ЯШЧАР
Насуперак нашым уяўленьням пра фаўну паўднёвых краінаў, у Новай Зэляндыі толькі тры віды яшчарак: геккон, сцынк ды тая славутая гатэрыя - таўтара з выспаў Чатэм.
Гэтаксама і ў Беларусі толькі тры віды яшчарак з клясы паўзуноў (Reptiliaidae): жывародная, порсткая і адна бяз лапак - вераценіца. Але крыху раней, літаральна некалькі дзесяцігодзьдзяў таму, іх было больш...
Сёньня, як ведама, рэчышча ракі Нямігі амаль цалкам высахла ў Менску. На месцы, дзе колісь адбылася крывавая бітва рускіх князёў, цягнецца вуліца, званая Нямігаю, пад якою праведзены канал. А даўней увесну, калі вада зьбіралася з талых сьнягоў, яна прарывалася праз насыпаную грэблю і, плывучы даўнейшым рэчышчам, залівала ўсю вуліцу й рыбны рынак, а абыйшоўшы гару, на якой колісь стаяў замак, праз гэтак званае Татарскае балота ўпадала ў Сьвіслач.
На тым балоце, якое ляжала паміж замкам, татарскім кварталам, ракою Сьвіслачай і вуліцай Замкавай, стаяла даўней, як гаворыцца ў паданьні, вельмі старажытная царква, сёньня ж на тым месцы адноўлены падмурак, ужо прысыпаны друзам бітых бутэлек.
Тутака і сустракаліся, хоць і вельмі рэдка, велізарныя яшчары (Lacerta apythana), падобныя з выгляду на кракадзілаў. Напэўна, апошняга гэткага яшчара знайшлі татарскія дзеці больш за 100 гадоў таму - у красавіку 1885 году, але, даведаўшыся пра гэта, дарослыя яго забілі...
Гэты цікавы экспанат даўжынёю каля 1,5 стапы (блізу 0,5 м) быў прэпараваны й захаваны дырэктарам рэальнае вучэльні Я.Самойлам, аднак, на жаль, загінуў бязь сьледу ў канцы 1918 году пад час адыходу зь Менску нямецкіх войскаў і выезду на выгнаньне Ўраду БНР.
СЬВІНЬНЯ
Калісьці ў Беларусі звычайнымі спадарожнікамі чалавека былі віларогія валы, аслы й нават вярблюды, якія па рэглямэнту ўдзельнічалі ў магілеўскіх гарадзкіх парадах. Хто ж са свойскіх жывёлаў можа быць агульнапрынятым сымбалем Беларусі сёньня? Вядома, сьвіньня!
Сьвіньні (Suidae), якія разам з бэгемотамі належаць да групы няжвачных сямейства парнакапытных (Perissodactyla), - нязьменныя спадарожнікі чалавека на ўсіх кантынэнтах. Сёньняшнія пароды сьвіней, якія ўражваюць сваёй разнастайнасьцю, ад маленькіх зморшчаных японскіх да вялізных гладкіх ёркшырскіх, паходзяць ад міжземнаморскіх, эўрапейскіх і азіяцкіх відаў дзікоў. І хоць, як заўважыў Лец, «дзікая сьвіньня» гучыць нашмат больш высакародна, чым проста «сьвіньня», гібрыды дзікоў ад часоў нэаліту забясьпечваюць людзей смачным і далікатным мясам.
Ралян Барт, у сваю чаргу, заўважыў, што мы - па сутнасьці тое, што мы ямо. Ці ж выпадкова найбліжэйшы адпаведнік чалавечай крыві паводле хімічнага складу - кроў свойскіх сьвіней?
Зрэшты, і паводле сваіх мазгавых здольнасьцяў свойскія suidae пераўзыходзяць сваіх дзікіх суродзічаў. Гэтая жывёліна дэманструе дзівосныя здольнасьці. Навучаныя сьвіньні адчыняюць засаўкі, арыентуюцца па гадзіньніку, складаюць лічбы... Калі Людовік XI, кароль Францыі, занепадаў у мэлянхолію, нішто ня цешыла яго так, як скокі й гульні дрэсыраваных парасятаў, апранутых у «фантастычныя» ўборы народаў Рэчы Паспалітай, пад гукі нашае дуды. Парасятаў дастаўлялі з Смаргоні.
