— І чаму гэта людзям муляе — не датумкаю,— паціснуў плячамі Паўлюк.
На гэтым і разышліся.
Не стрымаўся, расказаў Паўлюк пра гаворку з доктаркай у палаце. Палтавец з чарнігаўцам ад душы парагаталі. А каб што сказаць людскае, дык і не сказалі.
Толькі пасля, калі палтавец пайшоў на нейкую працэдуру, чарнігавец пашкадаваў ці, наадварот, паздзекаваўся з Паўлюка:
— Не крыўдуй, бацька, але ўрач праўду казала. Прыехаў лячыцца, дык лячыўся б. З цябе ж, бацька, усе смяюцца. Увесь санаторый. Калгаснік — ніхто інакш і не заве...
Паўлюк толькі і змог спытаць:
— А калі ж гэтае слова стала абразаю, га? Ды і не калгаснік я, чалавеча!
— Ат, бацька, ці ты прыкідваешся, ці не хочаш разумець,— адвярнуўся да сцяны чарнігавец.
Пасядзеў Паўлюк у палаце, падумаў, разважыў над тым, што пачуў, а пасля падняўся, зноў пайшоў да доктаркі і запатрабаваў неадкладна выпісаць яго з санаторыя па ўласнай ахвоце. Чаму — не стаў тлумачыць. Ёсць у яго гонар, і не дазволіць ён, Павел Іванавіч Лапатка, каб кожны смаркач, каб нейкі аплыўшы тлушчам дурань ці спешчаная альбо разбэшчаная кабетка — а іх уга колькі ў іхнім і ў іншых санаторыях, спешчаных, разбэшчаных, атлусцелых і зусім здаровых! — пагарджалі ім, пасміхваліся з яго...
У той жа дзень вечарам ён сядаў у цягнік. Сядаў і ўжо думаў пра тое, як прыедзе дадому, у Родзевічы, як здзівіць сваю старую, заявіўшыся раней часу. А яшчэ думаў пра тое, што абавязкова зойдзе ў Мінску да сына і раскажа яму, пісьменніку, як ён лячыўся ў Кіславодску ў санаторыі, як прыняў там пяць нарзанных ваннаў. Мо калі-небудзь сын напіша і пра гэта...
АДНОЙЧЫ ЎБАЧЫШ У НАТОЎПЕ...
На пачатак — невялікае, мо не надта і лірычнае адступленне...
Трыццаць гадоў назад (нават ужо трыццаць з гакам), калі я прыехаў у Мінск, жыло ў нашай сталіцы нешта каля чатырохсот тысяч чалавек, і было ў ёй надта ж вольна, няспешна і ціха. Тралейбусы, аўтобусы і трамваі досыць лёгка спраўляліся адвозіць усіх на работу і з работы, і не трэба было тымчасовым мінчукам ні штурмаваць іх на прыпынках, ні куксіцца пасля між чужых мокрых спін і вострых локцяў, як штурмуем і куксімся мы, цяперашнія мінчукі. Не трэба было нервавацца ў чарзе, каб купіць пляшку малака і кавалак кілбасы на вячэру, бо чаргі той проста, дай сёння гэтаму веры, не было — хапала магазінаў, ларкоў і латкоў. Не было чэргаў і ля кінатэатраў, хоць іх тым часам можна было пералічыць на пальцах — «Першы», «Цэнтральны», «Перамога», «Летні» ды яшчэ два-тры бліжэй да ўскраін. У парк Горкага брама бясплатна не пускала, патрабаваўся білецік, і таму нам, студэнтам, часцей за ўсё даставаўся «ў арэнду» праспект — для праменадаў і спатканняў («балдзенне», «кайф» тады яшчэ не былі ў модзе, яны «ашчаслівілі» нашых наступнікаў).
На праспекце штовечар было людна, аднак жа не тлумна, не вірліва, малады і стары люд шпацыраваў з годнасцю, шануючы адно аднаго, не дазваляючы сабе няўзнак нават штурхануць суседа, а калі такое і надаралася, дык тут жа чулася вымольна-ветлівае: «Прабачайце» ці «Даруйце, калі ласка». І там, на праспекце, вельмі проста і звычна было напаткаць свайго такога ж маладога, як і сам, земляка, бо ўсе мы, дзе б ні жылі, імкнуліся сюды, у цэнтр, які быў на той час у Мінску адзін і межы якога пазначаў адрэзак праспекта ад паштамта да Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы.
