Гэтае «ўчора» было і ў кнігах, і ў расказах жывых сучаснікаў.
Бо і ў маім даваенным вясковым акружэнні жыло нямала ўдзельнікаў і руска-японскай, і «мікалаеўскай», і грамадзянскай войнаў. І шчасліва ўцалелых, і так ці інакш пакалечаных, напоўненых невычэрпным запасам жахаў. Іх расказы мы, юнакі, слухалі — калі мне меркаваць па сабе — з пранозлівай жудасцю. Расказвалі некаторыя так, што іх расказы сваёй, нічым не прыкрытай, грубай народнай праўдзівасцю адпавядалі таму лепшаму, што я чытаў пра вайну, а то і гаварылі яшчэ больш, куды мацней уражалі, наводзілі па нялёгкі роздум...
Здарылася так, што «Агонь» Барбюса, «На імперыялістычнай вайне» Гарэцкага, некаторыя іншыя кнігі пра першую сусветную вайну, значныя сваёй праўдзівасцю, я прачытаў пасля Вялікай Айчыннай. У той час, калі ўжо і пра гэтую вайну пачалі з'яўляцца творы, якім было суджана выжыць, застацца патрэбнымі і сёння. Пасля, з палавіны пяцідзесятых гадоў, твораў такіх, як вядома, прыбыло значна больш, у тым ліку — скажам з законнай гордасцю — і ў нашай беларускай літаратуры. Твораў паэзіі, прозы, мастацкай і дакументальнай. Справа не ў пераліку,— гэтыя назвы, імёны мы паўтараем дастаткова часта.
Разам з мноствам іншых шматмоўных чытачоў аддаючы належную павагу і ўдзячнасць аўтарам найбольш сумленных, праўдзівых твораў пра чалавека на вайне, хачу прызнацца, што амаль пасля кожнага з гэтых твораў і пасля ўсіх іх у цэлым у мяне было і застаецца сумнае, а то і цяжкае адчуванне нейкай — дзе меншай, а дзе і большай — недагаворанасці ў галоўным. І ў творах самых адносна смелых, і ў самых адносна праўдзівых ды глыбокіх... Сказана ўжо як быццам вельмі нямала, аднак яшчэ больш — у творах і франтавых, і партызанскіх — недасказана, недапаказана, нераскрыта па-сапраўднаму, так, як расказвае пра вайну сам народ.
Недастатковасць гэтая — з меркаванняў характару перш за ўсё злабадзённа-часовага...
Гэта нялёгка — як след уявіць сабе чытача, які мінулай вайны не ведае, перад якім стаіць толькі кашмарны прывід новай вайны, якую цёмныя сілы імкнуцца нам навязаць. Наколькі ж яму, магчымаму салдату магчымай будучай вайны, дапаможа маральны вопыт папярэднікаў, дапаможа тое, што з непасрэдна перажытага і глыбока, кроўна адчутага іншымі стала сённяшняй літаратурай пра вайну і супраць вайны — найбольшай бяды чалавецтва?.. Няўжо і новаму пакаленню зноў жа толькі па-свойму, толькі самому, кожнаму чалавеку паасобку прыйдзецца вырашаць пытанне ўсіх пытанняў — што рабіць, як рабіць толькі тое, што трэба, што дастойна сапраўднага чалавека? Вось што трывожыць...
На наша шчасце, мы жывем у такой краіне, пры такім дзяржаўным ладзе, дзе ўсё накіравана на барацьбу супраць вайны, за разумнае суіснаванне народаў. Аднак жа як многа, як страшна многа ў свеце таго, што не залежыць ад нас, савецкіх людзей, тым больш ад нас — пісьменнікаў!..
Ёсць французская прыказка, якую любіў Талстой, настолькі любіў, што яна была самым апошнім, чаго — ужо на смяротным ложы — не змагла да канца дапісаць яго магутная, нястомная рука. «Трэба рабіць, што трэба, хай будзе, што будзе»,— так гучыць яна, гэтая прыказка. І ў ёй няма адчаю, слабасці, абыякавасці да будучыні,— ёсць мудрае адчуванне абавязку. Як і ў нашай беларускай народнай мудрасці: «Паміраць збірайся, а жыта сей».
На нас, літаратарах, ляжыць нялёгкі, адказны абавязак — у чалавеку выхоўваць Чалавека, абуджаць у людзях разумную, высакародную чалавечнасць.
І пра гэта нямала ўжо сказана. Дазволю сабе прывесці толькі адно, можна сказаць, хрэстаматыйна-вядомае выказванне.
