І ён пачаў тлумачыць, як патрапіць у гэтую ўстанову, куды для гэтага патэлефанаваць і да каго зьявіцца.
Кузьма, не заходзячы ў інтэрнат, выйшаў з будынку ўнівэрсітэту. Ідучы, ён ня стаў разьбірацца ў тых супярэчнасьцях, якія хаваліся ў вапошняй заўвазе Падкаблука адносна «паважанай установы». Ён спадзяваўся: там разьбяруцца. Страшная для контррэвалюцыянэраў, дывэрсантаў і шпіёнаў. Ён-жа не дывэрсант, ня шпіён і не контррэвалюцыянэр! Яму ня можа пагражаць нічога благога. Тое, што тутака нагаварыў гэны крэтын, проста плюгаўства, на якое ня сьлед зварачаць увагі.
Увайшоў у пад’езд паважанай установы, знайшоў тэлефонную будку, набраў паданы Падкаблуком нумар. Яму нехта адказаў: -- Трэба чакаць, паклічуць. -- Добра! Калі не сьпяшаюцца, значыць, няма ніякай і небясьпекі! Проста разьдзьмуханы пажар! Не сьпяшаюцца!? Ён прайшоў па прыймовай залі. Агледзеў сьцены з партрэтамі й лёзунгамі. Прачытаў на адным: «ЧК -- ДПУ -- НКУС -- вартаўнік рэвалюцыйнай законнасьці». Што тут страшнога? Наадварот, вельмі добра! Якое жыцьцё без законнасьці? Выглянуў праз акно, застаўленае кратамі. На дварэ ціха, як у магіле,-- нідзе ніякіх жахаў. І чыста, культурна. Як відаць, і праўда, больш выдумак пра гэту ўстанову. Злыя языкі, таму што сьцірае з твару зямлі дывэрсантаў, шпіёнаў, контррэвалюцыянэраў. Для іх можа быць страшная! Засьвістаў нейкі матыў, як свой чалавек у гэтай ўстанове, і сеў на адну з лавак, што стаялі каля сьцяны й на якіх ужо сядзелі, галоўным чынам, чамусьці жанчыны. Якраз у гэты час вакенца адчынілася, і яго паклікалі па імю й прозьвішчу.
Як толькі ён зайшоў за дзьверы, зь ім цацкацца ня сталі: скамандавалі падняць рукі ўгару й абшукалі кішэні. Потым прымусілі распрануцца, як маці радзіла. Заглянулі ў рот, у вушы, ва ўсе дзюркі й шчэлкі. Круцілі налева, направа, нешта сьпісвалі; глядзелі ў твар і ў вочы; зьмералі й зважылі; ашчупвалі кожны рубец і кожны гузік у вопратцы. Урэшце загадалі апрануцца. Ну, цяпер, мабыць, адпусьцяць!? Але яго павялі ў нейкі калідор і загадалі чакаць, пакуль зноў не паклічуць. Стаяла адна-адзіная лаўка, і ён сеў. Гумар ягоны адразу-ж зьнік. Абразьліва было ўспамінаць, як яго абшуквалі. Што-ж, выходзіць -- арыштант? Хацелася то плакаць, то крычаць, то ірваць на сабе валасы, то стукацца галавой аб сьценку. Чакаў выкліку, і тады будзе пратэставаць. Але ніхто ня прыходзіў і ня клікаў: на калідоры было ціха, пуста, толькі час ад часу, нейдзе далёка, мабыць, у «амэрыканцы», аб існаваньні якой ён чуў, нейдзе там ляскалі нейкія зялезныя запоры. Цяпер інтарэсы навукі, працы, адпачынку, сну й усяго іншага, чым жыве нармальны чалавек, адсунуліся на задні плян. Ламаў пальцы. Раптам яму стала зімна. Здавалася, на дварэ студзёны дождж із сьнегам, у той час як стаяла цудоўнае надвор’е.
Ён сядзеў ужо гадзіну, потым другую, трэцюю... Забалела сьпіна, і думкі лезьлі ў галаву самыя змрочныя. Ён навет падумаў, ці не ўцячы яму адгэтуль? І хай тады вырашае сам лёс, што зь ім будзе. Ён паспрабаваў адчыніць дзьверы, якія, на ягоную думку, маглі выходзіць на вуліцу або куды-небудзь на задворак. Але за дзьвярыма быў нейкі катух, у якім стаялі насілкі, а на іх ляжалі вымачаныя крывёй анучы, два раменныя бізуны, цьвікі, малаток, а збоку стаяла вядро з вадой... Не пасьпеў ён зачыніць з агідай дзьвярэй, як з пакою насупраць нехта выйшаў і спыніўся ў яго за сьпіной. Кузьма так спалохаўся, што баяўся варухнуцца і азірнуцца. Але той, хто стаяў за сьпіной, сказаў:
-- Прыбіральня ня тут.
-- Я ня маю патрэбы, -- мэханічна адказаў Кузьма.
-- Ну, то пойдзем!
Пакой, у які яго ўвялі, быў невялікі, але ён злучаўся з двума іншымі -- налева й направа. Дзьверы ў іх былі адчыненыя. Каля адных зь іх, паставіўшы крэсла проста на праходзе, сядзеў зь вінтоўкай баец. Кузьма зразумеў, што цяпер яму адсюль ужо ня выйсьці, і ён мэханічна спыніўся на парозе. У другім пакоі, за вялікім сталом, заваленым паперамі, стаяў чалавек у вайсковай хворме з малінавымі пятліцамі на мундуры. Твару ягонага ня было відаць, бо ён глядзеў у паперы.
Сонца ўжо вісела на кончыку дугі, па якой ходзіць ад усходу да заходу. Крывавыя промні, ахварбаваўшы неба, нацэліліся ў вокны. І ўсё ў гэтым пакоі: і людзі, і рэчы -- здаваліся чырвонымі, быццам залітымі крывёй. Кузьма стаяў і чамусьці доўга глядзеў на кончык багнету, добра адточаны й таксама заліты сонцам. І яму здавалася, што й з багнету таксама сочыцца кроў...
Раптам той, у вайсковай хворме, узьняў галаву, кароткім позіркам зірнуў на Кузьму і як-бы ўсьміхнуўся.
-- Філёзаф! -- прамовіў.
І зноў панік у чытаньне папераў.
Прайшло хвілін пяць або дзесяць. Кузьма чакаў. Ногі ягоныя зьдзервянелі. У вушах зьвінела. Ён адчуваў, што тоне, і яму хацелася крычаць аб дапамозе, як некалі ў дзяцінстве, калі ён сапраўды тануў.
-- Ку-ку! -- зноў адгукнуўся вайсковец.
І зноў апусьціў вочы ў паперу. Потым ужо сувора да байца:
-- Ну, што-ж ён будзе стаяць!? Адвядзі яго ў адзіночку «амэрыканкі», хай там пакукуе...
Кукаваў Кузьма ў «амэрыканцы» досыць доўга, каля дзевяці месяцаў. Потым яго асудзілі завочна на пяць год Калымы. Калі адпрацаваў чатыры з паловай гады, справу ягоную раптам патрабавалі на перагляд. Што было прычынай гэтага і ці на карысьць яму гэта ці на шкоду, Кузьма ня ведаў; ён толькі дагадваўся, што перагляд справы зьвязан з беларускай нацдэмаўшчынай, якая штораз прымала ўсё вастрэйшыя й вастрэйшыя хвормы. Але, калі яго пасадзілі ў вагон і павезьлі на захад, яму стала лягчэй. Не таму, што ён спадзяваўся на нешта: ён ужо пагадзіўся зь лёсам; было дастаткова часу, каб зразумець, што маладое жыцьцё ягонае пакалечанае, зламанае, і цяперака, каб навет выпусьцілі, яму ўжо ня ўзьняцца, не папасьці зноў ва ўнівэрсітэт, не заняць адпаведнага ягонаму таленту мейсца ў жыцьці; заўсёды і ўсюды над ім будзе цяжэць гэтае «рэпрэсаваны». Але, так ці йначай, ён едзе ў родныя мясьціны, дзе прайшло дзяцінства, дзе цьвітуць яблыні й цудоўна сьпяваюць птушкі, дзе жыцьцё выкавала яму душу. З вакна вагону ён спадзяваўся ўбачыць родныя хаткі, крытыя саломай, але такія мілыя, прыхільныя; палі, па якіх бегаў босым наўздагон мятлікам; рэчкі й ручаі, у якіх ныраў у пошуках рыбы; лясы, у якіх лазіў па дрэвах і зьбіраў ягады і арэхі; спадзяваўся пачуць родную гаворку; пабачыць мілыя твары беларускіх дзяўчат... Пасьля дзікай і няпрыхільнай Калымы гэта было так шмат!
Выгляд Кузьмы быў страшэнны: высах, пачарнеў, згорбіўся, нягледзячы на свае дваццаць шэсьць год! У вачох залягло цяжкое ўпакараньне, і калі-б яго цяперака ўбачыла маці, не пазнала-б! Навет чэрап і той быццам-бы набыў іншую хворму: занадта выпукаў ззаду, над шыяй, і хаваўся пад валасы сьпераду. Галіцца ў вязьніцы, а потым у лягеры ня было ніякай магчымасьці з-за адсутнасьці брытваў, і ён некалькі разоў на год бараду падпальваў, каб стала карацей. Ад гэтага яна хоць і губляла колер, але расла гусьцейшай і лепей абараняла ад сьцюжы...
Падарожжа цягнулася больш месяца; было зьнясільваючым, галодным і халодным, нягледзячы на вясну. Калі-ж яго прывезьлі ў турму -- у родную, як ён яе называў, -- ён крыху павесялеў. Страшэнных допытаў яму тут не прадбачылася, ён усё гэта перажыў! На цяжкія працы не ганялі, ежа і абыходжаньне былі лепшыя, чымся ў лягерах... І калі-б у камары было хоць крыху вальней, ён палічыў-бы гэта за лепшае да канца сваёй адседкі...
