- Пальма! Пальма бяжыць!
- Тата! Пачакаем, возьмем і Пальму!
Дзядзька Міхась толькі азірнуўся назад і зноў нешта зрабіў з машынаю - яна рванулася ўперад. Праз акенца нам відаць было, што вуліца і дамы ўжо скончыліся і там, дзе вуліца пераходзіла ў дарогу, сапраўды штосьці бегла. Мо і праўда Пальма? За ёю курэў пыл і беглі некалькі хлапчукоў, размахвалі рукамі. Хлапчукі па чарзе падалі на зямлю, спрабавалі нешта ўхапіць, нібы ў Пальмы цягнуўся доўгі-доўгі хвост.
- З ланцугом бяжыць! - крычаў Толя.
- Адарвалася з ланцугом! - крычаў Коля.
Раптам Толя захныкаў, пачаў, уздрыгваючы, плакаць.
А мы ўжо ледзь бачылі маму, яна ўсё больш і больш адставала, рабілася маленькаю.
- Яна заблудзіцца, дадому не вернецца! - плакаў ужо і Коля.
- Не заблудзіцца, - спакойна адказаў дзядзька Міхась. - І нас не дагоніць - зараз выедзем на шашу.
- О! Злавілі яе! За ланцуг ухапілі! - закрычалі раптам Толя і Коля.
- Ну і добра, завядуць дадому.
Пачалася роўная, нібы падлога ў хаце, дарога. Мо тая самая шаша?
Толя і Коля селі на свае месцы. Выціраюць вочы. Іх не радавалі мы, хоць зноў ляжалі ў іх на каленях. Нам таксама было сумна і хацелася выць. Мама... Мама Пальма асталася адна...
Дык вось які горад!
Мы вельмі доўга ехалі, бо я засынаў, прачынаўся, зноў засынаў, прачынаўся... Шмат разоў так. Адзін раз мы спыняліся каля лесу (лес - гэта многа-многа дрэў і кустоў). Толя і Коля трошкі пагулялі па кустах, і мы пагулялі, размялі костачкі. Потым зноў ехалі, і я зноў заснуў. А калі прачнуўся, то мы былі ўжо ў горадзе.
Гэта Толя сказаў, што мы ў горадзе. Ён уткнуўся ў бакавое акенца і ўсё ахкаў:
- Ах, які прыгожы горад вечарам! Ах, колькі ўсякіх агнёў!
З другога боку машыны, у другое акенца, глядзеў на горад і ахкаў Коля. Ён падсадзіў Боба ў акно, каб бачыў горад, потым Толя падсадзіў і мяне. І праўда, агнёў было многа - і ўздоўж вуліцы, і на сценах дамоў, і нават на стрэхах. Шум, гул... Машын - не праехаць, ляцяць сюды, ляцяць туды. Ёсць машыны вялізныя, як дамы ў вёсцы, і бегаюць яны на прывязі па дратах, як мама Пальма на ланцугу. Каля іх дзядзькава машына такая маленькая - як Пальма каля каровы. І ўсё было б добра, каб не гэты моцны машынны дух. У мяне ад яго пачала кружыцца галава, я нічога носам не чуў, акрамя гэтага духу.
Мы і па горадзе яшчэ доўга ехалі, паварочвалі, кружылі. Урэшце - усё!.. Прыехалі!
Толя і Коля сунулі нас пад рукі, адчынілі дзверцы.
- І сумку забірайце. А я паганю машыну ў гараж, - сказаў дзядзька Міхась. Але з машыны не вылез, у рукі дубца не браў, каб гнаць. - Не гуляйце, падымайцеся адразу ў кватэру.
Калі машына ад'ехала, Коля сказаў:
- Пачакаем тату на двары. І сабачаняты заадно пагуляюць.
Двор быў такі вялікі і ўвесь засаджаны дрэвамі і кустамі, што ні канца ні краю не відаць. Пахаў сабачых і чалавечых было многа, я іх зноў чуў. Кожнае дрэва, кожны куст, кожны пагорачак на двары меў свой пах, сабакі ставілі на іх свае меткі не раз. Але сабак пакуль што мы не бачылі, бачылі людзей, гуляла многа цётак і дзядзькоў, бегалі дзеці. З вокнаў на двор лілося святло, чулася музыка.
У нас дрыжалі ногі, мы не асмельваліся добра прабегчыся, дый нас ужо акружылі з усіх бакоў дзеці. Хто стаяў, хто прысеў, хто гладзіў, а хто і спрабаваў узяць на рукі. Былі і такія, што таксама дапытваліся, якое мы пароды, або гаварылі: «Дварнякі!»
- Сам ты дварняк! - агрызнуўся Коля.
- Не чапай, які сабака з яго вырасце, калі кожны будзе лапаць ды гладзіць? - крычаў Толя.
Раптам з усіх бакоў пачуліся крыкі:
- Жужу выпусцілі! Жужка, сюды! Цю, цю, цю...
- Жужа, пазнаёмся!