У наваколле ўкалоньваецца кальварыя і Кальвін.
У наваколлі выспяваюць калівы «Калевалы».
ТВАНЬ
Твань — «двань»: у ёй змяшаны, знітаваны, не разатнуты на дзве паставы, на два «ставы» вада і зямля, світанне і змярканне, і боскае дыханне яшчэ не дакранулася да яе.
Твань процілеглая зямлі: на яе нельга абапер-ціся, але процілеглая і вадзе: па ёй нельга плысці.
Калі асяродак зямлі сярод вады — выспа, то твань — выспа, вывернутая на левы бок, антывыспа.
У ёй жывуць «левыя» істоты: чэрці, балацянікі, дрыгвенікі, тваневікі,— ваніты бога.
I сама твань — істота, у якой не вынатаваны ні рукі, ні ногі, ні галава, ні тулава, і таму яна нічога ніколі не губляе, але таму, што яна адначасова і рукі, і ногі, і галава, і тулава, яна латва ўхоплівае, трывала ўтрымлівае ды файна хавае тое, чаго не можа ўтрымаць нават Латвія, чаго не можа схаваць і захаваць Літва.
КАЛОДА
Калода няўклюдная, але гэтая няўклюднасць укладваецца ў яе, нібы яе код, і калі склюд, долата і сякера, намерваючыся надаць калодзе людскі выгляд, бяруцца згладжваць і злагодж-ваць яе няўклюднасць, калода «раскалоджваец-ца», пераўладкоўваецца ў нешта адрознае ад ся-бе — у кадаўб, а то і ў лодку.
Калода не памятае, адкуль яна і куды: яна ляжыць, уладзіўшыся ў калдобіне, якую сама сабе выбіла ў доле паводле сваёй вагі і свайго аб'ёму, і слухае, як яе бэсціць і лае кудлаты бадзяга-вецер: калода — лайдак, што адно толькі вылежвае бакі, калода — кладка, па якой ніколі ніхто не ходзіць, калода — клад, з якога няма чаго ўзяць,- і, быццам калоідам, поўніцца горкаю думкаю аб сабе.
Аднак над ёю кружацца пчолы, упрошваючы, каб яна згадзілася стаць для іх котлішчам, аднак да яе падступаецца глыбіня, даводзячы, што без калоды не можа быць і калодзежа, аднак яе абсядаюць кодлам, нібы яны калядуюць, грыбы-апенькі, і залацістагаловы певень у апошнія вокамгненні свайго жыцця, як да самай роднай істоты, прытуляецца да калоды.
ЗБРОЯ
Таго, хто бярэцца за зброю, зброя таксама забірае і абавязвае, каб ён укладаў у яе сваю змогу, сваё ўменне, свае жыццё.
Зброя пад забаронай: да яе нельга звяртацца, каб адплаціць за крыўду ці за абразу, нават калі свярбяць рукі, але калі да яе звяртаецца той, хто крыўдзіць і абражае,— яна найлепшая абарона.
I з аднаго, і з другога боку зброя з'ядноўвае ўсіх, як сяброў, як братоў, але паміж самімі гэтымі бакамі разворвае баразну барацьбы.
На зброі зазубрыны, аднак вызвоньзае ў ёй ста-радаўняе — «зубрынае» — высакародства брон-зы.
Зброя: на полі бою разбураны бор целаў, над полем бою абразовы рой душаў.
СТУПА
Конь тупае ступою, і, у адпаведнасці з тым, які тут топас, якая тут тапаграфія, яго ступа то спутаная, то свабодная. Аднак ступа ступы не залежыць ад гзтай — топкай ці тупкай — тапаграфіі, яна ў яе свая, і свой рухавік — памяло, і свой пілот — баба-яга, ці, па-іншаму, ёга; ступа ляціць, і расступаецца перад ёю адлегласць, і верталёты-«цюльпаны», «Ілы» і «Тупалі», калі сустракаюцца з ёю, захапляюцца ёю — для іх яна выступ у поступе, уступ у басконцасць.
Але калі ступа пачынае сама захапляцца сабою, яна робіцца сапсутаю і са сваёй ступені спадае на той план быцця, дзе пануе побыт.
Ды за лясамі, рэкамі, стэпамі ёсць у ступы свае сваякі і свае заступнікі — ступы-бажніцы, якія нястомна пытаюцца ў наступнасці: «Дзе пуп зямлі?» і якім наступнасць нястомна адказвае: «Пуп зямлі — ступа».
СОНЦА
Лацінскае s o l — квінтэсенцыя свету, соль рэчаіснасці.
Нямецкае S o n n e знае сэнс (Sinn) усіх з'яў; яно ззяе, як звон, і, як звон сваю звонкасць, выпраменьвае сваё ззянне, свой «зной», на ўсе зоны прасторы.
Стараславянскае слъньце сланяецца ад небасхілу да небасхілу: у ім тая няспешнасць, тая ленасць, якая дазваляе ўсім істотам адчуваць сябе далучанымі да лона вечнасці.
Італьянскао s o l e ў арыі жыцця выконвае сольную партыю.
Рускае с о л н ц е пасылае свае пацалункі ўсім абліччам (лицам), але сланечнікам (подсолнухам) — найахвотней.
Беларускае с о н ц а — бясконцы сон, які абяцае, што некалі ён увасобіцца ў яву.
Чэшскае s l u n c e лунае па самай строміне неба, замкнёнае ў абалонцы — у «лунцы» — смугі, месяцовасці («луннасці»).