– Прабач, – павініўся Грак. – Калі ўсё добра, мігам забываецца дрэннае. Ну што, хутка яны пачнуць?
Пачалі. Вядоўца, падцягнуты хлопец у адмысловым светлым гарнітуры з чырвоным мятлікам, што называецца, заліваўся салаўём, – старанна адпрацоўваў свой ганарар. Называў імёны – герояў свята, ганаровых гасцей, хваліў прадукты фірмы, устаўляючы да месца кароткія анекдоты-жарты. Ля вядоўцы круціўся хлопец гадоў васямнаццаці з трыма фотакамерамі, пстрыкаў ва ўсе бакі. Мабыць, замоўленая прэса. Публіка была настроеная лагодна, адгукалася смехам, слухала. Потым пачаўся фільм-прэзентацыя.
– Ну, няма чаго зацягваць гэтае свінства, – Грак узняўся з месца. – Нагадаю: па маіх падліках, у вас трыццаць секунд. Я там паспрабую затрымаць надалей, але размеркавальны шчыт блізка па калідоры.
Грак выйшаў. Мацвей адчуў гарачыню хвалявання. Пераглянуліся з Антонам. Ролі вядомыя кожнаму: Мацвей у поўнай цемры павінен прайсці уздоўж сцяны пятнаццаць крокаў, дацягнуцца да тэлевізара і замяніць у ім флэшку. Антон завалодаць пультам, які пакуль у руках вядоўцы…
Мацвей зірнуў на стол і думка апаліла: яны праваляцца!
– Антон! Мабільныя! – Мацвей паказаў на тэлефоны Волі і Паліны, якія яны па звычцы паклалі на стол. – Чорт, яны уключаць мабільныя ліхтарыкі, будзе светла!
Кароткая разгубленасць на твары журналіста змянілася рашучасцю: ён устаў з-за стала, кінуў Мацвею:
– Ідзём бліжэй да сцэны – нам цікавае гэта кіно!
Іх крокі наперад уздоўж сцяны нікога не зацікавілі – усе дзівіліся на экран, дзе спартыўнага целаскладу хлопцы елі маленькімі лыжачкамі ці то кашу, ці то ёгурты, пілі кактэйлі.
Фільм скончыўся.
Вядоўца павярнуўся да тэлевізара і націснуў пульт. Экран згас.
Трэба было вяртацца на месца.
Святло гарэла.
Вядоўца прапанаваў тост.
Мацвей зразумеў, што яшчэ дзесяць секунд – і на іх звернуць увагу. Ён крануў Антона і зрабіў два крокі у напрамку бліжэйшага століка. Балазе, Антон усё скеміў і пайшоў за ім.
– Прабачце, калі ласка, – Мацвей пачціва нахіліўся да мужчыны сярэдніх гадоў і маладзейшай за яго ці не удвая спадарожніцы. – Мажліва, я памыляюся, вы так падобны на чалавека, з якім мяне выпадкам звёў лёс, ён столькі зрабіў мне добрага, а я не паспеў яго аддзячыць, – казаў Мацвей да мужчыны. – Мажліва, я памыляюся, але ж раптам: пяць гадоў таму вы не былі ў Маскве?
Мужчына глядзеў добразычліва, было бачна, што ён рады б быць тым невядомым, якому вінен гэты малады чалавек, і ён наморшчыў лоб.
– Ці бачыце, малады чалавек, жыццё маё – дарога! Пяць гадоў для чалавека сёння – і адно імгненне, і цэлая эпоха: гэтулькі інфармацыі атрымліваем, ды ляцяць дні імгненна. Дайце згадаць… Пяць год таму, Масква…
І тут неспадзяваная цемра ахутала залу. Прагучаў недзе кароткі піск дзяўчыны, нехта войкнуў. Адно імгненне стаяла мёртвая цішыня, усё роўна як памяшканне імгненна апусцела.
У гэты момант Мацвей быў ужо ля сцэны і намацваў у тэлевізары гняздо для флэшкі.
– Шаноўнае спадарства, не хвалюйцеся, адно імгненне і святло з’явіцца! – бадзёра загучаў голас вядоўцы, ніколечкі не разгублены. – Тым часам успомнім, што сёння ў кожнага ў кішэні ёсць выдатнае вынаходніцтва чалавецтва, падсвецім сабе тэлефонамі і вып’ем! Так рамантычней! Дарэчы, калі за колькасцю вамі выпітага нехта збіраўся сачыць, дык ёсць выдатная магчымасць выпіць у паўзмроку столькі, колькі хочацца!
Зала адгукнулася кароткім смехам і успыхваючымі ліхтарыкамі тэлефонаў.
Антон быў ужо на месцы. Мацвей паўз сцяну спешна дайшоў да століка, сеў. І цяпер выдыхнуў – не заўважыў, як на гэтыя імгненні ён цалкам стаіў дыханне.
– Норм?
– Норм.
Успыхнула святло, якое зала сустрэла радаснымі воклічамі.
Прыйшоў Грак, пытліва зазірнуў у твары. Мацвей ледзь кіўнуў.
– То льга і выпіць крышачку. Воля, дай-ка мне сваё люстэрка!
Вольга, не пытаючыся, дастала пластыкавую каробачку для ценяў, раскрыла. Грак паставіў яе перад сабой, зірнуў на Мацвея:
– Так добра?