Адразу і закахалася.
Ён быў п'яніца і, здаецца, распуснік, хадзіў заўсёды з брудным каўняром на плашчы, у зашмальцаванай кепцы, але мне, такой чысцюлі, чамусьці не перашкодзіла гэта ані трошкі. Наадварот, усё ў ІМ здавалася мілым, чароўным, прывабным і значным. І стала я цяпер кожны дзень мыць ды выносіць сушыцца свой камбінезон, бялізну, абы пачуць ЯГО яшчэ раз.
Нарэшце ЁН зрабіў ласку — звярнуў на мяне ўвагу. Падараваў нават яблык. Толькі сам чамусьці ніколі больш на нашым двары не з'явіўся; мажліва, што яго ўзялі ў армію, а мо трапіў і ў турму — не было мне ў каго спытацца.
Маленькае чырванабокае яблыка я паклала ў запаветнае месца і ледзь не малілася на яго, покуль яблыка не згніло і не стлела зусім.
З той пары праляцела ўжо больш як сорак гадоў. Я ніколі не даведалася нават, як ЯГО зваць. Але выразна памятаю ЯГО голас. Памятаю яго з усімі адценнямі і нюансамі. Часамі і цяпер яшчэ імі жыву.
СТЫХІЯ
1
У канцы красавіка 1958 года ў Нёмане прыбыло столькі вады, што ён выйшаў з берагоў. Кажуць, паводкі такой яшчэ не было з таго часу, як жывуць у Гродне людзі.
А разліўся так Нёман вось чаму. У вытоках гэтай ракі ляжаць Навагрудскае і Мінскае ўзвышшы. Там заўсёды бывае многа снегу, але растае ён, на наша шчасце, тыдні на два пазней, чым сходзіць з палёў пад Лідай, Мастамі, Скідалем, Гроднам і Друскенікамі. Такім чынам талая вада з нізоўя ды сярэдзіны ракі паспявае ўплысці да Балтыкі ды апаражніць рэчышча для талага снегу з-пад Навагрудка і Мінска.
У гэты ж год снег растаў адначасова ўздоўж усяго Нёмана, яго прытокаў, і карыта цэнтральнай воднай магістралі раптам стала замалое, вада гвалтоўна выйшла з берагоў. Рэчка ў Гродна затапіла піўзавод, заліла лесапілку насупроць абкома партыі, хлынула на прынёманскія вуліцы, а ў вобласці апынулася пад вадой 480 вёсак ды сотні хутароў! Месцамі вада ўзнялася на 10 метраў вышэй нормы!
І вось табе наш «ціхі» Нёман.
Ён бурліць, пеніцца ды дзіка, нецярпліва і з хуткасцю 18-20 кіламетраў у гадзіну прэ аграмадную масу жоўта-бурай вады ў Балтыку. Пазносіў выступы берагоў, павыпростваў сабе рэчышча, захапіўшы сотні гектараў, выганаў, балот і сенажацяў, злізаў масты і мосцікі, бетонныя пліты на ўзбярэжжы ў Гродне, як карова языком злізаў з паверхні зямлі тэлеграфныя слупы і мачты высакавольтных лініяў — бетонныя, жалезныя, драўляныя.
Ад жудаснай стыхіі не адарваць вачэй.
То верхавінкамі, то карэннямі дагары куляюцца на плыні выносныя елкі, сосны і дубы.
Як мокрыя парасоны, плывуць уздутыя коні, каровы, свінні ды авечкі.
Бытта тысячы, дзесяткі тысяч запалак, высыпаных у ваду, плывуць, бязладна таўкуцца і падскокваюць бярвенні ад разбураных хат, свірнаў і хлеўчыкаў — круглыя, абчэсаныя, з пазамі, з абламанымі канцамі і абтрапанымі, як мачала.
Недзе размыла могілкі, і вада, нібы з цацкамі, гуляе сабе трунамі — то выставіць іх цёмным бокам, то белым нутром, то выстраліць уверх крыжам.
Галоўны мост пад нагамі дрыжыць і хістаецца, бытта ён картачны домік, а не з масіўнага бетону, бытта вось-вось абрынецца з машынамі і людзьмі ў пякельны водаварот — жанчыны баяцца да яго нават падыходзіць.
Стыхія гудзе, раве, скрыгіча і свішча — як у вайну грымела артылерыйская кананада ў часы артпадрыхтоўкі. Гэтае гудзенне, бытта вар'яцкі лямант, каторы дзень раздаецца магутным рэхам нават за кіламетр ад берага — і на Савецкай плошчы. Каб цябе зразумелі, трэба да людзей крычаць з усяе сілы.
