзі ты!.. І дзінькае дакладна так, як гэта робяць яе сяброўкі цяпер недзе ў прамерзлых ды пранізаных наскрозь ледзянымі вятрамі нашых прынёманскіх Пышках.
Раптам агарнула мяне чулая да слёз удзячнасць і спагадлівасць да сваёй гаротнай і такой мужнай маленькай птахі. Небарака мерзне там, не мае чаго есці, церпіць, але сюды нябось не пералятае.
НЯЎРЫМСЛІВАСЦЬ