- Што там? Што там? Дай і мне глянуць! - варушыўся пада мною Боб.
Я паспеў убачыць, што сядзім мы ў нейкім пакоі ці калідоры, наўкол многа людскіх ног - і маленькіх, і вялікіх. Замок душыў мне горла, я пачаў задыхацца. А тут яшчэ Боб - р-раз! Адсунуўся ўбок з-пад маіх лап. Я павіс на шыі, захрыпеў.
І тут да сумкі кінуліся дзеці.
- Ой! Ай! Ах! Шчаня! Задыхаецца!
Хтосьці - тр-р-ром! - шморгнуў замок, паклаў сумку набок. Я тут жа вылез на халодную падлогу.
- Глядзі, там і другі! Ой, які таўстунок! - гарлапанілі дзеці, цягнуліся да нас рукамі. Мы нічога не бачылі, акрамя іх рук і ног.
- Патрасіце сумку, мо там яшчэ адзін сядзіць! - параіў хтосьці.
Сумку патрэслі, заглянулі ўсярэдзіну - трэцяга не вытраслі.
У нос нам лезлі незнаёмыя рэзкія пахі, хацелася чхаць. Нясмачна пахла паліклініка! Не чулі мы толькі пахаў дзядзькі Міхася, Толі і Колі.
- Смялей! Пабегайце! Смялей! - галёкалі нам у вушы дзеці і самі бегалі па калідоры, падштурхоўвалі нас, цяглі за пярэднія лапы. Засумавалі, седзячы! - Цю-цю-цю! Даганяйце нас!
Мы палахліва і нязграбна крыху прабегліся. Усе страшэнна зарадаваліся і запляскалі ў далоні. Быццам мы зрабілі нейкае геройства. Шум, гам, тупат яшчэ больш памацнелі...
На крыкі дзяцей пачалі адчыняцца дзверы справа і злева ў калідоры, адтуль выглядвалі людзі ў белых халатах, белых шапачках.
Не толькі цёткі, але і дзядзькі.
- Гэта што яшчэ за цыркавое прадстаўленне? Што за сабакі тут? - пачуўся строгі жаночы голас.
Усе перасталі скакаць, бегаць, крычаць і смяяцца. Дзеці вакол нас расступіліся. Мы ўбачылі спачатку вялізныя ногі ў туфлях, а потым разгледзелі і ўсю цётку - вялізная, таксама ў халаце, толькі не ў белым, а ў шэрым, у руках у яе была палка і мокрая ануча. Не іначай як вялікая начальніца была гэта цётка.
- Чые сабакі, я вас пытаю? Гэта ж не ветлячэбніца! Хто прывёў? Хто разводзіць антысанітарыю? - грымеў яе голас.
Мы сядзелі, прыціснуўшыся адзін да аднаго, як сіроты. Мы не ведалі, што з намі будзе ў наступную хвіліну. Ніхто не адказваў на грозныя пытанні цёткі. Асмеліўся самы маленькі хлопчык:
- Тут яны... - паказаў ён на самыя блізкія ад нас дзверы. - І дзядзя з імі... Пайшлі лячыцца.
Грозная цётка ў шэрым халаце адчыніла тыя дзверы, закрычала:
- Чые сабакі? Зараз жа вынесіце іх з паліклінікі, а то аштрафуем!
З тых дзвярэй, паднырнуўшы пад цётчыну руку, выскачыў Коля. Яго, мабыць, вылечылі ўжо. Ён схапіў нас, пачаў запіхваць у сумку. Спачатку Боба хвастом уніз, а я быў заціснуты ў яго між каленяў. Колевы рукі дрыжалі, калені дрыжалі. Замок не слухаўся, а я вырываўся...
- Хлопчык, а дзе твая мама? Мы зараз выклічам санітарную інспекцыю і аштрафуем яе! Гэта ж ліха ведае ў што паліклініку ператварылі!
- Мама на рабоце... - сказаў Коля. Ён засоўваў ужо мяне ў сумку ўніз галавою.
- А з кім ты тут? - не адступала грозная цётка.
- Адзін, - схлусіў Коля.
- Як адзін?! - цётка ажно закашлялася. - Такі малы і без мамы ходзіш?
У гэты час я вырваўся з Колевых рук і нырнуў у гушчэчу ног. Убачыў - калідор пусты, усе стаяць у кучы. І прыпусціўся па калідоры куды вочы глядзяць.
- І-і-і-і-і! - завішчаў нехта з дзяцей. Ад радасці завішчаў. Затупацелі ногі, усе мяне кінуліся даганяць і лавіць.
- Ату яго! Ату!
- Лавіце яго! Трымайце!