Ложак быў мяккі, зручны, прасціна і падкоўдранік бялюткія, ад іх яшчэ і цяпер, праз ноч, зыходзіў пах нядаўняга мыцця, і пах гэты быў прыемны, хоць і не такі, як дома, калі ён, Паўлюк, пасля лазні лягаў у свежую пасцелю. Чысцінёю і свежасцю пахлі і падушкі, але яны Паўлюку не спадабаліся — дзве, але ж надта маленечкія, як дзіцячыя ясікі, і на дзвюх спаць кепска, няма на што галаву палажыць.
Прачнуўшыся ў гэтым санаторным ложку, згадаўшы, дзе ён і што за людзі смачна пасапваюць у адной палаце з ім, Паўлюк ляжаў і не ведаў, што рабіць. Найперш мучыла пытанне: уставаць ці не ўставаць? Ведаў, што больш не засне, што ніколі, бадай, не было такога, каб ён, прачнуўшыся, пераварочваўся на другі бок і засыпаў зноў. Значыць, трэба было падымацца. Але штосьці быццам і не дазваляла яму рабіць гэта. А раптам знячэўку разбудзіць суседзяў? Не малыя дзеці, аднак жа — вунь як дружна дзьмуць у чатыры дзюркі! Навошта ж псаваць людзям музыку?
Парашыў паляжаць. Маўляў, такой бяды, бакі не адлежыць, калі ўспомніць і маленства і паваляецца гадзінку ў пасцелі. Калісьці, і не так даўно, як сяму-таму здаецца, калі ганяў пастушком карову на ранкі, надта ж не хацелася ўставаць, упрошваў маці, каб дазволіла паспаць-паляжаць хоць хвілінку... Успомніў і ажно пачырванеў, здаецца — так засаромеўся, і падумаў, што не такое яно і доўгае, жыццё чалавечае, і што ніхто не хоча без пары туды, і больш таго — ніхто не хоча туды нават і тады, калі нібы тая пара прыходзіць. Не хоча, вядома, і ён, Паўлюк. Але каб не сын, дык наўрад ці паехаў бы сюды, за свет. Ліха яго ведае чаму, але раптам заныла ў яго сэрца. Ніколі, колькі жыў, не чуў, ёсць яно ў грудзях ці няма. А тут — пачуў. Быццам цяжар нейкі ў грудзях паявіўся — нібы камень там ляжыць і ўсё цісне, цісне... Нараіў доктар санаторый. І сын таго доктара падтрымаў. Едзь, бацька, і едзь, падлячыся. Вось і прыехаў. Хоць, калі разабрацца, дык мо і без патрэбы. Бо пакуль абследаваўся, пакуль тую санаторную карту афармляў ды пуцёўкі чакаў, падлячыўся ён. Зваліўся камень з грудзей. Сяды-тады сэрца трошкі абзавецца, быццам напомніць: «Тут я, тут», а пасля сцішыцца і не чуе яго Паўлюк, ходзіць і робіць усё, як і да хваробы. Ды, як той казаў, шкадаваць, што прыехаў, не будзем. Мо і сынава праўда: «Ці ж ты, бацька, не заслужыў? Нават калі там асабліва і не падлечаць цябе, дык адпачнеш...»
