Фокус з адарваным ражком падзейнічаў і на Рамана, які быў набычаны, як пабачыў лістоўкі. Грэла будучая роля хітруна, які “пракіне” тых апазіцыянераў. Ён адно кіўнуў на стол і спытаў:
– А гэтыя лістоўкі… куды потым?
– Ды ў смецце во і выкінем, – патлумачыў весела Андрусь.
Было бачна, што перспектыва хутка, за нейкіх паўгадзіны “зрабіць справу” ды яшчэ без клопату і ў поўнай бяспецы, якія давалі яму хаўруснікі, яго ўзрадавала. Насамрэч, ён мог бавіць два наступныя вечары з нечым іншым, а затым зноў прапанаваць свае здольнасці. Ведаў: падобная работа яшчэ прапануецца. Там ён ужо будзе шчыраваць адзін – грошы заўжды трэба. А цяпер льга і падзяліцца часткай (ён прамаўчаў пра поўную суму), бо такая справа ўсякі раз збліжае людзей ды яшчэ з добрай выпіўкай…
– Не, пакуль не будзем выкідваць, – па-змоўніцку зазірнуў у вочы сябрам Даніла. – Потым памазгуем. Ёсць адна думка…
Праз паўтары гадзіны яны вярнуліся ў пакой Данілы, напакаваныя бутэлькамі з розным пітвом і закуссю. Узрушаныя і зробленым, і наяўнасцю на стале прысмакаў, гучна размаўлялі, смяяліся. Пасля трэцяй чаркі паспакайнелі, Раман нагадаў Данілу:
– Ты там нешта нейкае задумаў, як я здагадаўся. Выкладвай, ці як?
– Ага, выкладу… – Даніла прыжмурыўся на Рамана: – Ты не заліваеш, што ў цябе дзядзька у КДБ?
– На халеру мне заліваць? Ты за каго мяне прымаеш? – наструніўся Раман. – Кажу як ёсць.
– Дык вось… – Даніла памарудзіў, задраў галаву, абхапіўшы яе далонямі закінутых угару рук. – Добра б было, каб сябры твайго дзядзькі знайшлі гэтыя лістоўкі ў аднаго майго сябра, праз якога сёння мне пастаўлены крыж на аспірантуры. І ў цябе, дарэчы, адразу паменела б турбот з Марго.
Нейкі час усе маўчалі.
– А гэта добрая думка, – Раман хакнуў і пацягнуўся да бутэлькі. – За яе можна выпіць. Сябры майго дзядзькі людзі такія… умеюць знаходзіць.
– Западозрыць… – паморшчыўся Андрусь. – Трэба, каб чыста было…
– Зробім чыста! – выгукнуў Даніла, выпіў налітае Раманам, загаварыў пераканаўча: – Я быў зайшоў да яго, ён пісаў на калені, на ложку седзячы. Зазірнуў чыста па-сяброўску – што пішаш? Там нейкія формулы, фантазіі ягоныя. Дык ён ці не падскочыў. І мяне хутчэй за дзверы, маўляў, там пачакай. Я выйшаў, як апляваны. А там шчыліна ў дзвярах засталася, а праз яе люстэрка было відаць… Ён пад матрац засунуў такі вялікі скураны нататнік, у чахле з “маланкай”. Ён упэўнены, што ніхто не ведае пра схованку, – Даніла зрабіў націск на апошнім сказе і пры гэтым ухмыльнуўся.
– Таго цюхцяя, што з Мацвеем жыве, я знаю, – задумліва працягнуў Андрусь. – Ён мне трошкі вінен. То я магу яго выклікаць на хвілін пяць-дзесяць сюды, знайду пра што гаварыць… Інтэрнат сёння амаль пусты, раз’ехаліся. Іхні пакой насупраць кухні, зручна зайсці…
– Пайшлі! – рэзка падхапіўся Раман. – Нечага цягнуць. А то яшчэ вернецца.
Словы прагучалі загадам. Даніла па-гаспадарску адшчапіў са стоса лістовак палову, падсунуў за пазуху. Супольна рушылі на паверх ніжэй – там быў пакой Мацвея, які ён дзяліў з ціхамірным першакурснікам. Андрусь зайшоў і неўзабаве выйшаў з высокага росту, але цельпукаватым юнаком, які пакорліва пасунуўся следам за ім. Змоўшчыкі зайшлі ў адчынены пакой. Не марудзячы, Даніла ўпэўнена рушыў да ложка Мацвея, памацаў хутка, засунуў руку ў матрац і выцягнуў нататнік у чахле.
– А я казаў!
Шмаргануў замок, адкрыў чахол, рашуча вызваліў з яго нататнік, засунуў у чахол лістоўкі з-за пазухі, зашмаргнуў.
– Усе справы! Пайшлі.
Добра п’яныя, яны разыходзіліся праз дзве гадзіны, задаволеныя кожны сабой і хаўруснікамі.
Частка 2
Музыка ў кавярні грымела моцна, і каб размаўляць з Марго, даводзілася казаць ёй у самае вуха – і ўдыхаць такі вабны пах яе скуры і валасоў. І сам Мацвей падстаўляў сваё вуха да вуснаў Марго, па-шчанячы ў душы папіскваючы ад адчування (ці яму здавалася) не пругкага паветра з вуснаў дзяўчыны, а кранання саміх вуснаў ягонай скуры.
Але такая гаворка яўна надакучыла Марго, і яна выгукнуўшы: “Потым паразмаўляем!”, лянотна пацягвала праз саломінку кактэйль і без асаблівай цікавасці азірала залу ў рознакаляровых сполахах святла. Па ўсім, ёй было не вельмі весела, і Мацвей адчуваў сябе вінаватым. Пасля таго, як Марго двойчы адмовілася ісці танчыць, ён ёрзаў на сваім стуле, раўніва зіркаючы на дужых дзецюкоў, што раз-пораз праціскаліся да барнай стойкі акурат паўз высока аголеных кароткай спадніцай ног Марго, не прамінуўшы кінуць зацікаўлены позірк на іх і на гаспадыню. То калі Марго, дапіўшы напой, нахілілася да яго і пракрычала: “Хадзем!”, Мацвей адчуў палёгку.
– Ну, расказвай, што ты новага накапаў пра сваіх дзядоў? – запыталася Марго, апынуўшыся на вечаровай вуліцы.
– Прабач… Не паспеў як след, – прамармытаў Мацвей. Яго трошкі злавала упартасць Марго ў пытанні яго спадчыннікаў: чаму яны так важныя ёй? Раней ён баяўся выказаць услых гэтую думку, цяпер жа, трошкі разняволены порцыяй алкаголю мозг загадваў супраціўляцца поўнаўладдзю над ім дзяўчыны. І Мацвей выказаўся: – Я не разумею ўвогуле, навошта гэта ведаць? Мінулае – гэта пыл, гэта мярцвячына, ад яго трэба абтрасацца і рухацца наперад. Што мне дало веданне пра дзеда, які ўсё жыццё прарабіў у нарыхтоўчай канторы, спачатку рахункаводам, потым – загадчыкам? А бабуля – бухгалтарам у спажывецкім таварыстве?
– Бо ты – малы дурань, які яшчэ не раскрыў вочы на патрэбныя рэчы, – паблажліва заўважыла на гэта Марго. – Падобнае цягнецца да падобнага, Твая бабуля пайшла замуж не за нейкага дворніка – яна абрала для сваіх дзяцей бацьку з кагорты таго ўзроўню, на якім знаходзілася сама. Так урэшце нараджаецца і эліта.
– Вось як, эліта… – з жалем уздыхнуў Мацвей. – Выходзіць, я туды не цягну са сваім радаводам?
– Якраз цягнеш, – глянула на яго Марго, быццам толькі зараз ацэньваючы юнака. – У цябе ўжо ёсць зачаткі інтэлігентнасці, у будучым справа будзе паляпшацца, як не ажэнішся з якой калгасніцай.
– А што, інтэлігентным стаць нельга, ім неабходна нарадзіцца? – пад’юдзіў Мацвей, хоць гэта было рызыкоўна ў адносінах з Марго, але яна ажно прыпынілася ад той важнасці, якое пачула ў пытанні.