Паліна засмяялася.
– І праўда, хіба сукенку апранаюць не для сябе? Дарэчы, Воля з Гракам распісваліся, дык яна хоць і не зусім вясельную сукенку апранула, але белую, прыгожую. Мне паказвала здымкі.
– Ты выбірай сабе тую, у якой хочаш быць. І для мяне таксама.
– І ў нас будзе першая шлюбная ноч?
– А як жа! Паедзем на тую паштовую станцыю, здымем той самы царскі пакой. І каб раніцай нам прынеслі снеданне і каву.
– Раніцай? Ты збіраешся праспаць сваю першую шлюбную ноч? Не мар нават, не дам! Да абеду каб нас ніхто не чапаў!
Ім было добра, так добра, што ў нейкае імгненне Мацвей спужаўся: каб жа толькі светлыя цяперашнія мінуты не былі веснікам нечага чорнага наперадзе. Бо ж так было, няхай даўно, але было.
– А можна мне пакапрызнічаць? – гулліва спытала Паліна на ўездзе ў горад.
– Адзін гэты тыдзень, – у тон дазволіў Мацвей.
– Тады каб былі сведкі на роспісу, а ў сяброўкі вазьму Святлану, жонку Антона. Мы з ёй пасябравалі. Ты пазавеш Грака?
– А мажліва браць сямейных?
– Ат, хоць без сведкаў, табе ж казалі. Якая розніца! Я выберу сукенку і апрануся без цябе. Добра?
– Хочаш, каб я трымцеў ад хвалявання?
– Хачу! – Паліна пацягнулася да Мацвея, чмокнула ў шчаку. – Хачу цябе здзівіць, уразіць! Хачу з’явіцца перад табой самай прыгожай…
І Мацвей быў уражаны насамрэч праз тыдзень. У вызначаны час з Гракам яны пад’ехалі да кватэры Антона – тут апраналася Паліна з дапамогай Святланы і Вольгі. Балазе, дзень выдаўся надзіва цёплым – стаяла бабіна лета.
Ён не пазнаў Паліну. Не паверыў, што гэта – яна: бялюткая сукенка падкрэслівала вытанчанасць стану, адмысловая фрызура і такі ж прафесійны макіяж на твары. І ўсмешка. І позірк вільготных вачэй…
– Гэта ты правільна зрабіў, сябра, правільна, – прышэптваў Грак, не зводзячы вачэй з жанчын, якія падводзілі да іх нявесту. – Жанчына павінна хоць адзін раз у жыцці быць самай прыгожай з усіх.
Мацвей ірвануўся падысці, падхапіць на рукі, здавалася, бязважкую, усю з паветра, Паліну, але Святлана залямантавала:
– Куды!? Нельга кранацца маладой жаніху да ЗАГСа!
Яна аднекуль выцягнула мяшэчак з зернем, абсыпала па крузе аўтамабіль. Да замілаванасці сур’ёзная была Кацярынка, апранутая гэтаксама ў белую святочную сукенку, трымалася поруч Святланы.
Кацярынка ж і парушыла ўсю цырымонію. Ужо адказалі на дзяжурныя пытанні нечакана расхваляванай рэгістратаркі, Кацярынка паднесла сподачак з пярсцёнкамі – так асцярожна, бы вада налітая была ў сподачку. І калі надзелі адно другому пярсцёнкі, і рэгістратарка збіралася сказаць дзяжурныя словы аб замацаванні ўсяго гэтага пацалункам, Кацярынка не адышлася ўбок, а спытала дрыжачым голасам, не спытала нават, а выціснула з сябе самае важнае для яе маленькай душы пытанне:
– А цяпер я магу называць вас татачкам?
Мацвей нахіліўся, падхапіў дзяўчынку на рукі, прытуліў, пацалаваў у шчочку:
– Канешне! Канешне! Ты – мая дачушка.
Паліна абняла іх дваіх, цалавала, смяялася, Святлана з абдымкамі наляцела, Вольга…
Калі спыніліся, каб даць рэгістратарцы завяршыць дзею, пабачылі, што тая выцірае вочы хусцінкай.
– Прабачце мне… Некалі я была вучаніцай вашай мамы, спадар Мацвей. Яна гэтулькі для мяне зрабіла. Я так рада сёння за яе. І за вас!
На парозе Кацярынка заёрзала на руках Мацвея, прыпала да вуха і зашаптала:
– Татачка! Трэба маму на рукі ўзяць!
– Добра! – гэтак жа ціха і сур’ёзна паабяцаў Мацвей.