Успомніў Паўлюк сына, і лёгка, хораша зрабілася яму на душы, па ўсім целе, а найперш па грудзях, цяпло разлілося. Разумны, адзін на ўвесь сельсавет, нават на раён, вырас у яго сын. Гэта ж скажы катораму, дык і не паверыць: яго, Паўлюкоў, сын — пісьменнік! Сам сябе сын так не называе, кажа: «Які я, тата, пісьменнік? Літаратар я, журналіст, калі на тое пайшло», але ж Паўлюк ведае, што не так гэта. Па-першае, і кніжкі ў сына ёсць, і білет спецыяльны, дзе напісана, што не літаратар ён ці журналіст, а пісьменнік. Сынавы кніжкі ён чытаў. Усе да адной, ад пачатку да канца, нават і тыя дробненькія радочкі прачытваў, дзе напісана, колькі такіх кніжак выпушчана. Чытаў ці не з большай цікавасцю, чым кніжкі іншых пісьменнікаў. Адны падабаліся больш, другія — менш. Менш падабаліся тыя, дзе ён, Паўлюк, ніяк не мог даперці, пра каго гэта сын расказвае, калі і дзе тое было. І гэтак прыкіне, і так, і да таго чалавека прыложыць, і да гэтага, а — не атрымліваецца, не здаралася такога ў іхніх Родзевічах і чалавека такога — ні мужчыны, ні бабы — таксама не было. А тыя кніжкі, дзе людзі і тое, што яны робяць, пазнаюцца, Паўлюк па тры разы перачытаў. Чытае і думае: ну і мастак яго Алесь, ну і штукар, ну і выдумшчык! Усё быццам і так было, і не так. У жыцці, папраўдзе, было неяк прасцей, рабілася ўсё быццам неўпрыкмет, будзённа, не аб адным дні, а месяцамі, гадамі, і людзі між сабою неяк не так адкрыта лбамі сутыкаліся, някідка, здавалася б, жылі, працавалі, жаніліся, паміралі, а як напіша — дык, аказваецца, усё было куды цікавей, чым яны, дурні родзевіцкія, бачылі...
Не, сын у яго — пашукаць! Дока! Не адзін раз быў Паўлюк у яго ў Мінску. Быў не толькі на кватэры, але і на рабоце. І бачыў, што любяць там сына, паважаюць, толькі па бацьку ўсе завуць. Дык і яму, наслухаўшыся таго, хочацца сына Алесем Паўлавічам зваць. Скажа пра гэта старой, а яна смяецца. Ты, кажа, зусім здзяцініўся, Паўлюк, бо мне Алеська як быў дзіцем, так і ёсць, так бы і паляцела да яго, каб прытуліць, пашкадаваць.
Што і казаць — сын маладзец. Ну, а сам ён, Паўлюк Лапатка? Хто ён такі? Аніхто. Прышый кабыле хвост. Адстаўной казы барабаншчык. Перад сынам Паўлюк сябе толькі так і называе. Бо і праўда — хто ён такі? Саўгасны пенсіянер. Пенсіянер-піянер, заўсёды гатоў! Без такіх піянераў што б рабіла іхняя брыгадзірка? Сапраўдных піянераў, спраўных яшчэ баб ды мужчын, хлопцаў ды дзевак — пальцаў на руцэ зашмат, каб пералічыць.
Калісьці, вядома, ён не быў казіным барабаншчыкам. У маладосці хлопцам дужым быў. У сорак чацвёртым, як на фронт трапіў, адзін мінамётную пліту на спіне валачыў. А ў партызанах? Адзін, узяўшыся за канец дышля, выцягваў з багны задок калёсаў з параненымі, як у блакаду апынуліся ў непралазным балоце за рэчкай Гайнай. Пасля вайны з коньмі ў калгасе рабіў. Зноў жа — хто за яго больш за дзень узорваў? Аніхто! Нават сам Вінцук Сяліцкі, хоць у яго і коні былі нераўня ягоным, Паўлюковым, а не дапінаўся да яго. І выкошваў за дзень па гектару. Была ў плячах сіла, хоць і душыла бясхлебіца ды нішчымніца... Пасля конюхам быў — і ў калгасе, і ў саўгасе па першым часе, пакуль тых коней на нет не пазводзілі. Ну, а перад самай пенсіяй падвозчыкам на ферме рабіў. І нідзе — усе людзі пацвердзяць — не ленаваўся, рабіў не за пострах, а за сумленне. З маладых гадоў прывык рабіць на поўніцу: калі браць, дык аберуч, а калі падстаўляць, дык увесь карак, а не плячо. Нават і ў сталым веку, як сын неўспадзеўкі ў пісьменнікі выйшаў, ён, Паўлюк, бы другое дыханне набыў і высільваўся, як і ў маладосці. Убілася яму ў галаву, што не можа ён падводзіць свайго пісьменніка: сыну не павінна быць сорамна за бацьку. Жонка часам і набурчыць: «Ці табе ўжо болей за іншых трэба? Чаго ты, як запрэжаны, штодня ў саўгас? Ты ж пенсіянер! Пуню лепш бы перакрыў, каторы год латаеш...» Ён не зважаў, ішоў на саўгасную работу. Бо ці дакажаш бабе, што чалавека можна пусціць на пенсію, а зямлю — не, не пусціш? А калі чалавек жыве на зямлі, дык і яго — як пусціш?! Наадпускаліся, дзякаваць богу! Чатыры дзесяткі гадкоў, лічы, усё адпускаем і адпускаем — маладых у горад, старых на пенсію, а хлеб і мяса ўсім трэба...
