Вось і раскаяжы каму пра ўсё гэта. Няма каму расказаць. Ні сыну не раскажаш, ні дачцэ, ні каму-небудзь іншаму. Усё гэта толькі ў ім і з ім.
А хіба ж гэта галоўнае? Галоўнае, што адчуваў: спусташаецца душа. Робіцца ўсё больш падобная на апусцелы, амаль апусцелы капшук — вісіць такая зморшчаная, лёгкая, перавязаная матузком машоначка. Робіць, бывала, што, а сам думае, думае... І ўспомніць раптам, як калісьці чыталі яны ўтраіх, а пасля і ўчатырох перад сном, як Лера, вярнуўшыся з блізкага ці з далёкага паходу, расказвае ім пра розныя прыгоды, што здараліся ў дарозе,— і знячэўку зарагоча, як дурны,— голасна і невыразна, нярадасна. Ліза колькі разоў чула гэты рогат і тады нейкі час сачыла за ім, як баючыся чагосьці...
А Юрку не крыўдзіла. Сказаць што благое пра гэта ў яго язык не павернецца. І не дамагалася, каб мамай зваў. Цётка Ліза і цётка Ліза — большага яна не патрабавала. І сама з сынком да яго не лезла. Юрка, ідзі абедаць! Юрка, пара спаць! Юрка, ці мыў ногі перад сном? Гэта — было. За гэтым яна сачыла. А да таго, як вучыцца, не датыкалася. Што прынёс са школы, што там рабіў — пра гэта не пыталася. Ёсць, маўляў, бацька, гэта яго клопат. А мо таксама яе праўда была. Канечне ж, бацькаў гэта клопат.
Увогуле, ён яе не абгаворвае і не асуджае. У яе было сваё жыццё, і яна хацела, каб і ён жыў так, як павінен, па яе разуменні, і жыць чалавек. Хацела, каб было як найлепш. Шчыра хацела. Ліза Макараўна ўвогуле чалавек шчыры, хоць і не без хітрасці, як казала. Без хітрасці не змагла б яна столькі гадоў рабіць у краме. А то ж робіць, і прытым з выгодаю для сябе. Ён жа бачыў. Не напрасліну ўзводзіць. Мела, хоць і невялікі, прыварак з усяго. З бутэлек, якія то прымала, то не прымала. З кардонных і фанерных скрынак, якія то спісвала, то прадавала. А найбольш — з дробнага недавесу цукру, цукерак, круп, вермішэлі, макаронаў. Усё гэта яна ўмела недаважыць пакрысе, так, што ніводная душа не заўважыць і не прыдзярэцца, а, тым не менш, наварчык ідзе. У яе свята на душы, як у магазін прывозяць муку і камбікорм. Тут ужо можна недаважыць і па-сапраўднаму, бо лік ідзе не на грамы, як пры цукерках, скажам, а на дзесяткі, на сотні кілаграмаў. А яшчэ ж — аблічвае. Амаль кожнага, і старога, і малога, калі не на дваццаць капеек, дык на тры, на пяць, на капейку, а — аблічыць.
Яго ўсё гэта абурала, а яна, расказваючы і нават паказваючы яму, як гэта робіць, радавалася, бы дзіця. Ліза, бачыў, любіць сваю работу. Само па сабе гэта, вядома, няблага. Чалавек павінен любіць работу, якую робіць. Але аднойчы ён зразумеў, што яна ўсё ж любіць не работу, а пасаду. Сваю пасаду прадаўшчыцы. Аднаго разу яна гаварыла яму, і твар яе быў шчаслівы, і голас зрываўся ад радасці: маўляў, яна была не дурная, калі даўно, у маладыя гады, падалася ў гандлёвы тэхнікум; тады з яе ўсе смяяліся, яе не разумела нават матка, сварылася, казала — куды палезла, хочаш у турму сесці, хлопцы ёю пагарджалі; але яна не зважала на гэтыя кпіны і папрокі, і аказалася вось, што праўда на яе баку, прыйшоў час, калі прадаўшчыца — ці не самая прэстыжная прафесія, з ёю водзяць сяброўства ўсе, нават самыя высокія людзі, гэтак жа, як з урачамі і цырульнікамі; значыць, не такая яна і дурная, калі змагла ўбачыць такую далёкую перспектыву, і сваіх дачок яна ўжо свядома пагнала ў гандлёвае вучылішча, бо ведае, што будуць мець дочкі і хлеб і да хлеба, і золата будзе блішчэць і ў вуху, і на шыі, і на пальцах, як у самастойных, і чхаць яны будуць на тое, што няма ў іх дыпломаў інжынерак ці настаўніц, бо тым інжынеркам і настаўніцам ніколі за імі не ўгнацца, яны, тыя інжынеркі і настаўніцы, да іх, прадаўшчыц, на паклон ідуць, і яго нябожчыца, хай ён не крыўдуе, прыходзіла, хоць і адварочвала нос, балотам мяшчанскім называла, а прыходзіла ўсё ж і прасіла пакінуць ёй, калі будуць, кофтачку, боты на манцы ці фээргэўскага трыкатажу на касцюм...
Але, было, што яна дагаворвалася і да такога, дагаворвалася без злосці, проста канстатавала, так сказаць, факты, не задумваючыся ці, прынамсі, мала задумваючыся над тым, што яму гэтая канстатацыя — як нажом пад сэрца, што яму хацелася, чуючы такое, воўкам выць...
Некалькі разоў ён спрабаваў пярэчыць ёй, даказваць, што існуе на свеце і яшчэ сёе-тое акрамя грошай, але яна і слухаць не хацела. Яна смяялася. Шчыра і добра. Як з малога. Яна гладзіла яго па галаве і гаварыла павучальна-паблажліва. Кімачка, казала, ты ж ужо чуў, што я не божая пташачка і не зялепуха якая-небудзь, што раскрые раток на такі покарм, гэта Валерыя Віктараўна твая магла табе — ці ты ёй — гаварыць такое, і вы верылі, развешвалі вушы, а мне грошы давай, тады я табе адпушчу, што папросіш, такое я разумею, на гэтым свет трымаецца, а кніжку пачытаеш-пачытаеш ды есці папросіш, бо па адной кніжцы сыты не будзеш, хоць твая Валерыя Віктараўна і наадварот казала, і было, што і мае дочкі верылі, і з маткай-прадаўшчыцай спрачаліся, але, дзякаваць богу, нядоўга, пакуль у школку хадзілі, а тады ўраз паразумнелі...
Хоць бы яна ўжо Леру не чапала!..
Сёння ён паскідаў у чамадан свае і Юркавы транты, тыя, што трапіліся на вока, і занёс да Любы Міхалкавай. Старая ўжо стала Люба Міхалкава, а ці даўно ж, здавалася б, хадзіла па гэтай хаце маладзенькая настаўніца Валерыя Віктараўна! З тае пары і хата пастарэла. Мо не так пастарэла, як асунулася ад недагляду. Спытаў у цёткі Любы, ці пусціць з сынам пажыць. Жывіце, сказала. Ёй, маўляў, весялей будзе. І не стрымалася, расплакалася, папракнула: нашто ж гэта ён, каб хто спытаў, раскідаў бацькаву хату, ніколі, маўляў, не трэба таго рабіць, супраць чаго пярэчыць тваё сэрца, а яму ж сэрца, пэўна, балела, ці не так, Кімачка?..
Сам па сабе мо і не рашыўся б на такі крок, калі б не Юрка. Здаецца, і выгляду не падаваў, а заўважаў дзіцячым вокам, лавіў дзіцячым вухам, даткліваю душою ўсё, кожную дробязь. І нешта ж варылася ў Юркавай галаве, калі аднойчы сказаў бацьку коратка і адкрыта: пойдзем адсюль, тата! Пачуў ён тыя сынавы словы, і ў яго як гара з плеч звалілася.
Аказваецца, усё проста: пойдзем адсюль, тата!.. От ён і пайшоў...
А Ліза... Ліза не пакрыўдзіцца. Яна зразумее. Што-што, а розуму ў яе не адабраць. І душа яе не подлая быццам. Па-свойму не подлая. Хапае яе недзе і на тое, каб паспачуваць чалавеку, памагчы, падтрымаць. Не кончаны яна чалавек, не. Дачок любіць і шчодра ім падкідвае. Толю свайму помнік паставіла ці не лепшы — даражэйшы — на чырванаборскіх могілках. Казала: ён у яе муж быў, бацька дзяцей, з хаты не цягнуў, а ў хату, дык чаму ж ён не заслужыў дарагога, з мармуру помніка? Праўда, магла і парагатаць: от паставіла, на зайздрасць іншаму, а яшчэ і на спакусу, мо хто захоча ў прымы прыстаць, дык хай ведае, што і яму на помнік не паскуплюся... Будзе перажываць, вядома, але атручваць яму жыццё не стане. Яна ж казала: трымаць не буду. Не прыжывецца ён, не пусціць карэнняў, дык адпусціць на ўсе чатыры і яшчэ на дарожку дасць...
Вось такія справы, Сяргей Ягоравіч...
А ўголас сказаў:
— Асечка выйшла. Розныя мы людзі... Вось перайшоў да Любы Міхалкавай. У яе Лера калісьці сталавалася. Цяпер мы з Юркам... Таму і прыйшоў да вас.
— Усек,— ляснуў па стальніцы далонямі Сяргей Ягоравіч.— Усек, Кім Вікенцьевіч. І скажу табе, што не прапашчы ты яшчэ чалавек.
— А чаму я павінен быць прапашчы?
— Бо ўмееш па розум вяртацца. І яшчэ таму не прапашчы, што дзела тваё, здаецца, таксама не прапашчае. Вернешся ты, бадай, у сваю ж кватэру. Туды, дзе і жыў. Прараб, якому мы аддалі тваю хату, летуном аказаўся, несур'ёзным чалавекам, ды, шчыра кажучы, і не прарабам. Падаў заяву. Казаў, пад Мінск некуды перабіраецца. Ці то на птушкафабрыку, ці то на цяплічна-агародную... Што на гэта скажаш?
