-- Яны добра пахнуць,-- сказала мамка.
-- Што значыць"добра"? -- рыкнуў на яе Тэр'е.-- Ды цi мала што пахне добра. Пучок лаванды вунь як добра пахне. Мяса ў супе добра пахне. Аравiйскiя сады пахнуць добра. Я хачу ведаць, чым пахнуць дзецi?
Мамка вагалася. Яна ведала, як пахнуць грудныя дзецi, яна ведала гэта дакладна i выдатна, праз яе рукi прайшла процьма малечы, яна iх кармiла, выходжвала, калыхала, цалавала... яна магла ўчуць iх уначы, нават цяпер яна носам памятала гэты немаўлячы пах. Але яна яшчэ нiколi не вызначала гэтага словамi.
-- Ну? -- натапырыўся Тэр'е i нецярплiва пстрыкнуў пальцамi.
-- Ну, ведаеце,-- пачала мамка,-- так вось згопалу неяк i не патрапiш сказаць, бо... бо яны не ўсюды пахнуць аднолькава, хоць усюды пахнуць хораша, разумееце, святы войча, ножкi ў iх, напрыклад, пахнуць, як гладкiя цёплыя каменьчыкi... не, бадай, як горшчыкi... цi як масла, свежае масла, ага ж бо: як усё адно што свежае масла. А цельца ў iх пахне... ну, як печыва, размочанае ў малацэ. А галоўка, там, зверху, з патылачкi, дзе закручваюцца валосiкi, ну вось тут, святы войча, дзе ў вас ужо нiчога не засталося,-- i яна пастукала Тэр'е, якi аслупянеў ад процьмы гэтых дурных падрабязнасцяў i пакорлiва схiлiў галаву, па лысiне,-- вось тут, далiбог, яны пахнуць найлепш. Яны пахнуць карамелем, гэта такi дзiвосны, такi салодкi пах, вы не ўяўляеце, святы войча! Як тут iх панюхаеш, так i палюбiш, усё аднно -- сваё яно а цi чужое. Вось так i павiнны пахнуць малыя дзеткi, а больш нiяк. А калi яны так не пахнуць, калi яны там, зверху, зусiм не пахнуць, як усё роўна халоднае паветра, як у гэтага вырадка, тады... Вы можаце тлумачыць гэта, як хочаце, святы войча, але я, -- i яна рашуча склала рукi на грудзях i з такой агiдай паглядзела на кош каля ног, быццам там сядзела жаба,-- я, Жана Бюсi, больш не вазьму гэта да сябе!
Патэр Тэр'е паволi падняў галаву i некалькi разоў правёў пальцам па лысiне, нiбы хацеў прыгладзiць там валасы, потым як бы незнарок падняў палец да носа i задуменна панюхаў.
-- Як карамель?.. -- сказаў ён, стараючыся вярнуцца да строгага тону.--Карамель! Што ты петрыш у тых карамелях? Цi хоць ела ты іх калi, тыя шмелi-карамелi, цi каштавала?
-- Не тое каб... -- сказала мамка,-- але аднаго разу я была ў вялiкiм гатэлi на вулiцы Сэнт-Анарэ i бачыла, як яе гатуюць з паленага цукру i вяршкоў. Гэта пахла так смачна, век не забуду.
-- Ну-ну. Хай будзе па-твойму,-- сказаў Тэр'е i прыняў палец з-пад носа.-- Цяпер памаўчы, зрабi ласку! Мне няма ладу як цяжка, сiлы няма, гаварыць з табою далей на гэтым узроўнi. Я зазначаю, што ты з нейкiх там прычын адмаўляешся кармiць грудзямi даверанае мне дзiця Жан-Бацiста Грануя i ў гэты момант вяртаеш яго часоваму апекуну -- кляштару Сэн-Мэры. Гэта засмучае мяне, але, вiдаць я не магу нiчога змянiць. Ты звольнена.
З гэтымi словамi ён падняў кош, яшчэ раз удыхнуў з яго цяпла, ваўняны павеў малака, i зачынiў браму. Пасля пайшоў у свой кабiнет.
