Бацька анямеў.
У той вечар ён доўга шукаў сына — заглядаў пад стол у кухні, асвятляў запалкамі куты пад ложкамі, палез па лесвіцы на гару, хадзіў у хлеў і да гумна. Абышоў сад і задворкі. Лістападаўская завіруха скакала да вачэй.
Заспявалі першыя пеўні, а сына няма. Маці мацней заплакала, бацька абмяк. Вышаў дагледзець карову, якая выкруціла ў плоце нагу.
— Абжора ліхая, чорт носіць яе па платах, — бацьку аж свярбела нашпарыць карову віламі па скабах.
У шопцы, за хлявом, дзе начавалі куры, выбухнуў лопат крылаў і несамавіта засакатаў певень. «Тхор!» — ладумаў бацька і падкруціў кнот ліхтара, на бягу шукаючы каменя ў балоце.
— Сем двоек... — прахрыпеў бацька; дрыжачаю рукою паставіў ліхтар і паволі расперазаў дзягу.
— Тата... татачку!... больш не буду!!... папраўлюся!!!
Певень шмыгануў першым, забрахалі сабакі, За сцяною ляніва рохкаў кормнік — як бы штосьці лічыў.
Прышоў начны стораж.
Было ўжо па ўсім. Бацька падкідаў ботам іржавыя гаршчкі з зямлёю, у якіх расла рунь. Сын заікліва прызнаваўся, што прычынаю яго двоек была кніжка аб гадоўлі курэй, якую чытаў. Вычытаў, што куры нясуцца і зімою, калі даваць ім рунь, жарству, тоўчаныя лупіны яек, сечаныя буракі... куратнік цёпла абкласці снапамі саломы...
— Здурэў, зусім здурэў!! — затросся бацька, заўважыўшы стоража.
— Дзіця маё, чаму не вучышся, глупствамі займаешся!? — галасіла маці.
— Больш не буду... — усхліпнуў сын, хаваючыся за матчыну спіну.
На дровах пад страхою праспяваў певень, падкурчыў нагу і рыбіным вокам утаропіўся на ліхтар.
Стораж пашоў.
Вёска надоўга мела ўцеху. Чыстая смехата: сын мацае курэй!
На весну настаўнік арганізаваў гурток юных гадоўцаў. Сын не запісаўся ў гурток. Яму часта снілася, як бацька распярэзвае дзягу...
Калі апавешчана безагаворачную капітуляцыю фашыстоўскай Нямеччыны, мы цэлай шайкай пабеглі на луг, расклалі вогнішча, укацілі ў вогнішча снарад і з радасцю «урр-рр-аа!» пахаваліся ў абваленых акопах.
Галлё было даволі мокрае, агонь душыўся ў густым дыме, і снарад ляжаў бездапаможны, і бязрукі, не могучы нас пацешыць. Тады выскачыў Ляры, за ім Піндаль, потым я, а за мною Зяграч. Падыйшлі да снарада, ён ляжаў з гільзаю.
Я паспеў глянуць толькі на гільзу і заснуў. Прыснілася цемната.
Калі прачнуўся і расплюшчыў вочы, каля мяне ляжаў Зяграч з гільзаю ў жываце; зайздросна трымаўся за яе аберуч, як за цацку старэйшага брата. У канцы луга хтосьці круціўся, бы пастух, якога моцна пабілі за каровы ў шкодзе. Гэта Піндаль.
Я схапіўся на ногі і чуць не зваліўся, страшэнна запякла кулына!
У бальніцы дасталі з кулыны два пярэднія і адзін кутні зуб Ляра. Усё, што па ім засталося.
Маю іх.
Ведаю, што гэта немагчыма, але ад пэўнага часу стараюся забыць пра іх, яны зусім такія самыя, як зубы ў майго падрастаючага сына.
У школе вечарынка. Дзяўчаты фанабэраць. Хлопцы прытвара-юцца занятымі. А ён збоку, каб першым паспець да Зіны, калі зайграюць танец. Зіна вельмі прыгожая, але яна не ўмее танцаваць, танцуе цяжка і ён цешыцца, што ніхто яму не адбярэ яе. Выводзіць яе на сярэдзіну, каб усе бачылі гэта, ловіць усмешкі, як белакрылыя ма-тылі, ад якіх адна радасць.
Стаўшы дарослым, ён помніў аб тым. I ад таго, ныраючы ў хітрасцях жыцця, рабілася яму гідка.
Калі зіма ўжо пабітая, але яшчэ прытаілася ў ельніках, а зеляніна асцярожная і нясмелая, бачым сонца: святло, блакіт і прастор. Бачым далёка: аж дзяцінства пакудлачанае, маладосць фанабэрлівую і, урэшце, памылкі дарослыя.
Эх, каб чалавек меў такі зрок у васемнаццаць год!
Да аглядак дык усе мы майстры...