I нават калі горад знішчаецца дашчэнту, згарае да гарадзішча, народ і радзіма становяцца тым радовішчам, з якога ён адраджаецца зноўку.
У горадзе валадарыць Рагвалод, горад радуецца Рагнедзе.
ПЧАЛА
Пчала нікога не чапае сама, але калі нехта чапае яе альбо той церам, у якім жытлуе яе радзіна, яна не шкадуе жыцця, караючы — і лечачы ад сваволі — крыўдзіцеля, апякаючы яго сваім роспачным пацалункам.
Пчала — чалядніца працы, і на чале летняга дня, ведучы яго за сабою, яна вылятае ў поле, у луг, у сад, цешачы іх сваім прылётам, тым, што пачаўся дзень і што яна, пчала, пачала паломнічаць.
Увесь дзень пчала зносіць у вулей, у яго каморы, падпечкі і ночвы, праз яго чалеснікі і атворы тое, што яна возьме ў поля, у луга, у саду,— узятак, і тое, што яны ёй дадуць,— уздатак, адводзячы адпачынку ноч.
Пчалу нельга забіваць: яна — пЧАЛа, у ёй захоў-ваецца чалавечы пачатак, і людзі шануюць яе, як чалавека.
Пчала мае справу з самымі прыгожымі, з самымі чулымі, з самымі духмянымі стварэннямі — кветкамі, але ў глыбіні яе існавання тоіцца плач.
МАЛАНКА I ГРОМ
Каб аперазаць паўнеба, маланцы дастаткова вокамгнення, вокаміргнення: яна амаль бязмежная ў прасторы — такая вялікая і амаль бязмежная ў часе — такая малая.
Яна выкікае з хмарнай імглы і, рассвятляючы гэтую імглу, дасягае найярчэйшага напалу.
Яна ўсюды паспявае, усё спасцігае, і людзі ёй моляцца, як святой, і называюць яе чалавечым імем: Малання, аднак і сама яна — малітва, яскравая малітва прасторы, якая, як людзі, мае патрэбу ў споведзі, ачышчэнні і прасвятленні.
Маланка — ламанка: яна ломіць магутныя дрэ-вы і вымалёўвае трапятлівыя — «ліхаманкавыя» — узоры вышэйшай — электрамагнетычнай — трыганаметрыі.
Маланка спакон вякоў маладая, яна вечная «му-за»: калі яна гаворыць, пануе нямая ціша, калі замаўкае, пачынае гаварыць «гармата» — гром.
Гром агромністы: ён «ахорвае» бязмоўнае і пашырае імгненнае, палохаючы старых і малых тым, чаго ўжо няма, што ўжо мінула.
Гром — гурма і гармідар; пакінуўшы свае харо-мы, ён гоніцца за маланкай, за ўсё чапляецца, усё зрушвае, усё пераварочвае дагары.
Маланка лёткая, гром грувасткі, маланка маляўнічая, гром красамоўны, маланка — змест, гром — форма, маланка — інтуіцыя, гром — логіка, маланка — мелас, гром — рыторыка, маланка крэсліць граматы, адрасаваныя Садому і Гаморы, гром іх абвяшчае.
Маланка жне, гром малоціць, маланка — серп, гром — молат; яны такія розныя, такія непадобныя, але іх яднае гармонія.
ЛОВЫ
Палова на палову — ловы: у іх адна палова ловіць другую, левае — правае, свавольнае — вольнае, змысловае — адмысловае.
Паволі, нібы яны валаводзяць, у ловы ўплываюць поплаў і волміна і, каб даўмецца, што гэта за «love», на злом галавы імкліва, падымаючы на дыбы логавы, убягае лес — во хваёвы, а во яловы.
Вымалёўваючы авальны гук «о», у ловах вымаўляе сваё слова паляўнічы рог, а чыннікі эвалюцыі — дзіда, страла ды волава — асвойваюць свае ролі.
Нібы палову ад зерня, ловы ацярушваюць ад першай паловы тое, што кволае і палахлівае, а ад другой найперш адымаюць тое, што вылучаецца,— волатавае.
Ловы авалодваюць галовамі і маюць набыткам тое, што бяруць у жыцця; і кожны раз жыццё пытаецца ў іх: ловы, мо ўжо даволі?!.
КАМЕНЬ
Камень пукаты, нібы яйка. Калі яйка (пры-намсі, велікоднае) выпрабоўваюць на моц, яго прыстаўляюць да зубоў і стукацяць: к-к-к-к... Які гук, такая і моц. Камень адразу аб'яўляе аб сваёй моцы, аб сваім мацакоўстве. Ягонае «к» перакананае і непранікальнае. Ён, зрэшты, увесь складаецца з «к», з суцэльнай шкарлупіны. Тая мяккасць, якая ўласцівая астатняй яго частцы, належыць не самому каменю, а асяродку, які яго атуляе і які для яго сапраўды мяккі.
У камені спіць імя абсалюту — аум, альбо, паводле іншай транскрыпцыі, амін. Быццам нямы прарок, камень звяртаецца да таго, хто праходзіць міма, да чалавека, з адным і тым жа спрадвечным — сфінксавым — запытаннем: камо градзешы (куды ідзеш)?
Калі чалавек спыняецца — ён камянее, а камень, у сваю чаргу, пераймае чалавечую іпастась: на ім пішуцца імя і лічбы.
Камень — камель часу: усё іншае ў параўнанні з ім зменлівае і нетрывалае. I кожны раз, калі жыццё распачынаецца нанова, яно распачына-ецца не ab ovo (з яйка), а з каменя.
СМАГА