– Якое святкуеш? Піва захацелася, ды і вольны заўтра. То чыста па-сялянску, яшчэ вось агурочкаў дастану, – Андрусь палез у халадзільнік, выцягнуў трохлітровік і відэльцам спрытна патрапіў, выцягнуў вонкі два апошнія агуркі. – Як справы? Нешта ты хмурны крыху. Непрыемнасці?
Даніла сеў на крэсла, зірнуў паблажліва на суседа, які акуратна наліваў піва ў шклянкі.
– От ты мне скажы, Андрусь… На цябе глядзіш – селянін селянінам, здаецца, падыдзі бліжэй – гноем патхне. І апранахі на табе хоць і не з сэканду, але бы чужое на табе. Ты не крыўдуй… Але бачыш ты людзей.
– А што крыўдаваць? – адмахнуўся Андрусь. – Я ж у люстэрка сябе бачу. Ну так, ад зямлі, і зямля з пазногцяў ніяк не выкалупваецца. Бачыў бы ты тую вёску, у якой я нарадзіўся і рос – ваўкі зімой па надворку шнырылі. То ўжо пазней мы ў райцэнтр пераехалі. Маці з бацькам паў-кабана дырэктару ліцэя завезлі, каб узяў. “Вучыся, хоць каб ты з віламі не пражыў жыццё”. Два тыя гады я начамі не спаў – вучыў. Усё ў лепшыя меціў. Ну во і паступіў сюды… Ат, вучоба – не галоўнае, тут дапяў. Фарту як не будзе, то згніеш там, дзе нарадзіўся. Мне што свеціць? Па размеркаванні ў які калгас, інжынерам ці загадчыкам мехмайстэрні. У жонкі вазьму, як пашанцуе, настаўніцу з тых, што па размеркаванні гэтаксама запруць у балота, нараджаем аглаедаў, будзем бульбу садзіць, парсюкоў гадаваць… Перспектыва! – з лёгкай горыччу выгукнуў ён.
– Не-а, не веру, – уважліва паглядзеў на праставаты твар сябра Даніла. – Ёсць нешта ў табе… Умееш ты жыць. Думаю, у балоце гніць табе не наканавана. Бачна ж, не мамка табе з дому грошы шле, круцішся неяк. І спрытна круцішся. Колькі табе на паверсе завінаваціліся?
– Ды я не трымаю ў памяці такое, вунь блакноцік ёсць, – прастадушна кіўнуў на сваю тумбачку Андрусь. – Кручуся, анягож.
– Я б на тваім месцы гэтакім шчодрым не быў, – Даніла адпіў са шклянкі.
– Ну, нейкія капейкі ж маю ад працэнтаў, у дабрачыннасць не гуляю. Ды справа ж не толькі ў грашах, – прыжмурыўся Андрусь, і Даніла заўважыў мо першы раз у вачах хітраваты, нават драпежніцкі бляск. – Некаму я дапамагу, нехта мне дапаможа. Як людзі табе вінныя, дык ахвотней пагодзяцца. Некаму і даруеш, дык ён табе руку некалі падасць.
– Ага, разагнаўся, – рагатнуў Даніла. – Людзей ты не ведаеш, ці што?
– Ды ведаю, – адмахнуўся Андрусь. – Людзі ў наш час страшныя. І на вёсцы страшныя, што ўжо пра горад казаць. Усе па галовах да свайго ідуць. Ды нехта і запомніць. А нехта захоча яшчэ раз пазычыць. Ёсць карысць, – ён загадкава усміхнуўся. – З людзьмі трэба па-людску. Дарэчы, ты так і не адказаў: непрыемнасці ў цябе?
– Больш чым, – Даніла сам даліў у шклянку піва, выпіў залпам. – Фіяска. Катастрофа. Тупік, бля!
– Ого! Сапраўды? А праз што?
– Праз каго… Мне мой сябар лепшы урабіў.
– Мацвей? – нечакана наструніўся Андрусь.
– Мацвей… – пацвердзіў Даніла. – Я не трапляю ў аспірантуру. А ён – ідзе. Такім чынам, мяне заграбуць у армію. Бляха, як жа я ненавіджу гэта…
– Варта было чакаць, – пракаментаваў Андрусь прызнанне магістранта.
– Што чакаць? – напружыўся Даніла, адставіў убок шклянку.
– Ад Мацвея варта было гэтага чакаць, – засяродзіўшыся ў сабе, адказаў Андрусь. – Мы з ім у адным ліцэі ў райцэнтры вучыліся. Маці мая – простая калгасніца некалі, дворнічыхай працавала, а ягоная – выкладчыца ў ліцэі. Колькі яна з мяне крыві выпіла… Мову выкладала. Самая нізкая адзнака ў атэстаце – яе. Ды то не бяда. З такой пагардай яна глядзела на мяне, як на чарвяка. Пры ўсіх была сказала, маўляў, з такога калгасніка як я, выйдзе адно калгаснік з дыпломам. Нічога, некалі я дакажу ёй…
– Дык вы землякі з Мацвеем? – здзівіўся Даніла. – Год побач жывём, а не ведаў.
– Вось, ён нават і не прызнаецца… – скрывіўся Андрусь. – Навучыла маці, з кім знацца, кім грэбаваць. Землякі… Дзе яму каго бачыць? Ён жа – зорка! У ліцэі насіліся з ім, як з пісанай торбай. Што ты – на абласной алімпіядзе першае месца па матэматыцы, такі поспех. А далей і на рэспубліцы – другое. І штогод пасля ездзіў на ўсякія там канферэнцыі, семінары! – Андрусь пацягнуўся да бутэлькі, даліў сабе і Данілу піва.
