*
Чытаючы карэктуру «Птушак і гнёздаў», успомніў, як Оттакар Ульрых [3] казаў, што ў маім рамане яму найбольш спадабаўся фольксфэст,— фельдфебель, які ўзлез на стол і акрапляў яго... «Гэта найбольш дакладна нямецкае».
*
Яшчэ адну п'есу перакладаю [4]. «Стары новы год» Рошчына перакладаў па просьбе купалаўцаў, «Святая святых» Друцэ — па просьбе і самога яго, якую мне перадаў Шабан, цяпер «Вішнёвы сад» — з сімпатыі да коласаўцаў. Ці трэба мне займацца гэтым, думаў сёння ўранні. Зноў як быццам кажу сам сабе, што больш не буду, што буду рабіць толькі сваё. Бо колькі я ўжо наперакладаў! Паэты дык хоць у зборах сваіх пераклады друкуюць, а на прозу і драматургію такога звычаю няма. Як быццам з імі заўсёды лягчэй і не бывае цяжка па-сапраўднаму.
*
Стары івянецкі народны ўмелец Пунко — пра настаўніка і, кажуць, добрага хлопца Міколу Пашкевіча, які яму нечым шмат дапамог — кажа з удзячнасцю і болем, але весела:
«Я ўжо дзевяты дзесятак луплю, а ён — памёр...»
*
Ці запісаў я пра іспанскага сабачку — бяздомнага, галоднага,— якога мы — дарослыя, сур'ёзныя мужчыны розных савецкіх нацыянальнасцей — пашкадавалі і падкармілі сім-тым, як блазнюкі? Познім вечарам, у Севіллі, на беразе славутага Гвадалквівіра, які не па Пушкіну спакойны, шырокі, а не «бежит, шумит»...
Запісваю гэта, пачаўшы чытаць Бернара Клавеня, «Испанец».
*
...Няўжо я адчуваю ўжо мой час глыбока-шырока-чыстага бачання?
Чытаю Клавеня. І як толькі там, у доме французскага селяніна, гаспадыня ўзяла ліхтар, я жыва ўспомніў, убачыў іншы ліхтар, — той, з якім у Адэсе мама хадзіла ў сутарэнне і брала з сабой мяне — памагчы ёй, патрымаць той ліхтар. У ім былі чырвоныя і зялёныя шыбкі. Апроч празрыстай? Відаць. Але ж запомніліся толькі тыя дзве. І ўсё тое мілае, такое цікавае падарожжа,— з кватэры, уніз па лесвіцы, па бруку двара, у сутарэнне.
А потым, у вёсцы, пашы з мамай паходы ў хлеў, даіць карову, што ацялілася. Карова, цялятка і ліхтар — ужо другі, круглы, без каляровых шыбак. Але і гэта вельмі хораша.
Штосьці падобнае было, здаецца, з малым Хаджы-Муратам, у яго — незадоўга да ўцёкаў, да смерці — успамінах.
*
«Белые с чёрным пятна заменяют кроликам национальный мундир и флаг».
Тут, на гэтай фразе ў сярэдзіне апавядання «Джек — Боевой Конек», я ўжо шчасліва засмяяўся.
Да першай фразы апавядання: «Боевой Конек был знаком со всеми собаками города» ўнізе старонкі дадзены аўтарам малюнак. Там трус ідзе па-чалавечы, на задніх лапах, і важна здымае цыліндр перад сустрэчнымі сабакамі, таксама у цыліндрах. Сабакі — з жонкамі, якіх няёмка называць сукамі ў доўгіх сукнях, а дзяцей — шчанятамі, апранутымі па-дзіцячы.
Тут у мяне быў не смех, а толькі ўсмешка, таксама шчаслівая.
Як адхіленне — успамін пра тое, як я падлеткам плакаў над аповесцю гэтага ж Сетана-Томпсана «Джэк — Кароль Талакскі», Пра мядзведзя-грызлі. Можа, там і смешнае было, калі не для рогату, дык хоць для ўсмешкі, аднак мне назаўсёды запомніўся той блазенскі, ўжо не дзіцячы — святы, сам-насам — плач захаплення і літасці.
*
Мамін пляменнік Алесь, мой дваюрадны брат, на дваццаць сем год старэйшы. Так і вітаўся пры нашых, апошнім часам не частых, сустрэчах, сур'ёзна, амаль урачыста: «Здароў, брат!» І руку паціскаў. «Беларускі Грышка Мелехаў», як гаварыў пра яго Міша [5]. Поўны георгіеўскі кавалер, пасля мнагадзетны бядняк, з болем тых «мікалаеўскіх» ранаў.
У грамадзянскую ваяваў, ужо выбраны камандзірам, і, можа, генерал які вырас бы з вахмістра, але пацягнула да жонкі, да дзяцей, да родных мясцін.
У семдзесят шостым годзе ён, замяняючы ў жніво сына, яшчэ пасвіў калгасны статак. «Як жа ты бегаеш за каровамі?» — спытаўся я. Ён паказаў на свайго сабаку, трохі падобнага на аўчарку: «Сам не бегаю. Яму даю лінію, ён заварочвае». Сын смяяўся: «Бутэлька віна на дзень, а гарэлкі — ужо на два дні».
Свая мова, свой характар, які я закранаў у «Праведніках і зладзеях» і ў «Золаку», і там, і там захаваўшы імя.
Днямі мне расказалі, што памёр ён спакойна, хораша — ад старасці. Рана ўстаў, заслаў свой ложак, пацеры згаварыў... Ці паснедаў — не сказана было. Проста прылёг адпачыць і памёр. На дзевяностым годзе, перажыўшы малодшых, здавалася, куды здаравейшых братоў.
На пахаванне я не змог паехаць. А ўспомніў цяпер — чытаючы ў Сетана-Томпсана пра каўбояў з сабакамі.
*
Сетан-Томпсан не толькі лічыць скачкі труса ці аленя на футы, але і пішучы пра бойку двух катоў, пра іх маўкліва-фырклівае то наступленне адзін на аднаго, то тактычнае ці баязліва асцярожнае адступленне, не толькі карыстаецца яшчэ і дзюймамі, але ж і іх дробіць на чвэрткі, на васьмушкі, на шаснаццаткі... І гэта не толькі смешна, але і мастацкі дакладна.
[3] Нямецкі літаратуразнавец, выкладчык універсітэта ў Гале. Стажыраваўся ў БДУ імя У. І. Леніна.
[4] Гэты і дзесяць наступных запісаў зроблены ў пасёлку Крынічнае на Міршчыне.
[5] Тут і скрозь далей Міша — брат Я. Брыля Міхаіл (1914-1966) — інжынер-будаўнік і самадзейны мастак.