-- Колькi -- чаго? -- неўразумела перапытаў Бальдзiнi, якi яшчэ не скончыў сваёй прамовы.
-- Колькi гэтых духоў? -- хрыпла адказаў Грануй.-- Вам iх колькi трэба? Хочаце, вунь тую тоўстую флягу па беражкi? --I ён паказаў на змяшальнiк ёмiстасцю ў добрыя тры лiтры.
-- Не, не трэба! -- з жахам закрычаў Бальдзiнi, i ў ягоным крыку быў страх, такi самы глыбокi, як i стыхiйны страх перад марнатраўствам, страх за сваю маёмасць. Але, нiбы засаромеўшыся гэтага самавыкрывальнага крыку, ён зарыкаў.-- I не перабiвай мяне -- потым крыху супакоiўся i -- ужо з лёгкай iронiяй у голасе:-- Навошта нам тры лiтры духоў, якiх мы абодва не цэнiм? Па сутнасцi, даволi i палавiны мензуркi. Як што, аднак, такiя малыя колькасцi цяжка змешваць дакладна, я дазваляю табе запоўнiць змяшальнiк на трацiну.
-- Добра,-- сказаў Грануй. --Я напоўню гэтую фляжыну да палавiны "Амурам i Псiхеяй". Толькi ж, мэтр Бальдзiнi, я зраблю гэта па-свойму. Я не ведаю, як трэба па правiлах мастацтва, я гэтаму не вучаны, а па-свойму зраблю.
-- Калi ласка!-- сказаў Бальдзiнi, якi ведаў, што ў такой справе не бывае нiякiх "па-мойму" або "па-твойму", а ёсць толькi адзiн, адзiна магчымы i правiльны спосаб: ведаючы формулу i зыходзячы з зададзенай колькасцi духоў, трэба зрабiць адпаведныя разлiкi i з розных эсэнцый выпрадукаваць строга пэўную колькасць канцэнтрату, якi, у сваю чаргу, у дакладнай прапорцыi, якая звычайна вагаецца мiж адзiн да дзесяцi i адзiн да дваццацi, трэба разбавiць алкаголем да канечнага прадукту. Iншага спосабу, ён ведаў, няма. I таму тое, што ён цяпер убачыў i за чым назiраў спачатку пакеплiва i скептычна, потым разгублена i нарэшце толькi з бездапаможным здзiўленнем, здалося яму самым сапраўдным дзiвам. I сцэна гэтая так урэзалася яму ў памяць, што ён не забыў яе да канца сваiх дзён.
Грануй найперш адкаркаваў бутлю з вiнным спiртам. Добра напяўшыся, ён падняў цяжкую пасудзiну амаль на вышыню свайго росту, бо якраз так высока стаяў змяшальнiк з насаджанай на яго лейкай, куды ён без мензуркi ўлiў алкаголь проста з балона. Бальдзiнi здрыгануўся, убачыўшы такое жахлiвае блюзнерства i бездапаможнасць; мала таго, што хлопец перавярнуў дагары нагамi ўвесь парфумнiцкi светапарадак, пачаўшы з растваральнiка i не маючы пры гэтым канцэнтрату, якi трэба разбавiць,-- у яго i фiзiчнай сiлы на гэта не было! Ён дрыжаў ад натугi, а Бальдзiнi зусiм падупаў з духу i толькi чакаў, што цяжкi балон вось-вось грымнецца i ўдрузг разнясе ўсё на стале.. Свечкi, думаў ён, госпадзе, толькi б не абярнуў свечкi! Будзе выбух, ён мне пусцiць дымам увесь дом!.. I ўжо хацеў быў кiнуцца да стала, каб вырваць у вар"ята балон, але тут Грануй сам паставiў яго на месца, пасля апусцiў на падлогу i зноў закаркаваў. У змяшальнiку калыхалася лёгкая празрыстая вадкасць -- нi кропелькi не пралiлося мiма. Некалькi iмгненняў Грануй пераводзiў дух з такiм задаволеным тварам, быццам самая цяжкая праца ўжо зробленав. I праўда, усё далейшае пайшло так шпарка, што Бальдзiнi ледзьве паспяваў заўважаць паслядоўнасць альбо хоць парадак аперацый, не кажучы пра тое, каб разумець працэс.
Здавалася, Грануй наўздагад хапаў той цi iншы флакон з духмянай эсэнцыяй, вымаў з яго шкляны каранец, на секунду падносiў да носа змесцiва, а потым вытрэсваў з адной бутэлечкi, накапваў з другой, выплёхваў з трэцяй у лейку i так далей. Да пiпеткi, прабiркi, лыжачкi i мяшалкi -- прыладаў, якiя дазвалялi парфумнiку авалодаць складаным працэсам змешвання, Грануй не дакрануўся нi разу. Ён быццам забаўляўся, як малое дзiця, якое хлюпае, плёскае i плешчацца з вадою, травою i гразёю, забоўтвае нейкую калатушу, а потым заяўляе, што гэта, бычыце, суп. Так, як дзiця, думаў Бальдзiнi, i з выгляду дзiця, нягледзячы на гузаватыя рукi, рабы, увесь у шнарах i воспiнах твар i старэчы нос бульбiнай. Ён здаўся мне старэйшым, чым ён ёсць, а цяпер здаецца маладзейшым; ён быццам дваiцца i траiцца, як тыя недаступныя, неспасцiгальныя, капрызныя маленькiя недачалавекi, якiя нiбыта нявiнна думаюць толькi пра сябе, хочуць у свеце ўсё падначалiць i нават могуць гэта зрабiць, калi не акiлзаць iх манiю велiчы, не ўжыць да iх самых строгiх выхаваўчых мер i не прывучыць iх да дысцыплiнаванага iснавання паўнацэнных людзей. Такi вось маленькi фанатык агнездаваўся ў гэтым маладым хлапчаняцi; з агнём у вачах стаiць ён каля стала, забыўшыся на ўсё навокал, не ўсведамляючы, што ў майстэрнi ёсць яшчэ нешта апрача яго i гэтых флаконаў, якiя ён няўклюдна, але борздзенька падносiць да лейкi, каб змяшаць сваю iдыёцкую суп-калатушу, а потым катэгарычна настойваць -- а яшчэ i верыць у гэта! -- што ён склаў вытанчаныя духi "Амур i Псiхея". У мiгатлiвым святле свечак Бальдзiнi бачыў, як цынiчна i самаўпэўнена ўпраўляўся чалавек каля стала,-- i жахаўся ад агiды! Такiх, як гэты, падумаў ён i на нейкi момант адчуў тую самую горыч, i роспач, i шаленства, як i раней, у змроку, калi глядзеў на ахоплены чырвоным заравам горад,-- такiх раней не было; гэта цалкам новы экземпляр чалавечай пароды, ён мог узнiкнуць толькi ў эпоху расхлябанага, распуснага бясчасся...
Але яго трэба правучыць, гэтага самаўпэўненага хлопца! Хай вось толькi скончыць свой смяхотны спектакль, яму ўжо будзе адважана, ён выпаўзе адгэтуль ракам, нiкчэма! Дрэнь! Сённяшнiм часам увогуле нi з кiм не варта звязвацца, столькi навокал усякай набрыдзi кiшыць! Бусел так захапiўся сваiм абурэннем i гiдлiвасцю да эпохi бясчасся, што не адразу ўцямiў, чаму Грануй раптам пазатыкаў усе флаконы, зняў лейку, а саму бутлю ўхапiў за рыльца, прыкрыў левай далоняй i моцна страсянуў. Толькi калi бутля некалькi разоў перавярнулася ў паветры, а яе каштоўнае змесцiва рванулася, як лiманад з жывата ў горла i назад, у Бальдзiнi вырваўся лямант гневу i жаху. "Стой!" -- хрыпла застагнаў ён.-- Годзе! Перастань! Баста! Пастаў бутлю на стол i больш нiчога не чапай, ясна? Больш нiчога пальцам не руш! Мусiць, я зусiм ужо з'ехаў, паслухаўшыся тваёй дурной балбатнi. Тое, як ты за ўсё хапаешся, твая грубасць, твая прымiтыўная тупасць паказваюць, што ты нiчога не петрыш, што ты варвар i невук i да таго ж нахабны смаркач. Ты не можаш змяшаць лiманад, табе нельга даверыць гандляваць простай лакрычнай вадой, а ты лезеш у парфуму! Будзь рады i дзякуй, што твой гаспадар дапускае цябе да дубiльнага расолу! I нiколi, чуеш ты, нiколi не пераступай парога ў дом да парфумнiка!"
Так кiпеў Бальдзiнi. I пакуль ён гневаўся, прастора вакол яго напоўнiлася пахам "Амура i Псiхеi". У духмянасцi ёсць пераканаўчасць, якая мацнейшая за словы, вiдавочнасць, адчуванне, волю. Пераканаўчасць паху неабвержная, неадольная, яна ўваходзiць у нас, як уваходзiць у нашыя лёгкiя паветра, якiм мы дыхаем, яна напаўняе, запаўняе нас па берагi.
Грануй адставiў бутлю, зняў з рыльца мокрую руку i выцер яе аб курту. Адзiн, два крокi назад, няўклюдны паклон усiм целам пад градам павучанняў Бальдзiнi дастаткова ўскалыхнулi паветра, каб разнесцi толькi што створаны водар. Хоць Бальдзiнi яшчэ бушаваў, i выклiнаў , i лаяўся, з кожным уздыхам яго шаленства ўсё больш выдыхалася. Ён здагадваўся, што пераможаны, таму фiнал ягонай прамовы змог узнесцiся толькi да пустога пафасу. Ён змоўк, даволi доўга маўчаў i яму ўжо лiшнi быў Грануеў даклад: "Гатова". Ён i так усё ведаў.
Алде нягледзячы на гэта, хоць яго з усiх бакоў апанаваў пах "Амура i Псiхеi", ён падышоў да старога дубовага стала зняць пробу. Дастаў з кiшэнi каптана, з левага, свежую беласнежную карункавую хустачку, расправiў яе i змачыў некалькiмi кроплямi, якiя высмактаў доўгай пiпеткай са змяшальнiка. Памахаўшы хустачкай у выцягнутай руцэ, каб выветрыць, ён потым прывычным далiкатным рухам правёў яго ў сябе пад носам, уцягваючы пах. У час доўгага выдыху ён вымушаны быў прысесцi на зэдлiк. Яшяэ хвiлiну назад яго тваор быў барвовы ад шалу --цяпер ён раптам спалатнеў.
-- Неверагодна,-- цiха прамармытаў ён,-- далiбог, так не бывае. -- Ён зноў i зноў прыцiскаў хустачку да носа, i прынюхваўся, i круцiў галавой, i мармытаў: "Так не бывае". Гэта былi "Амур i Псiхея", несумненна "Амур i Псiхея", ненавiсная, генiяльная сумесь пахаў, скапiраваная з такой дакладнасцю, што i сам Пелiсье, пабажыцца можа, не здолеў бы адрознiць яе ад свайго прадукту. "Не, так не бывае..."
Маленькi i бледны, сядзеў вялiкi Бальдзiнi на зэдлiку i выглядаў смешна са сваёй хустачкай у руцэ, ён сюд-туд прыцiскаў яе да носа, як паненка з насмаркам. Ён проста страцiў дар мовы. Ён ужо нават не мог вымавiць "не, так не бывае!", а толькi цiха кiваў i кiваў галавой, неадрыўна гледзячы на змяшальнiк, i манатонна лапатаў: "Гм, гм, гм... гм, гм, гм... гм, гм, гм..." Праз нейкi час Грануй наблiзiўся i молўчкi, як цень, падышоў да стала.
-- Гэта кепскiя духi,-- сказаў ён,-- яны вельмi няўмела складзены, гэтыя духi.
-- Гм, гм, гм,-- сказаў Бальдзiнi, а Грануй -- далей:
-- Калi вы дазволiце, мэтр, я iх папраўлю. Дайце мне адну хвiлiнку, i я складу вам з iх прыстойныя духi!
-- Гм, гм, гм, -- сказаў Бальдзiнi i кiўнуў. Не таму, што ён згадзiўся, а таму, што быў такi апатычна бездапаможны, што толькi i мог сказаць "гм, гм, гм", i нават не спрабаваў умяшацца, калi Грануй другi раз прыступiўся да справы, другi раз налiў спiрту з балона ў змяшальнiк -- у тыя духi, што ўжо ў iм былi, другi раз як бы наўгад, не трымаючыся нi паслядоўнасцi, нi прапорцыi, абярнуў у лейку змесцiва флаконаў. Толькi пад канец усёй працэдуры -- гэтым разам Грануй не трос бутлю, а толькi асцярожна нахiляў яе, як келiх з каньяком, магчыма, з павагi да датклiвасцi Бальдзiнi, а можа таму, што гэтым разам змесцiва здавалася яму больш каштоўным,-- дык вось цяпер, калi ўжо гатовая вадкасць калыхалася ў бутлi, Бальдзiнi выйшаў з шоку i падняўся з зэдлiка, зразумела, усё яшчэ прыцiскаючы да носа хустачку, быццам хацеў засланiцца ад новага напору на ягоную душу.
-- Гатова, мэтр,-- сказаў Грануй.-- Цяпер атрымаўся зусiм неблагi пах.
-- Так, так, добра,-- адказваў Бальдзiнi, адмахваючыся вольнай рукою.
-- Вы не хочаце ўзяць пробы? -- зноў завуркатаў Грануй.-- Няўжо не будзеце, мэтр? I не паспрабуеце?
-- Потым, цяпер я не схiльны да пробаў... мне не да iх. Цяпер iдзi! Iдзi сюды!
I ён узяў свечнiк i пайшоў да дзвярэй у лаўку. Грануй за iм. Вузкiм калiдорам яны прайшлi да чорнага ходу. Стары, шаркаючы, падышоў да нiзкiх дзверкаў, адвёў засаўку, адчынiў i ступiў убок, каб прапусцiць хлопца.
-- А цяпепр мне ўжо будзе можна працаваць у вас, мэтр, можна? -- спытаўся Грануй, ужо на парозе, зноў згорблены, зноў насцярожаны.
-- Не ведаю,-- сказаў Бальдзiнi,-- я падумаю. Iдзi!
I тады Грануў умомант знiк, прапаў, паглынуты цемрай. Бальдзiнi стаяў i глядзеў у ноч. У правай руцэ свечнiк, у левай хустачка, як чалавек, у якога з носа пайшла кроў, а адчуваў усё-ткi толькi страх. Ён хуценька зачынiў дзверы на засаўку. Потым адняў ад твару хустачку, сунуў яе ў кiшэню i праз лаўку вярнуўся ў майстэрню.
Пах быў такi нябесна прыемны, што ў Бальдзiнi аж слёзы нагарнула. Яму не трэба было браць пробы, ён толькi стаяў каля стала i дыхаў. Парфума была цудоўная. У параўнаннi з "Амурам i Псiхеяй" гэта было -- як сiмфонiя перад адзiнокiм пiлiканнем скрыпкi. I яшчэ нешта большае. Бальдзiнi заплюшчыў вочы, i ў iм прачнулiся самыя ўзнёслыя ўспамiны. Ён убачыў сябе маладым кавалерам на шпацыры ў садах вечаровага Неапаля; ён убачыў сябе ў абдымках прыгожай смуглянкi, убачыў сiлуэт букета ружаў на падваконнi пад парывамi начнога ветру; ён пачуў зусiм блiзка, над вухам, шэпт: "Я кахаю цябе" i адчуў, як у яго ад асалоды валасы заварушылiся, цяпер! цяпер, у гэтую хвiлiну, у гэта самае iмгненне! Ён расплюшчыў вочы i застагнаў ад шчасця. Гэтыя духi былi не духi, вядомыя дагэтуль. Гэта быў не водар, якi паляпшае ваш пах, не нацiранне, не прадмет туалету. Гэта была своеасаблiвая, новая рэч, якая магла выдабыць з сябе цэлы свет, чароўна багаты свет, i вы адразу забывалi ўсё мярзотлiвае, што было навокал, i адчувалi сябе такiм багатым, такiм удачлiвым, такiм добрым...
Валасы на галаве ў Бальдзiнi ўлеглiся, i яго агарнуў дурманлiвы душэўны спакой. Ён узяў скуру, казлiныя скуры, што ляжалi на краi стала, узяў нож, i раскроiў скуру. Потым склаў кавалкi ў шкляную кювету i залiў iх новымi духамi. Потым накрыў кювету шкляной пласцiнай, пералiў рэшту духмянасцi ў два флакончыкi, наляпiў на iх этыкеткi, а на iх напiсаў назву "Неапалiтанская ноч". Потым патушыў святло i выйшаў.
Наверсе, на вячэры, ён нiчога не сказаў жонцы. Найперш ён нiчога не сказаў жонцы пра ўрачыста-святое рашэнне, якое прыняў удзень. Жонка яго таксама нiчога не сказала, бо заўважыла, што ён павесялеў, i была з гэтага вельмi радая. Не пайшоў ён i ў Нотр-Дам дзякаваць Богу за сiлу свайго характару. Вой, у гэты дзень ён упершыню забыўся памалiцца нанач.
На ранiцу ён выправiўся да Грымаля. На добры пачатак заплацiў за лайку, заплацiў цалкам, без лiшняга торгу i буркатнi. А потым запрасiў Грымаля ў "Срэбную вежу" на пляшку белага i выкупiў у яго вучня Грануя. Зразумела не сказаў, чаму i навошта той яму спатрэбiўся. Нахлусiў нечагась пра буйны заказ на пахучую лайку, а для яго выканання яму патрэбен неабучаны памагаты. Патрэбна, сказаў, сцiплае хлапчо, каб выконвала просценькiя даручэннi, кроiла скуры i ўсякае такое iншае. Ён заказаў яшчэ ану пляшку i прапанаваў дваццаць лiўраў адшкадавання за нязручнасцi Грымалю пасля зыходу Грануя. Дваццаць лiўраў былi сума немалая. Грымаль адразу згадзiўся. Яны вярнулiся ў гарбарню, дзе Грануй, як нi дзiўна, ужо чакаў з клуначкам. Бальдзiнi заплацiў тыя дваццаць лiўраў i тут жа, ведаючы, што гэта самы лепшы гешэфт у ягоным жыццi, забраў хлопца з сабой.
Грымаль, якi быў таксама перакананы, што пафартунiла яму нарвацца на дурнiцу, вярнуўся ў "Срэбную вежу", спаражнiў там яшчэ дзве пляшкi, потым, пад полудзень, перабраўся ў "Залаты леў" на другiм беразе, напiўся яшчэ i там пад самую загнетку, i, калi позна ўвечары спрабаваў зноў перабрацца ў "Срэбную вежу", пепраблытаў вулiцы Жафруа л'Анье i Нонэндзье i, замест таго, каб, як ён лiчыў, апынуцца на мосце Мары, фатальным чынам трапiў на набярэжную Вязаў, адкуль шабоўтнуўся ў ваду, як у мяккi ложак. Ён памёр iмгненна. Аднак рацэ спатрэбiўся яшчэ нейкi час, каб звалачы яго з плыткага, мiма прышвартаваных лодак, на большую быстрыню, i толькi рана ранiцай гарбар Грымаль, цi хутчэй яго набрынялы труп, цiха сплыў унiз па рацэ, на захад.