З той пары прамінулі тры дзесяткі гадоў. У гістарычным разрэзе — зусім няшмат, а вось жа змены адбыліся велізарныя. Аграмадныя змены! Замест чатырохсот тысяч Мінчукоў стала за паўтара мільёна. Горад, як цеста на дражджах, рос нястрымна: праглынуў неўпрыкмет усе свае колішнія драўляныя ўскраіны, рассунуўся да кальцавой шасейкі, а ўрэшце пераступіў і цераз яе, палез пад Шчомысліцу, Уручча, Красоўшчыну. У розных кутках новага, вялікага Мінска створаны, думкаю архітэктараў і намаганнямі будаўнікоў, новыя, так званыя гандлёва-культурна-адміністрацыйныя цэнтры, але яны, ніводзін з іх, не можа параўнацца па прыцягальнасці з тым, старым і адзіным калісьці цэнтрам, і па-ранейшаму па праспекце ад паштамта да Кастрычніцкай плошчы людна, прытым цяпер не проста людна, а па-мурашынаму мітусліва. Паабапал праспекта шырокія тратуары ледзь утрымліваюць у сваіх берагах-межах людскую стракатую плынь. І плынь гэтая, да ўсяго, не тая колішняя, спакойная і павольная, коласаўска-прыпяцкая, а імклівая і нястрымная. Рос горад, і расла імклівасць хады Мінчукоў. Цесната, дзіўна, быццам падганяла людзей. І чым шчыльней рабілася на мінскіх тратуарах, тым больш выразна спаважная хада людзей мянялася на хаду ўподбежкі. І ўсе мы так хутка прызвычаіліся да новага гарадскога тэмпу, што ўжо асмельваемся і бурчым на якога-небудзь маруду, які, круцячыся-блытаючыся пад нагамі, збівае нас з гэтага самага тэмпу: маўляў, ты, таварышок, не на вясковым прасёлку, а на сталічнай вуліцы, на вуліцы паўтарамільённага горада, і таму, калі ласка, тупай, як усе — борздзенька, таварыш, борздзенька!
Дык вось. Спаткаць, угледзець у гэтым шчыльным і імклівым людскім патоку знаёмае, скажам, зямляцкае, аблічча ўжо і нялёгка. Калі нават часам і ўгледзіш, калі хто-небудзь знаёмы знячэўку і мільгане сярод мноства чалавечых, надта ж застандартызаваных апошнім часам, постацей, пакуль азірнешся ды прыпынішся, дык таго і след прастыў — шукай ветру ў полі, як кажуць, ці іголку ў стозе, што яшчэ больш праблематычна.
Зразумела таму, што калі не так даўно мяне на праспекце хтосьці знячэўку схапіў за руку і грымнуў над вухам: «Куды ківаемся?», я ці не пералякаўся. Прынамсі, здрыгануўся — ажно гарачая хваля пракацілася па спіне. «Хто гэта?» — прашаптаў я сам сабе, злуючыся на незнаёмца і на свае ўласныя разбэрсаныя ўшчэнт нервы. Урэшце збавіў тэмп, азірнуўся і ўбачыў побач з сабою земляка, колішняга аднавяскоўца і аднакласніка (з першага па сёмы клас разам шмаравалі школьныя парты) Мішку Саламянку, а больш правільна — Мішку Жызневіча, бо Саламянкі было іх вулічнаю назоўкаю, а яшчэ больш правільна, на цяперашні выхаваны і модны лад, каб гэта абавязкова яшчэ і па бацьку, дык Міхася Рыгоравіча Жызневіча. Злосці ў мяне як і не было. Мы парукаліся, вылузаліся з нястрымна-імклівага натоўпу на ўзбочыну, пад шаты ліпавых праспектных прысадаў, і прыпыніліся калі не пагаварыць, дык хоць перакінуцца словам-другім.
