Маці зачыніла акно, каб пярун не ўдарыў, не спаліў...
Па небе прайшоўся чорт з віламі, выгібаючыся ад рогату быццам старая паненка ўбачыўшы надзею, і, каб не страціць яе, іржыць недвузначна. Аўгобус, калі не пагубіў колаў, напэўна сядзіць у сваім гаражы, схаваўшы смярдзячы хвост, ды плюскае шклянымі бельмамі гультаяватага сабакі. Вёз пасажыраў, як бобік кошку на хрыбце, палёгку меў пры хуткім бегу, вельмі хуткім бегу, такім хуткім, што дайшло да рэдкай хвіліны згоды. Прапаў за траншэяй.
Ну...
У пекле знайшліся мы ноччу, аселі на самюсенькім дне, над намі дагараў свет. А мо гэта ўсмешкі чарцей, пахіленых і прабуючых убачыць нашу хату?
Маці малілася штораз галасней. У суседняй вёсцы ўспыхнуў пажар, асвятляючы шыбы, дождж, дрэвы, выгнаныя на загуменне цені кароў і каня, слепнякі сабакі, плот, каменні...
Я выбег на парог і глядзеў на пажар з радасцю, бо ўбачыў, што свет існуе.
Пралог
За іконаю тлее пісьмо ад дачкі.
*
Манька прачнулася на світанні. Падаў дождж, па поцемку стракацеў па шыбах, бы запознены любоўнік. У коміне хіхікаў прастуджаны вецер.
Манька ссунула на грудзі коўдру, выцягнула на холад рукі. Яна забаялася задрамаць: ёй сніўся пакойны муж Рыгор — і вайна.
...Маньцы вайна пачалася ў нядзелю рана, калі са страху перад самалётамі не накарміла свіней. Рыгор вымасціў логава ў каменным склепе, выпусціў жывёліну. Самалёты бамбілі гасцінец, на які выройвалася салдацкая маса. Вайна йшла гасцінцам, і спадцішка прыглядалася ёй вёска. Не было сну тры дні і тры ночы. У чацвёрты дзень настала ціш, як у свята, калі ўсе на абедні ў царкве: бляялі авечкі, рыкалі каровы, коні брыкалі па выгане. Прыпякала сонца. У той чацвёрты дзень вайны Манька, гледзячы на гасцінец завалены машынамі з дабром думала аб тым, што вайна не ўсім прыносіць няшчасце. I Рыгор глядзеў на гасцінец, і думаў аб тым самым. Яго забілі немцы адвячоркам, на гасцінцы, з мяшком салдацкага цукру на плячах, і на вачах Манькі, каля Манькі! Яе не стралялі. Немцы абступілі Маньку, рагаталі — і пагналі яе ў жыта на зганьбаванне. Рыгору выстралілі ў лоб і ён упаў тварам на зямлю, каб не бачыць...
Той далёкі адвячорак явіцца Маньцы ў позірках суседак і ў бесцырымоннасці мужчын да яе.
Эпілог
Трыццаць год Манька прагаравала на гаспадарцы, дакладна трыццаць год ад смерці Рыгора ў пачатку другой сусветнай вайны. У мінулае лета Маньчына дачка, Надзея, маладая вучоная, забрала матку да сябе, у Варшаву. Манька ў яе захварэла і памерла без пары, без сівых валос. Памірала, несучы ў магілу цяжар таямніцы таго, што ў жылах Надзеі плыве кроў забойцаў Рыгора...
Манька памірала цяжка.
Жылі сабе дзед з бабаю: Рыгор з Карусяю. Рыгор застудзіўся ў капанне бульбы. Паліла гарачка.
— Дзе сын? Дзе мой сын!? — трызніў ён. Пры памяці маўчаў.
Выў сабака. Месяц выскаліўся ў акне, бы злыдзень.
Каруся выйшла на ганак. Знізу, ад зямлі, пацягнула каплічным холадам — сівеў прымаразак. Вялікая Мядзведзіца сядала на загуменні, а неба заплывала мацнеючай яснатою.
Дрыпаючы ў склеп па бульбу свінням, Каруся думала: дачка далёка, сын у Беластоку. Да дачкі нічога не мела — дочкі ідуць туды, куды іх бяруць.
Заграбаючы ў кошык бульбіны, праклінала здухамэнтамі жыццё.
Хтосьці адчыніў дзверы да хлява. Каруся вылезла са склепа і паглядзела: у дзвярах Рыгор.
— Чаго цябе выперла з ложка! — закрычала. Рыгор не адвярнуўся, Каруся падыйшла, каб накрычаць на яго. I замаўчала: ён плакаў. Збягаліся куры, бляялі авечкі, рыкала карова.
Каруся павяла Рыгора ў хату, паклала яго ў пасцель. Яна першы раз не перанялася галасамі галоднай гаспадаркі. Заціхла ля Рыгоравай галавы. Яе вочы мілавалі Рыгора і па-за ім не бачылі ды не помнілі нічога. Святлела раніца.
Ля вясковага могільніку спынілася легкавая машына.
Было гэта відаць ад Вераб'інага луга, дзе хлопцы расклалі агонь і пяклі бульбу. Спынілася яна плаўна і далікатна, заўважыў гэта са знаўствам трактарыст Валодзька, які перавозіў бульбакапалку Разбойніцкім гасцінцам у Маркавую даліну. Такую машыну меў местачковы лекар, але ён разбіў яе ў мінулым тыдні на вяселлі ў надляснічага. Якойсьці машынаю пазалетась ездзілі ўночы зладзеі і хавалі ў магілах крадзенае...
З машыны вылезлі дзяўчына і хлопец. Яны дасталі з багажніка штосьці вялікае і лёгкае, загорнутае ў паперу. За імі вылез шафёр і разглядаўся па ваколіцы ўпершыню.
Гэта Оля, якая яшчэ дзіцём выехала з бацькамі ў Беласток.
I яе незнаёмы муж.