Патэр Тэр'е быў чалавек адукаваны. Ён вучыўся не толькi з тэалогii, але чытаў i фiлосафаў i вокаўзам далучыўся яшчэ да батанiкi i алхiмii. Ён стараўся развiваваць у сабе крытычнасць розуму. Што праўда, патэр не сягаў бы аж так далёка, як тыя, што паняверацца ў цудах, прароцтвах i сапраўднасцi Святога пiсання, нават калi яно часта не паддавалася разумнаму тлумачэнню, цi як тыя, што спрабавалi яго абвергнуць. Ён пастанавiў сабе не лезцi ў такiя праблемы, яны былi яму аж вельмi не да душы i маглi ўблытаць у не дапусцi, Госпадзе, якую няпэўнасць i турбацыю, а яно ж бо ўсё так, што, каб чалавеку з толкам карыстацца сваiм розумам, яму патрэбныя пэўнасць i спакой. Аднак ён вельмi крута ваяваў з прымхамi паспалiтага люду. Чарадзейства, круцельства i варажба на картах, амулеты, замовы ад сурокаў, заклёны духаў, штукарствы пад поўняй... чым толькi гэтыя людзi не бавiлiся!
Яго глыбока засмучала, што такiя паганскiя вычуды пасля больш чым тысячагадовага iснавання хрысцiянства ўсё яшчэ не былi выкарчаваны. Ды i большасць выпадкаў так званай апантанасцi шаламi i каншахтаў з д'яблам, калi прыгледзецца пiльней, аказвалiся спектаклем прымхаў i немарасцi. Праўда, аднекваць само iснаванне д'ябла, сумнявацца ў ягонай уладзе -- аж так далёка падрэ Тэр'е не рызыкнуў бы зайсцi; развязваць такiя праблемы, якiя закладзены ў падмурак самой тэалогii, гэта не на розум простага, сцiплага мнiшка, на тое ёсць iншыя iнстанцыi. З другога боку, як божы дзень ясна, што калi такая недалужнiца, як гэтая мамка, божыцца, што яна выкалупала нейкую д'яблявоцiну, значыцца, Сатана не мог не ўтачыцца ў гэтую справу. Ужо хоць бы якраз таму, што ёй здаецца, быццам яна яго выкрыла. А гэта ж самы пэўны доказ, што нiякай д'бальшчыны няма нiзвання,-- д'ябал не такi дурны, каб дацца прыхапiць сябе нейкай там мамцы-шмамцы Жане Бюсi. Ды яшчэ на нюх! Гэтым самым прымiтыўным, самым нiзкiм адчуваннем! Нiбыта пекла смярдзiць серкай, а рай духмянiцца i пыхкае ладанам i мiрай! Гэта самы цёмны забабон, месца яго ў дзiкiх паганскiх эпохах, калi людзi жылi, як жывёлы, калi зрок у iх быў такi слабы, што яны не разбiралi колераў, але ж лiчылi, што чуюць пах крывi, што могуць носам адрознiць ворага ад сябра, што iх чуюць волаты-людажэрцы i ваўкалакi, што на iх палююць эрынii,-- i таму прыносiлi сваiм агiдным божышчам на вогнiшчах ахвяры, смярдзючыя i чадныя. Жах! "Дурань бачыць носам"--больш, чым вачыма, i, мусiбыць, святло Богам дадзенага розуму павiнна свяцiць яшчэ тысячу гадоў, перш чым апошнiя рэшткi першабытных рэлiгiй рассеюцца, як зданi.
"Пры чым жа тут гэтае гаротнае дзiця! Гэта беспахiбнае стварэнне! Ляжыць сабе ў кошыку, i соладка сапе ў ноздзеркi, i нiчога не ведае пра гнюсотныя падазрэннi на ягоны конт. А гэтая нахрапа бярэцца даказваць, што ты, бач, пахнеш не так, як выпадае пахнуць чалавечым дзецям? Ну, i што ж мы на гэта адкажам? У-цю-цю-лю!"
I ён цiхенька пакалыхаў кош на каленях, пагладзiў малое пальцам па галоўцы i некалькi разоў паўтарыў "у-цю-цю-лю", бо лiчыў, што гэта дабратворна ўплывае на немаўлят i супакойвае iх.
"Дык табе, значыцца, след пахнуць карамелем, якое глупства, у-цю-цю-лю!"
Праз колькi там хвiлiн ён выняў руку з каша, сунуў сабе палец пад нос, прынюхаўся, але пачуў толькi пах кiслай капусты, якую еў у абед. Хвiлiну-другую павагаўшыся, ён азiрнуўся -- цi не падглядвае хто, падняў кош з зямлi i тыцнуў у яго свой доўгi нос, тыцнуў глыбока, аж тонкiя рыжаватыя коскi дзiцяцi заказыталi яму ноздры, i абнюхаў галаву дзiцяцi, думаючы ўцягнуць нейкi пах. Але ён не дужа добра ўяўляў сабе, як павiнны пахнуць дзiцячыя галоўкi. Ясна, не карамелем, што-што, а гэта ясна, бо карамель-- палены цукар, а з якое такое рацыi дзiця, што дагэтуль ссала толькi малако, можа пахнуць паленым цукрам. Яно магло пахнуць малаком, малаком мамкi. Але малаком ад яго не пахла. Яно магло б пахнуць валасамi, скурай i валасамi i, можа, крыху дзiцячым потам. I Тэр'е прынюхаўся i потым угаварыў сябе, што чуе пах скуры, валасоў i, можа нават, слабенькi пашок дзiцячага поту. Але ён не чуў нiчога. Як нi ўнюхваўся. Бо, можа, немаўляты зусiм не пахнуць, думаў ён. Мусiць, усё якраз у гэтым. Во як рыхтык, дзiця, калi яно дагледжанае i чыстае, наогул не можа пахнуць, як не можа гаварыць, бегаць альбо пiсаць. Бо ўсё прыходзiць з узростам. Строга кажучы, чалавек пачынае моцна пахнуць толькi падчас палавога сталення. Так, так яно i ёсць. Так -- а не iнакш. Хiба ў свой час Гарацый не напiсаў: "Пахне юнак казляняткам, дзяўчына духмянiцца кветкаю белай нарцыса"?.. Хто-хто, а рымляне петрылi ў гэтым! Чалавечы пах заўсёды -- пах плоцi, значыцца, пах грэху. Дык як жа мусiць пахнуць дзiця, якое яшчэ нi сном нi духам не вiнаватае ў плоцкiм грэхападзеннi? Як яму належыць пахнуць? У-цю-цю-лю? Нiяк!
Ён зноў паставiў кош на калена i клапатлiва пакалыхаў яго. Дзiця ўсё яшчэ моцна спала. Яго правая ручка, маленькая i чырвоная, высоўвалася з-пад вечка i тузалася да шчакi. Тэр'е замiлавана ўсмiхнуўся i раптам адчуў сябе вельмi ўтульна. На нейкi момант ён нават дапусцiў фантастычную думку, што нiбыта ён -- бацька гэтага дзiцяцi. Быццам ён зрабiўся не манахам, а нармальным абываталем, можа, сумленным рамеснiкам, знайшоў сабе жонку, такую цёплую бабу, якая пахне воўнаю i малаком, i спарадзiлi яны сына, i вось ён калыша яго на сваiх каленях, свайго ж сына, у-цю-цю-лю... Гэтая думка была салодкая. У ёй было нешта такое суцяшальнае. Бацька калыша дзiця на каленях, у-цю-цю-лю, карцiна была старая як свет i вечна новая i правiльная карцiна, з таго часу як свет стаiць, акурат так!
У Тэр'е пацяплела на душы, ён расчулiўся.
