У нетрах кауравых лясоў, пад самымі вершалінамі магутных дрэваў жыве зьвер - лятун (Petauroidis volans). Гэта адзіная сумчатая форма лятучых вавёрак. Калі лятун пераскоквае з дрэва на дрэва, ён расстаўляе свае лапы, утвараючы прастакутнік са складкаў скуры, і лёгка плянуе ў паветры. Свой палёт гэты немалы зьвер (да 50 см у даўжыню) карэктуе доўгім голым хвастом. Лятун мае доўгае мяккае футра рознай афарбоўкі, але звычайна яно чорна-бурае, лятальная перапонка пакрытая жаўтавата-белымі плямкамі, а трыбушок наагул белы. Хвост чорны.
Актыўны лятун уначы, а дзень ён праводзіць у дрымоце. Па начах гэтая спрытная й хуткая істота дэманструе сапраўдныя дзівосы акрабатыкі. Каму пашчасьціла падгледзець летуна ўначы, той можа завагацца ў сваіх уяўленьнях пра фізычныя законы, настолькі лёгкім і грацыёзным падаецца палёт бяскрылага зьвера.
Абарыгены-маоры ўжываюць мяса летуна: лічыцца, што яно вельмі смачнае. Але здабыць гэтую жывёліну на велізарнай вышыні яе жыхарства зусім няпроста. Вось чаму летуноў вельмі шмат у дрымучых лясох.
У адрозьненьне ад свайго новазэляндзкага брата, беларуская палятуха (Pteromis volans) - звычайны сысун з атраду грызуноў Rodentia. Але падабенства паміж імі надзвычайнае. Гэтаксама як і ў летуна, лапы палятухі злучаныя між сабою лятальнаю перапонкай, якая служыць ім як парашут. Але існуюць паміж імі й істотныя адрозьненьні (апроч таго, вядома, што яны ўсё ж з розных атрадаў). Па-першае, палятуха ў тры разы меншая за летуна (усяго 16 см). Па-другое, яе хвост пушысты, як у вавёркі. Як і лятун, палятуха жыве пераважна ў высокіх старых лясох. Але ў Беларусі яна жыве ў лясох бярозавых, альбо - з абавязковым дамешкам бярозы. Яна гэтаксама сілкуецца ўначы, удзень адпачывае, а ўсю зіму наагул сьпіць. Перад зімой буравата-жоўтая ядвабная поўстка палятухі робіцца срабрыста-сівою зь цёмнаю рабізною. У гэты час палятухі будуюць сабе шарападобныя гнёзды з сухога лісьця, кары, імху. Адразу з прыходам вясны тут нараджаюцца 2-4 дзіцяткі. Ужо на шосты тыдзень жыцьця яны зусім самастойныя, але ўсё ж праводзяць з маткай адну зіму.
Сілкуецца маленькая жывёліна амаль выключна па-вэгетарыянску, пералятаючы з дрэва на дрэва ўсю летнюю ноч.
Палятуха амаль ня мае ворагаў у прыродзе (летуны іх ня маюць наогул), ды й чалавек на яе не палюе: што возьмеш са зьвера, які ў два разы меншы за вавёрку і важыць усяго 100-120 грамаў? І тым ня менш, нягледзячы на свой шырачэзны арэал (ад Атлянтыкі да Ціхага акіяну ў паўночных краях), палятуха паўсюль стала рэдкасьцю. Прычына ў празьмернай высечцы старых лістоўных лясоў. Гэты зьвярок ужо даўно значыцца ў самых розных чырвоных кнігах.
У Беларусі да падзелаў Рэчы Паспалітай палятуха была самым звычайным паўсюдным відам. Але з 19 ст. яе колькасьць пачала рэзка зьмяншацца з той самай прычыны масавае высечкі лясоў на вываз. У 1920-я гады палятухі яшчэ вяліся ў закутках Віцебскай і Магілеўскай абласьцей, але за гады савецкае ўлады ім удалося выжыць толькі ў Лёзьненскім раёне.
