-- Яшчэ гэтых у тыл двара! -- загадаў Нэрон і дадаў з усьмешкай: -- Усё-ж роўна прыйдзецца ў дарозе «ліквідіровать[[[»
Напасьледак вароты адчыніліся.
Вялікае места гарэла страшэнна, цэлым морам агню, як могуць гарэць у сухую пагоду напалавіну драўляныя гарады. Будынкі, тэлеграфныя слупы, электрычныя праводкі, асфальт, гума, хварба на машынах, дрэвы ў парках -- усё шугала полымем, плавілася й ператваралася ў вугаль і залу. Агонь перакідаўся з будынку на будынак, з вуліцы на вуліцу, мацаючы жоўтымі языкамі тое, што яшчэ не гарэла. Ляцелі ўніз галавешкі. Валіліся цэлыя сьцены. Неба счарнела і, здавалася, абвісла, спаўзло ўніз, закрываючы сонца. Вось па гэтых палаючых, напоўненых жарам і дымам вуліцах, іх пагналі на ўсход -- шпарка, без затрымкі.
Урэшце выйшлі з пажарышча. Бег зьмянілі на крок. Але сілы шмат у каго забракла. Адзін вязень паваліўся. Да яго падскочыў Нэрон.
-- Зь якой калёны?
-- Палітычны! Прыстрэльце мяне...
І зьняволены, сьцяўшы зубы, уткнуўся ў пясок тварам. Нэрон павольна выняў наган, нацэліўся ў галаву й стрэліў. Спакойна паклаў наган на мейсца й паскакаў наперад калёны. Праходзячы міма забітага, зьняволеныя здымалі шапкі.
Алесь усё стагнаў:
-- Куды-ж нас? Куды?..
-- Маўчы! Бачыш?..
Апынуліся за горадам. Крымінальных сьцераглі ня так пільна, як палітычных, і калёна іхная значна парадзела. Гэта яшчэ горш злосьціла канвой супроць палітычных. Нэрон скакаў з канца ў канец калёны, расьцягнутай на кілёмэтр, а мо’ і болей, і час ад часу чулася траскатня аўтаматаў...
Па паўдні сонца прыпякло. Даймала й прага, а да студняў, якія сустракаліся па дарозе, не дапускалі. З учарашняга дня нічога таксама ня елі. Аслабелых зьявілася больш, і аўтаматы страчылі часьцей. Алесь так мучыўся, што жыцьцё для яго згубіла каштоўнасьць. Ён прасіў сяброў:
-- Пакіньце мяне тут, на дарозе! Дайце мне памерці!
Становішча ўскладнялася яшчэ тым, што Кузьма йшоў босы. Абутак ягоны, старыя чаравікі вайсковага тыпу, атрыманыя яшчэ на Калыме, канчаткова разваліліся, і ён іх выкінуў. Гарачы жвір паліў яму ногі й раніў да крыві. Кузьма намагаўся ступаць ня ўсёй ступнёй, а толькі пятой, дзе скура больш грубейшая, а таму менш чульлівая. Гэта пазбаўляла яго цьвёрдай апоры, а трэба было яшчэ цягнуць і Алеся. Яны досыць ладна ўжо адсталі ад «сваіх». На шчасьце, Нэрон увесь час трымаўся каля палітычных; тутака, каля іх, цягнуліся толькі некалькі байцоў, падганяючы або расстрэльваючы тых, хто адставаў. Раптам Алесь канчаткова згубіў сілу ісьці. Якраз у гэты мамэнт скакаў да іх на сваім белым кані Нэрон. Спалохана пачалі падымаць Алеся. Але й самі былі моцна зьнясіленыя.
-- Вперёд! -- крыкнуў Нэрон.
Кузьма з благаньнем зірнуў на начальніка й прамовіў:
-- Дазвольце глыток вады -- з чалавекам нядобра...
-- З чалавекам?! Контрык?!
-- Урка! -- зь нейкім нутраным узрушаньнем ухапіўся за гэта Кузьма. -- У дошку свой! Памылкова залез не ў сваю кішэню...
Веданьне Кузьмой блатнога жаргону, як відаць, пераканала Нэрона, і ён паскакаў далей.
-- Паехаў? -- спытаў Алесь. -- Але нашто вы мяне мучаеце? Вы жадаеце, каб я йшоў у імя дружбы?
-- Калі ты ня можаш ісьці, мы цябе панясем.
-- Добра! Я буду ісьці!
Ён падняўся, але хутка пачаў зноў ападаць. Сябры трымалі яго -- адзін з правага, другі зь левага боку.
-- Трымайся, Алеська! Ужо нядоўга. Абхапі мяне за шыю левай рукой, а Орліка правай!
Калі Нэрон пад’ехаў да іх зноў, яны ўжо амаль дагналі астатніх. Зьняўшы шапку, Кузьма ў нейкім непераможным экстазе ўзьняў свой худы твар да неба. Уздыхнуў. І ў гэты мамэнт адчуў, што наўкола іх адбываецца нешта надзвычайнае. Падбадзёрыў Алеся, ведаючы добра, што гэта найлепей захоўвае сілы.
-- Вось ужо хутка! Ужо хутка!.. Ты чуеш, Алесь, як нейдзе грукочуць панцыры? Гэта йдзе наша вызваленьне...
-- Наша вызваленьне? Чаму?
-- Гэта-ж рухаецца фронт... Адступаюць!.. Адступаюць!.. Алесь, можа, праз паўгадзіны мы будзем вольныя... І вось калі-небудзь зьбярэмся й будзем сьмяяцца з усяго гэтага...
Насустрач ляцела аўта, падымаючы хмары пылу, з-за якога нічога ня было відаць. Калі напасьледак небасхіл адкрыўся, паказаўся ўсхваляваны Нэрон. Ён размахваў наганам і крычаў: