Кнігалюбы ды следапыты так разбяруць тваю кнігу, так раскладуць па фактах ды прататыпах, па часе ды месцы дзеяння, што табе і не разабрацца, што лепш — мастацкі твор ці яго першааснова...
Такое — у людзей, добразычліва кажучы, прастадушных, як у дзяцей,— жаданне разабраць цацку, паглядзець, а што ў ёй у сярэдзіне, з чаго яна складаецца? І чым цікавейшая цацка, тым большая ахвота разабраць яе. Аднаму, самому толькі, а то і настаўніку з вучнямі розных узростаў...
*
Зноў успомніў мілую Яню Шабуню, якая пры апошняй нашай сустрэчы ў яе дома сказала, што вось выходзіць хутка на пенсію і тады ўжо «буду вам усё друкаваць і вальней і хутчэй». З прыемнасцю думаю, як я, пасля ўсяго «вылушчвання» новай кнігі з чарнавікоў, панясу рабочы рукапіс ёй, нашай Янечцы, як кажуць пра яе ў рэдакцыі. Тады буду чакаць надрукаванага, а потым вычытваць яго і радавацца яе акуратнасці. Да почырку майго яна прывыкла, як ніхто іншы з машыністак, хоць іншых у мяне было вельмі няшмат.
Такому чалавеку, як яна, адзінокая і працавітая, як пчолка, заўсёды ветліва-прыязная, варта было б ведаць, што пра яе думаюць — не адзін я. Штосьці такое мы ёй і напісалі, падарыўшы «Я з вогненнай вёскі...».
... Пасля паўзы, калі чытаў, запісваю: а чаму, уласна кажучы, не даць мне гэта ў «Свае старонкі»? Толькі, можа, каб не яна гэтае месца друкавала?.. [67]
*
Як бы я ні ўзброіўся жыццёвым вопытам, якім бы ні стаў падрыхтаваным чытачом, усё роўна са светлай журбой успамінаю сваё маладое чытанне. Скажам, «Братоў Карамазавых». Вясной трыццаць сёмага года, калі я араў, баранаваў і ад яснага рання не мог дачакацца вечара, дакладней кажучы — ночы, каб чытаць далей...
Толькі са шчасцем, пакутліва чыстым шчасцем першай закаханасці чытанне тое і параўнаеш. Нават больш там было, бо іншая закаханасць, бывае, праходзіць, а гэтая — не. Іменна — з першага позірку і назаўсёды.
*
Кожную кнігу трэба пісаць як апошнюю.
А потым яшчэ ўсё жывеш, і тое, што даў намёкам, баючыся, каб не прапала, цяпер хочацца, трэба развіць, даць больш грунтоўна. І вось дылема — або бяры тое, што апублікавана, здымай адтуль, дзе яно стаіць, часамі і доўга такі пастаяла, або паўтарайся і, адштурхнуўшыся ад яго, гавары пра тое самае шырэй, глыбей. Па такому адзінаму праву.
[67] Так і зроблена.