— А што там у вас?
— Ат! Слоік з вадою.
— З вадою? — здзівіўся я.
Сусед быццам збяптэжыўся, неяк журботна ўздыхнуў, пацішэлым голасам загаварыў:
— Мо і смешна трохі. Але ж... Трэці раз вязу. Пасля работы сяду на аўтобус, прыеду ў Селішча, набяру слоік вады і назад... А што рабіць, калі просіць?
— Хто просіць? — не стрымаўся, учуўшы ў ягоным голасе непадробныя скруху і жаль.
— Мама. Хворая яна. Каторы дзень нічога, можна сказаць, не есць. Адно піць просіць... І неяк папрасіла: каб гэта, Віцечка, папіць вады з нашай крыніцы, з Міхалкавай... У Селішчы ў нас крыніца так завецца — Міхалкава... Жонка казала: не едзь, скажы, што з'ездзіў, прывёз, ці ж яна пазнае, што за вада... А я не магу. А як пазнае? Не! Што, мне цяжка з'ездзіць? Хай пап'е... А вада ў крыніцы і праўда смачная...
Мне зрабілася непамысна. І на Цадзілку забыўся. Дай ты веры! За шэсцьдзесят кіламетраў трэці раз едзе, бо — «Мама піць просіць...». Згадалася, як колькі гадоў назад памірала мая мама, і як варам мяне апарыла адчуванне цяпер ужо заўсёднай віны перад ёю...
— Маці даўно хварэе?— пракаўтнуў я ўрэшце горкі камяк у горле.
— Даўно. З год ужо. Усё кволілася, жалілася, што блага ёй, што галава кружыцца, у вачах, казала, нейкія мушкі мітусяцца, але — хадзіла, тупала і работу рабіла — усё ходнікі кручком вязала. А ўжо во трэці тыдзень як злягла. І есці не ўзяла. Адно — піць просіць.
— А што з ёй?
— Ай, не пытайцеся! Гэта самае, мусіць, хоць урачы і не гавораць. Яна сама здагадваецца. Спытаюся: як ты, мама? А яна: есць маё, сынок, нутро, пракляты, смокча і смокча, чую, як ён, быццам клешч, прысмактаўся...
— А маці ў вас ці ў Цадзі... ці ў Косці? — папытаў я, згадваючы, што Цадзілка падчас стрэчы, здаецца, нешта гаварыў пра маці.
— Была ў Косці, але ўжо даўно ў мяне. Косця яе з Селішча сарваў. Перавёз, значыць...— як паправіўся ён.— Тады яшчэ жылі ў Селішчы, тры хаты стаялі. Мама не хацела выбірацца. Казала: не прывыкну я ў горадзе... Ну... Але Косця тады ў кааператыў уступіў, грошы трэба былі. Дык — прадаў хату, пуньку, хлеў і перавёз маму да сябе...
— А цяпер жа во ў вас...— мяне як хто за язык цягнуў.
— Дык жа... Не, вы не падумайце, не таму — Косця... тут ні пры чым. Яго барыня неўзлюбіла, да Косці, як з нажом: ці матка твая, ці я! Мама трывала тое, трывала, а пасля прыйшла да мяне: адвязі ты мяне, Віцечка, у Селішча, няма маёй радачкі болей... Ага, у Селішча, калі там і варыўні нават не засталося... Ну, от... Засталася ў мяне... Косця прыходзіў, казаў, грошы верне, і жонка, казаў, за тое, каб вярнуць грошы, але дзе тыя грошы? Што за хату ўзялі, дык жа на хату і ўперлі! А колькі іх там і было? Гэта ж каб гаспадар купляў жыць там, а то — на перавоз... А пасля на машыну пачалі збіраць. Ці ж спаганяць з іх будзеш? Мама, праўда, была заікнулася перад Косцем, каб той хоць палавіну сплаціў мне, але я сказаў маме, каб не рупілася з гэтым. І Ленка мая гэткая самая: мама, кажа, не трэба, што калі было, тое прайшло, а цяпер — якія грошы з іх спаганяць? І праўда, якія грошы? Мы ж не чужыя. Ці ж я Косці не ведаю? Калі б не яго барыня, дык ён апошняе аддаў бы...
— А вы, даруйце, дзе працуеце і кім? — Я ўсё больш пранікаўся да яго павагаю і спагадаю.
— На трактарным, у кавальскім цэху наладчыкам.
— А жывяце дзе?
— А жыву на другім канцы Мінска, ля Пятроўшчыны. Ленка шмат гадоў дворнікам рабіла, і мы жылі ў службовых кватэрах, з падменнага фонду. А тры гады назад атрымалі, як людзі, сваю кватэру.
— Добрая кватэрка?
— Харошая! Два пакоі вялікія, кухня і прыхожая — танцаваць можна.
— А дзяцей колькі? Не цесна?
— Адна ўсяго каралева! Дык — чаго цесна? У адным пакоі мы з Ленкай, у другім — мама з Лалітай.
— З Лалітай? Так дачку назвалі?
— Ну. Хто ні пачуе — таксама дзівяцца... Яшчэ як з Ленкай, толькі пажаніўшыся, на прыватнай жылі, у гаспадара дачушка была — Лаліта, от і мы назвалі. Памятаеце, артыстка такая была, аргенцінская ці мексіканская?
— Была,— кіўнуў я галавою.
— Мама дык Лідай заве.
— Ладнаватая ўжо?
— Хто — дачка? Я ж кажу: каралева! Трынаццаты год! На танцы, на гэтую самую дыскатэку, бегае!