– Добра. Пачынаем?
– Хай закусяць, першы тост, будуць жэрці доўга.
Счакалі дзесяць хвілін, самі выпілі і закусвалі, больш для таго, каб супакоіцца.
Ля сцэны у мікрафон бубніў першы з запрошаных выступоўцаў. З усіх ракурсаў яго здымаў фатограф. Нарэшце мужчына сеў пад кволыя апладысменты ветлівасці, і Мацвей шапнуў Антону:
– Давай!
Антон паклаў на стол руку, у рукаве сарочкі (спецыяльна апранаў з доўгімі рукавамі) быў прыхаваны пульт. Асцярожна дастаў яго, нацэліўся на маленькае люстэрка ў руках Грака.
– Спакойна, мы сядзім у самым куце, мы нікому не цікавыя, – апісаў сітуацыю Грак. – Ціскай смела!
Загучала музыка – сумная, ціхая. Наведвальнікі клуба павярнулі галовы на гук – да тэлевізара. Успыхнуў экран. З глыбіні яго ішла гарадскім дваром Кацярынка. Ішла ціха, няспешна, нават ашчадна. Спынілася. Глядзела сваімі выразнымі вачанятамі прама ў залу.
Ніхто не прамовіў ні слова, і вядоўца разгублена застыў, павярнуўшыся тварам да экрана.
– Як цябе завуць? – пытаўся мужчынскі голас за кадрам.
– Кацярынка.
– Якая твая мара?
– Я хачу бегаць… І скакаць на скакалцы. І танцаваць…
– Ты не можаш рабіць гэта цяпер? Чаму?
– Мне дактары сказалі – нельга. Бо я упаду і адразу памру.
– А хіба нельга вылекаваць тваю хваробу?
– Мне зрабілі аперацыю, але яшчэ паўгода я павінна цярпець…
Дзяўчынка адышлася ў бок – камера паказала дзіцячыя арэлі. На іх села і пачала нямоцна гушкацца Кацярынка.
Мажліва, у гэты момант гледачы чакалі, што бадзёры голас раскажа, як здаровае спартыўнае харчаванне дапамагае і такім дзецям. Бо зала затоена уперлася вачыма на экран.
Але голас з экрана апавядаў пра іншае:
– У той час, як Раман заснаваў сваю фірму, гандлюючы здаровым харчаваннем, у той час, як сам ён еў і піў смачна і напоўніцу, гэта дзяўчынка-Кацярынка элементарна не даядала – у яе маці не хапала малака, а потым не хапала грошай, каб купіць дастаткова сабе і дзіцяці. У дзяўчынкі выявілі страшную хваробу – паўстала пытанне тэрміновай аперацыі на сэрцы, іначай адзін неасцярожны крок мог стаць апошнім. Вы спытаеце: а пры чым тут гэтая дзяўчынка і герой сённяшняга вечара – Раман? Хіба мала ў свеце хворых дзяцей? Хіба мала ў нашай краіне бедных і хворых? Хіба…
– Што за фігня?! – У шаленстве ўзнімаўся з месца Раман. Падскочыла Маргарыта, крыкнула да вядоўцы:
– Адкуль гэта? Выключайце!
Відавочна, яна ўзгадняла сцэнар вечара, гэтага фільма не павінна было быць, а ён ёсць… Вядоўца разгублена закруціўся на месцы, вышукваючы вачыма пульт, а таго не было, ён паспяшаўся да тэлевізара, каб адшукаць кнопку выключэння, але тут ссівелы мужчына, які сядзеў побач з Маргарытай, відавочна, бацька, бо яны мелі падабенства ў тварах з тонкімі рысамі, павярнуўся ад тэлевізара да дачкі і зяці і ўладна гыркнуў:
– Сядзьце! Вы перашкаджаеце глядзець!
Стала ціха. Маргарыта і Раман селі. І ў гэтай цішыні голас за кадрам гучаў, а Кацярынка ўсё гушкалася асцярожна на арэлях, і камера ўсё набліжалася на яе, з кожным гушканнем дзяўчынка была бліжэй і бліжэй тварыкам.
–…Вы ўжо пачулі пра шчырую спонсарскую дапамогу фірмы Рамана Галецкага. Ён нечакана палюбіў прыроду, яго зацікавілі птушкі, ён нават фінансаваў пленэр юных мастакоў. Здавалася б, чалавек робіць правільна. Нельга дапамагчы ўсім бедным і вылечыць усіх хворых. Але гэтай дзяўчынцы Раман абавязаны быў дапамагчы. Менавіта гэтай дзяўчынцы.
Тварык Кацярынкі ўжо на ўвесь экран. Ён застывае, робіцца статычным.
– Таму што Кацярынка – дачка Рамана.
Прыглушаны ўздых дзясяткаў людзей адначасова пракаціўся па зале.