Чубатка забылася, дзе зніклі дзеці. Пасля дажджу пайшла шукаць іх у агарод.
Рэдка трапляліся ёй такія ўдачы. Разадрала купіну з чырвонымі мурашкамі, паклікала дзетак. Яны ўсё не ішлі, і мурашкі пахаваліся ў норкі. Выкапала адразу некалькі дажджавікоў, але дасталіся яны нахабным вераб'ям. Высахлую Чубатку вецер перакульваў на загонах, але яна ўзнімалася ды зноў клікала малых.
А вечарам, калі растаўсцелыя качаняты, перавальваючыся з нагі на нагу, вярталіся ад возера, яны сустрэлі Чубатку, як чужыя.
Назаўтра дзеці зноў пакрочылі на балота. Як ашалелая, з настабурчаным пер'ем, Чубатка лазіла па агародах, падворках, задзіралася. Напалохала прывязанае да коліка цяля. Разагнала парасят. Кацяняты грэліся на сонцы, прыстала да іх. Кошка прагнала, і яна падышла да куранят, што лазілі з квактухай у крапіве. Дзве маці счапіліся біцца — аж паляцела пер'е! Гаспадыня грудай прагнала Чубатку ды пайшла скардзіцца бабцы.
Агата злавіла Чубатку і акунула ў вядро з халоднай вадой.
Да вечара паніклая і мокрая Чубатка абыякава прастаяла ля калодзежа з настабурчаным пер'ем на шыі, што прыдавала ёй выгляд задумёнай, пакрыўджанай.
ПАСЫЛЬНЫ
Усе мужчыны на фронце. У калгасе жанчыны, інваліды і дзеці. У суседнюю вёску за лесам трэба было паведаміць, што вызвалілася малатарня і суседзі могуць па яе прыязджаць. Жанчыны баяліся нямецкіх дыверсантаў; везці праз лес паведамленне вызваўся сямігадовы хлопчык.
Бязногі брыгадзір падабраў малому рахманага каня і падсадзіў на яго хлопчыка.
— Толькі добра, Мішка, трымайся,— параіў.— Конь сам цябе завязе. А прыйдзе з вайны тата, раскажу яму, які з цябе казак, як ты памагаў яму фашыстаў адолець!
«Казак» ушчаперыўся ў грыву, паехаў.
Калі яны адолелі палову дарогі, з-пад куста раптам выскачыў заяц. Гняды рвануўся, малы перакуліўся праз яго галаву і ўпаў. Толькі конь уцякаць і не думаў. Ён нават нахіліўся над хлопчыкам, пакратаў яго цёплай аксамітнай губай ды ўздыхнуў — бытта спачуваў. А блізка, як на тое,— ні плота, ні пянёчка, ні валуна: як узбярэшся на каня, калі ты яму ўсяго да калена?!
І вось сем кіламетраў валакуцца праз лес двое: наперадзе заплаканы «казак», а за ім пакорліва — конь. Сырамятны повад ад вуздэчкі валачэцца па зямлі, гняды часамі на яго наступае і спатыкаецца...
Так яны і ўвайшлі ў суседнюю вёску.
Ля праўлення старшыня корпалася ў маторы грузавой машыны з газавымі калонкамі для драўляных чурак. Міша тузануў жанчыну за ватнік:
— Цёця-я, брыгадзір казаў, каб вы малатарню ўжо забіралі! Мы сваё памалацілі!..
КАКЕТКА
У купэ з намі — сімпатычная кабетка. Кофтачка на ёй модная, прычоска зроблена з густам, твар і шыя — свежыя, голас прыемны і маладжавы. Але ж маладзічка... гарбатая. У кампаніі з ёю мы з таварышам едзем у Маскву.
На дзіва, жанчына заігрывае з намі. І што вы думаеце? Ад суседкі ідзе такая абаяльнасць, што мы паступова перастаём заўважаць яе калецтва. Робімся галантнымі, пачынаем адказваць на залёты. Справа даходзіць да таго, што пад канец падарожжа мы бессардэчна топім адзін аднаго, абы паказацца перад спадарожніцай.
І вось поезд наш спыняецца на Беларускім вакзале. Пасажыры выходзяць. Выходзім і мы, вырываючы адзін у аднаго суседчыны чамаданы. Яна спераду плыве каралевай.
На пероне нас сустракае яе муж — высокі і стройны хлопец.
— Прыехала? — пытаецца ён без энтузіязму.— Ну, як дарога, не стаміла цябе надта?
— Цудо-оўна! Ой, Рома, ведаеш, мне трапіла такая кампанія элегантных маладых людзей, мы так выдатна правялі час, нам та-ак было весела!..— І нявінна кажа: — Знаёмся, мае новыя сябры!..
Убачыўшы нас, твар у мужа насцярожана выцягваецца, а вочы ад здзіўлення шырока раскрываюцца.
І тут мы абодва зразумелі, як яна нас абвяла: усе яе намаганні ў купэ былі дзеля аднаго гэтага позірку.
У БУХГАЛТЭРЫІ
— Паглядзіце, што ў мяне атрымалася! — з радасным здзіўленнем ускрыкнула маладая рахункаводка.— У астатку — 91 рубель і 91 капейка!..
Тоўсты бухгалтар з бародаўкай, як гарошына, на носе ўзняў на лоб акуляры, паціснуў плячыма.
— Ну і што? — строга зірнуў ён на дзяўчыну.— З чаго тут дзівіцца? У тваёй галаве — вецер! Ты б справай лепш займалася, а не розным глупствам!
Дзяўчыне раптам зрабілася так сумна, што яна заплакала без слёз.