У славутым вершы «Я памятник себе воздвиг нерукотворный» перадапошняя страфа — у вымушанай рэдакцыі Жукоўскага — да рэвалюцыі гучала так:
Потым замест саладжавай «прелести» прыйшоў і стаў на сваё месца сапраўдны пушкінскі радок:
І тады ўжо радок папярэдні — пра абуджэнне добрых пачуццяў — загучаў на ўсю сілу, напоўніўся зместам на ўсю глыбіню.
«Довлеет дневи злоба его» — кожнаму веку сваё. Аднак жа наш, дваццаты, куды больш жестокий за той, калі так коратка і змястоўна сказана было пра галоўны, пісьменніцкі абавязак.
Тым больш мы абавязаны, нашым часам, нашым жыццём закліканы — перш за ўсё і больш за ўсё — абуджаць у людзях добрыя пачуцці, змагацца за маральную чысціню нораваў, выхоўваць чалавека, свабоднага ад безвыходнай цемры і крывавай затхласці нацыяналізмаў ды шавінізмаў розных масцей і калібраў, чалавека — носьбіта самых перадавых ідэй ленінскага інтэрнацыяналізму, чалавека — змагара за сацыяльную справядлівасць, свабоду і мір для ўсіх.
Можа, гэта не ўсё, аднак — вельмі нямала. Гэта — адзінае наша, чаго ніхто за нас не зробіць. І гэтага нам — у тым, што мы пішам — якраз найбольш не хапае. Такога, каб з усёй смеласцю, з усёй свабодай, на ўсю глыбіню.
Не крытыка гэта, а пажаданне,— і ўсім, і яшчэ больш самому сабе.
1983
Свае старонкі
Пяцігадовая Аня пасля аперацыі два дні ні з кім не гаварыла, бо яе ашукалі, што вязуць здымаць на картачку. А потым так балела, яна так крычала, абаранялася!.. Маме дазволілі быць каля яе, і з мамай яна, пацешна «дарослая» ў хустцы «пад бараду», у доўгай квяцістай кашулі з-пад бальнічнага халаціка, ішла «за ручку» па калідоры і на нікога на дарослых ашуканцаў не хацела нават глядзець, нікому не адказвала. А на сёстраў, што робяць уколы, казала «калючкі».
Пазаўчора мы, мужчыны ў вестыбюлі, рабілі ёй з лістоў яе сшытка хто чорціка, хто голуба,— яна ўжо адышла. Учора нават павіталася са мной за руку, зайшла ў нашу палату, атрымала апельсін, а потым, на калідоры, спыталася:
— Вы, дзядзька, пішаце кніжачкі для дзяцей?
Каб жа пісаў!.. [2]
*
Многа чытаю. Мініяцюры Хікмета, Эмінавы песні пра Арменію, славацкія апавяданні, пацешна-прыкрыя, прэтэнцыёзныя ўспаміны N. пра Мележа, дзённік Януша Корчака, Кандрацьева — «Борькины пути-дороги» и «На поле Овсянниковском», абедзве рэчы слабейшыя за «Сашку», цікавую італьянскую аповесць Бенно Банолья з партызанскага жыцця і сёе-тое іншае. Без працы над сваім — зашмат.
І зноў, як і раней неаднойчы бывала, думаецца, што нічога ўжо больш не напішу. З такога... ледзь не адчаю, злосці на самога сябе і выйшлі нядаўна ўспаміны пра Шырму.
І сёння прачнуўся ў шэсць. І за акном было парадненне новага дня, светлы, урачысты, шчымліва-радасны рапак самотнай канфрантацыі з самім сабою — тым, якім ты павінен быць. Адзін з тых ранкаў, якіх у мяне было ўжо так нямала, усюды, куды мяне заносіла ў жыцці.
І не ясна, што ж яны будуць са мною рабіць, калі не аперацыя, на якую я не згадзіўся і на якой яны не настойваюць. Страшна — такая перспектыва старасці, на што наглядзеўся тут: без ног, без рук «ад сасудаў». Толькі б не гэта. А ногі падвечар ныюць, і правая за кампанію з левай «тужыць»...
*
Сярод упасвеных матрон і маладзічак з варыкознымі вузламі на тоўстых і нятоўстых лытках, у адной з палат сядзіць на ложку бабуля. І ляжыць яна, вядома, але больш, здаецца, сядзіць, колькі б я ні праходзіў каля тых адчыненых дзвярэй. Прысланілася да сцяны і ціха пакутуе, памаленьку згасае. Калі я спытаўся ў сястры, у нашай палаце, што з бабуляй, сястра сказала: «Палец гніе. Як у мужчын. Вялікі, на назе». Назвала гэта адпаведным тэрмінам, на якія ў мяне зусім няма памяці.
[2] Гэты і два наступныя запісы зроблены ў бальніцы. У раздзеле «Свае старонкі» — заўвагі ад рэдакцыі.