– Ды ён і ў універы свяціўся, як залакіраваны, – працадзіў скрозь зубы Даніла. – А што б ён змог без мяне? Ягоныя ўсе ідэі – гэта як дзіцячыя фантазіі! Трэба было убачыць у тых ідэях рэальнае, практычнае. Я – бачыў. На трэцім курсе разам працу напісалі – кіраванне сістэмай з выкарыстаннем інфармацыйнага канала дадзеных. Я сабраў мадулятар, настроіў, па ім можна было серыю ў вытворчасць запускаць. На кафедры работа шум узняла – на патэнт жа пацягнула, па ёй доктарскую напісалі. А ўся слава – Хрысціку! Мяне нібыта не было. Над новай распрацоўкай заселі, а што былі б ягоныя голыя ідэі без мяне? Ну няхай ён фантаніруе пражэктамі, а ўмець бачыць карыснае, адсейваць?! – Даніла разгарачыўся, крычаў. – І цяпер ён – у аспірантуру, а мне ў боты вайсковыя?! Поскудзь!
– Не здзіўляюся, – ухмыльнуўся Андрусь. – Усе заўсёды ў ягоным цені. Умее сябе падаць. Такі ўжо сціплы, такі задуменны… А насамрэч ён нас не бачыць, мы не людзі для яго. Сціплы, ага…
Стукнулі дзверы ў калідорчык, нехта таргануў, пастукаў у пакой да Данілы, і ён крыкнуў голасна, раздражнёна трохі:
– Тут я!
Дзверы адчыніліся залішне імкліва – так уваходзяць альбо гаспадары, якія спяшаюцца, альбо нязваныя госці, упэўненыя ў сваіх нахабстве і сіле. Так і было: зайшоў пяцікруснік Раман, ростам пад два метры, шыракаплечы. Ягоны амаль квадратнай формы твар з цяжкім пабароддзем быў перакошаны ад злой рашучасці.
– Вітаю, – працадзіў ён скрозь зубы без прыязнасці, пабачыўшы ў пакоі Данілу і Андруся. – А дзе той гліст смаркаты? Я ў ягоны пакой заходзіў, там няма. Сужывец-заморыш сказаў, што вы разам.
– Што ж ты так непаважліва ставішся да нашай будучай гордасці, можа, – нобелеўскага лаўрэата будучага, га? – рагатнуў Даніла.
З Раманам яны былі знаёмыя з год. Асаблівае сяброўства раней не заводзілася, бо не было датуль агульных інтарэсаў: Раман вучыўся на іншым факультэце, мінчанін. Розныя тусоўкі. Спартсмен, кандыдат у майстры па грэблі. Рукі ў яго, што абцугі. Вучоба яго цікавіла мала, ён ведаў, што выгоднае месца яму забяспечыць бацька, высокі чыноўнік у міністэрстве, ды і ў маці, якая займала пасаду ў клінічнай бальніцы дзяржапарату, хапала патрэбных нітачак у руках. Калі Мацвей пачаў раз на тыдзень сустракацца з Марго, Раман выпадкова напаткаў іх у начным клубе. Марго на заняткі хадзіла і трымалася дастаткова сціпла, апраналася, прыхоўваючы прывабныя формы цела, а ў начным клубе дазволіла сабе пабыць сапраўднай сэксі. І Раман запаў. Ён быў дагэтуль распешчаны ўвагай дзяўчат і маладых жанчын, лёгка заводзіў знаёмствы, трымаючыся пашлавата-жартоўнай манеры, але з Марго, знешне вольнай ад лішніх межаў прыстойнасці, як яе разумеюць рэтраграды, атрымаў адмову ў здзеклівай форме. Раз’юшыўся, але стрымаў сябе. Ён запрасіў выпіць Данілу, які быў тады трэцім колам у веласіпедзе ля Мацвея і Марго, распытаў: што за краля недатыкальная? Даніла, удзячны за неблагую выпіўку, прызнаўся, што сам пакуль не ведае толкам – то была першая такая сустрэча за сценамі ўнівера. Але абяцаў інфармаваць пры патрэбе, як што выявіцца. Абмяняліся нумарамі тэлефонаў, праз нейкі час Даніла пазваніў. Зноў сядзелі ў кафэ, Даніла расказаў: бацька Марго – акадэмік, маці – доктар навук. Пазней ён даведаўся праз Мацвея нямала пра дзяўчыну: ці любіць кветкі і якія, якой парфумай карыстаецца, што любіць глядзець…
– І яшчэ, каб ведаў, – казаў пазней Раману. – Яе бацькі – вялікія дзяржаўнікі. Так што ніякай каб палітыкі. І сама яна выхаваная ў тым жа рэчышчы. Не актывістка, але мае вельмі катэгарычныя погляды адносна нацыяналістычных гульняў…
Запомніўшы пачутае, Раман у хуткім часе без цяжкасцей выклікаў да сябе прыхільнасць Марго. Як ён зразумеў, дзяўчына не была абцяжараная вялікімі пачуццямі ні да каго, таму Раману яна таксама не адмаўляла ў сустрэчах. А праз колькі часу сама са здзіўленнем выклала навіну: аказваецца, іх бацькі – яе і Рамана – знаёмыя, амаль сябры, бо даводзілася раней супрацоўнічаць! Для Рамана гэта было найлепшым знакам. Ён асцярожна паказаў Марго, што трошкі раўнуе да яе сустрэч з Мацвеем, якія яна не спыняла, на што дзяўчына адказала: ніхто не мае права абмяжоўваць яе волю, а Мацвей – вялікі дзіцёнак, ёй падабаецца яго выхоўваць і настаўляць на розум.