ЦВІК
Занятак у цвіка цывільны, а постаць вайсковая: ён, як вінтовачны патрон, мае вострае, доўгае і пляскатае, але, у адрозненне ад патрона, ён цэласны, ён суцэльны, і часткі яго не дзеляцца між сабою: дзе адно, там усё.
Цвік «цвікаўны»: усё яго тычыць, усюды ён утыкаецца, каб даўмецца, ці ёсць недзе нешта, чаго б ён не ведаў, ці няма. I калі яго цюкае па плешцы малаток, калі вішчыць дошка, квічыць масніца альбо скавыча аполак, ён, «гучна» ўцякаючы ад малатковага націску, ціха дзякуе яму за паслугу.
Цвік ні на кога не мае злосці, нікога ні на кога не нацкоўвае, нікога не цвеліць, ён толькі выконвае сваю місію — місію цывілізатара: сцвярджае ў драўляным царстве, што ўжо адцвіло і не здольна цвісці нанова, прыйсце жалезнага веку.
Цвіка не цікавіць ні спарахнелае, ні гнілое, але і скамянелае, зацятае на сабе, не цікавіць таксама: тады ён спыняецца, тады ён скрыўляецца і просіцца ў абцугоў, каб яны яго выцягнулі назад.
У цвіку спалучаюцца функцыі ключа і замка: ён — ключ, але на адзін раз, замок — але назаўсёды, і ўсё, замкнёнае ім, трымаецца на ім, пакуль не скончыцца цыкл часу і пакуль драўлянае і жалезнае не скажуць адно аднаму: мы — квіты.
ХЛЕБ
Хлеб святы, хлеб вялебны, і ўсё, што спалучана з ім, што «злеплена» з ім, адбываецца як абрад, як набажэнства, як малебен.
Хлеб хвалебны: яго шануюць і хваляць усе плямёны — і дулебы, і вялеты, і лахвічы.
Хлеб лепшы: з усіх страў, з усіх наедкаў, у ім жыццё (ці на іншай мове — Leben). Ён есца, смокчацца, грызецца, «хлябаецца» і генетычна памятае свой радавод, сваю бацькаўшчыну — глебу.
На выгляд хлеб чорны, але па сваёй сутнасці белы.
ПЛОТ
Плот мае клопат: пільнаваць забароненыя плады — каб іх не ўгледзелі не тыя вочы і не аблатошылі не тыя рукі.
Плот дзеліць пляц, плато ці плантацыю на часткі: знадворную і ўнутраную, на сваю і чужую,— і з'яўляецца плоццю падзелу. Калі плот цэлы — ён аплот, калі ён дзіравіцца, яго латаюць, як палатно.
Плот складаецца з клічнікаў, але на плоце вісяць заўсёдныя «пытальнікі» — гаршкі, гладышы, глякі, латушкі, а то і патэльні.
На плот, каб праспяваць сваё «кукарэку», лапочучы крыллем, узлётвае певень.
Пад плотам буяюць лопух, палын і трыпутнік.
Да плота прытульваецца лапата.
Ля плота блукаюць усялякія чуткі, у плот ублытваюцца ўсялякія плёткі накшталт гэтай, ште Лот вунь уцёк, а Лотава жонка вунь стала слупам, нібыта плот мае нейкае дачыненне да Лотавай жонкі і да яго самога.
Плот платанічны: да ўсіх ён ставіцца роўна, да ўсіх аднолькава, але ўспрымаецца ён «палітыч-на»: аднымі — з патыліцы, другімі — з твару.
Плот тут, але і там, цяпер, але і потым, ён лётае, але не скранаецца з месца, ён уцякае — дае лататы — і даганяе сябе самога — дае пытлю, ён — натоўп, але ў гэтым натоўпе няма больш нікога, апроч яго аднаго.
ПІЛА
Ці гэта ліпень, ці лістапад, у пілы — пільніца, напружаная часіна: нібы навачасны Пілат, яна заўзята дапытваецца ў ліпы, піхты, яліны, клёна адказу на адно і тое ж пытанне: у чым ісціна? — і, намерваючыся любою цаною «даплыць» да ісціны, то плаўна, а то з запалам паглыбляецца ў іхнюю сарцавіну, у іхнюю «замкавіну», але ўсялякі раз плён яе допытаў — пыл, пілавінне.
У палоне сваёй заўзятасці, сваёй паляўнічасці піла засляпляецца: яна перапалавіньвае дрэвы наскрозь, разнімае іх на палены, і там, дзе яна спадзяецца набыць большую глыбіню, яна набывае большую плыткасць, што неўзабаве заканчваецца карою, якая ледзьве ліпіць, ды голай, пустой паверхняй, і там, дзе яна спадзяецца сустрэцца з ісцінай, яна су-стракаецца з парадоксам, якога ніяк не можа засвоіць і які ўвесь час перажоўвае-перапі-ліквае ўголас: калі глыбей, то плытчэй, калі глыбей, то плытчэй...
Піла адмаўляецца ад якой бы там ні было платы: яна аскетычна-пляскатая, і што яна п'е, тое выплёўвае.
Пілатаж у пілы просты, пілігрымка аднастай-ная: наперад — назад, назад і наперад, аднак яны немінуча «ўліпаюць» у запамежную рэ-чаіснасць канцэнтрычных кругоў і капілярных трубак і дзейсняцца паводле законаў ірацыя-нальнай лічбы «Пі» — лічбы, якая не ведае завяршэння.
НАВАКОЛЛЕ
Наваколле вясковае: у ім відаць вокны хатаў, колле платоў і сцежкі, вытаптаныя паводле немудрагелістага лякала людской хады. Яно адначасова разамкнёнае, бы каляіны, і, быццам кола, замкнёнае, і акаляецца відавочнасцю — здольнасцю вока сягаць далёка.
Наваколле — супольная аўра, супольнае жыццяполе істотаў, рэчаў і з'яў, і пакуль яны супольнічаюць між сабою, яно не адступаецца ад іх; калі ж яны пачынаюць пасягаць на выключнасць і пакланяцца самім сабе, тады наваколле расколваецца на калейдаскопы кавалкаў і аскалёпкаў.
Па наваколлі паволі калываецца калымага.