— Сіратою расце, значыць...
— Чаму — сіратою? — крутнуўся Віктар.— А-а, што адна ўсяго? Дык жа заўсёды заднім розумам жывеш. Усё кватэры той чакалі, іншай трасцы. Думалі — паспеем яшчэ, і на другую дачку збяромся, і на сына. А гады — як слупы во за аўтобусным акном: сплылі — і няма. Спахапіліся, дык Ленка ўжо і ў хамут: хто цяпер у трыццаць сем раджае, засмяюць усе, і здароўя ўжо нямашака таго... А ў вас колькі?
— Двое. Абодва хлопцы.
— Во! А то дачка і тая адна! Я ж бы вельмі хацеў, каб сын яшчэ. А Ленка — ат, не дзяцінься, я сваё ўжо адраджала, мая чарга прайшла. Дык я назаляюся: давай з прытулку, з дому дзіцяці возьмем. Пойдзем і возьмем. Ленка яшчэ больш злуецца. Нашто мне, кажа, чужое? Калі на тое, дык я вочы заплюшчу і ў сорак табе нараджу... Каб жа так! Я ж ведаю: не народзіць ужо, усё, мінулася кату масленіца...
Даўным-даўно скончылася гравійка, даўно ўжо аўтобус лёгка і мякка каціўся па асфальце, а мы ўсё гаманілі і гаманілі. Пад канец, калі міналі ўжо Бараўляны, папытаў я ў Віктара, што сталася з іхнім Селішчам, ці жыве яшчэ хто-небудзь там, на іхнім пасёлку, ці ўжо мо і хаты ніводнай не засталося,— сам я даўнавата не быў у тым баку. Віктар спахмурнеў і адказаў не адразу:
— Няма Селішча. Апошняй разбурылі і звезлі хату цёткі Веркі, суседкі нашай. Ужо не адразу і ўгадаеш, дзе вуліца была. Сады, гароды заворваюць, яблыні і вішаннікі бульдозерам згрэблі. Адно хацішчы пазнаеш ды старыя дрэвы тырчаць. Ліпа ці бяроза — не яблыня, яе бульдозерам не звернеш...
Ён зноў памаўчаў, а пасля загаварыў неяк дзіўна, быццам не мне казаў тое, а самому сабе:
— Цяжка ездзіць туды. Вусцішна, як на могліцах. Як не ездзіш, дык быццам усё і добра. Быццам так і трэба: ну было некалі, але — даўно, адбалела ўсё, забылася... А прыедзеш, паходзіш, паглядзіш, дык так душа заные... Проста сэрца баліць!.. Вы заходзілі да нас, помніце, ля варот злева ліпа расла, а справа — клён? Клёна ўжо няма, яго маланка расшчапіла, а пасля вецер зламаў. А ліпа — стаіць, толькі нейкая яна... Мусіць, не толькі садовае, але і любое, пасаджанае чалавекам, дрэва любіць расці пры чалавеку. Нейкая яна, ліпа наша, як хворая. Пасядзеў я пад ёй, прыхінуўшыся спінаю да камля, паслухаў, як невясёла шуміць яна, і самому мне так невясёла, журботна зрабілася, што не вытрываў, падняўся і пайшоў да гравійкі, хоць да аўтобуса было яшчэ далёка...
Ад гэтых яго слоў мне зноў зрабілася непамысна. Ажно крыўдна стала нібы. Я ж таксама толькі што адтуль, са свайго роднага котлішча, і мяне там, на ўтравелым падворку, таксама апаноўвалі такія ж пачуцці, і думалася, што гэта ў мяне ў аднаго ные і маркоціцца душа, а тут во, аказваецца, брат майго колішняга няўдаліцы-аднакласніка думае і адчувае тое ж самае, кажа мне пра ўсё так, быццам паўтарае, падслухаўшы, мас ўласныя думкі і мроі...
— А от Косця — той не перажывае. Прыйшоў быў неяк, як мама злягла. Я на работу яму пазваніў, перадаў, што маме пагорала, дык прыйшоў. Я і кажу, што ездзіў у Селішча па ваду і што журботна, горка хадзіць па знікшых сцежках маленства... А ён — хоць бы хны! А чаго іх шкадаваць, кажа. Што ты на тых сцежках добрага бачыў? І пайшоў — пра голад пасляваенны, пра бульбу гнілую, пра парэпаныя да крыві ногі, пра газнічку-смаркачку, што вочы нам сляпіла, пра гразь непралазную... І са злосцю такою пра ўсё гэта!.. А я слухаю, галавой ківаю, а сам думаю, што не ўсё так і блага было там. Бульбу тую самую перамерзлую сонечным вясновым ранкам было збіраць лёгка, хораша. Ходзіш услед за трактарам, разам з гракамі, і, як грак той, дзюбаеш выараную, трошкі падшэрхлую бульбіну за бульбінай, потым нясеш поўны кошык дадому і слухаеш у небе жаўранка, і думаеш, як вечарам мама стаўчэ тую бульбу і папячэ пульхных, пакуль гарачыя, аладак і як будзеш есці іх, апякаючыся, з малаком... Добра было і ў полі з Аўтарэняй, хоць уставаць рана і не хацелася. Калі цяпер убачу я, як узыходзіць сонца, як яго праменні падымаюць над лугам, над полем мройны і духмяны туманок пары? А калі пасяджу, як тады, на падсохлым ужо ад расы пагорку пад альховым кустом і, гледзячы на зыркае і ўжо цёплае па-летняму сонца, паслухаю, як Аўтарэня скубе расяную, мяккую, салодкую дзяцеліну?.. А рэчка наша, Сліжанка? Летам жа мы там днямі прападалі! А паходы ў грыбы, у ягады, у арэхі? А гойсанне на лыжах па нашых узгорках? Як можна пра ўсё гэта са злосцю? Не, я тут Косцю нашага не разумею! Праўда ж?
— Праўда,— кажу я і пачынаю сам прыгадваць сёе-тое са свайго дзяцінства, і гэтаксама, як і мой сусед, расчульваюся.
У гамонцы і не прыкмецілі, як прыехалі ў Мінск.
Выйшлі з аўтобуса, хвіліну пастаялі перад тым, як развітацца.
— Дзякую, Віктар,— паціснуўшы яго руку, сказаў я.— Перадавайце прывітанне маці. Хай усё ж цётка Пранця папраўляецца.
— Перадам. Каб жа тое...
Ён пабег на тралейбусны прыпынак. Я паглядзеў яму ў спіну і спахапіўся, што не перадаў прывітання Косцю Цадзілку. Трэба было сказаць — як-ніяк, усё ж аднакласнік. Але нешта быццам замінала мне зрабіць гэта. Што? Напэўна, тое, што так нечакана згадалася ў дарозе і што так шчымліва пацвяліла, расчуліла душу. Хацелася думаць пра нешта лепшае, чым Цадзілка. Як ні ашчаджаў яго, як ні абараняў Віктар, малодшы брат, а ўсё ж, мусіць, Цадзілка застаўся Цадзілкам.
Людскі натоўп павёў мяне дадому. Ішоў я, і ўсё не выходзіла з галавы Міхалкава крыніца, з якой Віктар вязе хворай маці слоік вады. Мусіць, з ёй вельмі кепска, з цёткай Пранцяй, калі папрасіла сына з'ездзіць у Селішча і прывезці вады. Грэх мо так думаць, але гэта няйначай перад канцом. Ды — хай адбудзецца цуд! Хай тая родная вада абернецца жывою вадою і паставіць яе на ногі! Мусіць жа, і казачная жывая вада была піякаю не жывою, а вадою з роднай крыніцы, смак якое чалавек памятае да самай магілы.
І бруяцца яны, пэўна, з зямелькі роднай датуль, пакуль жывуць у душы: чалавечай. Але, але, так і не іначай. Высахне, ачарсцвее душа — і разам з ёю высахне, заплыве глеем і тванню родная крыніца, крыніца маленства, што выцякала недзе з надрэчнага схілу і паіла чалавека ў яго малыя і юныя гады.
Чаму ж мы змушаем іх марнець і чэзнуць?
Няўжо толькі пасля ростані з маці (ці ў жахлівыя дні чакання яе) даходзіць да нас, што трэба шанаваць родныя крыніцы, што, шануючы іх, мы аберагаем ад спусташэння ўласную душу і заадно аберагаем красу і моц дадзенай нам у спадчыну зямлі бацькоў і дзядоў нашых?
Няўжо так позна?..
ПРАМЕНЬЧЫК СВЯТЛА
Цяпер, згадваючы дзядзьку Змітрака, я са здзіўленнем адчуваю, што магу расказаць пра яго не надта і шмат. Гэтая акалічнасць мяне нават ці не бянтэжыць. Як жа так? Чаму? Ведаў чалавека, бадай, столькі ж, колькі і самога сябе, а не маю што сказаць? Ну, а і праўда — што?
Калі б давялося запаўняць за яго (колькі часу назад, вядома) лісток па ўліку кадраў, што б я напісаў? Прозвішча, імя і імя па бацьку — гэта проста: Даманскі Зміцер Адамавіч (хоць тое, што ён Адамавіч, успомніў бы не адразу, мне ён усё жыццё быў проста дзядзькам Змітраком). Год нараджэння — памятаю: адна тысяча дзевяцьсот шосты. Месца нараджэння — таксама няма замінкі: наш Падгай, вёска не вялікая, але і не малая, цэлая саўгасная брыгада. Сямейнае становішча — гэтае пытанне таксама сумненняў не выклікала б: жанаты дзядзька Змітрок, мае жонку Марылю Ігнатаўну і пяцёра дзяцей — трох хлопцаў і дзвюх дачок (сын ягоны, Алёшка — мой равеснік, мы разам бегалі ў нашу Падгайскую сямігодку, а за Нінкай, малодшай Алёшкавай сястрой, я трохі ці не ўлягаў). Партыйнасць — беспартыйны быў дзядзька Змітрок. Адукацыя — няпоўная пачатковая, калі дакладна, дык паўтары зімы пахадзіў, яшчэ за старым часам, у Падгайскую царкоўнапрыходскую. Званняў — няма. Узнагарод — таксама не мае. Пасада — правільней за ўсё было б напісаць: хлебароб, хоць работу рабіў самую розную. Ягоныя «перамяшчэнні па службе» можна было б занатаваць так: араты, касец, малатабоец, жняяр, пастух, «куды пашлюць», лазеншчык, вартаўнік, падвозчык і яшчэ сёе-тое. Апошняя графа — веданне моў. Тут таксама ўсё адны толькі прочыркі: аніякае, акрамя роднае мовы...
Зрэшты, досыць. Гэта ўжо змахвае трошкі на гумар, а мне зусім не да гумару. Дзядзька Змітрок, зямляк, сусед, амаль сваяк — памёр, і мне, нягледзячы на шматлікія анкетныя мінусы, вельмі, да болю шкада яго. Дзядзька Змітрок з тых, пры кім я прыйшоў і пакрысе асвойтваўся ў гэтым свеце, хто быў на пачатку маіх пачаткаў значнаю часткаю гэтага абжываемага мною свету, хто і пасля, да апошніх сваіх дзён, быў у кругабегу маіх чалавечых (як былога, ды, зрэшты, не толькі былога, падгайца) інтарэсаў. Скажу нават больш: пакуль жывуць у маім родным Падгаі тыя, што прыходзілі да мяне ў маленстве дзядзькамі і цёткамі, дзядамі і бабулямі, неяк весялей, спакайней, утульней жывецца на гэтым свеце і мне, і еду я туды, у Падгай, усё яшчэ як у родную вёску нават і зараз, праз восем гадоў пасля смерці маці. І шкада, што з кожным годам іх, дзядзькоў і цётак майго дзяцінства, застаецца ўсё менш і менш.
Сёлета не стала і дзядзькі Змітрака...
Памятаю яго з сорак пятага. Недзе восенню ці на пачатку зімы ён вярнуўся дадому. Вярнуўся не з фронту, а з «трударміі». Што гэта такое, я тады не ведаў, але адчуваў, што ў гэтым не надта звычным нам слове ёсць нешта ці не абразлівае. Прынамсі, Алёшка, мой сябрук і аднагодак, радуючыся звароту бацькі, не хваліўся, як іншыя, яго ўзнагародамі ці подзвігамі. Узнагарод, мы бачылі, не было. Не было, пэўна, і подзвігаў. Рукі і ногі ў дзядзькі Змітрака былі на месцы, і на целе, бачылі ў лазні, ніякіх шрамаў ці рубцоў, як у іншых мужчын і хлопцаў, што прыйшлі з фронту. А шрамы ж — адзнакі подзвігаў. Ну, значыць, і подзвігаў не было. Пытацца ж у самога дзядзькі Змітрака пра тое, як ён ваяваў у сваёй «трударміі», было марна: ён быў не з гаваркіх. Без патрэбы слова не прамовіць. Пры мне, памятаю, Алёшка папытаўся быў у бацькі, што ён рабіў у «трударміі». Дзядзька Змітрок адказаў: «Усё рабіў, што загадвалі: зямлю капаў, будаваў, з канём рабіў...» Алёшка пакрыўдзіўся: «Дык ты зусім не ваяваў, га, тата?» Дзядзька Змітрок адказаў няпэўна: «Як табе сказаць, сынку. Ваяваў і не ваяваў. Другім памагаў ваяваць...»
І яшчэ памятаю. Аднойчы ў лазні да дзядзькі Змітрака прыляпіўся, як ліст да спіны, Юрка Чмель: маўляў, раскажы, Змітрок, як ты Гітлера па Берліне шукаў. Раскажы ды раскажы. Дзядзька Змітрок адмоўчваўся, а ўрэшце не стрываў, адмахнуўся: «Што гаварыць з табой, пустынёй? Лепш сам раскажы, як задніцу фрыцу падставіў, ваяка...» Мужчыны зарагаталі, а Юрку Чмялю як заняло. Вядома, зойме, калі быў Юрка палахлівец — несусветны. Са страху, казалі, і ў партызаны пайшоў — вясною сорак чацвёртага. Ужо і браць не хацелі, але ўрэшце ўзялі, у гаспадарчы ўзвод. Са страху і паранены быў — не ў баі, а па дарозе на фронт. Трапіў нібыта іхні батальён пад артабстрэл на маршы. І трэба ж было такому здарыцца, што асколкам снарада Чмялю пеканула якраз у мяккае месца. Здорава пеканула, вышматала паўсцягна, ці не з паўгода ў шпіталі праваляўся. А прыйшоў дадому і патрапіў мужчынам на язык. Ледзь што, дык і прыплятуць: «Нашаму Юрку Фрыц зрабіў запасную дзюрку...»
Зрэшты, дзядзькі Змітракова «трудармія» мною і Алёшкам хутка была забыта. Іншы інтарэс паявіўся. Мы вучыліся ў дзядзькі Змітрака клеіць бахілы.
Ён клеіў бахілы адмысловыя. Мужчынам — з чорнай гумы, з тупымі мыскамі, шырокія і глыбокія, каб і на валёнкі, і на ватовыя буркі. Жанкам, дзеўкам, калі здабываў чырвоную аўтамабільную камеру, рабіў бахілкі чырвоненькія, з завужанымі, а то і зусім вузкімі, вострымі мыскамі, мяльчэйшыя, падобныя на бліскучыя куплёныя галёшы, на падэшву наклейваў з таўсцейшай гумы нешта накшталт абцасіка.