Была ціхая раніца. За вакном чылікалі вераб’і. Падагнуўшы каленкі пад жывот, бо выпрастаць іх ня было куды, Кузьма ляжаў у найдальшым куце. Яшчэ ўсе спалі, бо было зусім рана, сьвятло толькі стала прабівацца ў камару. Стаяў такі смурод, што дыхаць ня было чым. Час ад часу нехта блюзьніў цераз сон: капашыўся, стараючыся выпрастаць ногі, паскрэбваўся пад лахманамі, стагнаў, а часам і лаяўся на суседа. І Кузьме, як жарт, успаміналася:
Або:
Падумаў з усьмешкай: «Пэўна, гэтаксама аб гэтай "стране" думалі й Малюта Скурат, і Аракчэеў, і Мураўёў-вешацель...»
-- Д’яблы зь імі, з усімі, -- раптам прашаптаў.
І тады, як і заўсёды і ўсюды, калі заставаўся сам-насам, пачынаў успамінаць родны край і родны кут: бэз пад акном, вазёрную гладзь, шумы бароў, ключ дзікіх гусей над галавой, калі яны вяртаюцца ўвесну на Бацькаўшчыну... Так даўно гэта было, а здаецца, толькі ўчора! І нейкі радасны смутак абхопліваў усю ягоную істоту, што Бацькаўшчына такая каханая, такая любая й прывабная, што яе нельга забыць... Пачаў успамінаць далей, як, бывала, маці прыходзіла ўвечары ў ягоны пакойчык запытацца, ці мякка яму спаць? Старэнькая! Як яна цяпер там? Мабыць, і цяпер яшчэ кладзе падушку з надзеяй, а вось прыйдзе ўночы... Раптам -- за вакном стрэл! Куля, ударыўшыся аб мур, прасьвісьцела ў паветры. Вераб’і ўсёй сваёй сям’ёй адляцелі. І ўслед за тым пачуўся енк у жаночым блоку. З чаго-б гэта? Хіба жанчына можа зрушыць голымі рукамі гэтакія цяжкія краты? Здаецца, гэтага ніколі ня было. Але тут-жа ўспомніў: заўсёды гэтак было, калі хто падымаўся да вакна...
Прайшлі хвіліны. Вераб’і, адзін па адным, занялі сваё мейсца. Шчасьлівыя яны! Ім вось можна адлятаць і зноў прылятаць. Сярод іх няма «ворагаў народу» і шпіцаляў. Усе роўныя і ўсе вольныя! У гэты час за сьцяной пракацілася аўта. Кінуўшы думаць пра вераб’ёў, Кузьма стаў прыслухоўвацца: спыніцца яно тут ці ня спыніцца? Калі спыніцца, значыць, прывезьлі, як штодня ў гэтую пару, новых нешчасьліўцаў... Але шум аўта быў заглушаны грукатам далёкага цягніка. Цік-так-так! Цік-так-так! Гу-гу! Давай дарогу! Кузьма забыўся пра аўта й пачаў думаць пра цягнікі: вось, можа быць, ідзе цэлы транспарт туды, у тайгу, у немарач, на пагібель... А можа едуць людзі, хто куды хоча. Але ўсё роўна:
... ягоныя вершы, складзеныя ў ссылцы... Так, калоў над магіламі панаўбівана ня сотні і ня тысячы; калі высекчы пару дзясяткаў гэктараў тайгі на гэтыя калы, дык і таго не хапіла-б адзначыць сьляды сьмерці на аднэй толькі Калыме. Калы й калы! І найбольш -- «малодшых братоў»: беларусаў, украінцаў, калмыкаў, татар зь цёплага Крыму...
Вераб’і чылікалі...
Вясна! Вясна! І добра ўсё-ж, што тут, а ня там, на Калыме, калі навет і кол! Успомніў яблыні каля хаты ў маёвай красе, жоўтыя плямкі дзьмухаўцоў на лонцы, зялёныя талерачкі вадзяных ліліяў з жоўтымі й бела-ружовымі гарлачыкамі на возеры... І ў ягоную змарнелую душу прыйшло зноў тое бадзёрае й надзейнае асьвятленьне, якое яго ня раз наведвала ў хвіліны найглыбшага духовага ўзрушэньня... «Будзе! Будзе!» -- пачуў голас аднекуль з вышынь. І яму захацелася плакаць ад радасьці...
Шум цягніка зьмяніўся гудзеньнем самалёту, які ляцеў нейдзе дужа высака. Кажуць: «Высака лётаюць шчасьліўчыкі...» Яму хоць-бы глянуць адтуль, з вышыняў, а так памрэш за гэтымі тоўстымі сьценамі, нічога ня бачыўшы... І раптам страшэнны выбух! Такі страшэнны, што заскрыгаталі замкі ў дзьвярох муру. Каб гэта адбывалася ня тут, можна было-б падумаць: выбухла вялікая міна! Усьлед за выбухам першым пачулі яшчэ і яшчэ... Вераб’і над вакном заціхлі, вязьні заварушыліся...