Калі ў 1927 годзе польскі энтамоляг Шольц прабіраўся лесам уздоўж ручаіны, што ўпадае ў рэчку Пад'яварку, што на Дзятлаўшчыне, ён, бадай, і думаць ня думаў, што адкрые тутака нікому ў сьвеце невядомага жука-плывунца. Між тым, цуд адбыўся. Як толькі Шольц нахінуўся бліжэй да вады, ён разгледзіў там россып забаўнае жамяры, якая сноўдала ўверх-уніз, то ледзь кранаючы вусікамі вадзяную паверхню, то імкліва зьнікаючы ў глеі. Пра гэтых жучкоў - глейнікаў нічога ня чулі й тубыльцы - беларускія сяляне.
Глейнік нязнаны (Rhatus incognitus) - самы малы прадстаўнік беларускіх плывунцоў, якіх у нас 6 відаў. Ягонае цельца ўсяго толькі блізу 10 мм. Аднак жа ён ці ня самы элеганцкі з выгляду: амаль дакладна авальны, бліскучы, адметнай чырванавата-жоўтай афарбоўкі. Вусы-нітачкі й лапкі памаранцавыя, а крапінкі-штрышкі наверсе чорныя, якія амаль зьліваюцца ў канцы надкрыльляў, якія маюць таксама пунсова-жоўтую аблямоўку.
Чым падабаецца гэтым глейнікам менавіта Дзятлаўшчына, сказаць цяжка, ці то краявідамі, ці то чыстаю вадою. Паводле аднае з вэрсіяў, яны сюды патрапілі разам з саксонскімі ткачамі, якіх у 1775 годзе прывез сюды Антоні Тызэнгаўз, апошні падскарбі Вялікага Княства. У Саксоніі яны даўно павывеліся, а на Дзятлаўшчыне ацалелі. Але з пэўнасьцю можна сказаць, што глейнік нязнаны - адзін з найлепшых санітараў у лясных рэчках, бо зьядае тое, да чаго астатнія не даўмеліся - парэшткі чарвякоў і водарасьцяў, якія патрапляюць у лёгкі глей.
Ігнат Двачанін узгадваў, што як быў малы, дык не было ў яго цікавейшае забавы, чым сачыць за падводным палётам порсткіх жучкоў, якіх ён лавіў у адмысловую шкляную старасьвецкую бутлю-кварту, мусіць таксама з часоў Тызэнгаўза. Цяпер гэтых глейнікаў нязнаных лавіць забаронена, бо гэты надзвычай рэдкі від - Rhatus incognitus - унесены ў Чырвоную Кнігу.
Ну а цяпер які ж ён нязнаны, калі мы пра яго дазналіся?..
ШЫРАКАВУШКА
Як вядома, сваіх сысуноў у Новай Зэляндыі не было. А першымі да гэтых выспаў дасягнулі два віды кажаноў, бо таму, хто ўмее лётаць, адлегласьць - невялікая перашкода. У Беларусі ж відавы склад скрыдларукіх нашмат багацейшы. 4 зь іх ужо нават патрапілі ў Чырвоную кнігу. Разам з шыракавушкай эўрапейскай.
Называецца гэтая шыракавушка (Barbastella Barbastella) эўрапейскай таму, што жыве выключна ў Эўропе. Натуральна, усходняя мяжа ейнага арэалу прыпадае на Беларусь. Гэта зусім маленькі кажанок сямейства гладканосых, усяго 9-14 гр. вагі, мае надта вялікія (з чвэрць тулава даўжынёю) вушы, якія зрасьліся каля галавы разам. Крылы мае досыць вузкія для кажаноў, але лётае порстка, зьнянацку рэзка паварочвае ў паветры. Жыве ў дуплах, часам за шалёўкаю будынкаў, а па начох нястомна сілкуецца кузюркамі ды інсэктамі.
Падобна, што шыракавушка хітрэйшая за іншых кажаноў, бо ня толькі палюе ў паветры, але й ахайна выцягвае сонных матылёў зь іхных схованак. А пасьля цэлы дзень сьпіць разам са сваёй калёніяй. У першай палове лета гэтыя калёніі яшчэ невялікія, а пад зіму ў іх зьбіраюцца сотні шыракавушак, і зімуюць, як тое належыць кажанам, у скляпеньнях, дзе «замінаюць» людзям.