На жаль, нашы дзеці ня могуць пабачыць гэтага зьвярка, як і шмат чаго іншага, што некалі было ў Беларусі.
БАКАПЛАЎ
Недалёка ад Новае Зэляндыі ляжыць выспа Лёрд-Хаў. Яна вядомая заолягам таму, што тут жыве рэдкі від рознаногіх ракападобных - бакаплаў. Бакаплаў зь Лёрд-Хаў - рэлікт антарктычнага паледзяненьня, калі Новая Зэляндыя й мора вакол былі скаваныя льдом. Калі лёд сыйшоў, бакаплавы апынуліся ў ледавіковых азёрах зь нішчымнай флёрай і фаўнай, дзе спажываю для іх сталі рэдкія арганічныя рэшткі.
Такі самы ўнікальны рэлікт ледавіковай марской фаўны чацьвярцічнага пэрыяду ў Беларусі - бакаплаў Паласа. Гэтая драбнюткая ракападобная істота належыць да сямейства гамарыдаў атраду бакаплаваў. Ягонае целка даўжынёю 3 см моцна сьціснутае з бакоў і складаецца з 18-ці сэгмэнтаў. Два пярэднія сэгмэнты маюць адмысловыя канечнасьці з хапальнымі кручочкамі, тры заднія - парныя скакальныя лапкі. На галаве - доўгія парасткі-антэны. Колер бакаплаваў - ад празрыстага да памаранцавага.
Як і належыць арктычнаму рэлікту, бакаплаў найлепей памнажаецца ў восеньска-зімовы пэрыяд. У гэты час у самак на грудзях утвараецца адмысловая каморка, дзе трымаюцца яйкі, зь якіх выводзяцца маленькія бакаплавы, што будоваю цела адразу ж не адрозьніваюцца ад дарослых бакаплаваў.
Жыве бакаплаў найчасьцей на вялікай глыбіні, зрэдку трапляючы да берагу. Сілкуецца, як і ягоны сваяк зь Лёрд-Хаў, арганікай, трупамі розных істотаў. Але бакаплавы карысныя ня толькі як санітары. Яны - найкаштоўнейшы корм для рэдкіх рыбаў, такіх высакародных, як стронга. На жаль, колькасьць бакаплаваў няўхільна скарачаецца праз забруджваньне азёраў і яны ўжо ўнесеныя ў Чырвоную кнігу. Але яшчэ сёньня бакаплаў сустракаецца ў Дрысьвятах, Струсьце, Волагах ды інш. Ці не таму смачная выходзіць юшка на вадзе з гэтых азёраў?
РАСАМАХА
Чамусьці людзі спрадвеку падзялялі ўсіх зьвяроў на карысных, гэта значыць, зь якіх можна больш узяць, і на шкодных, зь якіх можна ўзяць менш. Гэтак шкоднымі сёньня называюць у Новай Зэляндыі бурага палінэзійскага пацука (Rattus exulans). Хоць у тыя часы, калі мужныя мараходы маоры перасякалі Пацыфік, менавіта гэтыя пацукі, чыё мяса смакам бліжэй да трусінага, былі іх спажываю ў далёкіх падарожжах. Ядуць іх часам і сёньня. Але ўпарта называюць шкоднікамі, хоць шкоды ад гэтага грызуна амаль ніякай, бо ён сілкуецца кветкамі, неядомымі для чалавека пладамі дрэва панданус і... чалавечымі аб'едкамі. Няўдзячныя людзі нават не задумваюцца над тым, што драбнейшыя выспы пераўтварыліся б у сьмярдзючыя сьметнікі, каб не пушысты буры пацучок.
