Усё было тут незнаёмае. І пахі нязвычныя, новыя. А павярнулі направа, у адчыненыя дзверы, то падлога бліснула нам у вочы, як вада ў рэчцы. У гэтай «вадзе» нібы гарэлі тры лямпачкі - глыбока-глыбока. Яшчэ ярчэй гарэлі тры лямпачкі пад столлю. Толя і Коля бегалі па «вадзе» і не плюхалі ніяк, не рабілі пырскаў. Пад Толем і Колем бегалі ўгору нагамі яшчэ адзін Толя і адзін Коля. Толькі тыя, што дагары нагамі, даўжэйшыя і цьмяныя, нібы цені.
- Перастаньце бегаць і коўзацца! Драпін наробіце, пісагоў! - крычала з другіх дзвярэй, яе не было відаць, Толева і Колева мама. - Ідзіце мыць рукі, будзеце вячэраць!
Коля апошненькі раз разагнаўся і ўпаў жыватом на бліскучую падлогу, праехаў.
- Лёд! - разагнаўся і праехаў Толя.
Мы ступілі некалькі крокаў па бліскучым і ўбачылі, што там, пад лёдам-лакам, ідуць нейкія страшныя звяры - лапа ў лапу з намі. Варухнеш галавою - і там звер варухнецца. Панюхаеш падлогу - і там цягнецца да цябе страшыдла, каб панюхаць ці ўкусіць. Боб задрыжаў і сеў на хвост, потым пачаў адпаўзаць назад. Павярнуў і я - страшна!
- Каму я сказала? Перастаньце коўзацца! - далятаў усё з тых жа дзвярэй голас цёткі Каці.
- Булька! Боб! - Толя кінуўся да мяне, Коля - да Боба. Не далі нам прайсці ў тыя дзверы, адкуль даносіліся смачныя пахі і голас цёткі Каці. - Пакатайцеся!
Толя сеў у адным кутку пакоя, Коля - у другім.
- Ж-ж-ж-ж-ж-ш-ш-ш-ш-с-с-с-с-с! - пусціў Коля з размаху Боба па падлозе. Боб перакруціўся некалькі разоў - галава-хвост, галава-хвост - і трапіў у расстаўленыя ногі Толі. - А ты да мяне! - крыкнуў Коля.
Толя схапіў Боба і каўзануў назад па падлозе, да Колі. Боб віскнуў ад страху, перакруціўся разы чатыры. І... трапіў у расстаўленыя ногі Колі.
- Я казаў, каб ты Бульку ўзамен пускаў, а ты!.. - Коля падхапіўся і кінуўся на Толю з кулакамі.
Яны забыліся на нас, сашчапіліся і пакаціліся па бліскучай падлозе клубком. Не плакалі, не крычалі, толькі крахталі, саплі і ахкалі. Мо не хацелі, каб іх пачула мама.
Боб выпаўз паволі ў калідор, сеў пры сцяне і пачаў вылізваць свой ускамлычаны бачок. Мамы Пальмы тут не было, спадзявацца не было на каго - самім трэба вылізвацца.
- Разыдзіцеся!.. Пеўні, разыдзіцеся, бо вадою паабліваю! - прыбегла з кухні цётка Каця і лупцанула фартухом аднаго і другога.
- А чаго ён майго Боба шпурляе! - заплакаў Коля.
- Ты сам яго першы шпурнуў! Гэта ж не цацка! Не шайба! - адказаў Толя.
- Абодвух стаўлю ў куток, пакуль не прыйдзе бацька! - сказала цётка Каця. - Вось так... Адзін у гэты, другі - у той... Я думала, і праўда яны пахварэлі, з ног валяцца, а яны...
Толькі развяла іх цётка Каця па розных кутках, паставіла спінамі адзін да аднаго, як зазвінеў званок. Цётка Каця пайшла адчыняць і адразу спатыкнулася ў прыцемку на нас: мяне штурхнула нагою ў бок, Бобу наступіла на лапу... Боб вякнуў, а цётка Каця спалохана ўскрыкнула:
- А каб вас!.. Ледзь ног сабе не паламала.
Запаліла святло і ўпусціла дзядзьку Міхася. Не дала яму і слова сказаць, загаварыла сама:
- Нашто нам гэтая псярня? Дзе мы іх будзем трымаць? Пабіліся ўжо з-за іх, чмышуць у кутках. Цэлую кватэру сабак навезлі! Усю падлогу кіпцюрамі падрапалі!
- Бо не трэба быў нам гэты лак, - сказаў дзядзька Міхась.
- Гэта мы падрапалі, а не сабачаняты! - паказаўся з пакоя Толя. - Мы незнарок...
- А я дазволіла табе пакідаць куток?
- Ты сказала: пакуль тата не прыйдзе, - выглянуў з дзвярэй і Коля.
- Не трэба было, мабыць, іх прывозіць, не такія яны ўжо і хворыя. Толькі шкоднічаюць тут...
Я падумаў, што цётка Каця не вельмі любіць Толю і Колю, сваіх дзяцей.
- Ах! - Раптам убачыла яна лужынкі, што нарабілі мы з Бобам. - Ужо-о-о?! І калі яны паспелі!
Яна хуценька падышла да нас, схапіла за каршэнь Боба, схапіла мяне. Адчыніла дзверы на лесвіцу і... выкінула нас!
- Што ты робіш?! - пачулі мы праз дзверы голас дзядзькі Міхася.