Галасістая радасць дзесяцігадовага палкоўніка Сашкі, які разграміў снежкамі каманду Шамруховых дзяцей. На яго глядзіць з перапалохам певень пад страхою, прытаіліся ў ценю парасяты, перасталі часацца вераб'і на бярозе, чарада гусей анямела ля студні.
Усе глядзяць на Сашку.
Прыбеглі паглядзець на Сашку Віця, Ваня, Надзя. Віця і Ваня хочуць быць Сашкавымі паручнікамі, а Надзя згодна застацца салдатам-санітаркаю, але толькі да заўтра. Ад заўтра яна павінна стаць паручнікам.
— Салдатаў пашукайце сабе сярод малых!
Над акном гудзіць тэлеграфны слуп, іх многа ўскрай вуліцы і шашы. Каб пабачыць той астатні, за горкаю, што бліскае ізалятарамі і дратамі! На нашай вуліцы драты не такія, ізалятары не бліскучыя.
Учора бабуля казала, што па дратах шлюць пісьмы далёка, далёка, аж у Саколку. Мама кожную нядзелю піша да таты, а потым сядзіць упоцемку і плача. Робіцца так сумна, што я хаваюся пад ложкам.
Ведаю, чаго плача мама!
Пэўна, на драты пад ліпаю сядаюць вароны і дзюбаюць маміны пісьмы, кідаюць на вецер. Скажу маме!
Сёння я дачакаюся, пакуль пачнуць высылаць пісьмы па дратах з пошты ў Шыманчыкавай хаце... Бо без пісем забыў тата дарогу да нас. Шкадую я тату штодзень, як толькі ўстану з пасцелі.
Усе дзеці маюць тату!
Чаго б'ешся, Жоржык! Не ведаеш, што баліць мне галоўка?! Да нас прыходзіў дзядзька і мама спала з ім, а не са мною.
Да нас прыходзяць дзядзькі такія высокія і тоўстыя, добрыя і злосныя. Учора быў добры дзядзька, бо даў мне многа цукерак, мы гулялі ў ката і мышку. Я быў катом... А ў нядзелю прышоў нядобры дзядзька, бо хацеў набіць мяне дзягаю, мама плакала пад коўдраю...
Заўтра прыдзе такі добры дзядзька, дасць пакаштаваць чарку, будзе весела, весела...
Мая мама адважная, дзядзькі баяцца яе, просяцца. Я люблю маму.
Ведаў, што такое быць раз на возе, раз пад возам. Думаў аб тым, думаў, не гаварыў, не мог — слухалі дакладна наадварот. Думаў прыблізна так: дзе канчаецца годнасць чалавека? На якім кіламетры дарогі жыцця багно, калі чалавек больш падобны да свінні — і цвярозы, і п'яны?
Пытанне зусім няпростае.
Горш, чым хамаў і ворагаў, ненавідзеў ён тых людзей, якія многае разумелі і адчувалі, але якім хацелася чхаць на ўсё, якія маглі б нават не дапусціць да таго ці іншага зла, але якім было ўсё толькі ігрышчам як Рым, падпалены Неранам.
Змарнаваў ён добры кавалак жыцця, пакуль усвядоміў сабе, што тыя людзі нічога не разумеюць і не адчуваюць сэрцам-душою. Шкада таго кавалка жыцця. Але ж ён мог патраціць на тое цэлае жыццё! Так, мог патраціць...
I зрабілася яму лягчэй.
Ад жыцця даведаўся тое, аб чым чытаў у кніжках не раз, што ў найгоршага лайдака, зладзюгі, п'яніцы, даносчыка, кар'ерыста прыгажосць перад усім, на першым месцы. Не напаказ — найчасцей, у глыбінях душы, бы бліск плоткі на бяздонні, якую таму заўважаем, што куды не глянь: пуста, цёмна, страшна.
Узбрыдзіўся прыгожымі мужчынамі, іх — або ветлівасцю ідыётаў, або красамоўствам ашуканцаў, або жыццём бяссэнсавым, страшэнна бяссэнсавым.
У імкненні да прыгожага людзі робяць памылку, атоесамлі-ваючы прыгожае з яго выглядам, формай, забываючыся пра сэнс таго, змест таго; памылку, якой не заўважаюць, бо адвечная і вечная. Таму і імкненне да праўды.
А думаючы аб прыгожых жаняынах — думаў аб годнасці. Бо, годнасць мае цяпер у яго адну-адзінюсенькую назву: жанчына. Жанчына дае жыццё, яна — маці свету! (Мо аж так не думае, але адчувае якраз так). Чым болып зганьбаваных жанчын, тым больш зганьбаваны свет...
Знаходзіць гэтыя свае думкі, бы даўнія пісьмы да другой жонкі, што валяюцца ў камодзе з бялізнаю; думкі — ужо макулятура, думкі — ужо выкінутыя газеты, думкі — ужо высахлая трава, думкі — ужо яму смецце. Людзі ж вераць толькі самі сабе.
I забаліць сэрца.
А мо так яно павінна быць?
Ён схаваў яе імя, закопваў яго штораз глыбей. Часамі адкопваў, каб паглядзець для пэўнасці, быццам скнэрлівы багацей. Сцярог імя, наглядаў за ім, як шчаслівы ўласнік скарбу.
Хворым не шукаць праўды. Таму лекары ашукоўваюць іх з чыстым сумленнем. Праўда можа забіць. Найважнейшае: жыць, жыць, жыць, колькі ўдасца!
Пытанне толькі: як? Як жыць? Якой цаною?
Вечнае пытанне.