Гродзенскія галкі збіліся ў вялізную чараду і дакладна так, як яны гэта рабілі ў вайну пад час бамбардзіроўкі горада, з дзікім і трывожным лямантам ды ў паніцы, бедныя, шугаюць то ў занёманскую частку горада, то цэлай хмарай і гэтак жа сама высока з крыкам імчаць зноў назад.
Але трагедыю не ўсе так прынялі да сэрца.
Дом ля Гараднічанкі, дзе яна ўпадае ў Нёман і канчаецца адхон старога замка, стаяў, здавалася, даволі высока на беразе, а цяпер і ён увесь пад вадой. Выстае толькі хрыбет даху са шпакоўняй. Шпачыха сабе сядзіць на яйках, а яе каханы на перакладзіне радыёантэны высвіствае нешта мажорнае і вясёленькае, бытта нічога і не здарылася. Аднекуль прыплылі стомленыя качкі. Яны вылезлі на хрыбет даху ды пачалі старанна чысціць пёркі. Шпак змоўк, нахіліў галаву ды насцярожана на іх зверху цікуе. Гэтым эгаістам — хоць увесь свет стань дагары нагамі, іхнія клопаты не перасякаюцца з нашымі.» * : ^
Накіроўваюся да начальства.
У аблвыканкоме каторы дзень працуе камісія па барацьбе з паводкай. На сценах, на сталах — карта вобласці, раёнаў. Зводкі воднай і метэаралагічнай службаў мяняюцца кожную гадзіну. Безупынна звоняць тэлефоны, дзейнічаюць тры рацыі, у калідоры тоўпяцца пасыльныя — дакладна, як у час наступлення ў штабе корпуса на перадавой. Чуваць адрывістыя загады:
— Кіркевіч, бяры верталёт, грузі дзве тоны хлеба і праз паўтары гадзіны даставіш у Лунну, там людзі галодныя! Зразумела? Дзейнічай!
— Таварыш Грыгор'еў хай па дарозе завязе сто кілаграмаў цукру ў Багатырэвічы, а ў Навасёлках — гінеколага ссадзіць!
— Начальнік міліцыі, пасылай народ на хутар у Балю Сольную! Вось ён тут, глядзі на карту!.. Сектант з жонкай вырашыў, што канец свету ідзе! Перад іконамі абое на каленях моляцца, аб ратаванні, ідыёты, і слухаць не хочуць, дэпутат не даў ім рады!.. Гадзіны табе хопіць? Вернешся і даложыш а 14-й!..
У членаў камісіі, пасыльных ад недасыпання і напружанай заклапочанасці твары асунуліся, вочы пачырванелі; яны, апрача тэлефонаў, зводак, карт і пасыльных, нікога не заўважаюць. Прыставаць з пытаннямі, таўчыся ля іх — злачынства. Адпраўляюся з салдатамі ратаваць хутары вёсачкі Гнойніца. Людзей адтуль вывезлі яшчэ ўчора, нам засталася толькі жывёла.
Працавітая кабыла ўся дрыжыць, ад хвалявання на ёй выступіла кожная жылачка, ад чаго бакі рабацягі нагадваюць карту басейна Амазонкі. Бедная гаротніца ў людзях адчувае ратунак, таму цярпіць ды пакорліва ўзыходзіць на амфібію. А дурны жарабец стаў на дыбкі ды сігануў за борт, ад чаго судна зачарпнула вады. Нявыспаныя ды стомленыя ўшчэнт салдаты (дзякуючы іх ахвярным старанням не загінуў на вёсках ні адзін чалавек!) з вяроўкамі ў руках ды проста ў бушлатах кідаюцца ў ледзяную ваду, каб звязаць дурня ды ўнесці на руках.
На дзіва прыстойна паводзіць сябе бугай, чаго ніхто ад быські не спадзяваўся. Пародзісты, аграмадны — тоны на паўтары — ды моцны, як зубёр, бык адразу дазволіў сябе ўзвесці на борт. Цяжка ўздыхаючы, з пануранай галавой, аднак лёгка, як балерына, прайшоў ён на амфібію нават па адной...бэльцы. І ў налітых крывёю яго вачах на гэты раз я са здзіўленнем убачыў нейкую мудрасць, цярпенне, спалох ды гэткі самы, як у кабылы, давер да людзей. Калі небарака ўзышоў нарэшце ды ступіў на жалезнае дно машыны, з яго магутных грудзей вырваўся чалавечы стогн палёгкі: — Уф-ф-ф!..