Будзе недаравальнай памылкаю лічыць, што разьвітаньне з краінаю маленства прайшло лёгка й бясхмарна. На 45-м градусе паўднёвае шыраты заставаліся ня толькі дзіцячыя крозы, але й першае каханьне - дзяўчынка-маоры, што надзіва рана адкрыла Сержу таямніцы космасу, што завецца жаночым целам, і шматлікія загадкі новазэляндзкае прыроды, на чыім улоньні расьцьвіло пачуцьцё каханкаў-малалетак. Фаўна выспаў зь ейнай безьліччу рэліктавых відаў назаўсёды станецца вялікай любоўю С.Харэўскага, аб чым красамоўна сьведчыць і яго новая кніга, дзе літаральна на кожнай балонцы гучыць водгульле незабыўных новазэляндзкіх уражаньняў і адкрыцьцяў.
Жыцьцё на берагох Сьвіслачы хутка сутыкнула мройлівага рэпатрыянта з рэальнасьцю разьвітага сацыялізму. Выключэньне зь піянэрскай арганізацыі за сувязь з важатай, і пагроза высылкі з Савецкага Саюзу, ад чаго ўратавала адно сьмерць Ю.Андропава. Здрада аднакурсьнікаў зь Менскай мастацкай вучэльні, над будынкам якое ў 1986 годзе былі вывешаныя два нацыянальныя бел-чырвона-белыя сьцягі, што памяталі цеплыню рук навучэнца С.Харэўскага. Вымушанае паступленьне ў Расейскую Акадэмію мастацтваў, бо радзіма-мачаха выпісала свайму сыну «воўчы білет». Гэта вельмі пункцірная лінія тых драматычных для С.Харэўскага гадоў, калі яго ўсё часьцей наведвалі думкі пра рээміграцыю.
Але ў дні чорнай скрухі і паняверкі на дапамогу прыходзіла мастацтва. У творчай майстэрні маладога мастака доўга ня гасьлі вокны. За імі нараджаліся партрэты волатаў беларускае мінуўшчыны, аднак на зьмену мужнаму абліччу гетмана К.Астрожскага на белай нерушы паперы зьнячэўку ўзьнікалі выявы інсэктаў, зьвяроў і птушак беларускіх лясоў, палёў і нябёсаў. Гэта пачынала ўладна прамаўляць бязьмежнае захапленьне роднай прыродаю. Адно яно разам з магутным і неўтаймоўным інстынктам дасьледчыка і магло адарваць таленавітага маладзёна ад алоўка й пэндзля. Зазначым, што яшчэ ў піянэрскім узросьце ў часе асочваньня беларускага яшчара - каркадрыла (Lacerta apythana), якога, паводле пастаўленых цяпер пад сумнеў афіцыйных зьвестак, апошні раз бачылі ў Сьвіслачы ў год правядзеньня ў Менску І-га зьезду РСДРП, Харэўскага тройчы затрымлівала міліцыя, але юнага натураліста нязьменна выручала бездакорная ангельская мова.
Аднак сапраўдным паратункам для С.Харэўскага сталася аднаўленьне выхаду «Нашае Нівы», газэты, у якой навазэляндзкі хлопчык некалі, робячы сьмешныя памылкі, упершыню прачытаў па складох «Пагоню» М.Багдановіча.
Жыцьцёвае кола замкнулася.
Менавіта на балонках «Нашае Нівы» сустрэліся з чытачом ягоныя арыгінальныя малюнкі й тэксты, амаль кожны зь якіх выклікае шаленства ідэалягічных цэнзараў ды філістэраў ад мастацтвазнаўства й біялёгіі.
З «Нашай Нівы» прыйшла да нас і гэтая кніга, да краёў напоўненая таемнымі водарамі беларускіх пушчаў, паплавоў і сьпіжарняў, дзе малады вучоны падпільноўвае сваіх улюбёных герояў-суайчыньнікаў.
Убачыўшы, як С.Харэўскі, зьнерухомеўшы, утаропліваецца ў невідочную кропку на сьцяне, супрацоўнікі рэдакцыі ўжо даўно не палохаюцца. Яны ведаюць, што ў гэты момант вострае вока калегі выцікоўвае непраўдзівага кніжнага скарпіёна (Chelifer coneroides), таго самага, швэдзкая папуляцыя якога выратавала ад кніжнае блыхі камплекты беларускіх газэтаў 1918-1920 гадоў ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы Упсалы.
Сотні кілямэтраў прайшоў па дарогах і праплыў па рэках роднага краю С.Харэўскі, каб зайсьціся ад шчасьця, нарэшце пабачыўшы на пустэльным беразе ракі Асьцёр сьляды баляваньня хахуляў (Dosmana moschata) або зьмеціць маланкавы палёт вавёркі-палятухі, што, дзякуючы клопатам савецкае ўлады, выжыла ў Лёзьненскім раёне. (Можа, у тое імгненьне ён успомніў смак печанага на вугольлі мяса новазэляндзкіх палятухаў ягонага дзяцінства, якім перад пешай ноччу ў адпаведнасьці са старажытным звычаем маоры яго частвала юная каханка?)
Пра якую б родную нам істоту ні апавядала таленавітае пяро С.Харэўскага - пра празьмерна пашыранага на абшарах Рэспублікі Беларусь рабога сусьліка (Citellus suslicus) ці пра заўважанага ў навакольлі Мазыра рэдкага на гэтай паралелі нацыянальна сьведамага пэлікана (Pelecaniformes), які прылятае на танцпляцоўку паблізу Прыпяці, пагойдваецца ў тахт мэлёдыі і ўцякае ад непрыяцеляў з выразным крыкам «Жыве Беларусь!» - перад чытачом нязьменна паўстаюць жывакроўныя, псыхалягічна дакладныя вобразы крылатых, хвастатых, альбо нават падводных суайчыньнікаў, якія, на вялікі жаль, пакуль пазбаўленыя права голасу.
Аўтар спакваля вядзе нас да канцэптуальнай высновы пра тое, што пэўныя віды прадстаўнікоў нашае фаўны ў розныя пэрыяды гісторыі выяўлялі ляяльнасьць і нават прыхільнасьць да ўласнай нацыянальнай ўлады (напрыклад, прыязныя дачыненьні расамахаў з кіраўніцтвам Рады Случчыны) і пакідалі абсягі Беларусі, не жадаючы мірыцца з акупацыйнай адміністрацыяй.
Варта дадаць, што ў навуцы апісаныя выпадкі ня толькі пасыўнага, але й актыўнага супраціву акупантам з боку айчынных зьвяроў і птушак. Гістарыёграфы Слуцкага збройнага чыну ведаюць, да прыкладу, пра вельмі пасьпяховы напад аддзелу з 10-12 ужо згаданых вышэй расамахаў (Gulo gulo) на бальшавіцкага камісара і двух ягоных ардынарцаў, зьдзейсьнены ў ваколіцах мястэчка Семежава, што ў цяперашнім Капыльскім раёне. (На месцы акцыі нядаўна ўсталяваная мэмарыяльная стэла.)
У гістарычных крыніцах знойдзеныя й зьвесткі аб супрацоўніцтве ўжо рэдкіх на той час дрохваў (Otis tarda) з фармаваньнямі генэрала Булак-Балаховіча ў справе дывэрсіяў на кантраляваных бальшавікамі палескіх чыгунках. Акурат пасьля аднаго з удалых выхадаў на «жалезку», калі ў раёне Петрыкава быў зьнішчаны вайсковы эшалён з тэхнікай, ГПУ й наладзіла карную экспэдыцыю, у ходзе якой чэкіст, былы піцерскі рабочы Біндзюжнікаў расстраляў апошнюю бачаную ў Беларусі драхву, вядомую балахоўцам пад любоўнай мянушкаю Маня.
Згаданыя факты лішні раз сьведчаць, што эўрапейская будучыня Бацькаўшчыны станецца магчымаю адно ў выніку яднаньня ўсіх дэмакратычных плыняў нашага грамадзтва са здаровымі, нацыянальна арыентаванымі сіламі беларускае прыроды. Лепшыя старонкі кнігі Сяргея Харэўскага прасякнутыя сьветлай вераю ў непазьбежнасьць гэтага пераможнага альянсу.
Уладзімір Арлоў