Гэтаксама несправядліва людзі ня любяць расамаху (Gulo gulo), якая зусім яшчэ нядаўна вадзілася па ўсёй Беларусі. Гэта даволі вялікі зьвер, больш за 80 см у даўжыню й вагою за трыццыць кіляграмаў, з магутнымі лапамі й ікластай пашчаю. Некалі расамаха была ў нас унікальнай жывёлай, пра якую нічога ня ведалі ў Эўропе, нават у блізкай Польшчы. А таму падарожнікі моцна ёй дзівіліся. Польскі падарожнік 16 стагодзьдзя Мацей зь Мяхова ў сваім трактаце апісвае яе гэтак: «... Тут ёсьць вельмі жорсткая і непатрэбная жывёліна, якая не сустракаецца ў іншых месцах... называюць яе расамахай. Велічынёй яна зь вялікага сабаку, з кацінай пысай, целам і хвастом падобная да лісіцы, чорнага колеру, сілкуецца трупамі...» Асабліва шмат расамахаў было на Ўсходзе Беларусі. Яны моцна разьвяліся там у 17 стагодзьдзі пасьля войнаў з Расеяй. Маскоўскія цары павынішчалі цэлыя гарады, пазабівалі безьліч беларускіх жыхароў да такое ступені, што й хаваць нябожчыкаў не было каму... Таму сюды прыйшла расамаха. Хоць зазвычай яна сілкуецца тым самым што й мядзьведзі: ягадамі, дробнай і хворай жывёлай. Там, дзе хадзіла расамаха, было менш ваўкоў, бо яна - адзіны ім канкурэнт і спаборнік. Каб ня тыя войны з Расеяй... бадай, ніхто й не пабачыў бы гэтага зьвера ў ролі магільшчыка.
Даўней людзі шанавалі і расамаху. За нязноснае футра, якім падбівалі зімовы абутак, ірты, полазы саняў, чапракі пад конскія сёдлы. За тое таксама, што яна адганяла ваўкоў і зьядала ўсялякую падліну. Навукоўцы называлі яе беларускай гіенай. Але няўдзячныя людзі пачалі грэбаваць ёю, як толькі прамысловасьць забясьпечыла іх лацьвейшымі за футра тканінамі, а ў лясах моцна паменела жывёлаў, якіх людзі паелі, не пакінуўшы нават кавалка падліны сваім былым памагатым. За грэблівасьцю прыходзіць нянавісьць - расамахаў забівалі проста для забавы. Гэтак урэшце забілі й апошнюю нашу беларускую расамаху, у 1898 годзе, каля вёскі Замосьце на Случчыне. Праўда пазьней слуцкія паўстанцы прыгадвалі, што калі яны кватаравалі ў лясах у 1921 годзе, некаторыя з байцоў знаходзілі малых расамаханятаў і лёгка іх прыручалі. Гэтыя зьвяркі ўсіх пацяшалі - спрытна лазілі па дрэвах, зарываліся ў пясок, і на людзкую дабрыню рабіліся зусім ласкавымі й дружалюбнымі, нават елі разам з парсючкамі. Адзінае - не маглі цярпець сабакаў...
Але разам з задушэньнем Слуцкага збройнага чыну маскоўскімі бальшавікамі й іх памагатымі больш пра расамахаў у Беларусі ніхто ня згадваў. Яны засталіся толькі ў далёкай Ляпляндыі, далёкай ад няўдзячных людзей.
ПУГАЧ
Атрад совападобных (Strigiformes) налічвае каля паўсотні відаў, што жывуць па ўсім сьвеце, за выключэньнем тэрыторыяў альбо надта малых (выспы ў акіянах) альбо надта халодных (дзе ніхто наогул не жыве). Натуральна, водзяцца совы і ў Новай Зэляндыі. Тут найперш вядомыя Ninox novaeseelandinae, вельмі арыгінальная іголканогая сава, чый начны ўскрык вядомы кожнаму тубыльцу, а таксама ўжо вельмі рэдкая Sceloglaux albifacies, сава-рагатуха.
