*
Поўдзень. Пасля сякой-такой працы (закончыў перапісваць пра Гарэцкага, напісаў тры пісьмы) сяджу ў крэсле, ногі на другім, накрытыя пледам, чытаю мудрыя апавяданні Іва Андрыча. За мною два акны, справа — трэцяе, яны за ажурнай павалокай свежых фіранак, за якімі — зноў шуршыць па бульбоўніку ды па яблынях роўненькі, спакойненькі дождж. І была б гэтая музыка вельмі прыемнай, калі б не думаць, што з такой штодзённай макрэчы камусьці трэба вырываць пакуль што сена, а неўзабаве і хлеб...
«Яшчэ ніколі нічога ў полі не заставалася». У такім аптымізме так многа нашай сённяшняй, нібы ўжо ўсеагульнай абыякавасці, ад якое дабра не чакай.
...Няўлоўна невыказная асалода — чытаць добрае. Пайду ў яе далей. Гэта апавяданні Андрыча ў чэрвеньскім нумары «Иностранной литературы». Прыемна думаецца, што Югаславію я — хоць трохі — ведаю, успамінаю мясціны, пра якія ён піша. І думаю, што любое, з любога месца, на любой мове зробленае па-сапраўднаму, раней ці пазней, але стане вядомым, возьме сваё.
*
Не вытрываў і пайшоў у поле, у лес, на луг.
Сонечна, цёпла. Залішне набрынялая вадой зямля зноў ажыла — зелянее, цвіце, патыхае жыццём. Нават маленькі карычневы матылёк махае крыльцамі над роснай травой, шукаючы сонца, сонечнай праталінкі.
Падышоўшы да паваленай сасны, успомніў, як у гэтым лесе, ужо... чатырнаццаць год таму назад, мы нарыхтоўвалі драўніну. Ад гэтага — да ўчарашняга лесніка, які падвечар запрашаў мяне выпіць з ім і гаспадаром. Адмовіўся нездароўем, а думаў пасля, што, можа, і цікава было б пагаманіць з імі, аднак — бог мой! — да гэтага ж трэба брысці ў гарэлцы, у ачмурэнні... Праз яго тут многія і на прыроду глядзяць,— як тая баба казала,— кожны дзень жывучы п'яным.
Учора ўвечары, на праходцы, хацелася запісаць, што ячмень, трохі пажаўцелы ўжо, падсыр пасля бясконцых дажджоў, пахне соладка з нейкай іржавінкай. Як і жыта калісьці мне пахла, у маладосці, пра што я, здаецца, пісаў. Цяпер ячмень, цэлае воблака яго, як сказала б мама, расце там, дзе летась была бульба, а пазалетась ясыта. І ў ячмені цяпер сцежка, як і ў бульбе летась, ды мне ўспомнілася тая, што ў буйным жыце была, і падумаў, што так і ішоў бы па той сцежцы бясконца, уздоўж бясконцых слупоў і дратоў, з якіх перада мною ўзляталі б вялікімі чародкамі гаманлівыя «ноты» — ластаўкі...
...У Болдзіне Пушкіна і сумота, відаць, падганяла. Гэта цяпер падумалася, а выходзячы з лесу, убачыўшы канец дарогі — шырокі прасвет у поле і на луг,— успомніў Льва Мікалаевіча з яго славутым «Я возвращался домой полями»... Нехта пісаў пра тое, як ён працаваў пад «Войной н миром»: зранку сядзеў у лесе на пяньку і доўга думаў...
Адтуль яно, слова яго — ад зямлі, ад прыроды, ад самога жыцця.
*
Карлавы Вары ўсё ж такі будуць. Ну што ж, у Крынічным я з сябе ў той сумоце таксама не богведама што вымучу. Падганяю справы і, у поўнай гатоўнасці да выезду, вырушу паслязаўтра да бабулі і ўнучкі, яшчэ на два тыдні [6]
Восем. Будзем ўставаць, ехаць па рукапіс, вычытваць пераклад. «Без работы і разумны здурнее»,— як гаварыў сімпатычны Павел Фёдаравіч Сарадоеў, з якім калісьці было цікава.
Як гэта добра сказана: «Жизнь моя, иль ты приснилась мне?» Колькі было ўжо добрага — не палічыць...
Лаўлю сябе часамі і на тым, што пішучы для сябе — самому сабе растлумачваю тое, што патрэбна будучаму чытачу гэтых «сваіх старонак». Так і цяпер,— хто ж такі Сарадоеў? Той самы, пра каго я пісаў у «Дажджлівым, сонечным жніўні», старшыня калгаса і, галоўнае, харошы чалавек.
Хочаш не хочаш, а чыстага для сябе не выходзіць. Можа, і таму, што я ж і друкую з запісаў, няхай сабе і выбіраючы?
*
Дома, у Мінску, быў з прыемнасцю, нават учора як быццам ехаць сюды [7] не хацелася, а ўжо ў аўтобусе адчуў, што лета, і што я ў красу яго еду.
Сцежка ў ячмені, уздоўж драціны на слупах, росны луг, Нёман, а потым лесам дадому.
Дзве рэчы захацелася не забыць.
Хлопчык, калі і старэйшы за нашу Данусю, што яшчэ спала, дык не на шмат старэйшы,— пастушок з радоўкі, які каля пня ў роснай траве канчаў снедаць і, па добраму звычаю гэтай вёскі, павітаўся са мною. «Есці захацелася?» — «Ага».— «А даўно выгналі?» — «У пяць». Ён не адзін, з нейкім дзядзькам, якога я паміж дрэвамі над ракою ўбачыў з каровай раней, чым хлопчыка.
І другое.
Тры буслы на нізкім лузе, за дубамі, — хвалюючае спалучэнне белага, чорнага і чырвонага колераў, асабліва тады, калі яны пачалі адзін за адным — на ўсякі выпадак — уздымацца.
Хораша сніў Твардоўскага, які зайшоў да нас і добра такі пасядзеў. А ідучы думаў пра Глебку: што добрага і я мог бы сказаць пра яго? Гэта — пасля яго вершаў у ліпеньскім «Полымі». І пра Броўку ёсць што сказаць, калі без вэрхалу ды сэпляў, як у N., а натуральна, аб'ектыўна. Можа, калі і скажу.
*
Чытаю ў Хайноўскага [8] пра нацыянальную палітыку ў даваеннай Польшчы. Па-новаму прагучала такое:
«Украінцы і беларусы густа засялялі землі на ўсход ад Буга і Сана, і таму акрэсленне «нацыянальная меншасць» больш падыходзіла там да насельніцтва польскага, якога было каля 37,8 працэнта».
*
Вярнуўся з рэчкі.
[6] Запісана ў Мінску.
[7] Зноў у Крынічнае.
[8] А. Chojnowski, «Koncepcje polityki narodowościowej rządów polskich w latach 1921-1939».