Лена прыйшла да нас у педінстытут проста з партызанскага атрада. Баявая і сімпатычная. Хоць рэктару, хоць дэкану дзяўчына магла сказаць, што думала, таму начальства яе асцерагалася. На курсавых занятках зводзіла сваіх выкладчыкаў пытаннямі.
— І навошта прыдумалі гэтыя коскі? У нямецкай мове — іх ставяць так, у англійскай — гэтак, у рускіх, кітайцаў — яшчэ інакш!.. Пісалі ж людзі ўвогуле без іх шмат стагоддзяў!..
— Чаму такія нудныя раманы выпусціў класік М., другой работы не меў? Дык пры чым тут студэнты, за якія грахі нам іх перачытваць?!
У двары інстытута рэктарава цешча пасадзіла агарод. Нам патрэбна была пляцоўка для гульні ў валейбол. Я, старшыня прафкома, заікнуўся рэктару пра гэта, а ён, бедны, пачаў скардзіцца, якая ў яго злая цешча. Учула гэта Лена, арганізавала зараз жа студэнтаў з рыдлёўкамі, і праз дзесяць хвілін ад агарода не засталося і следу, а хлопцы на свежаперавернутай зямлі ўкопвалі ўжо слупы.
Лена не баялася самога чорта і разводзіла ноччу па кватэрах сябровак па разбураным і вымерлым горадзе, дзе тады можна было спаткаць усялякае. Да падсобнай гаспадаркі інстытута ў Ліцвінках было кіламетраў з васемнаццаць, там працавала яе маці, партызанская сувязная; у цёплую пару Лена туды лётала кожны дзень пехатою.
Аднойчы дамовілася з зубрылам Пташкоўскім: калі ён здасць марксізм на пяцёрку, то частуе марожаным колькі яна захоча. Я падышоў, калі Лена далізвала дванаццатую порцыю бела-сіняга ласунку, у якім тады быў у асноўным лёд. Я нават з абаіх пасмяяўся ды пайшоў сабе далей, а назаўтра мусіў ад імя прафкома ісці на кватэру да Лены з гасцінцам — дзяўчына захварэла запаленнем лёгкіх.
І вось скончылі мы інстытут, раз'ехаліся на працу.
Мінула чатыры гады.
Аднаго разу стаю ля кінатэатра ў Мінску, збіраюся паглядзець якуюсьці там серыю «Тарзана». Раптам чую ўзрадаваны, меладычны знаёмы голас:
— Лё-ошка, ты-ы гэта, няўжо-о?!
І міргнуць не паспеў, як Лена прарвалася праз натоўп ды ледзь не павіснула, шчаслівая, у мяне на шыі.
— Дзе-е ты цяпер?! Няўжо і ты-ы жывеш — так, бы ўсе?! І ажаніўся, і маеш дзяцей, і ходзіш кожны дзень а дзевятай на работу?
— Што зробіш...
— Ой, гэта ж сумо-ота!
— Ну, а ты як? Расказвай, дзе і што робіш!
— Ведаеш, а я — на Камчатцы! Цудоўны край, не змяняю ні на што на свеце: калі гаварыць пра рай, то ён — там!.. Ой, Лёшка, мілы, паслухай, якая ў мяне трагедыя! Ты толькі глянь, якая бяда здарылася!
— З мамай мо? — устрывожыўся я за нашу партызанскую сувязную.
— Не-е, мама шчэ здаро-овая, жыве са мной!..
— Дак што ж там магло такога выдарыцца?
— Паслухай! Толькі вылецела з Петрапаўлаўска, а па радыё перадаюць — Ключэўская сопка выбухнула і на пяць кіламетраў радыусам заліла ўсё навокал кіпучай лавай! Ці можаш ты сабе ўявіць такое?! Мы так упрошвалі лётчыка, так усе яго малілі — ледзь яму рук не цалавалі, пяць скрынь шампанскага фундавалі, але ён, бюракрат, не захацеў павярнуць самалёт назад!.. Разумееш, столькі там пражыла — вулкан маўчаў як зачараваны! Варта ж было мне толькі ад'ехаць і — на табе! Лё-ошка, ты адно падумай, як не пашэнціла мне ў жыцці!..
ЦАНА СЛАВЫ
Расказвае маскоўскі карэспандэнт.
Сталіца сустракала аднаго з першых касманаўтаў. На аэрадроме — стометровая істужка чырвонага дывана, сотні карэспандэнтаў з цэлага свету, апараты для здымак у кіно і тэлебачання. Потым — імклівы караван новенькіх «Чаек», абкружаных ганаровым эскортам матацыклістаў. Уздоўж высланых кветкамі Ленінградскай шашы і вуліцы Горкага — сотні тысяч шчаслівых і гордых, бытта яны ўсе пабывалі самі ў космасе, масквічоў. Людзі — на балконах, у вокнах і нават — на дахах, а хлопчыкі абляпілі нават галіны таполяў.
На прыёме ў Крамлі прысутнічалі карэспандэнты. Пасля ім дазволілі ўзяць у героя інтэрв'ю.
Толькі журналісты падрыхтавалі пытанні, раскрылі свае блакноты, як крыху захмялелы ўжо ад віна, славы і перажытага касманаўт ім і гаворыць:
— Прыкладна ведаю, чаго вам трэба. Гэтыя пытанні ваш брат мне задаваў дзесяткі разоў яшчэ ў Байкануры! Давайце зробім зараз іннтэрв'ю наадварот — спачатку спытаю я вас. Няхай кожны з вас скажа, што найбольш запала яму ў душу ад сённяшняй сустрэчы. Толькі цур, угавор: гаварыць шчыра!
Пасыпаліся адказы.
Аднаго карэспандэнта ўразіла колькасць кветак, з якімі людзі сустракалі герояў,— ён і не думаў, што такую масу цюльпанаў, гладыёлусаў ды ружаў можна сабраць за адзін дзень у Маскве. Другога ўразілі маладыя матацыклісты ў белых касках і з такімі ж белымі рукавіцамі да самых локцяў: вельмі ж прыгожа яны выконвалі свой абавязак, не парушаючы строю ні на міліметр. Трэцяга — рабочыя, што, як гронкі, павіслі на страле будаўнічага крана ля Беларускага вакзала ды махалі касманаўту каскамі.
Дайшла чарга да аднаго сівога журналіста. Ён яшчэ ў 1935 бачыў трыумфальны прыезд у сталіцу Папаніна, а затым — Чкалава і чэлюскінцаў. Тады сустракаць герояў таксама выходзіў увесь горад, толькі замест матацыклаў паабапал машын ехалі коннікі, а замест кветак з балконаў і вокан сыпалі паперкі: дзесяткі тысяч белых галубоў кружылі над галовамі герояў ды клаліся ім пад ногі.
— Мяне,— кажа карэспандэнт,— найбольш уразіў стары Папанін. Надта ж кранула ды прымусіла над многім падумаць тое, як ён, сціснуты на Краснай плошчы ў натоўпе тысяч масквічоў, выцягвае шыю ды стараецца вас разгледзець.