Я заўсёды рады сустрэць у горадзе земляка. Мільгане на вуліцы, у тралейбусе, у магазіне, а цяпер ужо і ў метро знаёмае, роднае з маленства, хоць, праўда, ужо трошкі і змененае часам аблічча, і адразу ж агорне цябе цёплая радасць, усплыве шчымліва-вабная згадка з колішніх, лепшых і святлейшых, бо маладых, гадоў, і ты памкнешся насустрач земляку, як на спатканне з тым дарагім і незабыўным, што носіш, зберагаеш у душы праз леты і зімы. Памкнешся з салодкім спадзяваннем пабачыць, пачуць, успомніць тое, што табе быццам даўно ўжо карцела пабачыць, пачуць, успомніць.
Так думаецца.
Ды, на жаль, часцей здараецца так, што сустрэнешся, парукаешся, папытаешся пра сёе-тое і... пачынаеш з ніякаватасцю пераступаць з нагі на нагу, муляцца і бянтэжыцца,— бо раптам пабачыш, адчуеш, што зямляк твой некуды спяшаецца, што не вельмі рады ён гэтай нечаканай стрэчы, што там, дома, гэта значыць, у роднай вёсцы, ён даўно не быў, нават не памятае калі, і таму не можа задаволіць тваёй прагнай цікаўнасці, што там і як, і ты, на хаду прыдумаўшы якуюсьці больш-менш прыстойную прычыну, таксама заспяшаешся і развітаешся. Аказваецца, змянілі яго (ды і цябе таксама) гады, павялі зусім па розных дарогах, і ўжо мала чаго засталося з таго, што калісьці яднала, павязвала яго і цябе, і праз гэта яшчэ больш ніякавата зробіцца табе.
Ды ніякаватасць тая хутка мінаецца, забываецца, і неўзабаве ты зноў аднойчы ўбачыш у натоўпе, у вірлівым людскім патоку роднае, дарагое аблічча, і зноў з колішнім, непераходным хваляваннем памкнешся насустрач...
Абрадаваўся я стрэчы і з Мішкам Жызневічам, з Мішкам, вядома, а не з Міхасём Рыгоравічам. Хай недзе там будзе ён Міхасём Рыгоравічам, на здароўе, як кажуць, а для мяне больш звычнае, больш роднае, амаль сваяцкае імя — Мішка. Не бачыліся мы даўнавата, не гаварылі яшчэ даўней, а калісьці ж разам не толькі вучыліся ў нашай Альхоўскай сямігодцы, але і свіней разам пасвілі, і кароў паранкі ганялі, і ў грыбы бегалі, і ў вайну на аселіцы гулялі, і ў пікара на крыжавых дарогах рэзаліся. Сябрук маленства, што ні кажы! На добры лад дык і абняцца б не грэх. Ды толькі адвыклі мы, развучыліся, ужо чамусьці нават саромеемся праяўляць свае натуральныя эмоцыі адкрыта, прызвычаіліся ўсё рабіць неяк быццам з аглядкаю, з прыкідкаю на некага, каб было культурна, як у людзей, а не, крый божа, па-вясковаму! А як жа! Нашы мацяркі і бацькі дзеля гэтага ж і гналі нас у гарады. Ну, можа, не толькі дзеля гэтага, аднак жа з надзеяй, што там мы выйдзем у «людзі», адвыкнем, забудземся на ўсе гэтыя выбрыкі вясковага ідыятызму...
Вось так і мы з Мішкам — не абняліся, не пацалаваліся. Адно, як я ўжо казаў, парукаліся.
— Дык і куды ківаемся? — паўтарыў Мішка сваё ранейшае пытанне.— Куды бяжым-спяшаемся?
— Ехаў дахаты ды ўспомніў, што ў аптэку трэба, вось вылез з тралейбуса і іду,— адказаў я шчыра, нічога не прыдумляючы і праз гэта як чагосьці саромеючыся.
Мішка на гэта нечакана вельмі ж паразумела заківаў галавою:
— Ясненька, ясненька! Калі пасля сарака ты прачнуўся і ў цябе нічога не баліць, значыцца, ты памёр... Дажылі і мы, зямляча, да такога веку, перажылі нават. Што ў цябе?
Я адмахнуўся:
— А ліха яго ведае! Урачы супакойваюць, а рады даць не могуць. Слабасць, галава кружыцца, сэрца б'ецца, як авечы хвосцік у летні жар... Жывеш, быццам падвешаны, усё чакаеш, калі абарвешся...
Мішка перабіў: