— Дзякуй вам, Марыя Міхайлаўна,— сказаў ён нарэшце.— Вы паклапаціцеся ўжо, што тут трэба. І сёння, і заўтра. Грошы ў Лерынай сумачцы. І мае, і яе адпускныя... Пайду да дзяцей.
— Ідзі, Кім, ідзі...
Хавалі яе дзесятага — у гэты дзень яна павінна была везці сям'ю на Нарач — пасля абеду. Адразу недзе пасля полудня. Дзянёк быў харошы — цёплы, ціхі, сонечны. Толькі недзе той парою, як ужо пакрылі на могілках труну вечкам, аднекуль наплыла невялічкая хмарка і закапаў рэдзенькі, спакойны дожджык. Хтосьці са старэйшых жанок уздыхнуў-сказаў: «От і добра, што дожджык... Харошая душа была ў настаўніцы...»
Праводзілі яе ўсе чырванаборцы, селішчанцы, руднянцы — ці не ўпершыню чырванаборскія могілкі бачылі столькі народу. І ніколі яшчэ не неслі зараз сюды столькі вянкоў і букетаў кветак. І ніколі яшчэ ні над чыёй магілай не гаварылася столькі прамоў.
Першым гаварыў Іван Фёдаравіч.
— Таварышы, ніколі мне не было так цяжка і так балюча, як учора, калі я пачуў гэтую страшэнную вестку,— пачаў ён,— Мы страцілі нашу дарагую Валерыю Віктараўну. Сапраўдную настаўніцу. Настаўніцу з вялікай літары. Здаецца, што ў ёй было? Невысокая, тоненькая, худзенькая... А якая энергія, якая воля, якая смеласць, які светлы розум жыў у ёй. З ёй было працаваць нялёгка. Мы часта спрачаліся, часам да хрыпаты, часта не мірыліся, часта я крыўдзіў яе незаслужана. А вось цяпер я плачу. Бо ведаю, як мне, як нам усім будзе цяжка без яе...
Іван Фёдаравіч сапраўды заплакаў, і плакаў доўга, і ніхто не перапыняў яго. Ён так і не супакоіўся, махнуў рукой і, саступаючы месца наступнаму прамоўцу, сказаў:
— Адбылася вялікая несправядлівасць, таварышы...
Выступаў інспектар з райана. Пасля — дырэктар суседняй Заазерскай школы. За ім — старшыня калгаса Сяргей Ягоравіч. Потым — настаўніца Інэса Аркадзьеўна, выкладчыца рускай мовы і літаратуры. А за ёю неспадзявана для ўсіх выпхнулася з натоўпу Вольга Тамільчык — маці Лёні Тамільчыка, папрасіла:
— Можна і мне?
Усе маўчалі, гледзячы на яе. Але яна спакойна вытрымала пагляд людскіх вачэй, ступіла бліжэй да труны.
— Я ведаю, людцы, што вы не хацелі б мяне тут бачыць... Не хацелі б... А я от прыйшла. Бо не магла не прыйсці. Бо праз яе, праз настаўніцу нашу, у мяне сынок ёсць. І будзе... А яе во няма... Не карайце яго, людцы. Яна любіла яго. Бацька родны не любіў, а яна любіла. І ляцела ратаваць яго... Не гневайся ж і ты на яго, любенькая настаўніца! — Волька ўкленчыла ля труны і загаласіла.
І людзі пацягнуліся да хусцінак, і ў людзей адлягло на сэрцы.
— Валерыя Віктараўна вельмі любіла паэзію,— гаварыла вучаніца восьмага класа Зіна Харэцкая,— Хай жа яна апошні раз паслухае вершы свайго любімага паэта. Я прачытаю верш Максіма Багдановіча «Страцім-лебедзь»...