Нягледзячы на тое, што шыракавушка - карысны санітар і зусім бескарысная як прамысловая жывёліна, сустракаецца яна ў нас надзвычай рэдка. Адзіная ў яе «ахова» ад чалавека - гэта штраф. Вушасты кажан ацэнены па вазе! (Як, зрэшты, і ўсе астатнія. Напрыклад, дзік каштуе браканьеру ў 30 разоў болей) Дзіўна, - а чаму не па вушах?..
ДАНІЭЛЬ
Як я ўжо сказаў, да прыезду эўрапейцаў у Новай Зэляндыі практычна не было сысуноў. Капітан Кук завёз у гэтыя краі сьвіней і козаў. Першых аленяў у Новую Зэляндыю прывезьлі ў 1851 г. Сёньня на выспах жыве больш за дзесяць відаў аленяў з розных краёў сьвету. Апроч высакароднага аленя (Cevrus elaphus), плямістага, белахвостага ды іншых, тут жывуць і ласі, і даніэлі. Найбольшая папуляцыя даніэляў склалася на Паўночнай высьпе, куды іх завезьлі з Гішпанскіх Пірэнэяў. Паводле зьвестак доктара К.Вазьдзіцкага, з 1932 да 1954 году ў Новай Зэляндыі было здабыта 2 млн. 400 тыс. розных аленяў(!), але гэта не паўплывала на іх колькасьць увогуле. Новазэляндзкія паляўнічыя забясьпечаныя здабычаю, пра якую толькі мараць іх калегі ў Беларусі.
А некалі даніэлі былі звычайнымі жыхарамі і беларускіх лясоў. Пасьля далучэньня да Расеі, на прыканцы 18 ст., яны былі цалкам вынішчаныя. Потым, дзеля царскага паляваньня, неаднаразова завозілі даніэляў у Белавескую пушчу. Тут перад пачаткам першай сусьветнай вайны іх налічвалася блізу 1,5 тыс. галоваў.
Але па вайне іх зноў ня стала. Пры Польшчы, у 1932 г., зь Нямеччыны ў Налібоцкую пушчу было завезена 8 асобін даніэляў. Тады нават стварылі адмыслова гэтак званы Вялаўскі запаведнік, дзе ў мясьцінах свайго спрадвечнага існаваньня даніэлі хутка разьвяліся.
Ізноў вайна. У Налібоцкіх лясох месьціўся Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)Б і штаб Баранавіцкага партызанскага злучэньня. І даніэляў зноў ня стала.
Пры Саветах, у 1951 г. скасавалі й Вялаўскі запаведнік. Пра даніэляў у Налібоцкай пушчы цяпер не чуваць.
У 1963 г. у Белавескую пушчу завозілі гэтых жывёлаў з Польшчы. Але ўжо марна. Даніэляў не аднавілі. Між тым, ва ўсіх суседніх зь Беларусяй дзяржавах папуляцыі адноўленыя.
Чым жа адметная гэтая жывёла? Па-першае, у адрозьненьне ад, скажам, ласёў, альбо высакародных аленяў, рогі носяць ня толькі самцы даніэляў, але й самкі. Рогі ў іх круглыя, складаюцца зь дзьвюх галінаў, якія пашыраюцца ўгору і ўтвараюць лапаткі (кшталтам як у ласёў), па краёх якіх вострыя парасткі, што загнутыя і ўперад, і назад.
А па-другое, гэта найпрыгажэйшая жывёла з нашых парнакапытных. Яе грацыя й пекнасьць былі папулярныя ў любоўнай лірыцы розных народаў.
Даніэлі крыху меншыя за іншых аленяў: маюць даўжыню 1,5-1,6 м, а вышыню ў карку каля 1 м. Поўсьць па сьпіне й па бакох ружова-бурая з радамі бела-жоўтых плямаў, каля хваста й трыбуха - даўжэйшая й белая. Самкі з маладняком трымаюцца статкамі да 10 жывёлін. Натуральна, для такіх істотаў, апроч густога мяшанага лесу, патрэбныя й выганы, шырокія паляны, просекі. Даніэлі скачуць, бегаюць і плаваюць.
На жаль, што такое «... як даніэль...» сёньня беларусам даводзіцца тлумачыць хіба што па кнігах.
ПЭЛІКАН
У Новай Зэляндыі прадстаўнікі атраду Pelecaniformes - пэліканы й бакланы, - звычайныя тутэйшыя птушкі, якія жывуць на Поўначы па ўзьбярэжжах акіяну, рэчак і азёраў. А ў Беларусі ружовы пэлікан толькі гасьцяваў - залятаў і гнездаваўся пераважна на Поўдні, на Палесьсі і ў Падняпроўі, хоць бачылі яго й на Лепельшчыне ды Барысаўшчыне (1864). Адно з браслаўскіх азёраў так і завецца - Пэліканы.
У старажытнасьці першыя хрысьціяне шанавалі гэтую птушку як сымбаль сьвятога прычасьця, бо, паводле паданьняў, пэлікан карміў сваіх птушанятаў уласнай крывёю. У раньнехрысьціянскім жывапісе пэлікана можна бачыць сярод іншых сымбаляў на мурох катакомбаў. Адсюль, напэўна, паходзіць і традыцыйна лагоднае стаўленьне людзей да гэтае птушкі. Тым больш, што мяса пэлікана малаядомае. У мусульманаў есьці яго забаронена. Паводле ісламскага паданьня, пэліканы на загад Бога насілі ў сваіх гарлавых мяхох ваду для будаўніцтва Каабы.
Дзюбы ў пэліканаў, - як вялізны сак, ніжняя частка якога ўтвараецца неапераным гарлавым мяшком, а верхняя - доўгаю кілепадобнаю дзюбаю з моцным кручком на канцы. З дапамогаю такой дзюбы пэліканы ловяць рыбу - асноўны свой прадукт харчаваньня, - якую сьпярша закідаюць у паддзюб'е-мяшок, а ўжо потым глытаюць.
Пэлікан - найбуйнейшая вадаплаўная птушка (даўжыня цела 1,5 м, а вага каля 11 кг.). Ружовыя пэліканы маюць беларужовую з бурымі пераходамі пад крыламі афарбоўку пер'я. Наддзюб'е шэра-блакітнае з барвовымі плямкамі, а дзюба, як і перапончатыя лапы - жоўта-чырвоная. У ружовых пэліканаў (у адрозьненьне ад кучаравых і шэрых) маецца й плюмаж, які шчацініцца ззаду на галаве даўгаватым завостраным пер'ем.
Пэліканаў бачылі ў Беларусі толькі да вайны (у Бабруйску й на Прыпяці). Прычынаю іх зьнікненьня сталася бурная гаспадарчая дзейнасьць, празь якую ў Беларусі рэзка паменшала рыбы, а таксама - адсутнасьць ахоўнага статусу. Птушка, якая была сымбалем ахвярнага выкупленьня чалавечых грахоў, сама сталася ахвяраю чалавечае нядбайнасьці ў нашым краі.
Пэліканы вельмі музычныя й разумныя птушкі. Распавядаюць, як аднойчы ў Мазыры ружовы пэлікан прыходзіў на танцпляцоўку паблізу Прыпяці, нібыта ўслухоўваўся ў музыку і пагойдваўся ў такт рытму. Сьцьвярджаюць, што калі падлеткі памкнуліся яго злавіць, ён нібыта крыкнуў: «Жыве Беларусь!» і ўцёк.
ПАЛЯТУХА
Аснову лясоў Новае Зэляндыі складаюць так званыя кауры (ня блытаць з малюскамі). Кауры (Agathis) - адзін з галоўных відаў прамысловае драўніны ў Паўдзённым паўшар'і. Гэтае дрэва сягае ў вышыню больш за трыццаць мэтраў і мае больш за дзесяць мэтраў у абхопе. Ёсьць кауры, якія стаяць шмат стагодзьдзяў, а на высьпе Карамандэль ёсьць дрэва-волат, якому даюць аж дзьве тысячы гадоў. Простыя й трывалыя камлі кауры здавён выкарыстоўваліся для будовы марскіх суднаў.