— Што ж тут казаць, Сяргей Ягоравіч!
— Па-мойму, ён ужо на чамаданах. Так што... Праўленне, я думаю, пярэчыць не будзе... Вось так... Ну, будзь!
Сяргей Ягоравіч падаў яму руку на развітанне не цераз стол — падаваць чалавеку руку на развітанне цераз стол благая, кажуць, прыкмета. Таму — навошта? Хай лепш чалавеку шчасціць!
АПАВЯДАННІ
СЛОІК ВАДЫ З МІХАЛКАВАЙ КРЫНІЦЫ
Я ехаў з дому...
Напісаў гэтыя словы, і адарваў шарык ад паперы, і пасміхнуўся сам сабе, падумаўшы, як зморшчыцца порсткі цяперашні крытык, калі яму на вочы трапіцца вось такі пачатак апавядання. Зморшчыцца і гэтак дакорліва паківае сваёй разумнай, па-маладому лысаватай галавой: колькі ж, маўляў, можна ездзіць, колькі ж можна пра адно і тое ж...
Мо і яго, крытыкава, праўда. Мо і на самай справе частавата мы ездзім. Туды і адтуль. Ды толькі — ездзілі і будзем ездзіць. Пакуль жывуць там бацькі і мацяркі (у маіх аднагодкаў ужо рэдка ў каго), дзядзькі і цёткі, браты і сёстры, пляменнікі і іншыя сваякі і суседзі. Пакуль стаяць там, атуленыя паніжэлымі, хоць і пастарэлымі дрэвамі, бацькава-матчыныя хаты, праз вокны якіх мы ўпершыню пабачылі белы блізкі свет і ад парога якіх пайшлі, падросшы, у свет далейшы, што здаваўся нам тады надта ж пекным і вабным. Ездзілі і будзем ездзіць, пакуль жывём, пакуль будзем жыць, бо не можа чалавек час ад часу не вяртацца туды, да сваіх вытокаў, балазе Беларусь наша не дужа шырока разлеглася па дпяпроўска-нёманскіх прасторах, і вяртацца нам у свае родныя гнёзды не так і далёка — каму, скажам, усяго пяцьдзесят кіламетраў, каму — сто, сяму-таму — дзвесце, і мала каму — далей.
Ну, а пра тое, што, маўляў, колькі ж можна пра адно і тое ж, дык гэты самы наш порсткі крытык не надта і мае тут рацыю, як хтосьці калісьці паспрабаваў перакласці-скалькаваць рускі выраз «он не прав». Па-першае, не так ужо і пра адно і тое ж. А па-другое, важна, пэўна ж, не толькі — пра што, але і — як, і крытыку, мусіць, варта было б зважаць і на гэта.
Дык вось, ехаў я з дому. Ехаў з вёскі, у якой нарадзіўся і вырас і якая дасюль, хоць ужо амаль дзве трэці жыцця пражыты ў горадзе, застаецца ў душы родным домам. На пасадзецкі аўтобус (ці думаў калісь, чытаючы хлапчуком «Малых дрывасекаў» і «Пяць лыжак заціркі», што пройдзе трыццаць гадоў і праз маю родную Слабаду будзе хадзіць з Мінска аўтобус у бядулеўскі Пасадзец?) сесці не змог і быў вымушаны падыбаць на гайненскую гравійку, каб там патрапіць на які-небудзь іншы — аўтобусаў праз Гайну ў бок Ільі і назад бегае нямала.
Дадыбаў я да гравійкі, пасядзеў там з паўгадзіны ў прыдарожнай бярозавай засені і, абцярушаны-абкуродымлены цёплым прысакам-пылам, які шчодрым і доўгім шлейфам цягнуўся за кожнай машынай, зайшоў у аўтобус, сеў на сядзенне поруч з чалавекам, якога цяжка ўжо назваць хлопцам, але і дзядзькам, зважаючы на ўласныя гады, назваць таксама няможна, і па звычцы чалавечай уздыхнуў з палёгкаю, ад пачуцця збытай заклапочанасці — вось цяпер, як бы там ні было, я не чакаю, а еду, і еду зручна, па-цяперашняму — з камфортам, і яшчэ завідна, аказваецца, буду ў Мінску. Зрэшты, мо я і не падумаў так, мо ўздыхнуў адно праз тое, што апусціўся на сядзенне з маўкліва ўсвядомленай задаволенасцю, бо рэдка калі ў прыгарадных аўтобусах, хоць іх, не будзем крывіць душою, досыць многа, табе выпадае такая прыемнасць — сесці.
Сусед няйначай пачуў, як я ўздыхнуў,— адарваўся ад акна, паглядзеў на мяне неяк запытальна і сказаў голасна, прыязна, яшчэ па-вясковаму, але ўжо трошкі і па-гарадскому: