- Пакаёвыя, дэкаратыўныя сабакі, - сказаў нейкі дзядзька каля нас.
- Пустышкі... Для забаўкі... - дадаў другі.
Потым службовых сабак доўга вадзілі па крузе, а іх глядзелі і ацэньвалі людзі з журы. Глядзелі, дзівіліся і гледачы. Пасля гэтыя сабакі паказвалі, што яны ўмеюць: бегалі па бервяне, пераскоквалі цераз сценку, лазілі па лесвіцах, поўзалі на жываце, «вартавалі».
Як ішлі мы з выстаўкі, адна цётка спытала: «Гэта выйгралі такіх шчанят? Гэта такіх разыгрывалі ў сабачую латарэю? Як вас ашукалі!..»
Мы паехалі дадому. Ехалі моўчкі і думалі, каторы з тых сабак атрымае самы прыгожы медаль. Дзядзька Міхась, Толя і Коля, мабыць, таксама думалі пра выстаўку: маўчалі і моршчылі лбы. А я скора перастаў думаць, бо разбалелася галава. Мне хацелася толькі аднаго - есці і спаць, спаць і есці.
І хацелася яшчэ трапіць хутчэй назад - у вёску.
І ўсё-такі жыць добра!
Нядзеля. Мы зноў у дарозе. Зноў едзем усе разам - я, Боб, Толя і Коля. Вязе нас у вёску дзядзька Міхась. Тыдзень прабылі ў горадзе - хопіць!
Спыняліся адпачываць у прыгожым сонечным лесе. Дзядзька Міхась, Толя і Коля нарвалі чорных ягад - цэлы двухлітровы слоік. Наеліся самі - пачарнелі ў іх губы, пачарнела ў роце. Не было ў лесе Генкі, ён бы сказаў, што хлопцы сталі «з характарам». Давалі каштаваць ягады і мне - сілком запіхвалі ў рот. Нічога, як раскусіш, есці можна. Але цукеркі смачнейшыя.
І грыбоў набралі - цэлае вядро. Не ведаю, для чаго грыбы, іх хлопцы не елі. Пахнуць яны здорава, і я адзін пакаштаваў. Ат, ніякага смаку, як трава.
Ва ўсіх быў цудоўны настрой. Толя і Коля радаваліся і галёкалі на ўвесь лес, крычалі. А потым, калі зноў ехалі, спявалі на ўсё горла. Дзядзька Міхась ім памагаў.
Мы таксама папісквалі, нам таксама хацелася падпяваць.
Мы едзем зноў у вёску. Едзем да бабы Ганны і дзеда Антона. Дзеці - на адзін тыдзень, мы - назаўсёды.
Едзем да свінні з парасятамі, да курыцы з куранятамі. Ах, якія прыгожыя дзеткі ў мамы-свінні і ў мамы-курыцы! Мы іх ніколі не будзем крыўдзіць. Якія яны зараз, ці падраслі? А самі мы за гэтыя дні, здаецца, так падраслі, так падраслі. І наглядзеліся ўсякага, і паразумнелі...
А галоўнае - мы едзем да мамы Пальмы!
Мама... Скора мы ўбачым маму! Гаў, гаў! Ура, ура!
Мы зноў будзем жыць і расці на волі. Як добра расці на волі! І мы вырасцем вялікімі і дужымі.
І мы не вырасцем пустышкамі. Не!
Мы будзем служыць людзям, памагаць ім у рабоце.
Як добра жыць на свеце, калі ад цябе будзе людзям карысць!
«Як на нашы імяніны...»
«Толькі раз на год...»
У Толі і Колі на дваіх адзін дзень нараджэння. Толя і Коля - блізняты.
Тата і мама доўга абмяркоўвалі, што ім падарыць. Абодвум па сем гадоў спаўняецца, гэта не тры, не чатыры і нават не шэсць. Ім увосень ісці ў школу!
- Трэба іх саміх папытаць, - прапанавала мама.
- Во, лепш за ўсё, - згадзіўся тата.
- Я хачу хамяка, - не задумваючыся сказаў Толя.
- Добра, - сказаў тата. - Хамяк не сабака, лёгка ў кватэры трымаць.
- А я хачу рыбак! Акварыум! - запатрабаваў Коля.
- І акварыум можна. Рыбкі не брэшуць, - сказаў тата.