Зірнуў Паўлюк на гадзіннік — палова на шостую. Не, дудкі, палтавец з чарнігаўцам як сабе хочуць, а ён устае. Колькі ж можна ляжаць? Грэшна, прачнуўшыся, ляжаць, бы пан, у мяккай пасцелі. Яно, праўда, невядома, што рабіць будзе, падняўшыся, але ж і ляжаць лежнем, калі сонца высока, не выпадае, сам сабе збрыдзеш.
Падняўся ён, ціхенька апрануўся і выйшаў на калідор. Знайшоўшы ўстанову, куды і цар пешкі хадзіў, нясмела зайшоў туды. Пасля спаласнуў рукі і твар у мыцельніку і спусціўся са свайго трэцяга паверха на першы. Тыцнуўся ў дзверы, каб выйсці на двор, ды яны не паддаліся — аказаліся замкнёныя. Затаптаўся Паўлюк, не ведаючы, дзе шукаць рады, ажно на крокі яго выйшла заспаная медсястра, пазяхнула:
— Куды так раненька?
Ён збянтэжыўся, што не даў ёй даспаць, перабіў салодкі, пэўна ж, ранішні сон, сказануў няўцямна:
— Дык яно... Раніца ўжо. Мне, старому, не спіцца...
Дзяўчына адчыніла дзверы і моўчкі пасунулася ў свой пакойчык — няйначай дасыпаць. А Паўлюк, стараючыся не бразгнуць вялікімі шклянымі дзвярамі, выпхнуўся ў двор, а там і на вуліцу.
Гэтай вуліцай ён учора надвячоркам ехаў аўтобусам з вакзала. Але што ён мог бачыць з акна таго аўтобуса? Адно запомніў, што ўсё ўгару ды ўгару ехалі. А мо тое здалося? Цяпер, зірнуўшы ў адзін і ў другі канец вуліцы, зразумеў, што не здалося. Левы канец быў кароткі, зусім недалёка вуліца абрывалася ці, наадварот, упіралася ў стромую сцяну гары, а ўправа яна бегла ўніз і там далёка, было відаць, крута забірала ўлева. Значыць, адтуль, знізу ехаў ён учора ад вакзала, здагадаўся Паўлюк. Парашыў прайсціся вуліцаю сюд-туд, агледзецца, дзе давядзецца яму пражыць ажно дваццаць чатыры дні.
Брыў паціху ўніз. Справа і злева ўзвышаліся дамы — у два, тры, чатыры паверхі. На жылыя, на такія, як у Мінску, у якіх жывуць у кватэрах людзі, дамы былі не падобныя. У двары гэтых дамоў вялі жалезныя каваныя вароты і такія ж узорыстыя каваныя весніцы. І Паўлюк, яшчэ да таго, як прачытаў ля адных варот шыльду, здагадаўся, што дамы гэтыя за высокімі каменнымі сценамі-агароджамі — такія ж санаторыі, як і той, у які ён і сам прыехаў. Здагадаўся і сам сабе паківаў галавой: гэта ж трэба, цэлы горад санаторыяў!
На скрыжаванні сваёй вуліцы з іншай спыніўся. Тут, ля невялічкага дашчанага магазінчыка, стаяў конь, запрэжаны ў звычайныя, амаль такія ж, як і на Беларусі, калёсы. Чалавек у чорным зашмальцаваным халаце браў з калёс скрынкі з бутэлькамі і слоікамі і насіў у магазінчык. Паўлюк узяўся падсабляць. Чалавек зірнуў быў на яго са здзіўленнем, але прамаўчаў, нічога не сказаў.
Занёсшы апошнюю скрынку, ускінуўшы яе на высокі стос выгружаных скрынак, Паўлюк абтросся і паціху пайшоў далей — гэтай, сваёй, вуліцай, баючыся куды-небудзь зварочваць па першым часе, каб пасля не блукаць. Яго дагнаў чалавек у чорным халаце, загаварыў:
— Чаго ўцякаеш? Пайшлі назад! Шклянку соку вып'еш! Нехарашо так!
Паўлюк замахаў рукамі:
— Дзякую, чалавеча! Я ж не дзіця, не люблю таго соку...
Чалавек пастаяў, паглядзеў яму ўслед, пасля ўсміхнуўся, сказаў сам сабе:
— Калгаснік, калі такі добры...
Паўлюк гэтага, вядома, не чуў. Ён, пазіраючы направа і налева, ішоў уніз. Але неўзабаве занепакоіўся. Непакой гэты ўзнік ад таго, што раптам кінулася яму ў вочы адна дзіўная акалічнасць: ніхто, бадай, акрамя яго, не ішоў уніз, а ўсё больш і больш людзей, паяўляючыся невядома адкуль на вуліцы, ішлі — досыць хутка, сёй-той нават уподбежкі — пад гару. Паўлюк спыніўся, агледзеўся. Так і ёсць. Усе джгаюць толькі пад гару. Ён павярнуўся і таксама пабрыў за людзьмі.
«Ягоная» вуліца, аказалася, не ўпіралася там, наверсе, у стромую сцяну гары. Там яна пераходзіла ў вузейшую, няйначай пешаходную сцежку і, звіваючыся, паўзла кудысьці вышэй. Туды кіраваўся і людскі струмень. Пашкробся туды і Паўлюк.
Вузкая пакручастая асфальтоўка, павадзіўшы яго сюд-туд па лесе, вывела ўрэшце на чыстае і роўнае месца. Тут іграла музыка, і чалавек сто, а мо і болей, пад гэтую музыку махалі рукамі, прысядалі, падскоквалі. Ага, здагадаўся Паўлюк, робяць ранішнюю зарадку, як дзеці ў піянерскім лагеры. Стаяў, глядзеў, і чым больш стаяў, тым больш разбіраў яго смех. Нельга было без смеху глядзець, як старыя, з вядзёрнымі жыватамі мужчыны і такія ж разлезлыя рапухі-бабы, бы зайздросцячы маладзейшым і спрытнейшым, таксама стараліся круціць азадкамі і, нагінаючыся, кранацца рукамі зямлі...
— Што, баця, дыхаем у Храме паветра?
Ля яго спынілася маладая кампанія хлопцаў і дзяўчат у стракатых спартыўных касцюмах, у аднолькавых шарсцяных шапачках на галовах і аднолькавых, сіне-белых красоўках на нагах — сын улетку прыязджае ў Родзевічы ў такім жа абутку. Паўлюк схамянуўся. Нехта з кампаніі, здаецца, штосьці ў яго пытаўся, але што — ён не датумкаў і пазіраў на хлопцаў і дзяўчат неўразумела.
— Баця, відаць, язык праглынуў? — засмяяўся адзін з хлопцаў.
— Ён, напэўна, першы раз тут,— выказала здагадку дзяўчына.
— А-а,— хлопец бесцырымонна ўзяў Паўлюка пад локаць.— Точна, баця, першы раз тут?