- Ціха! Там нехта ёсць! - прысеў Боб.
Пярэсты кот, мо ў два разы большы за нас, дурэў на палянцы пад яблыняй. Штосьці ледзь чутна пішчала каля яго. Кот то падкідаў угору шэрую рабаватую падушачку з лапкамі, то спрабаваў яе на ляту злавіць. Потым падкідваў і пярэднімі лапамі скакаў на тое месца, дзе падала падушачка. Садзіўся на хвост і пярэдняю лапаю ленавата чапаў, падчэпліваў кіпцюрыкам, каб зноў падкінуць... Хаваўся за яблыню і - раптам налятаў на сваю здабычу з засады, падняўшы хвост і сагнуўшы яго кончык уніз...
- Наш кот забаўляецца з жабаю! - здагадаўся я.
Кот пачуў шум, зірнуў насцярожана ў наш бок. А потым сеў каля жабы, абыякава адвярнуўся: хай паўзе, хай уцякае...
- Пусціў ужо! Пайшлі... - прашаптаў Боб.
Але толькі жаба зварухнулася, як кот узляцеў угору і ўпаў на яе мо ўсімі чатырма лапамі. «І-і-і-і-і!» - слаба піскнула жаба.
- Ты справа, я злева - уперад! - скамандаваў я і рынуўся на ката.
- Ш-ш-ш-ш!!! - падхапіўся кот. Зубы ашчэрыў, спіну выгнуў, шэрсць на спіне і на хвасце стала дыбам. Стукнуў мне лапаю па носе, ірвануў кіпцюром. Ад болю ў маіх вачах бліснулі кругі. Я залямантаваў...
Кот крутнуўся ў другі бок, драпнуў Боба за вуха.
- А-я-яй! - завішчаў прарэзліва і ён.
- Разам! Уперад! - Я зноў кінуўся на ката. Пярэсты ўзляцеў на яблыню.
- У-у-у-у-у-у! - пагрозліва завыў ён. Кончык хваста ад злосці варушыўся.
Ага, спужаўся, нягоднік... Хай сядзіць цяпер, хай вые. Разбойнік, увесь нос мне распаласаваў, кроў капае.
- Дзе жаба? Паслухай, яна дыхае? - спытаў я, асцярожна мацаючы нос лапкаю.
Боб прыпаў на пярэднія лапы, прыклаў вуха да жабінай спіны. Вільнуў хвосцікам...
- Ну - што? - не цярпелася мне.
- Не дыхае... А пахне як - ф-фу-у... - разагнуўся Боб.
- Доктар у чалавекаў, я чуў, пульс мацае. А дзе ў жабы пульс? - Я патыцкаў носам жабе ў спіну. І чмыхнуў, закруціў галавою. У нос пеканула, нібы крапівою. Пах ад жабы быў едкі - аж у носе закруціла, захацелася чхаць.
- Гэта яна адбараняецца такім пахам. Сілы не хапае, каб адбіцца, дык яна пах пускае, - сказаў я.
У гэты час жаба прыўзняла галаву. Пад ротам у яе заварушыўся белы мяшэчак.
- Жывая!.. - выдыхнулі мы разам. - Бяжы, ну! - падштурхнуў я жабу лапаю. Але яна падумала, што з ёю зноў будуць забаўляцца, і падабрала лапкі, замерла нерухома.
Боб забрахаў на ката, забрахаў і я.
- У-у... - хацеў павыць кот і раздумаў, толькі кончыкам хваста памахаў. У катоў памахванне зусім іншае азначае, чым у сабак.
І нас, і голас ката пачула з двара мама Пальма, таксама забрахала. На брэх выбег з хаты Коля.
- Вунь яны дзе! У гародзе! - крыкнуў ён і хуценька палез на плот. Скок з плота. - А запэцкаліся! - сказаў ён, хапаючы Боба пад жывот і перадаючы яго цераз плот Толю. - А брудныя! - ён злавіў і мяне, таксама перадаў цераз плот.
- Пакарміцеся на дарогу, - сказаў Толя і панёс нас да мамы Пальмы, паклаў у будку.
Мама, убачыўшы, якія мы, толькі цяжка ўздыхнула.
- А мы жабу адбаранілі ад ката! На яблыню яго загналі! - наперабой хваліліся мы.
- Малайцы! - сказала мама, яшчэ раз уздыхнула і палізала мне скрываўлены нос, пысу, вушы. - Чэрці вы балотныя, а не сабачаняты!
Дзядзька Міхась спазняецца