У горадзе я трохі затрымаўся ды пра выпадак забыў. Вяртаюся дамоў — і сам сабе не веру: у маёй прыхожай блішчыць новенькім пластмасавым корпусам тэлефонны апарат!
СІЛА МАЦЯРЫНСТВА
Пакінула я ў Бабруйску бабцы двухгадовую Святлану, а сама — у партызаны.
Зімой адправіліся мы на заданне. Трэба было пераправіцца праз раку каля самага гарнізона. Плылі мы паміж крыгаў, стараліся нават не дыхаць, ды раптам вялізнай крыгай лодку падняло, і яна перакулілася. На мне кажух, вінтоўка, рэчавы мяшок з пяццю кілаграмамі толу ды сотняй патронаў: я адразу так і пайшла каменем на дно.
Сабрала ўсе сілы, устрапянулася, стала выплываць. Стукнулася ў днішча галавой ды зноў патанула. Гэтак другі раз, трэці, покуль не выбілася з сілы.
Канец мне! Адчула, што млею.
І тут успомніла светлую галоўку дачушкі ды падумала — а на каго ж яе пакідаю?! Аднекуль з'явіліся ў мяне новыя сілы. Нібы адкрылася другое дыханне.
Узяла я крыху ўбок ды вынырнула побач з перавернутай лодкай. На днішчы ляжалі нашы хлопцы.
— Таня, мілая, жыва-ая?!
Сябры дапамаглі. Успаўзла я да іх, і мы, грэбаючы рукамі ваду, дабраліся да берага. Толькі тут «дазволіла» я сабе абамлець — асунулася на снег без памяці. :,
У ВАГОНЕ
Іван Мікалаевіч едзе ў Маскву. У купэ ён не адзін.
Сярэдніх год жанчына распранулася, лягла на ніжнюю лаўку ды стала чытаць кніжку. На ёй паркалёвы халат без рукавоў, тугая пляцёнка русай касы па-маладому закінута на грудзі.
Іван Мікалаевіч ляжыць на другой лаўцы, разглядае часопіс. Паміма волі яго вочы зрыкаюць на белыя плечы суседкі. Ён дакладна адчувае халадок яе рук, плячэй, шаўкавістую мяккасць валасоў...
«Цьфу, ліха тваёй матары, я ж — бацька дарослых дачок!» — лае сябе чалавек за грэшныя думкі ды рашуча бярэцца чытаць абзац спачатку.
Яму ўдаецца ўлавіць сэнс артыкула, але толькі на хвіліну. Зноў яго ўся ўвага пераключаецца на суседку.
Жанчына нейкімі біятокамі адчувае, што робіцца ў яго на душы.
Яна насцярожваецца, кладзе сабе на грудзі кніжку ды пачынае з ім гутарку.
Гадзіны тры абое вельмі міла і жыва гавораць пра тое, пра сее, аднак Івана Мікалаевіча не пакідаюць ранейшыя эмоцыі.
Спыняецца поезд у Смаленску. Іван Мікалаевіч успомніў, што трэба абавязкова даць тэлеграму ў гасцініцу. У спадарожніцы просіць прабачэння, накідвае на сябе паліто, абуваецца ды выходзіць з купэ.
У калідоры пасажыр натыкаецца на заплаканую жанчыну з вырванымі гузікамі на світэры. Правадніца якраз падводзіць да яе міліцыянера і на хаду дакладвае:
— Таварыш сержант, вось якраз да гэтай, што плача, п'яны прыставаў! Ламаў рукі, цалавацца лез! Яны толькі дваіх былі ў купэ!..
Мікалай Іванавіч пайшоў на пошту ўжо вінавата і няўпэўнена, бытта злодзей.
СУСТРЭЧА
Зіма. Еду праз Слонім гарадскім аўтобусам. У ім поўна народу.
У цэнтры машына спыняецца — тут, здаецца, мне выходзіць. Да пярэдніх дзвярэй не прабіцца, ціснуся праз заднія.
Аўтобуса чакаюць вучні з партфелямі, жанчыны з сумкамі, а наперадзе гэтага натоўпу тырчыць круглатвары мужчына ў багатым зімовым паліто з каракулевым каўняром. Выпадаю з аўтобуса якраз у абдымкі гэтага чалавека.
— Ці ведаеш, што выходзіць трэба праз пярэднія дзверы? — яхідна пытаецца ён.
— Ага! — прызнаюся.— І яшчэ ведаю, што ў машыну спярша заходзяць дзеці, жанчыны, старыя, а ўжо тады гэткія мардатыя, як ты!
У натоўпе закрычалі: