Пад гэты прапагандысцкі грукат тварылася безьліч чорных спраў. Жахлівая намаляваная Цэлешам карціна высылкі «кулакоў» у апавяданьні «У імя догмы». Маўклівы адчай выгнаньнікаў, плач дзяцей, стогны і сьлёзы тых, хто застаецца, і над усім гэтым -- поўная, неабмежаваная ўлада энкавэдыстаў. Але становішча на самой справе больш страшнае й сымбалічнае; прыгадаем, што гэта была толькі адна зь першых спробаў масавай дэпартацыі. Зь Беларусі, Украіны, цэнтральных раёнаў Расіі, з Паўночнага Каўказу тады былі вывезены ў Сібір і Сярэднюю Азію мільёны сялян, залічаных да «эксплуататараў». Гэты нялюдскі вопыт быў пашыраны ўладамі, і хутка ўсьлед за «кулакамі» пайшлі другія мільёны людзей, а потым, у 1943, у 1944, -- і цэлыя народы. Апакаліпсісным паўторам створанай Цэлешам карціны гучаць расказы ўдзельнікаў тых падзей. Менавіта тая маса «кулакоў», абяздоленых, пазбаўленых маёмасьці і ўсіх правоў, паклала пачатак спэцпасяленьням -- аракчэеўскім селішчам ХХ ст., у якіх потым мадзела большая частка краіны. А зрабіць чалавека кулаком -- што было прасьцей!.. Дастаткова перагарнуць афіцыйныя дакумэнты тых гадоў, каб пераканацца, як беспасьпяхова спрабавалі партыйныя тэарэтыкі сфармуляваць паняцьце «кулак» і як шырока тлумачылі яго практыкі. Неабходна пры гэтым улічыць меркаваньне беларускага гісторыка Ўсевалада Ігнатоўскага, які пісаў: «Беларусь амаль ня ведае тыпу рускага кулака-міраеда, які, як павук, аплятаў усю вёску даўгавымі абавязацельствамі»[2]. І таму ахвярамі калектывізацыі на Беларусі сталі ня толькі сяляне, якія карысталіся наёмнай працай, але й безьліч іншых, агулам «раскулачаных» па тых або іншых прычынах, як той самы Богуш.
Мікола Цэлеш -- Вітаўту Тумашу (10.12.75)
Вы правідлова адзначылі «трагічную ролю беларускай вёскі». Аўтар разумеў гэта добра: сіла беларускага народу менавіта ў вёсцы, і вось чаму з такой садысцкай нянавісьцю сталінізм наваліўся на яе. Что-ж цяпер? Вёска голая, разьдзетая, разутая дый галодная...
А партыйна-дзяржаўны друк штурхаў, пагражаў і пераконваў: «лепш перагнуць, каб потым не абвінавацілі ў правым уклоне», гэта значыць, у абароне кулака. І «перагіналі»... Тым больш, што нямала людзей было зацікаўлена ў набыцьці чужой маёмасьці: і жыхары тых-жа вёсак, што шукалі, раскрывалі «кулакоў», паведамлялі пра іх уладам, а потым удзельнічалі ў «раскулачваньні» (падобна Зьмітрачку з апавяданьня «Дзікі вецер»), бо, акрамя маральнага задавальненьня -- магчымасьці разьлічыцца з суседам, -- атрымлівалі й матэрыяльную ўзнагароду; і мясцовыя партыйныя й дзяржаўныя ўлады, якія дзякуючы такому імпэту павышалі сваю палітычную надзейнасьць і свой імідж у вачах вышэйшага начальства; і кіраўнікі калектыўных гаспадарак, якім маёмасьць «кулакоў» дазваляла пакрываць заганы й няўдачы свайго гаспадараньня й рапартаваць «наверх» пра дасягнутыя «посьпехі». Няўжо, сапраўды, старшыня райвыканкому і раённы ўпаўнаважаны па палітычных справах ня ведаюць, што нават па самых жорсткіх мерках Гарась («Дзікі вецер») ня кулак? «А ты ведаеш,-- гаворыць упаўнаважаны Зьмітрачку, -- што гэта амаль што здрада -- сваяцтва з кулакамі?!» І тут-жа дабаўляе: «Ха-ха! Не палохайся! Сам ведаеш: ня кулак ён! Але хай будзе так, каб застрашыць "праваслаўных"... (Так ён заўсёды называў сялян)». Але калі ўжо ніяк нельга залічыць селяніна ў кулакі, то заўсёды застаецца магчымасьць зрабіць яго «памагатым кулакоў», як гэта і здарылася зь бедняком Матузком («На межах»). А выселіць сям’ю, абвінавачаную ў кулацтве, наогул было простай справай: дастаткова пастановы пракурора й нават сельскага савета.
Зразумела, што ў краіне з такімі «законамі», асоба -- меншая за нуль, яна велічыня адмоўная. Адгарніце любое апавяданьне Цэлеша і вы ўбачыце, які нявымоўна малы перад уладай чалавек, як ім пагарджаюць, зьдзекуюцца зь яго, прыніжаюць і зьнішчаюць. Бяз суда і сьледства трапляе ў лягер Кузьма Вальтэр толькі за чытаньне верша Янкі Купалы («Янка сеяў -- людзі жалі»), зьнікае за неасьцярожна сказанае слова Базыль («Пёрка й іншыя»), траціць розум зьняважаны й растаптаны Матузок («На межах»). Што для Шашка, які адчувае сябе гаспадаром жыцьця, Сымонка? («Дзе шукаць праўду») «Галота», -- як ён кажа. І ня дзіва, што Сымонка, безабаронны перад шашкамі, ня ведае, дзе шукаць праўду й жыве легендай.
Праз усе творы Цэлеша праходзіць думка пра супрацьстаяньне народу й дзяржавы, пра павіннасьць людзей перад дзяржавай і поўнай безадказнасьці дзяржавы перад народам. Натуральна, што сяляне, даведзеныя да адчаю, кідаліся на ўзброены супраціў уладам. Вось так, загнаны ў кут, пастаўлены перад выбарам: пагібель ці барацьба, герой апавяданьня «Дзікі вецер» Гарась бярэцца за сякеру. І гэта быў не такі ўжо рэдкі выпадак, а, як яшчэ нядаўна пісалі,-- тыповы пэрсанаж. Вядомыя, напрыклад, сялянскія паўстаньнні 1929 года ў Касьцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласьці, у Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласьці, Веліжскае паўстаньне, Слуцкае... Няма патрэбы казаць, што падаўляліся гэтыя паўстаньні з выключнай жорсткасьцю, а ўдзельнікі выстаўляліся «бандытамі» і «паслугачамі». Хіба трэба казаць, што тыя людзі былі сапраўднымі слугамі свайго народу?!
У імкненьні зразумець сутнасьць і прычыны калектывізацыі, героі апавяданьня «Хмары над Бацькаўшчынай» у разгубленасьці пытаюцца: «Але для чаго гэта мае быць рабіцца?» І пачуўшы адказ адукаванага чалавека: «Людзі жывуць няроўна: адзін бедны, другі багаты -- хочуць зрабіць усіх роўнымі...», з горкім сьмехам прыгадваюць легенду аб Пракрусьце, які хацеў перарабіць усіх людзей на адзін капыл. Савецкая ўлада дзейнічала больш тонка за міфічнага Пракруста, дый капыл у яе іншы: ёй ненавісныя людзі свабодалюбівыя, пасьлядоўныя ў сваіх памкненьнях, тыя, што карыстаюцца павагай свайго асяродзьдзя. І гэта выдатна ўсьведамляюць усе «стукачы», зайздросьнікі, з душою на шэлег, якія атрымалі нарэшце магчымасьць расквітацца са сваімі ворагамі. «У князі з гразі», «не памыўшы пятак», казалі пра іх у народзе. Вось так той-жа Зьмітрачок помсьціць Марыне, якая адмовіла яму, і ў сваім даносе на яе бацьку ўпірае на аўтарытэт апошняга сярод сялян: «... калі яго не ліквідаваць, як клясу, дык калектывізацыя ў раёне зь мейсца ня зрушыцца. На яго глядзяць усе, бо ён аўтарытэт у іх... яму вераць! Не запішацца ён, ніхто пісацца ня стане». І ён мае рацыю: такіх людзей улады бязьлітасна зьнішчалі. Вось што піша ў сваіх успамінах «На крыжавой дарозе» Аўген Калубовіч (разьдзел «У гомельскім ГПУ»):
««...» Найбольш мяне ўзрушыў расстрэл Корзунаў.
Калі іх прывялі ў маю "адзіночку", было ўжо далёка за поўнач. Па шыбах вакна сьцёбаў буйны дождж. Яны былі мокрыя, зь іх цякло. Бацька й сын. З-пад Васілевічаў. Абодвы малыя ростам, худыя. Бацьку -- гадоў 40, сыну -- 16.
Іх прывялі да сьледчага ГПУ, які крычаў на іх: "Вашае сяло ня йдзе ў калгас, бо ты ня йдзеш. Мы расстраляем цябе й сына, тады ўсё сяло пойдзе... Нам нужно сломать сопротивление. И мы ни перед чем не остановимся..."
Гэта быў іхны першы й апошні "допыт".
Корзун -- ня "кулак", яго нат’ не "раскулачылі"...»[3]
Усе гэтыя ненавісныя ўладам людзі мелі рэдкі дар -- асабісты прэстыж. Гэта якасьць, незалежная і ад займаемай пасады і ад высокіх званьняў і чыноў. Такі прэстыж мае вельмі абмежаванае кола людзей. Яны здольныя ўплываць на сваё асяродзьдзе, нягледзячы на роўны з усімі сацыяльны статус і адсутнасьць традыцыйных сімвалаў улады. І зусім ня мае значэньня колькасьць людзей, якім яны вядомыя, важна, што яны набываюць вядомасьць менавіта дзякуючы ўласьцівай ім унутранай сіле. І другую якасьць маюць гэтыя людзі -- стрыжань душы, паводле вобразнага азначэньня Ул. Г. Караленкі, што не дае чалавеку гнуцца пры любым націску, які прыдае душы ўстойлівасьць, дазваляе ў самых страшных і нялюдскіх умовах зьберагчы годнасьць і гаварыць сваё «не» ў адказ на меркаваньні ўласнай выгады.
Раскулачваньне й калектывізацыя ішлі поруч са зьнішчэньнем нацыянальнай інтэлігенцыі. Наогул падазронасьць і няпрыхільнасьць да інтэлігенцыі былі ў кампартыі ў крыві. Колькі зьдзеклівых і зьняважлівых слоў сказалі тэарэтыкі марксызму пра інтэлігенцыю! А з устанаўленьнем савецкай улады ў грамадскую сьвядомасьць сталі ўкараняць думку пра інтэлігентаў як пра часовых «папутчыкаў». З нацыянальнай інтэлігенцыяй партыя й савецкая ўлада мелі свае разьлікі: менавіта інтэлігенцыя ўзначаліла нацыянальна-вызваленчы рух і тым была небясьпечная. Прыгадаем, што на Беларусі 1920-1927 гады былі гадамі актыўнай беларусізацыі, што самай актуальнай задачай у нацыянальнай палітыцы была менавіта беларусізацыя.
«Пад беларусізацыяй у шырокім сэнсе гэтага слова, -- адзначалася Цэнтральнай Нацыянальнай Камісіяй ЦВК БССР, -- трэба разумець:
1) разьвіцьцё беларускай культуры (школы, ВНУ на беларускай мове, беларуская літаратура, выданьне беларускіх кніг, навукова-дасьледчая праца па ўсебаковым вывучэньні Беларусі і г. д.);
2) вылучэньне беларусаў на партыйную, дзяржаўную, прафесійную і грамадскую працу;
3) перавод партыйнага, дзяржаўнага, прафесійнага, каапэратыўнага апаратаў і часьцей Чырвонай Арміі на беларускую мову».[4]
Колькасьць супрацоўнікаў розных арганізацый, якія карысталіся беларускай мовай, да 1927 года дасягнула 70-80 працэнтаў[5], і ўсё больш беларуская мова станавілася мовай штодзённага ўжытку. У гэтым культурным будаўніцтве роля нацыянальнай інтэлігенцыі была галоўнай і вядучай.
Калі да гэтага дадаць яшчэ дзьве заўвагі: па-першае, што ў адпаведнасьці зь дзейнай у тыя гады Канстытуцыяй прызнаваліся раўнапраўнымі беларуская, руская, яўрэйская і польская мовы[6]; а па-другое, што посьпехі гаспадарчай палітыкі, у прыватнасьці, у сельскай гаспадарцы, сталі даволі прыкметнымі (так, напрыклад, валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі Беларусі ў 1925-1926 гадах перавысіла даваенную на 12,2 %[7]), і пры гэтым улічыць, што правядзеньнем суцэльнай калектывізацыі палітыка партыі і савецкай улады на мейсца шматмоўя паставіла адну мову -- рускую, нацыянальныя культуры замяніла адной, дзяржаўнай, а эканамічны ўздым -- голадам 30-х гадоў, то стане відавочны той жах, які абрушыўся на людзей рэпрэсіямі супраць «кулакоў» і «нацдэмаў».
Прычыны жорсткіх мер супраць нацыянальнай інтэлігенцыі ўсьведамляюць многія героі Цэлеша. Вось якая размова адбываецца паміж апавядальнікам і яго кампаньёнам у творы «Хмары над Бацькаўшчынай», які й даў назву зборніку:
«-- Выцерабяць нас нанава, як у 1863! Прышчэпава ніяк нельга залічыць у ворагі народу -- ён патрыёта й не абы які! -- адукаваны, паезьдзіўшы па Эўропе, нагледзіўшыся на сельскую гаспадарку ў Даніі, шмат чаго перадумаўшы... Ягоная зямельная палітыка ў стасунку да нашых умоў вельмі ўдалая -- зірнем на тых, хто прыняў яе. Пачалося зусім іншае жыцьцё!
-- Дык, кажаш, выцерабяць?
-- А ты што, ня бачыш і ня чуеш? "... Адсячы галаву нацдэмаўскай гадзіне..." Заклік: выбіць нашу інтэлігенцыю, пакінуць народ без кіраўнікоў...»
Шырокую сетку закінулі рэпрэсіўныя органы. У першую чаргу, былі арыштаваныя выкладчыкі і студэнты ВНУ і тэхнікумаў, навуковыя супрацоўнікі Акадэміі Навук, пісьменьнікі й работнікі Белдзяржвыдавецтва, супрацоўнікі наркаматаў і іншыя. Адзін з выкрывальнікаў «нацдэмаўшчыны» пісаў: «Нацдэмаўскі ўплыў на культурнае будаўніцтва праводзіўся па двух, галоўным чынам, каналах: першым каналам былі розныя курсы настаўніцтва, вышэйшыя курсы беларусазнаўства і г. д. Другім каналам была выдавецкая дзейнасьць, падручнікі для школ, мастацкая літаратура і г. д. «...» Што датычыцца мастацкай літаратуры, дык мы ўжо ведаем пра такія вылазкі нацдэмакратызму, як рэакцыйныя творы Зарэцкага, Пушчы, Дубоўкі ды інш.».[8]
Іншыя разглядалі пытаньне «шырэй»: «Амаль да апошняга часу мы мелі такога роду факты, калі Акадэмія Навук была сапраўдным плацдармам нацыянал-дэмократызму, разгарнуўшага там «навучную» работу пад прыкрыцьцём «...» прэзыдэнта Акадэміі Ігнатоўскага. Той-жа малюнак яшчэ нядаўна быў у Белдзяржвыдавецтве. «...» лінія партыі на фронце асьветы самым наглым чынам скажалася былым наркомам па асьвеце Баліцкім. «...» па лініі Наркамзему нацдэмы павялі атаку на лінію партыі мэтадам насаджэньня кулацкіх хутарскіх гаспадарак...»[9]
Некаторыя з інтэлігентаў адразу-ж, а некаторыя з часам, зразумелі, як будзе праходзіць «ідэалягічная барацьба». Здольнасьць савецкай тайнай паліцыі, якую-б назву яна ні абрала, да ўтварэньня «змоў» была ўжо вядома самым праніклівым ці самым дасьведчаным. Паказальныя словы Цішкі Гартнага ў турэмнай камэры: «Вы бачыце, гаварыў ён, што зараз ідзе зьнішчэньне ўсяго беларускага, ідзе зьнішчэньне духоўнага жыцьця гэтага народу, больш таго -- ідзе яго фізычнае зьнішчэньне... Дзеля гэтага і створана сягоньня ворганамі НКВД нацдэмаўская арганізацыя. Сябраў гэтай арганізацыі будуць цяжка абвінавачваць у дзяржаўнай здрадзе. Нікому з нас ня будзе літасьці. Гэта ў адносінах да так званых "прыкметных" нацдэмаў. А далей пойдуць арышты "няпрыкметных" нацдэмаў -- сялян і іншых. Нельга-ж, каб гэтая арганізацыя не абапіралася на нізы, на "масу". Таму трэба гэтую "масу" зьнішчыць».[10]