Паколькі драпежных птушак, у т.л. і соваў, у Новай Зэляндыі наогул не стае, іхныя функцыі пераймаюць часам папугі, якія перанялі нават савінае аблічча. Ёсьць такая kea (Nestor n.), якая атрымала сумную славу забойцы авечак, хоць у дачыненьнях зь людзьмі - гэта забаўная й цікаўная істота. Яшчэ больш падобная да соваў начная папуга Strigops habroptilius альбо какапо. Удзень яна хаваецца ў лесе, дзе ў расколінах скалаў, каранях дрэваў прытулілася яе гняздо, а ўночы яна блукае па кронах дрэваў у пошуках ежы. Ну, рыхтык сава...
Назва папугаў гучыць падобна ў эўрапейскіх мовах (papageien, papegai, papagollo...). У Беларусі найбольш сугучны з гэтымі назоў мае пугач. Гэта ўжо сапраўды совападобная птушка. І самая вялікая з усіх прадстаўнікоў атраду Strigiformes, адна з найбуйнейшых птушак Беларусі. Пугач (Bubo Bubo) - велізарная птушка вагою больш за 3 кг, з магутнымі крыламі (у размаху каля 1,80 м).
Некалі гэтая птушка была даволі звычайнай жыхаркай паўночных краёў. Ёй прысьвечана багата фальклёрных ды літаратурных сюжэтаў. У тым ліку й адзін з найлепшых вершаў у беларускай анімалістыцы:
Раней гэтая птушка наводзіла жах на нашых забабонных продкаў. Гэта ня цяжка зразумець, калі хоць раз пачуць сярод ночы ў нетрах старога лесу яе вусьцішны крык.
Удзень пабачыць пугача амаль немагчыма. Пры дзённым сьвятле гэтая птушка стаецца нягеглай, блізкарукай, а таму старанна хаваецца ў пушчах. Нібы ўсялякая істота імкнецца адпомсьціць пугачу за начны жах. Кожная дзённая птушка й нават некаторыя совы імкнуцца падражніць бездапаможнага волата.
Затое як толькі на паўночны лес апусьціцца цемрадзь, сэрцы разумных і неразумных істотаў сьціснуцца ў прадчуваньні яго імклівага цяжкога палёту й жахлівага поклічу. Грызуны, вожыкі й цецерукі, нават вароны стануць яго лёгкай здабычай. Бо суперніка ў вершалінах чорных ялінаў яму няма.
Недзе пад канец сакавіка пугач рыхтуецца займець нашчадкаў. Гнёзды яго ніякаватыя, у любым цяжкадаступным месцы. Пад іх ён часам прыстасоўвае чужыя гнёзды. Вылупляюцца звычайна 2-3 птушаняты, у траўні. Маці вельмі рупліва наглядае за кладкай, пакуль пугач-самец гойсае ў пошуках некалькіх кіляграмаў сьвежыны.
Адметнасьць пугачоў - гэта пух над вушнымі адтулінамі, што нагадвае сувора ссунутыя бровы, якія надаюць гэтай птушцы разумны й мужны выгляд. Сьпіна пугача брунатна-шэрая, а трыбух - жаўтавата-руды з буйнымі вэртыкальнымі й вельмі тонкімі папярэчнымі чорна-бурымі палоскамі на кожным пяры.
Тыя, хто меў у Беларусі зброю, адчуваў хутчэй сымпатыю да пугача, як да калегі. Гэтая вялікая птушка не была ніколі аб'ектам паляваньня. Але ня гледзячы на паўсюднае жыхарства ў халодных краёх, колькасьць пугачоў няўхільна зьмяншаецца, яны ўжо апынуліся ў Чырвонай Кнізе. Для высакародзтва не хапае прасторы. З-за зьнішчэньня старых пушчаў, з-за атручваньня палёў, дзе жывуць грызуны, зьнікае й пугач. Памятаеце,
Некалі інсургенты й партызаны перагукваліся, імітуючы ягоны крык. Ён азначае, што нехта выйшаў на начную сьцяжыну.