ПАКУТЫ КАХАННЯ
Вучылася я тады ў пятым класе.
Рыжы Ваня, что сядзеў цераз парту, на лісціку напісаў: «Ніна, я цябе кахаю». Але ж хіба прызнанне такое хлопец мог проста аддаць ёй у рукі? Зрабіць гэта ён папрасіў суседку. Тая першым чынам, вядома, прачытала запіску сама ды на цэлы клас засмяялася. Убачыла класная і паперку забрала.
Кожная праява жыццядзейнасці вучняў мае глыбокі сэнс. Настаўніцы варта было задумацца над запіскай ды аднесціся да яе з тактам і мудра, але яна, на жаль, на такое не была здольнай.
Класная адразу залямантавала:
— А-а, то вы такі-ія?! Ах, распу-утнікі вы, хто б на вас мог падумаць?! А ці ведаеце, чым усё гэта скончыцца можа?! Не-е? Я вас зараз жа да дырэктара завяду!.. Бацькоў паклічу!..
У гэты самы дзень на школьнай сцяне нехта крэйдай вывеў:
«Ніна + Рыжы = любоў!»
Бацькоў клікаць настаўніца паленавалася, літары неўзабаве змыў дождж, пра выпадак паступова ўсе забыліся, толькі не забыла Ніна.
Ішлі гады. Рыжы сусед больш на свае пачуцці не паспеў нават і намякнуць, не падыходзіў да Ніны і блізка. Але дзяўчына заўсёды памятала — у школе ёсць хлопец, для кога яна нешта значыць. Ніна гэтым надта ганарылася. Свет зрабіўся цікавейшы, а таямніца, якую Ніна не паведаміла б нікому ні за якія скарбы, узнімала дзяўчыну ў сваіх вачах і самасцвярджала. Калі хлопец потым перавёўся ў другую школу, яна не знаходзіла сабе месца, покуль сябе не пераканала: адлегласць абсалютна нічога не мяняе, бо як адбывалася таямніца вярчэння Зямлі, незалежна ад таго, што б яна ні рабіла і дзе б ні знаходзілася, так існаваў недзе той, хто пра яе безупынна — яна ведала пэўна — думае.
Нарэшце Ніна атрымала атэстат.
Аднойчы сяброўка шапнула:
— Рыжага бяруць да войска... Просіць цябе прыйсці на станцыю...
У запаветны час яны з маці палолі моркву ў агародзе, а бацька рамантаваў плот. Зірнуўшы цераз акно на ходзікі, Ніна пачала непакоіцца, сюды-туды мітусіцца, а потым пажалілася на боль спіны. Ці ж магла яна сказаць проста так бацькам, для чаго ёй трэба адлучыцца?
З-за спіны яе, вядома, не адпусцілі. Тады дзяўчы-
на з гарачкі прыдумала, што мусіць абавязкова бегчы ў магазін — вось зараз жа, у гэтую хвіліну.
Паводзіны дачкі здаліся падазронымі, і маці паклікала старога.
— Куды-ы?! Ве-едаем мы гэтыя магазіны!— накрычаў ён на сваю дачку.— Згаварыцца хочаш, каб вечарам на танцулькі ўжо ляцець? А хто рабіць будзе?! Ты глядзі ў мяне, каб з агарода — ні на крок!
Цяпер Ніна вырашыла, што ўсё скончана і няма сэнсу больш на свеце і жыць. Некалькі сутак яна не ела, не спала і нікога не хацела бачыць. Маці прыдумала ёй хваробу, пачала рабіць дачцэ націранне, паіць настоем траў. Вінаваты бацька паклаў на табурэтку перад Нінай пяцьдзесят капеек на танцы і папрасіў прабачэння, што на хворую накрычаў.
Старыя, як часта здараецца з усімі бацькамі, так ні аб чым і не здагадаліся.
РЭХА ВАЙНЫ
Летам 1974 г. у вёсачцы пад Гроднам здарыўся такі выпадак.
Малады інжынер з жонкай стаў на кватэру да ўдавы-полькі. Вялікая і ладная мураванка сведчыла, што ўдава некалі жыла заможна, а муж полькі не толькі піў гарэлку.
Аднаго дня інжынер купіў у горадзе карціну, прывёз дамоў ды стаў заганяць у мур цвік, каб яе павесіць. Побач на сцяне тырчаў нейкі гарбячок; інжынер з усяе маладой сілы ўлупіў па ім малатком, каб зраўняць сцяну.
З другой палавіны дома пачула стук удава. Яна як была без халата, так і ўляцела да маладажонаў, закрычала:
— Езус, Марыя, сынок, перастань!..
Толькі інжынер ужо і сам выпусціў малаток з рук. Ён з жахлівым здзіўленнем прыглядаўся да той мясціны, адкуль адваліўся тынк. Паміж цаглін глядзеў на яго падрапанай алюмініевай боегалоўкай — такой свежай, нібы ўзялі яго толькі што са склада ды заклалі туды,— снарад ад сямідзесяцішасціміліметровай гарматы.
Роўна трыццаць гадоў таму назад, калі нашы войскі праганялі немцаў, супрацьтанкавая балванка разарвала мужа полькі. Другі снарад урэзаўся ў мур і не выбухнуў. Удава сапёраў клікаць пабаялася, бо думала, што ўзарвуць дом (так ёй сказала адна знаёмая!), замазала старанна нос снарада глінай, пабяліла ды пакінула.
Бедная жанчына тры дзесяцігоддзі ўздрыгвала на кожны стук у доме, і сэрца яе кожны раз апякаў напамін аб пякельным ладунку над галавой, а перад вачыма паўставала жудасная смерць блізкага чалавека.
ГРЫП