Кім стаяў, абняўшы Юлю і Юрку, і адчуваў, што на яго зноў, як і ўчора, навальваецца няўцямнае, невыказнае здранцвенне і спустошанасць, боль абцугамі сціскаў галаву, невідочны цяжар гнуў да зямлі плечы. Тое, што гаварылі людзі, ён успрымаў і не ўспрымаў. Слых яго з самага пачатку ўлавіў слова «была» і фіксаваў толькі яго: была, была, была... Учора яна проста была з імі, і ўсё тут, а сёння ўжо — толькі была, была і больш нічога... Проста была — толькі была, гэта значыць некалі была, была ўвогуле, была на свеце...
А дзяўчынка ўсё чытала М. Багдановіча:
Абцугі сціскалі галаву ўсё мацней.
Яго ціхенька падштурхнулі да труны развітацца — перад тым, як накрыць яе векам.
І вось тады якраз з невядома адкуль прыплыўшай хмаркі закапаў дожджык...
ЖНІВЕНЬ — КАСТРЫЧНІК 1984 ГОДА
Яна паявілася ў Чырвоным Бары за два гады да прыезду Валерыі Віктараўны. Зрэшты, не яна, а яны. Іх было дзве. Старэйшая — ёй было дваццаць два і маладзейшая — гадоў васемнаццаці. Яны скончылі гандлёвы тэхнікум і прыехалі ў Чырвоны Бор працаваць у новым цагляным сельмагу. Старэйшая — загадчыцай, малодшая — прадаўцом. Старэйшую звалі Лізай, а малодшую... Як звалі малодшую, чырванаборцы ўжо забыліся, бо парабіла яна ў іхнім магазіне нядоўга, недзе з паўгода, а пасля нібыта знайшла рэвізія недастачу і вінаватая ў той недастачы была тая, малодшая, прадавец, а не загадчык — праела на цукерках і прагуляла з хлопцамі на гарэлцы. А старэйшая, Ліза, засталася, асела ў Чырвоным Бары назаўсёды. Неўзабаве па прыездзе яе ўзяў Толя Міхнюк за жонку, хоць нібыта і хадзіла пагалоска, што яна ўжо была адзін раз замужам і што мужык вытурыў яе з хаты ці не на трэція суткі, бо ўгледзеў з другім. Але, можа, усё тое было выдумкай. Мо такую брудную плётку пусціла пра Лізу-прадаўшчыцу сястра Адася Чарнякевіча Аля. Адась Чарнякевіч нібы таксама падбіваў кліны пад крамніцу Лізу — дзеўка яна была паглядная і, як хутка расшалопалі ў Чырвоным Бары, спрытная, выкрутлівая, хітрая і, да ўсяго, рабацяшчая. Адасю яна нібыта адмовіла, пагарнулася да Міхнюка. Вось Аля і пусціла па сяле тую злую чутку пра яе замуства і скрутлівасць. Чырванаборцы і адразу не надта верылі той чутцы. Па-першае, не падобна было. Ліза паводзіла сябе строга, з першых жа дзён адбіла ахвоту нешматлікіх у Чырвоным Бары аматараў пажартаваць — ушчыпнуць ці прыціснуць. Па-другое, хіба ж быў бы такі дурны Міхнюк, каб, ведаючы такое, закручваць з ёю ўсур'ёз? Апошнюю кропку паставіў на гэтым сакратар сельсавета Антон Бабіцкі. Ён пакляўся, што пашпарт у Лізы «дзеўсцвенна чысты», бо, каб было інакш, ён бы іх не распісаў, Лізу і Толю Міхнюка.
