«МНЕ НЕ ДАКЛАДВАЕ»
Я заходжу ў прыёмную. Маладзенькая сакратарка прысоўвае шуфляду з кнігай да стала і, не ўзнімаючы галавы, чакае, што я скажу. Пытаюся ў яе пра загадчыка. Сакратарка нешта буркнула. Пытанне паўтараю.
— Я ж вам сказала — Івана Мікалаевіча няма!
Ветліва, нічога не скажаш.
Прайшоўся па пакоі я адзін раз, другі, і... Якое дзіва! На двары — люты месяц, сумёты, нават замерз Нёман, а на падлозе божая кароўка. Самая сапраўдная, жывая! Нахіляюся і асцярожна лаўлю на паркеце стварэнне.
— О, зноў вылезла! — вінавата і з папрокам ускрыквае дзяўчына ды бяжыць ад стала.— Тут іх жыве дзве. У вазоне. Але гэтая непаслухмяная, усё вылазіць з фікуса, трэба ёй усё ведаць...
У яе вачах свеціцца сардэчная клапатлівасць і дзіцячая шчырасць. Але я ёй чамусьці не веру.
Звоніць тэлефон. Сакратарка хапае трубку, нездаволена хмурыць бровы.
— Не ведаю, ён мне не дакладвае! — жорстка некаму адказвае ды кідае трубку.
Ліха на яго, як сентыментальнасць ужываецца з чэрствасцю душы!
БЫЛО І ТАК
Германія, Памеранія. Перадавыя часці пайшлі праз лес далей, а на палянцы разбіў палаткі ды выставіў варту медсанбат.
У гушчары чатыры немцы здаліся ў палон сержанту з гаспадарчага ўзвода. Восем раз паранены і кантужаны, сержант служыў цяпер у гаспадарчым узводзе медыкаў. Убачыўшы немцаў, ён даў для страху ўверх чаргу з аўтамата, а тады паадбіраў у былых грозных ворагаў біклажкі са шнапсам ды да адной добра прыклаўся. Праз якой паўгадзіны ці менш галодны сержант ужо не мог ісці...
Медсанбатаўская варта ўбачыла паміж дрэў фігуры немцаў, узняла на паляне трывогу.
Перад вачыма насцярожаных урачоў і сясцёр праз хвіліну з'яўляецца каларытная працэсія. На паляну выходзіць унтэр-афіцэр і на выцягнутых руках трымае савецкі аўтамат.
Абвешанага біклажкамі сержанта вядуць пад рукі два немцы.
Убачыўшы медыкаў, унтэр-афіцэр крычыць здалёк:
— Не страляць! Не страляць!.. Пан сержант узяў нас у палон! Дзе рускі палон?
«КЛАСІК»
Гэты літаратурны клешч трыццаць гадоў таму назад выдаў адну брашурку памерам у два аркушы. З таго часу ездзіць па ўсім Саюзе ў творчыя камандзіроўкі, жыве ў найлепшых гасцініцах, харчуецца ў дарагіх рэстаранах і кожны год па тры разы бывае ў дамах творчасці: Перадзелкіне, Малееўцы, Каралішчавічах, Дубултах, Адэсе. Малы, хілы, зморшчаны...
Пра яго ходзяць анекдоты, але я да сённяшняга дня не меў магчымасці пераканацца, наколькі яны праўдзівыя.
Зараз ён прыехаў да нас на пленум, жыве ў люксе і вядзе мяне да сябе ў нумар.
Заходзім.
На крэслах ватнія халаты.
На этажэрцы акуратна ў папках складзены рукапісы(?). На стале штук восемдзесят кніжак, якія яму падарылі аўтары на працягу трыццаці гадоў.
У кубачках — з дваццаць востра заточаных алоўкаў. Тут жа розныя гумкі, клей, нажніцы, пачкі выдатнай паперы, партатыўная друкарская машынка...
Пад настольным шклом чытаю лозунгі: ТОЛЬКІ САМАЕ ГАЛОЎНАЕ, НІЧОГА ЛІШНЯГА!!! ШІІ УЛАДАЮ ДНЁМ СВАІМ!
Гаспадар бачыць, што я ўважліва ўсё разглядаю, прамянее ад радасці ды паказвае надпісы на халатах:
— Гэта — падарунак узбекаў з 1954. А гэта — казахі далі ў 1956. А то — бурка ад асяцінцаў...
І ўсё гэта ён валочыць з сабой у камандзіроўкі? Божа, мілы!..