Было...
СУСЬЛІК
На мяжы 19-20 стагодзьдзяў у Новую Зэляндыю для паляваньня былі інтрадукаваныя ледзь ня ўсе віды аленяў з розных кантынэнтаў Зямлі. Ня маючы натуральных ворагаў, алені хутка распаўсюдзіліся й наносілі непапраўную шкоду рэліктавай флёры краю. Але пры тым сёньня новазэляндцы маюць такое паляваньне, пра якое могуць толькі марыць паляўнічыя ў Беларусі.
Сусьлік - зусім не аб'ект для ловаў, ды й ніхто яго ў Беларусь не завозіў. Косткі сусьліка вялікага (Citellus major) былі выяўленыя пад час раскопаў верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж у Чачэрскім раёне.
Сёньня ж рабы сусьлік (Citellus suslicus) - звычайны тубылец у Верхнім Панямоньні, на Случчыне, Капыльшчыне, Наваградчыне... Вялікае шкоды ад яго няма, бо селіцца ён на непрыдатных і абложных землях, там, дзе ёсьць які пагорак ці насып. Сілкуецца травой, дзікімі злакамі, а часам і казюркамі. Каб пад'есьці, сусьлік вылазіць падвечар ці на сьвітаньні. Гэта вельмі палахлівы зьвярок. Калі-нікалі можна бачыць, як ён сьмешна стаіць пушыстым слупком, бы вартавы ля свае норкі. Пабачыўшы вас, першы дазорца сьвішча астатнім, і ўся калёнія вокамгненна зьнікае ў густым дзірване, хаваецца ў норкі.
Так яны й жывуць да верасьня, гойсаючы па сваім пагорку, назапашваюць тлушчу, каб пасьля спаць да вясны.
Нягледзячы на вялікі веснавы прыплод (ад трох да 10 сусьлянятаў), іх колькасьць ня надта й павялічваецца, - з-за атруты, якую лье на свае палі чалавек, з-за ласых драпежнікаў (каты, лісы, каршуны...).
Гэты невялікі грызун (да 26 см з хвастом і каля 300 грамаў вагі) мае жоўта-белую поўсьць на трыбушку і рудую, шэра-бурую ў белыя плямкі - на сьпіне, за што й быў празваны рабым.
Наяўнасьць іх у Беларусі - парадокс для зоагеографаў, бо сусьлік, як і драхва, - клясычны прадстаўнік стэпавае фаўны. У нас яны жывуць далёка па-за межамі асноўнага арэалу свайго віду, утварыўшы сваю, аўтаномную беларускую папуляцыю.
Вось так.
СОМІК АМЭРЫКАНСКІ
Паданьне, якое прыводзіць У.Сыракомля, сьведчыць, што сусьлікі трапілі ў Беларусь з прыхамаці Радзівілаў, якія завялі іх у Нясьвіжы. Але, ведама ж, гэта толькі паданьне.
Што да амэрыканскага соміка (Amiurus hebulosus), дык момант ягонага прывозу вядомы пэўна - 1935 год. Яму прыйшліся даспадобы азёры на захадзе Берасьцейшчыны і ён пасьпяхова распаўсюдзіўся там.
Іхтыяфаўна Новае Зэляндыі надта бедная, не параўнаць зь беларускай. І каб выправіць становішча, новазэляндцы накідалі ў свае рэкі й сажалкі самых розных рыбаў, не заўсёды бяз шкоды для мясцовай флёры й фаўны.
А вось амэрыканскі сомік зусім бясшкодны. Ён жыве ў самых неспрыяльных для іншых рыбаў умовах і актыўна санітарыць. Дзякуючы сваёй непатрабавальнасьці, сомік атрымаў рэкамэндацыю - зарыбляць ім непрыдатныя для іншых рыбаў вадасховішчы. У асобныя гады ўлоў амэрыканскіх сомікаў складаў 30 т. Ня цяжка сабе ўявіць, якую карысьць мела б беларуская гаспадарка пры кваліфікаваным разьвядзеньні гэтай сьціплай рыбіны.
Даўжыня соміка 15-30 см, вага ад 50 і 100 аж да 600 г. Цела голае, крыху сьціснутае з бакоў, ад жаўтаватага да чорнага колеру. Трыбух белаваты, часам плямісты. Сярод сомікаў трапляюцца й цалкам чорныя альбо зусім белыя (альбіносы). На шырокай пысе 4 пары вусоў. У дадатак неразгалінаваныя прамяні плаўнікоў утвараюць шыпы. Натуральна, што такая істота ня выклікала ў нашых тубыльцаў асаблівага даверу. Што й паспрыяла амэрыканскаму соміку прыжыцца ў гасьцёх.
Зараз у прыродзе ён жыве ў Паўночнай Амэрыцы, ад Вялікіх азёраў да Флёрыды, і на Берасьцейшчыне. Багатыя на тлушч, сомікі асабліва смачныя ў смажаным выглядзе з цыбуляю. На сьвежым паветры... на беразе возера...
ГРЫФ
Лётаць - прывілей птушак. Аж да Новае Зэляндыі лётаюць галубы, вераб'і, вароны. З новазэляндзкіх птушак да нас ніхто не далятаў. А вось з Афрыкі прылятаюць грыфы - чорныя або шэрыя, ці «мніхі» (Aegynius monachus).
Гэта дзіўная птушка. У будыстаў яна сьвятая. У Тыбэце яна дапамагае ў пахаваньні (ці як гэта лепей назваць?), бо мерцьвячына - яе галоўная ежа.
У Беларусі няма буйнейшай драпежнай птушкі. Размах яе крылаў сягае 2,5 м. У даўжыню грыф мае каля мэтра, а вага яго 7-12 кг. Пер'е цёмна-бурае, амаль чорнае. На галаве і верхняй частцы шыі - толькі пляшывы пух, затое вакол шыі - шыкоўнае «боа» з бледна-бурага пер'я.
Гадзінамі высока-высока ў небе лунае гэтая велізарная птушка, цікуючы сабе пачастунку. Цяжка параўнаць з кім грыфа-санітара, ні з чыім не параўнаеш ягоны палёт. А бачылі грыфа і на Цэнтральным Палесьсі, і ў Сеньненскім раёне, і нават у Менску, у 1928 годзе.
Калі-небудзь, пабачыўшы ў небе вялікі чорны цень грацыёзнага грыфа, памятайце - гэта самы вялікі беларускі крылаты драпежнік, родам з Афрыкі.
НЕСАПРАЎДНЫ КНІЖНЫ СКАРПІЁН
Павукападобныя кузюркі атраду несапраўдных скарпіёнаў жывуць па ўсім сьвеце. Толькі ў Новай Зэляндыі іх больш за 10 відаў. З тых, што сустракаюцца ў Беларусі, нас цікавіць адзін - несапраўдны кніжны скарпіён (Chelifer coneroides).
Жыве ён ціха й незаўважна для людзкога вока, але заўсёды побач зь людзьмі. Селіцца пад шпалерамі і ў кніжных шафах. Даўжыня ягонага пляскатага цела, пакрытага лускою з драбнюсенькімі шчацінкамі, - 3-4 мм. Нягледзячы на вялікія цяжкія клюшні, ён порстка рухаецца ўва ўсе бакі, уцякаючы ад сьвятла ў цень. І хоць выгляд у яго суворы, на самой справе Неспраўдны Кніжны Скарпіён вельмі карысны ў кнігазборах і архівах, бо зьнішчае кніжных сенаедаў, кляшчоў, лічынак розных інсэктаў. Гэтак, дзякуючы яму, ацалелі ад нашэсьця кніжнае блыхі камплекты рэдкіх беларускіх газэт 1918-1920 гадоў ва ўнівэрсытэцкай бібліятэцы ў Упсале (Швэцыя).
Пэўную небясьпеку ўяўляе сабою сапраўдны кніжны скарпіён, які вядзецца, праўда, толькі ў вялікіх зборах старадаўніх кніг, да прыкладу, у Вільні. У Новай Зэляндыі іх няма, бо кнігі зьявіліся там толькі ў 18 ст.
Беручы з паліцы кнігу, асабліва вялікую й старасьвецкую, будзьце ўважлівыя й асьцярожныя.
ГЛЕЙНІК НЯЗНАНЫ
Калі ў 1887 годзе тапограф Фрэд Мэйсан і маарыйскі правадыр Танэ Тынараў першымі зь людзей патрапілі ў пячоры, у якіх зьнікала рэчка Ваітома, перад іхнымі вачыма ўзьнікла прыгожае й вусьцішнаватае відовішча. Поўны змрок пячоры быў расквечаны мірыядамі блакітна-зялёных зорачак, чыё сьвятло дрыжэла й зьвівалася ў хуткаплыннай маўклівай рацэ. Пазьней высьвятлілася, што гэтыя сьветлякі насамрэч толькі лічынкі павуковае мухі, дагэтуль нязнанае ня толькі ў сьвеце, але й сярод абарыгенаў Новае Зэляндыі.