Толя быў у Чырвоным Бары наезджы. З бежанцаў ці пагарэльцаў. У гады вайны матка яго прыблукала сюды з трыма дзецьмі — дзвюма дзяўчынкамі і хлопцам. Аціралася колькі дзён у адных людзей у хаце, колькі дзён — у другіх, пакуль не нараілі ёй займаць пустую стадолу Хаіма Шпільмана. Шпільмана з яго Рохаю і дачушкай Ірай расстралялі яшчэ ў сорак першым, а хата стаяла. Міхнючыха спачатку аднеквалася, палохалася, а пасля рашылася і пасадзіла дзяцей на шырокую і высокую Шпільманаву печ, у якой і на якой ён сушыў і парыў сырамятную скуру — Хаім шыў хамуты і збрую: аброці, набердкі, лейцы, папругі. Пасля вайны думала Міхнючыха варочацца дадому, у свае Барсукі, якія былі ад Чырвонага Бору за кіламетраў трыццаць, але аказалася, што хата яе згарэла і вяртацца ёй не было куды. Дык як сядзець, так і сядзець. І ўжо сюды, у Чырвоны Бор, вярнуўся да жонкі і дзяцей і сам Міхнюк — Іван.
К таму часу, як у вёску прыехала з тэхнікумаўскім дыпломам прадаўшчыца Ліза, дочкі Міхнюкоў былі ў горадзе, а бацька іхні спаў на могілках вечным сном. Неўзабаве ж пасля сынавага вяселля памерла і маці. І Ліза такім чынам стала паўнаўладнай гаспадыняй вялізнага, але не надта дагледжанага Шпільманавага дома. Вось тут людзі і ўбачылі, як пашанцавала Толю Міхнюку на жонку. На жонку, якая богведама з чаго ўмее рабіць грошы і якая заткне за пояс дзесяцёх мужчын, асабліва такіх, якім быў Толеў бацька Іван Міхнюк: гультаяватых, непаваротлівых. А Ліза аказалася паваротлівая. Ды такая, што пры ёй і Толя закруціўся, бы ўюн. Лізіны грошы і выкрутлівасць плюс Толева сіла і конь — Толя рабіў на ферме падвозчыкам — далі неблагі плён. Літаральна праз гады тры Шпільманавай хаты стала не пазнаць: яна была ашалявана і выфарбавана ў жоўценькі і блакітны колеры, накрыта шыферам, да яе прыбудавана прасторная, скрозь зашклёная веранда. Пад домам і раней быў невялікі пограб — на бульбу і гародніну. Ліза ж прымусіла Толю выкапаць замест яго аграмадны склеп, ці не на ўвесь дом. Колькі зямлі папанасіў Міхнюк разам з жонкаю — хто калі палічыць, затое атрымаўся не пограб і не склеп, а падзямелле, безваконная хароміна, як цяпер бы сказалі — самы сапраўдны цокальны паверх.
Ліза нарадзіла Толю траіх дзяцей — дзвюх дзяўчынак-блізнятак і трэцюю дзяўчынку, амаль пагодку дзвюм першым. Яна рабіла ў краме, ён — на ферме, гадавалі сваю, як казалі, тройню і жылі сабе бадай што прыпяваючы, нават і без бадай — сапраўды прыпяваючы, калі мець на ўвазе дастатак у хаце і ля хаты. Дастатак, ніхто грэх на сябе не возьме хлусіць, быў. І гаспадыня пра гэта дбала, і гаспадар туды ж глядзеў. Што да іх трапляла, з іхніх рук не сплывала. А ў дадатак і сілы сваёй не шкадавалі. Штогод цяля ў зіму пускалі, налета, глядзі, не адна паперка ў руках, а некалькі адразу, і не малых, а вялікіх, зялёненькіх. Свінні ў хляве не зводзіліся, адна за адну заступалі: калі вяпрук душу аддаваў, дык на вахту заступаў другі такі ж, а праз загарадку падавалі голас двое меншых. Трусоў трымалі: усе будыніны ў двары былі аплецены клеткамі. І пчолы былі, даходзіла, што больш за дваццаць вулляў выстройвалася ў садзе. І сад ладны — за тры дзесяткі дрэў. У іх, у Міхнюкоў, ці не ў першых у Чырвоным Бары і дываны завяліся — і на сценах, і на падлозе, і халадзільнік ці не яны першыя займелі, хоць ён не надта быў і патрэбны пры такім склепе, і радыёла ў дачок была.
Дастатак у хаце быў. А што датычыцца шчасця, дык тут больш складана. Не кожны возьме на сябе сцвярджаць тут нешта пэўнае. Дастатак — што? Ён — навідавоку. Дыван той ці халадзільнік кожнаму відаць. І дамок што цацачка — таксама відаць. А што да шчасця, дык яго не памацаеш і не пакратаеш. Убачыць-то нібыта можна, ды і то суджана тое не кожнаму і не заўсёды. Бо яно рознае, шчасце. А галоўнае, кожны яго па-свойму разумее. Аднаму і дыван на сцяне — шчасце, а іншы яго і не ўгледзіць. Ды, як там ні было, чырванаборцы пагаджаліся, што ў хаце ў Міхнюкоў, у дадатак да дастатку, было і шчасце. Прынамсі, Ліза і Толя ніколі не сварыліся і дзяўчынкі іхнія раслі добрымі дзяўчынкамі, стараннымі і паслухмянымі, паканчалі, хоць і не на «выдатна», школу і падаліся ў Мінск, набылі там у гандлёвым вучылішчы, як і маці, дыпломы і ўжо нібыта абагналі матку: адна, казалі, робіць старшым прадаўцом, другая нібыта намесніцай загадчыцы секцыі, а трэцяя, каторая малодшая, выскачыла замуж за афіцэра і паехала з ім за мяжу. Так што Ліза і Толя, застаўшыся ўдваіх у вялізнай колішняй Шпільманавай хаце, павінны былі б адчуваць сябе шчаслівымі.
Ну, а пры чым тут Курловічы? Вясковы чалавек такога пытання, вядома, не задасць. У вёсцы ўсе і ўсё пры чым. Жывучы ў адным сяле, кожны для кожпага не абыякавы, не чужы. Кожны кожнага тут не проста ведае, а часта ведае і тое, што і не трэба было б ведаць. Кожны кожнаму то сусед, то сваяк, то кум, то крэдытор, то даўжнік, то сябра, а то, што грахі ўтойваць, і вораг. Меж, вядома, даўно няма, але ж людзі — ёсць. І, жывучы побач, ці мала за што можна пасварыцца. Курыца суседская ў агарод убілася — вось табе і сварка.
Міхнюкі ж увогуле ў Чырвоным Бары да ўсіх мелі дачыненне. Ліза, вядома, а не Толя. Толя — хто? Толя — падвозчык на ферме. Хто што да яго мае? Хіба калі толькі каня папрасіць — дроў воз прывезці, бульбу абагнаць, гной вывезці. А Ліза? Ліза — крамшчыца. Як цяпер кажуць, прадаўшчыца. У Лізы ўсе амаль кожны дзень. Да Лізы ці радасць, ці гора. Без Лізы, як у той песні, як без вады — і ні туды і ні сюды.
Вось і аказваецца, што і Курловічы — Валерыя Віктараўна-нябожчыца, Кім Вікенцьевіч, Юля і Юрка — таксама мелі дачыненне да Лізы Міхнюк. Да прадаўшчыцы Міхнюк. Толькі як да прадаўшчыцы. Такое ж дачыненне, як і іншыя чырванаборцы.
Ды так было да пары да часу. Пакуль аднойчы...
У тым жа ліпені тысяча дзевяцьсот восемдзесят першага года на чырванаборскіх могілках побач з магілай Валерыі Віктараўны паявілася яшчэ адна магіла: лёг там на спачын Толя Міхнюк. Праўда, ён лёг не так знячэўку, як настаўніца. Ён хварэў, і даўгавата. Пра хваробу яго казалі рознае. Гаварылі і пра страўнік, і пра печань, і пра падстраўнікавую залозу, і пра што толькі ні гаварылі. Памёр жа ён ад таго, што перасталі працаваць ныркі.