– У гэтай краіне, за што ні вазьміся, сутыкнешся з дзяржавай. А дзяржава ў нас як капрызная жонка. З ёй па законе жыць нельга, у яе законы – яе жаданні. А канкрэтней: жаданні асобных чыноўнікаў. Так што з мяне дарадца ніякі. Што я ўмею? На зямлі рабіць, на будоўлі дапамагаць. І быць журналістам. Гэтыя месяцы, што з вамі як дзень праляцелі. Дзякуй вам. Вы мяне канкрэтна ўратавалі. Мая Святлана – гаспадыня ашчадная, мы з даўгамі разлічыліся, дзіця апранулі-абулі, паўдома купілі, рамонт зрабілі. Не уяўляю, што б было без цябе, Мацвей…
– Кінь дурное, ты працаваў і талкова працаваў, – спыніў яго Мацвей. – Гатовы шашлык? Есці хочацца! Хапай і пайшлі да жанчын!
Выпілі першы тост, пачуўся сігнал аўтамабіля звонку. Паліна падхапілася, узбуджаная, выбачалася і пайшла таропка па дарожцы да варот, такая лёгкая, на высокіх шпільках-абцасах.
Мацвей захваляваўся. Што за госць да Паліны?
Ён пазнаў яго здалёк, адразу. Нельга было не пазнаць гэтага мужчыну, упэўненага ў паставе, мужыкаватага.
Мархель.
Андрэй Кузьміч ішоў па сцяжынцы са зграбнай, невялікага росту жанчынай у светлым гарнітуры, відавочна, жонкай. Ён здаля памахаў рукой, а наблізіўся, загаварыў бадзёра, без аніякага хвалявання:
– Вой, як мы ў час, Тацяначка, – павярнуўся да жонкі. – Бачыш, мяса яшчэ дыміцца, самы смак! Ажно сліна пацякла! Ну, здароўце вам усім!
Паціснуў руку Мацвею, абняў моцна, паляпаў па плячах.
– Гавару дзякуй, як гавораць мужчыны. І больш нічога, – сказаў, а голас здрыгануўся.
– То вам дзякуй. За маці, за Паліну і Кацярынку, – яшчэ ўсё ў разгубленасці адказаў Мацвей.
– Дарэчы, на Палінку не сярдуй, – паківаў Мархель пальцам. – То я яе папрасіў, каб пра мяне не казала. Што-кольвечы ў яе я змог выпытаць пра цябе. Але ж малайчынка яна нават у такім выпадку, партызанка сапраўдная, цані гэта. Ці мы не жаданыя тут госці? – рагатнуў ён.
– Кіньце, Андрэй Кузьміч! Знаёмцеся: Грак, прабачце, Васіль. Мы з ім былі разам там. А гэта Антон, журналіст. Дапамагаў нам тут.
– Ага, ага, вельмі прыемна…
Наблізілася Таццяна, жонка Мархеля, абняла, рукі яе падрыгвалі ад хвалявання, пацалавала ў шчокі. Хуткім рухам выцерла хусцінкай, якую выцягнула з рукава, вочы.
– Паліначка! – гукнула, і калі Паліна падышла, асцярожна ўзяла яе за руку, працягнула: – Так хацелі мы мець двух дзяцей, ды Бог даў адно дачушку. А я марыла, будзе ў мяне дачка і нявестка. Мама мне пакінула адзін падарунак, а свякруха – другі. То адзін я дачушцы перадала, а гэта табе, Паліначка. Прымі, калі ласка. Няма мне больш як аддзячыць вас…
Таццяна дастала з сумачкі футарал, у якім звычайна прадаюцца ювелірныя вырабы, з яго – калье з металу жоўтага колеру, багатае на аздабленні.
– Дазволь мне, дзіцятка.
Паліна паслухмяна нахіліла галаву.
Сонца садзілася, ад блізкай сажалкі несла халоднай вільгаццю. Уселіся за стол, па-праўдзе згаладалыя. Мархель узняў наліты кілішак, спытаў:
– Як мы з Таццянай тут, то дазвольце быць нам за пасаджоных бацьку і маці!
Сыпаў дасціпнымі жартамі, расказваў смешныя гісторыі, загадваў загадкі і ўручаў здагадлівым невялікія прызы-сувеніры, якіх безліч апынулася ў сумачцы ягонай Таццяны.
Жанчыны прыбіраліся на стале і вялі свае гутаркі. Мужчыны адышліся да мангала – смажылі другую порцыю мяса. Маўчалі, разумеючы, што збіраецца выказацца Мархель – не дзеля ж гулянкі ехаў ён сюды.
– У прэсе сёння ўсё адсачыць лёгка, – загаварыў ён. – Чытаў пра Андурся Жураўлёва. Выпадак для жоўтай прэсы: дом падпаліў, з сякерай сустрэў міліцыю і пажарнікаў. Пісалі і пра Данілу Галоўчыка. Тут усё скеміў, няцяжка. Ён як адкрыў сваю фірму і прапанаваў нібыта сваю сістэму, я адразу даўмеў: украў! Ну, а пра Рамана Галецкага яшчэ і па сёння стракаціць у інтэрнэце. Палінку на здымку пазнаў. І цябе, Мацвей, хоць ты і вельмі змяніўся, пазнаў. Што хацеў сказаць… Справы ў мяне ідуць добра. Фірму Галоўчыка я купіў у ягонага былога ўжо цесця. Там купляць не было чаго, адно паперы ды права на сістэму, за бесцань, бо ж цалкам аказалася нягоднай. А сістэмай зацікавіліся ў многіх кампаніяй, ёсць цікавая прапанова ад сур’ёзнага заказчыка на распрацоўку і ўсталяванне аўтаматычнай лініі. Збіраемся расшырацца… Во такія ў мяне планы. То не маеш іншай ідэі, дзе сябе падзець, – прыходзь да мяне, Мацвей.
– А трох возьмеце, Андрэй Кузьміч? – з усмешкай пацікавіўся Мацвей. – Адзін – былы разведчык, вам жа ў фірму трэба служба бяспекі? Другі – майстар росшуку, усё будзеце ведаць пра канкурэнтаў і мець свайго піяршчыка.
– І трох вазьму, – Мархель павёў позіркам па мужчынах. – Такіх і варта браць – якім і жыццё даверыш. А навучыцца можна калі не ўсяму, дык многаму. Дык згода? Прыязджайце, пагутарым прадметна. Ці то аддзел створым напачатку, ці даччынае прадпрыемства.
– А што ў вас за фірма? – дзелавіта пацікавіўся Грак. – У сэнсе, як арганізавана?
– Прыватнае прадпрыемства, – адказаў Мархель.
– Тады такая прапанова: мы укладваем з Монцяй прыстойную суму ў капітал, прыватная фірма становіцца закрытым акцыянерным таварыствам. Хай сабе кантрольны пакет і застаецца у вас.
– Гэта выдатна! – усклікнуў Мархель. – А наконт акцый, дык жа падзеліцца з улікам інвестыцый. Ды і работнікам прапануецца, у мяне выдатны калектыў, таксама правераны.