Ды Раман пакрысе зараўнаваў па-сапраўднаму. Хоць адносіны з Марго не зайшлі далей за сяброўскія пацалункі, але, хлопец адчуваў, яшчэ трошкі – і справа вырашаная. Да ўсяго, ён па сапраўднаму запаў на дзяўчыну. Ды яшчэ бацькі мякка намякнулі: не будзь дурнем, не упусці такі шанец. Таму тыдзень назад ён прыходзіў у пакой да Данілы, дзе знайшоў Мацвея, акуратна згроб яго за грудкі, прыўзняў над падлогай і папярэдзіў спакойна: Марго – не ягонага полю ягадка. І лепш яму ціхенька збочыць і не паказвацца на вочы дзяўчыне. Інакш у нейкі дзень Мацвей будзе акуратна збіты на горкі яблык.
Што праўда, Мацвей нечакана псіхануў тады. Глядзі ты, сапраўды, худы, як гліст, хліпкі, а трымаўся, як той юнак на дапросе.
– Паспрабуй і атрымаеш вялікія непрыемнасці, – прасіпеў здушана ён.
Раман, па праўдзе, разгубіўся на момант, паставіў магістранта на месца. Чорт яго ведае, якія там у яго ёсць сувязі, каб сапсаваць жыццё? Сёння кожны другі мае тыя ці іншыя падвязкі. Можа, у яго дзядзька – суддзя які значны ці пракурорскі работнік? Каб жа ён ведаў, што Мацвей, крамя іншага, захапляўся псіхалогіяй, і паколькі моцай не вылучаўся, то меў у сябе на ўзбраенні невялікі арсенал практычных прыёмаў, каб уплываць на праціўніка, а як пашанцуе, дык і перамагчы.
У гэты вечар, відавочна, псіхалагічныя прыёмы наўрад ці ўратавалі б Мацвея, бо Раман быў злы, як чорт – крылы ягонага вялікага носа разляталіся ў бакі і сцягваліся назад ад сапення.
– Я яго папярэджваў, каб не лез да Марго! Сёння ў мяне білеты ў тэатр былі!
– Ого, ты зацікавіўся драматургіяй? – падначыў Даніла, але ўмомант змяніў свой тон пад злым позіркам Рамана: – Прабач, разумею… Сядай да нас, хоць, па праўдзе, частавацца асабліва няма чым…
Рамана працверазілі гэтыя словы, мабыць, ён згадаў, што за ўсё-ўсякую інфармацыю пра Марго і яе справы з Мацвеем абяцаў частаваць Данілу ў любы час, як ні завітае.
– Прабач, ды ж як пазваніў, сказала, што ўжо запрошаная на мінулым тыдні на сёння, дык выскачыў з хаты без грошай.
– Шкада, халера… – задумліва прагаварыў Даніла, і было не надта зразумела, аб чым ён больш шкадуе: што Раман без грошай, ці што не застаў Мацвея.
– Грошы – не праблема, калі ёсць сябры, – адважыўся ўстрэць у гутарку Андрусь, які да гэтага часу маўчаў, злёгку перапалоханы ад уварвання ваяўнічага Рамана.
– Ну, за пазычаныя гуляць – не задавальненне, – паморшчыўся Даніла, бо ён быў вінен Андрусю пэўную суму і не хацеў яе павялічваць.
– Але ж ёсць магчымасць і зарабіць…
– Во зараз? І як? – здзіўлена зірнуў на таварыша Даніла.
– Давай, заробім! – выгукнуў Раман, шумна усеўся за стол. – Душа гарыць, нечым заліць яе неабходна…
– І душу заліць, і падумаць… – загадкава прадоўжыў Даніла, павярнуўся да Андруся: – Рэальна цяпер зарабіць?
– Рэальна, – хітравата ўсміхнуўся Андрусь, ягоны праставаты твар быў падобны ў гэтую хвіліну на гандляра хамутамі на рынку. – А наколькі я магу давяраць спадарству? Прашу прабачэння, як незнарок пакрыўдзіў каго.
Даніла зразумеў, што Андрусь кажа сур’ёзна, таму адказаў цвёрда:
– Раману я веру як сабе. Ты верыш мне – вер Раману.
– Добра… Я прычыню дзверы…
Даніла з Раманам пераглянуліся. Яны былі заінтрыгаваныя. У вачах Рамана адбіўся лёгкі неспакой, Даніла ціхім голасам яго супакоіў:
– Не нервуемся раней часу. Андрусь – не дурань. Хіба на выгляд просты…
А Андрусь за гэты час прымкнуў знутры дзверы, выцягнуў з-пад ложка аб’ёмістую сумку, пакорпаўся, пашамацеў паперай і пластыкам, прыцягнуў і паклаў на стол бы загорнуты том якога класіка. Нажом надрэзаў паскі ліпучкі, расхінуў абгортку.
То быў стос тонкіх каляровых лістовак.
– Тваю маць, – працягнуў Даніла, узяў у рукі адну лістоўку. – “Выходзь на вуліцу! Усе на Плошчу! Бла-бла-бла… Зубр”. Ты гэтак зарабляеш? Ды за адну такую паперчыну выкінуць з універа, сама мала, не ведаеш? Ці ты ідэйны змагар і нам заплаціць хочаш са сваёй кішэні? Ці мо сам і надрукаваў? – рагатнуў Даніла, занерваваўся, бо выгляд такой колькасці лістовак на стале яго бянтэжыў.
– Не нервуемся, грамада, – спакойна, нават з загаднымі ноткамі загаварыў Андрусь, паклаўшы руку на стос лістовак. – Так, можна і на гэтым зарабляць. Задача была такая: разнесці гэтыя лістоўкі і паўкідаць у паштовыя скрыні ў пэўных дамах па пэўнай вуліцы. Тут тысяча штук…
– Пайшоў ты на з такой работай, – грэбліва паморшчыўся Раман. – Не хапала яшчэ пэцкацца аб свядомых! У мяне дзядзька – у КДБ!
– Ды чакайце, я ж не дагаварыў, – паблажліва ўсміхнуўся Андрусь. – Умовы простыя. Яшчэ даецца фотаапарат. Лічбавы. Для справаздачы зрабіць здымкі. З усіх пад’ездаў. У мяне – чатырнаццаць. Здымак такі: рука апускае лістоўку ў паштовую скрыню. Значыць, робім так… – Андрусь сагнуў адзін рог лістоўкі да сярэдзіны, правёў пазногцем па згібу, адарваў акуратна. – От, маем такую штуку. Адну. Тут відаць толькі нейкія літары… Як і затрымаюць з такім ражком – дык і што? А мы бяром гэты ражок і ходзім па пад’ездах. Нас трое, адзін на шухеры, другі дэманструе апусканне лістоўкі, трэці здымае. Паўгадзіны часу, а маем дваццаць баксаў…
– Жартуеш?! Дваццаць? – не паверыў Даніла, адкінуўся на спінку крэсла, расцягнуў твар ва ўхмылцы: – Ну ты, спрытнюга вясковы, і даеш! Дзе ты такіх працадаўцаў знайшоў?
– Гэта няважна, – адмахнуўся Андрусь. – Я ж табе казаў: добра, калі многа сяброў. Ну што, хадзем?