І знаходзілі ў гэтым асалоду, супакаенне.
Мы не задумваліся, што нас пасля гэтага можа чакаць.
Мы проста неўзлюбілі цётку Кацю...
«Гэта вам не ветлячэбніца!»
Першы раніцаю ўстаў дзядзька Міхась, разбудзіў Колю:
- Падымайся, соня... Сабачанят на прагулку трэба вывесці.
Коля толькі мыкаў, як карова, і не хацеў расплюшчваць вачэй. Дзядзька Міхась сілком пасадзіў яго на пасцелі, пацёр яму вушы:
- Чуеш? Боба на прагулку вядзі...
- У-у-у... А чаму я-а-а? - урэшце зусім прачнуўся Коля.
- Любіш катацца, любі і саначкі вазіць. Пасля абеду даспіш.
Дзядзька Міхась прыйшоў у ванную ўмывацца, і я хуценька лёг на сваё месца. І тут дзядзька спатыкнуўся на цётчыны туфлі.
- Ах жа разбойнікі! Ну - будзе вам зноў... Ой, будзе! - Ён пабраў туфлі, панёс недзе хаваць.
Хутка і цётка Каця прыйшла ў ванную. Мы прыціснуліся адзін да аднаго, заплюшчыліся і нават захраплі. А самі прыслухоўваемся: што цяпер будзе? Але цётка Каця пакуль што нічога не ведала. А тут і сонны Коля прыйшоў, пабраў нас пад рукі, панёс на двор, і даўно было пара, мы цярпелі ўсю ноч.
Можа, гэта прагулка нас і ўратавала. Бо калі нас прынеслі ў кватэру, самая большая навальніца ўжо адбушавала.
- Мала ў цябе ўсякіх туфляў? Мо дзесяць пар валяецца па кутках. І не носіш, і не выкідваеш, - гаварыў дзядзька Міхась спакойна.
- А тыя мо не модныя! Самыя модныя, самыя любімыя - пажавалі... У чым я на работу пайду? У чым?
- Босая. Во будзе модна!
- Табе ўсё смешачкі. Ты знарок ім падсунуў мае туфлі.
- Ага.
- Хацеў, каб я дома сядзела. А я не буду сядзець з дзецьмі! У мяне квартальная справаздача гарыць, - гаварыла яна штосьці незразумелае.
- Я адпрашуся яшчэ на адзін дзень, па суботах адпрацую. От паснедаем, і павяду іх у паліклініку, - лагодна гаварыў дзядзька Міхась.
І вось прайшло снеданне. Нам далі малако, накрышыўшы ў яго белага салодкага хлеба. Боб малако выхлебтаў, а хлеб толькі аблізаў. А я ўсё з'еў. Смачна!
Ехалі мы ў паліклініку аўтобусам. Толя і Коля трымалі нас на каленях, дома не хацелі пакідаць адных. З іх размовы я зразумеў, што паліклініка - гэта дом, дзе многа-многа лекараў-дактароў, і ўсе яны лечаць дзяцей.
Калі падышлі да гэтага дома-паліклінікі, дзядзька Міхась сказаў, раскрыўшы гаспадарчую сумку:
- Саджайце іх сюды. Каб ніхто не бачыў. А то не пусцяць з імі...
І нас пасадзілі ў цесную цёмную сумку. Мне вельмі хацелася паглядзець, як будуць лячыць дзяцей. Але што ты ўбачыш, седзячы ў сумцы?
Сядзелі ў цеснаце і цемнаце доўга. Ажно задыхацца пачалі. Наўкол нас чуваць былі прыглушаныя жаночыя і дзіцячыя галасы, шоргалі ногі, рыпелі крэслы. Я не вытрываў, заскуголіў. Шморгнуў у сумцы замок, у дзірку заглянуў Толя, а потым Коля.
- Ціха вы тут! Ні мур-мур! Мы скора выйдзем... - зашапталі яны.
І тут іх паклікалі: «Хто наступны?» Толя шморгнуў замок сумкі, але не да канца, пакінуў невялічкую шчылінку, каб нам было лепш дыхаць. Сумку паставілі пад крэсла.
Я пасядзеў крыху, а потым стаў пярэднімі лапамі на Боба, сунуў пыску ў шчыліну. Якраз пралазіць! Я напяўся, прасунуў больш. Замок з ціхім вуркатаннем разышоўся шырэй. Пралезла ўжо галава з вушамі...