ХАЙКЕЛЬ З ІНДУРЫ
Ён паходзіў з такой бядноты, якая «хвост селядца тыдзень смактала». Але па натуры шавец Хайкель — упарты, сумленны і заядлы. Уступіў у падпольную Кампартыю, паліцыянты яго не раз запіралі ў турму. Не маючы ні кала ні двара, ажаніўся на такой жа беднай Голдзе і пусціў на свет пяцярых малых.
Калі ў верасні 1939 года вызвалілі Заходнюю Беларусь, мнагадзетнаму Хайкелю і яго жонцы выдзелілі добрую кватэру ды самую лепшую памешчыцкую карову: жыві ў цяпле, браце, ты гэтага варт, кармі малых і пасылай іх у школу.
Раніцой пайшла шчаслівая Голда ў хлявок, надаіла поўнае вядро малака. Столькі ж карова дала ў абед, столькі ж і — вечарам. Хлопцы наперабой сталі пасвіць яе на толькі ім вядомых межах, адзін перад адным валаклі ёй бярэмы лістоў чужой капусты ды з захапленнем глядзелі, як Красуля з трэскам іх умінае; на ноч клалі ёй канюшыну...
Цяпер узрадаваная і шчаслівая сям'я стала піць малако як ваду, бяліць ім страву, гатаваць — хто гэта бачыў! — зацірку на чыстым малацэ! — а яго яшчэ і заставалася.
Кіслым і салодкім праз пару дзён запоўнілі ўсе каструлі, банкі ды міскі.
Голда не ўмела рабіць ні сыру, ні масла. Яна дала нарэшце вядзерца сырадою старэйшаму сыну, дала ў другую руку кварту ды адправіла яго прадаваць малако:
— Збярэш сабе і братам гэтак на школьныя ранцы, Люсічак!
Крочыць здаволены Хайкель дамоў на абед праз плошчу і сваім вачам не верыць: яго Люсік пад навесам разам з бабкамі, якія прадавалі яблыкі ды семкі, квартай адмервае пакупнікам малако. Шавец папёр сына дамоў.
— Ганьбаваць мяне ўздумала! — напаў ён на жонку.— Людзі нам дабро зрабілі, а ты нажыцца хочаш на гэтым?
— Хайкель, так жа псуецца малако! — перапалохана баранілася Голда.— Куды ж нам яго дзяваць?
— Ха! Не будзь скнарай! Надаі столькі, колькі адно можаш выпіць ці з'есці: трэба табе шклянку, ідзі і надой шклянку, трэба каструлю — надаі каструлю, а не будзь прагнай, як кулачка, не забывай, што я — камуніст!
Жонка паслухала: пачала даіць Красулю, як загадаў муж.
Праз тыдзень у каровы прапала малако. Голда збегала да ветэрынара, і бедны шавец павёў Красулю здаваць на мяса: не будзеш жа гэткую абжору дарма карміць да новага ацёлу.
СЛЕПАТА
Студэнтку Юлю спакусіў адзін тып. Ён — забулдыга, п'яніца, хам і мае сабе ў горадзе некалькі жанчын. Да Юлі прыходзіць раз у тыдзень, каб добра нажэрціся, выманіць грошай. Юля ў такі вечар лётае па сямі паверхах інтэрната. За вочы ўсе яе асуджаюць, з яе смяюцца, абзываюць дурной, бязвольнай авечкай, але з жаласці даюць, колькі хто можа.
Сёння еду з ёю ў тралейбусе. Юля да мяне нахіляецца і давярае таямніцу:
— Ведаеце, я пасябравала з адным маладым чалавекам. Ён такі чулы і добры, так мяне разумее, так за мной глядзіць, пра мяне клапоціцца, і мы так з ім ладна жывём, што і не раскажаш!.. Ой, паверце мне, я такая шчаслівая, такая шчаслівая, мне так до-обра на душы!..
Голас і вочы ў яе шчырыя, чыстыя, натхнёныя... Адкрыць ёй усю праўду? Тое ж самае, што надта слабому ды безнадзейна хвораму чалавеку сказаць, што ён усё роўна праз пару дзён памрэ.
ЛЯ КАЗАРМЫ
Ля аграмадных варот — паласаты «грыб». Побач двое вартавых трымаюцца за рамяні ад аўтаматаў ды фліртуюць з дзяўчатамі. Нядзеля, камандзіраў блізка няма, а тут яшчэ цёпла, радасна свеціць сонца, шчабечуць ластаўкі.
Весела, гулліва, з выклікам бліскаюць вочы і зубы.
Зводдаль назіраюць за фліртам яшчэ два салдаты. Ім таксама хочацца, каб дзяўчаты зірнулі на іх. Толькі як жа ты гэта зробіш? І хлопцы пачынаюць спаборнічаць, хто з іх... даўжэй выстаіць на адной назе.
Я гляджу праз акно з клуба часці, і мне з трэцяга паверха добра відаць, як абодва салдаты стаяць з падкурчанымі нагамі, нібы буслы. Стаяць дзве хвіліны, тры...
У памяці маёй адразу ўзнік выпадак з мінулага года. Ішлі мы з дачкой па Варшаве, а перад намі крочыў юнак — ды неяк ненатуральна, хістка, нібы па дроціку ці хто яго спутаў.
«Тата, глядзі!» — пырснула раптам дачка ды паказала на ногі паляка.
Хлопец ішоў на жаночых «шпільках».
Ад таго, што мы заўважылі яго арыгінальнасць, твар худзенькага юнака аж расплыўся ў шчаслівай усмешцы.
А зусім нядаўна назіраў я і не такое дзіва.
Супроць нашага педінстытута сустрэў я трох волатаў з буйнымі шавялюрамі ды расхрыстанымі кашулямі. Мускулістая грудзіна ў крайняга кідалася ў вочы здалёк, а з яго магутнай шыі звісалі канцы нейкага шнура. Хлопцы крочылі памалу, упэўнена, ні на каго не пазіраючы, аднак сустрэчныя дзяўчаты чамусьці з жахлівым віскам кідаліся ад іх у бакі, а потым праводзілі кавалераў вачыма, у якіх гарэла ўжо вясёлае захапленне.