У Францыі й па сёньняшні дзень нашчадкі тых парасятаў выкарыстоўваюцца ў «ціхім паляваньні» на труфэлі. Знайшоўшы труфэль, сьвіньня робіць стойку ў чаканьні гаспадара. А ў Англіі жартаўнікі даўмеліся выкарыстоўваць сьвіней на сапраўдным паляваньні. Чуцьцё ў сьвіней не слабейшае за сабачае. Яны знаходзяць і падымаюць перапёлак, курапатак, глушцоў, трусоў. Праўда, не зважаюць на зайцаў.
Сьвіньня - звычайны жыхар і ў Палінэзіі. Калі першыя палінэзійцы каля 1350 году дасягнулі берагоў Новае Зэляндыі, у іхных каноэ, разам з тога, бататам і тара, былі ўсё тыя ж спрадвечныя спадарожнікі - сабакі й сьвіньні. Але зь невядомай прычыны сьвіньні ў Новай Зэляндыі зьвяліся. Мо таму, што дагэтуль іх тут не было ніколі. І толькі капітан Кук ці то з-за спачуваньня маоры, ці таму, што быў сапраўдным мараходам, завез сьвіней на Паўночную выспу. Паводле зьвестак, у 1840 г. сьвіньні ў Новай Зэляндыі былі ўжо паўсюль.
У Беларусь сьвіньні ніколі не завозіліся. Яны зьявіліся тут разам з чалавекам пасьля апошняга ледавіка. З усяе разнастайнасьці пародаў, што існавалі ў нас некалі, за апошнія 200 гадоў засталіся толькі чатыры мясцовыя: літоўская, чавуская, беларуская чорнарабая і белая буйная. Апошняя БББ-1 складае сёньня ўжо 92% сьвінога пагалоўя Беларусі, якое ў 1993 г. складала 5.000.000 галоў (па адной на двух беларусаў).
Пры тонкай і пекнай канстытуцыі арганізму сьвіньня носіць на сабе такія пласты тлушчу, што сала аднае-дзьвюх жывёлінаў стае на сям'ю на год. Кішок жа ў сьвіньні ў дзесяць разоў больш за даўжыню яе цела. З каго яшчэ можна нарабіць столькі кілбасаў? Невыпадкова самае вясёлае беларуская сьвята - Каляды, калі колюць сьвіней і пхаюць кілбасу.
Беларусь, Каляды й сьвіньня - непадзельныя. Такі парадак.
ПАЛЁТ НАД ГНЯЗДОМ ХАХУЛІ
... У хахулі таксама няма гнязда...
Нягледзячы на неверагодную сьпёку ў 1994-м, вада ў рэках ня ўпала гэтак, як тое было ў 92-м. Выправа традыцыйнае штогадовае экспэдыцыі «Нашае Нівы» тым летам была ў поўным сэнсе мэтаваю. Мы дасьледавалі раку Асьцёр, прайшоўшы яе ад Смаленскае вобласьці да Сажа па Клімавіцкім і Крычаўскім раёнах у пошуках істоты, якая для нас стала сымбалем і пачаткам гэтае кнігі.
Апошні раз хахулю (Dosmana moschata) бачылі ў гэтых раёнах усходняе Магілеўшчыны ў 1955 годзе. Асьцёрская (сажанская) папуляцыя беларускага падвіду хахулі з 1951 году была апошняй натуральнай папуляцыяй у нашым краі. Чырвоная Кніга Беларусі, што выйшла ў 1993 годзе, ужо фіксуе хахулю, такім чынам выкрасьліўшы яе зь беларускае фаўны. Спраўдзіць гэта й была прызначаная дасьледніцкая група «Нашай Нівы», якая выправілася на Магілеўшчыну 12 чэрвеня 1994.
У 1849 годзе ў бухце Даскі (паўднёвая выспа Новай Зэляндыі) паляўнічыя злавілі невядомую раней птушку, якая порстка бегала па сьнезе й адважна супраціўлялася спробам яе злавіць. Гэтая вялікая грувасткая птушка зь зялёным пер'ем, сінімі грудзямі й галавою мае вялікую магутную дзюбу й моцныя ногі ярка-барвовага колеру - такахе (Notornis hochstetteri). Да 1898 году было выяўлена толькі чатыры гэтакія птушкі. Аднак, у 1948 годзе на зьдзіў усяму сьвету натуралістаў, такахе былі адкрытыя зноў у маленькай даліне Новазэляндзкіх Альпаў блізу маляўнічага возера Тэ-Анаў. Вывучэньне пацьвердзіла наяўнасьць звыш сотні асобінаў гэтае птушкі. Каб захаваць такахе ды яшчэ адну ўнікальную папугу - какапа (Strigops habroptilus), на гары Бруса быў створаны дзяржаўны рэзэрват. Адкрыцьцё такахе другі раз праз паўстагодзьдзя - нярэдкі прыклад для Новае Зэляндыі, дый для сусьветнае практыкі.
... Асьцёр - глыбокая, даволі хуткая рака з маляўнічымі пустыннымі берагамі. У Беларусі яна пачынае выкручвацца, берагі становяцца месцамі зусім стромкімі. Распараныя сонцам трысьнягі, мята, безьліч кветак б'юць гострым водарам, як вечаровыя флёксы на могілках.
Нашая пільнасьць, зь якою мы ўглядаліся ў кожны корч, у норы па берагох са спадзевам убачыць тое, дзеля чаго плылі, пачала прыгасаць ад сьпякоты. Ажно нарэшце на пляскатых берагох каля ўпадзеньня ў Асьцёр Сасноўкі (зьлева), мы пабачылі на ранішнім мокрым пяску даўгія пісягі ад хахуліных хвастоў і іхных лапаў, якія ні з чым іншым зблытаць ня можна. На наступную раніцу, яшчэ да сьвітанку, мы йшлі ўжо на тое месца, што было ўсыпана аскепкамі сьлімаковых ракавак - рэшткамі начнога баляваньня хахуляў.
Калі ж з супрацьлеглага стромкага берагу пачуўся гогат ці то качкі ці то парсючка - сумневаў не засталося. Яны яшчэ ёсьць. Ёсьць тыя істоты з качынымі лапкамі, якія, наеўшыся, дурэюць, засунуўшы сабе хобат у рот, - здаволена гагочуць.
За тыя тры дні, што мы пабывалі на поўначы Клімавіцкага раёну з 16.06 па 19.06 нам давялося пабачыць хахуляў двойчы. Бліжэйшае знаёмства зь імі немагчымае, а каб сфатаграфаваць іх, патрэбная адмысловая тэхніка. Спробы затрымаць хахуляў мы не рабілі, бо яны адчайна енчаць і скуголяць, выяўляючы сваю кранальную безабароннасьць, нягледзячы на ўсю порсткасьць зь якой яны сноўдаюць у падводных зарасьцях.
Тут, на сумежжы Магілеўшчыны й Смаленшчыны, балазе пасьля прыпыненьня мэліярацыі і зьніжэньня тэмпаў гаспадараньня наогул (усё ж, радыяцыя), хахулі здолеюць выжыць. Аднак без нацыянальнае аховы гэта немагчыма. На сёньня іх галоўнымі ворагамі сталіся норкі ды андатры, непрадумана інтрадукаваныя за савецкім часам.
Зь вераю ў родную прыроду
Выключную ролю ў лёсе С.Харэўскага адыграў той факт, што на пачатку 20 стагодзьдзя ягоны дзед быў адным зь сямі новазэляндзкіх падпішчыкаў газэты «Наша Ніва», падшыўку якой амаль празь семдзесят гадоў наш юны суайчыньнік знайшоў у фамільным архіве.
Самастойнае вывучэньне мовы далёкае шматпакутнае Бацькаўшчыны, сьвет вобразаў і ідэалаў песьняроў Маладой Беларусі, а таксама прапагандысцкія акцыі, ладжаныя ў Кінгстане мясцовым аддзяленьнем таварыства «СССР - Новая Зэляндыя» найістотнейшым чынам паўплывалі на сьветапогляд юнака, абумовіўшы цьвёрды намер вярнуцца на зямлю продкаў.