І зараз яна жыве ў бацькі. Старэйшага сына выпраўляе ў школу, маладзейшага — у дзіцячы сад. Да былога шафёра, які цяпер працуе на аўтабазе, нічога не мае. Толькі нейкім чынам даведваецца, калі ён выязджае ў камандзіроўку. Тады жанчына прыходзіць пад вакзал і цераз плот глядзіць да той пары, покуль поезд не знікне за семафорам.
ШЧОДРАЯ АДПЛАТА
Каля аптэкі стаіць чатырохгадовая дзяўчынка са смешным рабаціннем на твары. Адной рукой яна гойдае каляску з дзіцем, якое надрываецца ад плачу, а з другой — ліжа марожанае. Малочныя струменьчыкі цякуць па пальцах, падбародку. Вочкі яе бездапаможна ловяць прахожых.
Нарэшце малая заўважае, што я ўсміхаюся.
— Цёця, ён пла-аца! — скардзіцца даверліва.
Я калыхнула каляску, паправіла пялюшку.
— Як жа цябе зваць?
— Валянціна Іванаўна.
— О-го!.. А дзе ж твая мама, Валянціна Іванаўна?
— У аптэцы.
— Я пакалышу тваю сястрычку, а ты скокні па яе!
Адыходзячы, дзяўчынка кідае з дакорам:
— Ён брацік, а не сястрычка!
Праз хвіліну ў дзвярах аптэкі з'яўляецца жанчына і вінавата апраўдваецца:
— Малы есці хоча, таму і плача. А дзе пакорміш?
— А вы нясіце ў аптэку. Валянціна Іванаўна пабудзе ля калыскі!
— Хіба што!..
Жанчына панесла дзіця. Я намерылася ўжо ісці, але Валя робіць таямнічы рух пальчыкам. Я нахіляюся.
— Прыходзьце да нас,— шэпча,— я дам свае цацкі паглядзець!
Тут жа бачыць, што яе прапанова нерэальная. Хвіліну думае.
— Цёця, лізніце марозанае! Яно сма-ацнае, смаацнае!.. Лізніце!..
І яе ліпкая рука працягвае вафельны кубачак, а ў вачанятах свеціцца радасць: нарэшце знайшла чым аддзячыць.
ПАКРЫЎДЖАНАЯ МАЦІ
У бабкі Агаты заквактала Чубатка. Агата паклала ў кошык сена, шэсць качыных яек і пасадзіла квактуху.
Мінула чатыры тыдні, і курыца выседзела качанят. Новую сям'ю бабка пусціла ў агародчык.
Гора было Чубатцы з дзецьмі. Адганяла катоў. Білася з варонамі. Прыблудзе Бобіку выдзеўбла вока. Калі на малое паўзлі кузурка або чарвяк, качаня, дурное, уцякала. А то брала ды дзяўбло сабе цень ад лістка...
Трэба было малых і ўсяму навучыць і — абараніць. Аднак качанят яна зберагла і падвучыла. Малыя густа зараслі шэрай поўсцю, акрэплі і ўжо на ноч не змяшчаліся пад квактухай.
Цёплай раніцай Агата адхіліла ў плоце дошку ды выпусціла сямейку на волю.
Чубатка з гонарам павяла дзяцей па загонах. Качаняты наравілі ў бок балота. Маці забегла ім наперад, грэбнула горбу свежага гною. Дзеці спыніліся ля горбы, але ненадоўга. Маці пайшла за імі, поўная недаўмення: чаго яны, няўмекі, туды пруцца? Калі ж убачыла, што набліжаюцца да мокрага, узняла такі гвалт, бытта ляцела варона. Качаняты пасталі. Тады Чубатка скочыла да зямлі, якую вывернуў крот, пачала клікаць дзяцей. Клікала так доўга і соладка, што качаняты хоць і неахвотна, але вярнуліся. Маці ўзяла ў дзюбу каменьчык, запрашаючы і дзяцей. Але тыя паўзіраліся на курыцу з недаўменнем. Бліжэйшае для ветлівасці скубанула травінку, прыязна нешта прапішчала.
З неба паляцелі кроплі. Чубатка панічна кінулася пад акап хлеўчыка, пазвала дзяцей. Ужо ліў добры дождж, курыца клікала і клікала. Качаняты нерашуча пасталі, здзіўлена аб нечым пасудачылі, аднак жоўтым ланцужком падаліся на возера.