Кампаньён усьміхаўся.
-- Мог-бы й ты набыць новую фузэю...
-- Дык-жа набыў-бы, каб хацеў! Але не патрабую, бо з гэтае не даю маху, хоць і старэнькая...
Хурманка кацілася па каляістай і няроўнай дарозе.
-- Но, конік! Но, пайшоў! -- падганяў Ігнат. Конік быў невялікі, трыбухаценькі, але цегавіты. І ўсякі раз, калі ён борзда пускаўся наперад, Ігнат паварочваўся тварам да нас і казаў:
-- Нашы літоўскія конікі хоць і маленькія на выгляд, але працавітыя... Нішто сабе конікі!
Прабубнелі па нейкім драўляным мосьціку цераз невялікую рэчку, і дарога пайшла па мяккай вясёлай лугавінцы, што цягнулася ўздоўж зарослай чаратамі і аірам гэтай рэчкі.
-- Праедзем тутака крыху нацянькі, -- растлумачыў Ігнат, пакручваючы пугай над крупам каня.
Там-сям рэчка срэбрам паблісквала з-за густой зелянізны расьлін. Ад подыху ветру чароты ківаліся то ўлева, то ўправа. На заваротах утвараліся затокі, і на аднэй зь іх мы заўважылі чародку цыранкоў. Лорд пацягнуў носам паветра і, скочыўшы з хурманкі, шпарка панёсься да іх. Не дабегшы мэтраў зь дзесяць, раптам спыніўся як укапаны. Качкі паднялі галоўкі й глядзелі на яго. І як толькі ён пасунуўся чутачку да іх, стромка ўзьняліся ўгару й закружылі над алешнікам, выглядаючы небясьпеку.
-- Эх, -- уздыхнуў Ігнат, -- выйгада ім тутака! Потым, крыху падумаўшы: -- А Кандрат тамака ўжо мрые, чакаючы! Панарыхтаваў набояў! Наплёў лапцяў!
-- Рыбак рыбку пячэ, а паляўнічы лапці пляце, -- прамовіў кампаньён.
-- Яно, можа, і так, але-ж мы з Кандратам і рыбакі й паляўнічыя адначасна.
Саламяныя стрэхі вёскі Клетні выскачылі з-за алешніку нечакана. Цяпер мы ехалі па вузкай палявой дарожцы. З абодвух бакоў яе беглі ўдалеч шнуры палосак, там-сям ужо ўзаратыя.
-- Папар наш! -- растлумачыў Ігнат.
На адным з шнуроў ляжалі кучкі неразьбітага гною. Ад яго моцна пахла хлевам. Конік Ігнатаў раптам павярнуў на гэты шнур.
-- Пазнаў!? -- выклікнуў Ігнат і сьцебануў каня пугай, паварочваючы яго зноў на дарогу.
-- За што-ж ты яго! Належыць узнагародзіць аўсом, а ты пугай яго!?
-- Пасьпеецца з аўсом!
Уехалі ў вёску. Вуліца бегла па скацістым узгорку, паўз рэчкі. Па адным ейным баку, тым, што да рэчкі, будоў ніякіх ня было -- толькі там-сям азяроды, частакол агародзікаў ды яблынькі й дулі... Птыч дугой абгінала вёску й зялёнымі пожнямі глыбака ўразалася ў палі. Берагі ейныя хаваліся ў гушчарох лазьняку й альшэўніку. Насупраць вёскі, паміж іх, сноўдалася бялявая постаць чалавека зь сеткай-таптухай на доўгім кіі.
-- Кандрат ужо абмацвае сваёй снасьцю віры, -- зазначыў Ігнат, паказваючы пугаўём у той бок, -- на вячэру, значыць, будзе юшка...
Ігнатава хата стаяла на высокім мейсцы, каля самай вады, двума вокнамі на паўдня, а двума -- на ўсход. Каля яе ляжаў перакулены човен, а ў падстрэшшу тырчэла два вяслы. На плоце сушыліся: трыгубіца, лыкавыя лапці з анучамі й шэрыя нагавіцы, запэцканыя водарасьцямі; відаць было, што гаспадар яшчэ нядаўна карыстаўся ўсім гэтым... Гаспадарчыя будынкі былі зьбітыя так-сяк з дробнага яловага лесу; толькі хата была збудаваная з добрага сасновага бярвеньня. На двары, каля сьвірна, сохлі ў скіртах пашчапаныя дровы й ляжалі яшчэ не папілаваныя бярозавыя й кляновыя катлякі...
Нас спаткала Ігнатава жонка, крыху, можа, маладзейшая за Ігната. Была чарнявая, зь цёмна-васільковымі, нібы крыху засмучонымі, вачмі й вельмі прывабнымі рысамі твару.
-- Ну, Марынка, прымай гасьцей! -- зьвярнуўся да яе ласкава Ігнат, вешаючы на крук шапку.
-- У добры-ж час! Якраз качак гэтых, як гразі! Але заходзьце-ж, заходзьце далей! -- прамовіла, крыху як-бы нарасьпеў, гаспадыня, папраўляючы валасы.
Падлога ў сьвятліцы была вымыта аж да бляску і пацярушана аірам, ад якога ішоў моцны пах валяр’яны. Павесілі торбы на крукі, а стрэльбы паставілі ў кут.
-- Горача сёньня траха, -- прамовіла Марына, пазіраючы на нас зь вясёлай усьмешкай. -- Пайду квасу вам хлебнага й студзёнага папіць прынясу...
Узяла з паліцы вялікі гарлач і выйшла. Хутка вярнулася з квасам. У гэты час за вакном мільганула высокая постаць Кандрата, які ня йшоў, а амаль бег. Рыпнулі дзьверы, і ён паўстаў перад намі. Быў мокры аж да паловы. У руцэ трымаў на лазіне два шчупакі, хунтаў на пяць кожны.
-- А-а, каб на яго ліха, -- адзін выкруціўся усё-ткі з таптухі -- пераскочыў цераз край! Ды якраз і большы...
-- Дык ты вазьмі сабе аднаго! -- скамандаваў Ігнат.
-- У мяне тамака ё... Ну, і тым часам бывайце, у мяне там пільная справа...