Тут дзiця прачнулася. Спачатку прачнуўся яго нос. Малюсенькi нос пачаў рухацца, задраўся ўгору i прынюхаўся. Ён уцягнуў паветра i пачаў выпускаць яго кароткiмi штуршкамi, як калi чыхнуць не ўдалося. Потым нос зморшчыўся, дзiця расплюшчыла вочы. Вочы былi няпэўнага колеру -- нешта нi то вустрычна-шэрае, нi то апалава-бела-крэмавае, зацягнутае слiзiстай плеўкай i яшчэ не прыстасаванае глядзець. У Тэр'е было такое ўражанне, што яны, вочкi, зусiм нiчога не бачылi. Iншая справа -- нос. Калi цьмяныя вочы дзiцяцi касавурылiся на нешта няпэўнае, дык нос, здавалася, фiксаваў пэўную мэту, i Тэр'е меў дзiўнае адчуванне, быццам гэтай мэтай быў ён асабiста, яго асоба, сам Тэр'е. Маленькiя крылцы носа вакол дзвюх маленькiх дзiрачак на твары дзiцяцi раздувалiся, як бутон, якi распускаецца. Альбо хутчэй як чашачкi тых маленькiх драпежных раслiн, якiя растуць у каралеўскiм батанiчнным садзе. Здаецца, ад iх iдзе нейкая вусцiшная сiла, якая ўцягвае ў сябе. Тэр'е здавалася, што дзiця бачыць яго, глядзiць на яго сваiмi ноздрамi рэзка i выпрабавальна, пранозлiвей, чым магло б глядзець вачыма, быццам глытае сваiм носам нешта, што iдзе ад яго, Тэр'е, нешта, чаго ён, Тэр'е, не змог нi схаваць, нi ўтрымаць.
Дзiця, якое не мела паху, бессаромна яго абнюхвала, вось што. Дзiця яго адчувала! I раптам Тэр'е здалося, што ён смярдзiць -- потам i воцатам, кiслай капустай i нямытай вопраткай. Здаўся сабе голым i выродлiвым, быццам на яго тапырыўся нехта, i гэты нехта нiчым сябе не выдаў. Здавалася, ён пранюхваў яго наскрозь нават праз скуру, пранiкаў усярэдзiну, у самае нутро. Самыя пяшчотныя пачуццi, самыя брудныя думкi агалялiся перад гэтым маленькiм прагным носам, якi нават яшчэ i не быў сапраўдным носам, а ўсяго толькi нейкiм пупсiкам, якi рытмiчна моршчыўся, нейкiм маленькiм дзюркаватым органам, якi раздуваўся i трымцеў. Тэр'е адчуў мароз. Яму рабiлася млосна. Цяпер i ён тасама шмаргануў носам, быццам перад iм было нешта смярдзючае, з чым не хацелася заводзiцца. Бывай, iлюзiя, што тут ягоная плоць i кроў. Растаптана сентыментальная iлюзiя пра бацьку, сына i духмяную мацi. Быццам абарваны мяккi шлейф лагодных думак, якi ён нафантазiраваў вакол самога сябе i гэтага дзiцяцi: чужая, халодная iстота ляжала ў яго на каленях, варожая жывёлiна, i калi б не самавалоданне i багабаязнасць, калi б не разумныя погляды, уласцiвыя характару Тэр'е, ён у прыступе агiды атрос бы яго з сябе як нейкага павука. Тэр'е ўскочыў i паставiў кош на стол. Ён хацеў пазбавiцца ад гэтага дзiцяцi i ад гэтай справы як мага хутчэй, цяпер, неадкладна.
I тут дзiця заяглiла. Яно прыплюшчыла вочы, раззявiла чырвоны рот i заверашчала так звяглiва i агiдна, што ў Тэр'е кроў застыла. Ён трос кош на выцягнутай руцэ i крычаў "у-цю-цю-лю!", каб дзiця замоўкла, але тое раўло i раўло, тварык пасiнеў, i яму, здавалася, вось-вось зарве ад крыку.
Прэч яго, прэч!-- думаў Тэр'е, зараз жа прэч гэтага... "д'ябла" хацеў ён сказаць, але спахапiўся i закусiў язык... прэч гэту пачвару, гэта чортава дзiця! Але куды? Ён ведаў тузiн жанчын, якiя кармiлi, i з сiроцкiх прыютаў у квартале, але яны былi зусiм блiзка, амаль удотык з iм, а гэта стварэнне трэба было запраторыць далей, так далёка, каб яго нельга было ў любую хвiлiну падкiнуць у дзверы, лепей яго пераправiць у iншую парафiю, а яшчэ лепей -- на па-той бераг Сены, няблага ж было б -- за горад, у прадмесце Сэнт-Антуан, вось куды! Вось куды мы адправiм гэтага гарлапана, далёка на ўсход ад горада, па той бок Бастылii, дзе нанач зачыняюць браму.
Падабраўшы крыссе сваёй сутаны, ён схапiў крыклiвы кош i кiнуўся бегчы, бегчы па лабiрынце завулкаў да Сэнт-Антуанскага прадмесця, бегчы ўздоўж Сены, на ўсход, прэч з горада, далей да вулiцы Шарон i ўздоўж гэтай вулiцы амаль да канца, дзе непадалёк ад кляштара Магдалiны ён ведаў адрас мадам Гаяр, якая прымала на поўны пансiён дзяцей любога ўзросту i любога паходжання, абы каб плацiлi, i там ён аддаў дзiця, якое ўсё яшчэ не пераставала плакаць, заплацiў за год наперад i пабег назад у горад, скiнуў, дастаўшыся да кляштара, сваё адзенне, быццам нешта запэцканае, вымыўся з галавы да ног i залез у келлi ў пасцель, перахрысцiўся шмат разоў, доўга малiўся i нарэшце заснуў.
Мадам Гаяр, хоць ёй не было яшчэ i трыццацi, ужо сваё жыццё аджыла. Выглядам яна адпавядала свайму веку, але тым часам здавалася ў два, у тры, у сто разоў старэйшаю, як мумiя дзяўчыны; унутрана ж даўно была мёртвая. Колiсь, малую, бацька выцяў яе кацубою па лобе, якраз над пераноссем, i з таго часу яна перастала адчуваць пах, i чалавечае цяпло, i чалавечы холад, i ўвогуле ўсякiя моцныя пачуццi. Адным гэтым ударам у ёй былi забiтыя i пяшчотлiвасць, i агiда, i радасць, i роспач. Пазней, у спалуцы з мужчынам i калi нараджала дзяцей, яна гэтак сама не адчувала нiчога, ну проста зусiм анiчагуткi. Не засмучалася, як памiралi, не радавалася, як i выжывалi. Калi муж лупцаваў яе, яна не ўздрыгвала, i не адчула палёгкi, калi той памёр ад халеры ў Гатэль-Д'ё. Адзiныя адчуваннi, якiя яна ведала, -- гэта ледзь-ледзь прыкметная запамрочанасць душы, калi разгуляецца штомесячная мiгрэнь, i ледзь улоўная прасветленасць душы, калi мiгрэнь адступiцца. I больш нiчога не адчувала гэтая жанчына, што памерла жывою.
З iншага боку... а можа якраз ад поўнай безэмацыйнасцi мадам Гаяр мела бязлiтаснае пачуццё i нюх на парадак i справядлiвасць. Яна не выдзяляла нiводнага дзiцяцi з давераных яе апецы, нiводнага ж i не ўшчамляла. Яна кармiла iх тры разы на дзень, i больш iм не перападала нi калiўца, нi паўкалiўца, анi дробачкi. Яна спавiвала маленькiх тры разы на дзень, i толькi да года. Хто пасля гэтага рабiў яшчэ ў штонiкi, даставаў раўнадушную поўху i на адну кармёжку меней. Роўна палавiну грошай, якiя яна атрымлiвала, трацiла на гадоўлю i выхаванне, роўна палавiну пакiдала сабе. У танныя часiны яна не спрабавала павялiчыць свой прыбытак, але i ў цяжкiя не дакладала да выдаткаў нiводнага лiшняга су, нават калi ўжо вялося пра жыццё i смерць. Iнакш iнтэрас стаў бы ёй без iнтарэсу. Ёй патрэбныя былi грошы, яна ўсё разлiчыла абсалютна дакладна. У старасцi яна збiралася купiць рэнту, а звыш таго мець яшчэ дастаткова сродкаў, каб дазволiць сабе раскошу памерцi дома, а не скацубiцца ў Гатэль-Д'ё, як няшчасны муж. Сама ягоная смерць анiчым не абышлася ёй. Але яе гiдзiла гэта публiчнае супольнае памiранне сотняў чужых адно аднаму людзей. Яна хацела разжыцца на прыватную смерць, а на тое трэба было сабраць патрэбную суму цалкам. Праўда, выдавалiся зiмы, калi ў яе з двух тузiнаў малых пастойнiкаў трое-чацвёра памiралi. Але тым не меней гэты вынiк быў куды лепшы, чым у большасцi прыватных выхавальнiц, i намнога перасягаў вынiк вялiкiх дзяржаўных або царкоўных прыютаў, дзе страты часам складалi дзевяць дзясятых падкiдняў. Зрэшты замянiць iх было няцяжка. Парыж штогоду даваў больша за дзесяць тысяч новых падкiдняў, байструкоў i сiрот. Так што з пэўнай прыроднай выбракоўкаю лёгка мiрылiся.
Малому Граную ўстанова мадам Гаяр была чыстым дабраславеннем. Мабыць, ён не мог выжыць больш нiдзе. А тут, у гэтай бяздушнай кабеты, ён расцвiў. Складу ён быў моцнага i на рэдкасць жывучы.
Той, хто як ён, перажыў сваё нараджэнне сярод адкiдаў, ужо не так проста дазволiць звесцi сябе са свету. Ён мог дзень у дзень хлябтаць вадзянiстыя крупнiкi, абыходзiцца разведзеным малаком, есцi самую гнiлую гароднiну i пратухлае мяса. За дзяцiнства ён перахварэў на адзёр, крываўку, вятранку, халеру, падаў у калодзеж на шасцiметровую глыбiню, абварваўся кiпенем, як гэта было, калi апарыў сабе грудзi.
Хоць у яго i засталiся ад гэтага шнары, i воспiны, i струпы, i прыкалечаная нага, на якую накульгваў, ён жыў. Бо быў жывучы, як бактэрыя-прыстасаванка, i незажывушчы, непераборлiвы, як клешч, якi сядзiць на дрэве i жыве малюпасенькай кроплiнкай крывi, раздабытай некалькi гадоў назад.
Ягонаму целу хапала мiнiмальнага харчу i вопраткi. А душа не заўжывала нiчога. Бяспека, увага, пяшчотнасць, любоў i ўсякае такое астатняе, што патрэбна дзiцяцi, былi поўнай лiшнiцай Граную. Больш за тое, нам здаецца, што ён сам сябе пазбаўляў гэтага, каб выжыць-- ад самага пачатку.
Крык, якiм ён абвясцiў пра сваё нараджэнне, крык з-пад разборнага стала, што прывёў на эшафот ягоную мацi, не быў iнстынктыўным крыкам за спагаду i любоў. Гэта быў узважаны, мы ледзь былi не сказалi, стала ўзважаны крык, якiм дзiця рашуча галасавала супроць любовi i ўсё-такi за жыццё. Зрэшты, пры такiх акалiчнасцях адно было магчымае толькi без другога, i калi б дзiця пачало дамагацца ўсяго, яно несумненна адразу загiнула б самым нiкчэмным чынам. Хоць... ён мог бы тады скарыстацца з iншай дадзенай яму магчымасцi -- маўчаць i выбраць дарогу да смерцi без бакавых сцежак цераз жыццё, i тым самым пазбавiць свет i сябе ад вялiкага лiха. Аднак, каб так сцiпла адысцi ў нябыт, яму спатрэбiўся б мiнiмум прыроджанай прыязнасцi, а гэтага ў яго не было. Ён быў ад пачатку -- пачвара. Ён прагаласаваў за жыццё з чыстай упартасцi i з чыстай злосцi.