Падставы для арыштаў былі самыя неверагодныя. І якое багацьце фантазыі пры гэтым! Узяць, да прыкладу, амаль анэкдатычны «літаратуразнаўчы аналіз» верша Янкі Купалы «Янка сеяў -- людзі жалі», які робіць загадчык спэцадзьдзелу Падкаблук: «Па-першае, высьмейваньне калгаснага будаўніцтва -- адчыненае, нахабнае... Вось нейкі Янка сеяў, а прыйшлі людзі й зжалі! Хіба гэта не намёк на беднату й не абарона кулака? Па-другое, у той час, як Янка сеяў, зязюлька кукавала. Якая яна, гэтая птушка?! А птушка яна такая, што не клапоціцца аб сваім дабрабыце -- ня робіць сабе гнязда, а забіраецца ў чужыя... Хіба тут, у гэтай бяздомнай птушцы, не відавочны намёк на пралетарскую клясу, вясковую беднату й ліквідацыю прыватнай уласнасьці на аднэй шостай зямной кулі? Не працуюць, ня дбаюць, а як Янка пасее, сажнуць! Так, Янка Купала -- народны паэта, адзначаны ордэнам, пакінем яго ў баку, хай жыве сабе на здароўе, пакуль што... »
Але, па праўдзе кажучы, у большасьці выпадкаў і ня трэба было аніякіх адмысловых падстаў: слова «нацдэмаўшчына» ўжо ўсё абымала, усё тлумачыла, бо яшчэ на сакавіцкім пленуме (1924) ЦК КП(б)Б была дадзена характарыстыка асноўных момантаў нацыянал-демакратычнай ідэалёгіі, што заключаліся «ў адмаўленьні дыктатуры пралетарыята і ў імкненьні да палітычнага раўнаваньня сялянства з рабочай клясай, у стаўцы на кулацкія элемэнты ў вёсцы, у адмаўленьні клясавага расслаеньня ў ёй, у імкненьні да ўплыву з боку інтэлігенцыі на дзяржаўны апарат, у правядзеньні беларускага шавінізму».[11]
Зірнем, як гэтыя ўказаньні выкарыстоўвалі потым улады, калі прыступілі да зьнішчэньня «нацдэмаўшчыны». Аўтар артыкула пра «нацдэмаўшчыну» ў Белдзяржвыдавецтве пасьля многіх і гучных абвінавачваньняў агульнага характару абурана пісаў: ««...» якія пасьля гэтага выходзілі падручнікі, відаць з такога прыкладу: БДВ выдае 5-цьцю выданьнямі чытанку Самковіча і Пратасэвіча «Родны шлях» (адна назва чаго варта!)».[12]
[2] Усевалад Ігнатоўскі. Гісторыя БССР. Менск, 1926, б. 233.
[3] Аўген Калубовіч. На крыжавой дарозе. Успаміны. Кліўленд, 1986, б. 53-54
[4] Практическое разрешение национального вопроса в БССР. Ч.1. Белоруссизация. По материалам Центральной Национальной Комиссии ЦИК БССР. Менск, 1927, б. 9.
[5] Тамсама, б. 16.
[6] Арт. 21. Усе грамадзяне Беларускае Сацыялістычнае Савецкае Рэспублікі маюць права вольна карыстацца роднаю моваю на зьездах, у судзе, у дзяржаўным кіраўніцтве і ў грамадскім жыцьці.
[7] А. П. Врублевски, Т. С. Протько. Из истории репрессий против белорусского крестьянства 1929-1934 гг. Минск, 1992, б. 10.
[8] А. Зюзькоў. Крывавы шлях беларускай нацдэмократыі. Менск, 1931, б. 49.
[9] Супроць контррэвалюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму. Менск, 1931, б. 65.
[10] Масей Сяднёў. Ахвяры бальшавізму. Выданьне Беларускага Аб’яднаньня ў Беластоку, 1944, б. 15.
[11] А. П. Врублевский’ Т. С. Протько. Из истории репрессий против белорусского крестьянства 1929-1934 гг. Минск’ 1992’ с. 81.
[12] Супроць контррэвалюцыйнага беларускага нацыянал-дэмократызму. Менск, 1931, б. 90.