Мацвей ледзь здолеў адарваць позірк ад вулічнага жыцця. Ён упершыню адчуў няздольнасць так проста выйсці і апынуцца там! Ніколі раней не было такога, каб ягоная воля і магчымасць былі абмежаваныя воляй і ўладай іншых людзей. Ён ажно замёр – каб зафіксаваць у сабе, адкласці ў памяці гэтае пачуццё адчаю.
– Ты ўсё зразумеў? – і цень спачування, і халадок пагрозы ў пытанні следчага.
– Не разумею: чаму мне не вераць? Я кажу праўду. Заўжды – толькі праўду. Бо я – матэматык. Я не магу ілгаць! – апошнія словы Мацвей мала што не выкрыкнуў.
– Добра, давай я табе на момант паверу, – уздыхнуў следчы. – Няхай нехта невядомы захацеў так з табой пажартаваць: падкінуў табе гэтыя лістоўкі…
– А як вы даведаліся, што яны – у мяне? – вырвалася ў Мацвея, ён узрушыўся ад думкі: – Калі мне падкінулі лістоўкі, то паведаміць пра іх мог той, хто гэта зрабіў!
– Ты хочаш даведацца, хто гэта зрабіў? – ніколькі не пакрыўдзіўшыся на тое, што яго перапынілі, спытаў следчы.
– Дык канешне!
– І мы хочам. У цябе свае інтарэсы, у нас – свае. Давай тады сумесна, згодзен?
– Як гэта?
– Не надта складана, – ужо зусім па-сяброўску загаварыў следчы. – У цябе, бачу, аналітычны склад розуму. Ты можаш назіраць, супастаўляць факты, рабіць вывады. Прааналізуй: хто мог недзе набыць такую колькасць лістовак? Відавочна ж, яны прызначаліся для распаўсюджу…
– Ды не… Не магу.
– Зразумела, не зможаш. Гэта можам мы, як будзем ведаць пра шматлікія сувязі. А ты можаш іншае – пабачыць тыя сувязі, бо ты знаходзішся сярод іх. Але ж трэба успамінаць… Слухаць, назіраць. Хто на якія тэмы размаўляе, якія анекдоты “травіць”, якія настроі, якімі навінамі з якіх сайтаў дзеліцца. Разумееш?
– Ды не…
– Вядома, гэта не такая простая матэматыка. Ужо алгебра вышуковай логікі, – усміхнуўся як сябру следчы. – Адзін з асноўных законаў гэтай навукі – нельга для дакладнага выніку карыстацца інфармацыяй і фактамі з адной крыніцы. Факты і думкі ад цябе мы пачнём супастаўляць з тымі, якія маем ад іншых – тады складваецца карцінка. Разумееш?
– Разумею, гэта як матэматычны аналіз…
– Вось і цудоўна… Ты згодзен падумаць, паслухаць, пабачыць прааналізаваць і паставіць нам інфармацыю для пошукаў твайго жартаўніка?
Мацвей замарудзіў з адказам. Ён яшчэ не разумеў схаванай ад яго розуму пагрозы для яго, а яна тут была – ён гэта адчуваў інтуітыўна. І хай не наўпрост пагроза, але нешта такое, што ў любым выпадку стварала пагрозу ранейшаму раскладу жыцця і сістэме ягоных каштоўнасцей.
– Мне… мне трэба падумаць.
– Няма праблем, ідзі падумаў спакойна. Час у цябе ёсць…
– А… дзе думаць?
– У камеры.
– Дык мяне не адпускаюць? – наіўна спытаўся Мацвей, бо у нейкі момант ён паверыў, што за гэтай прапановай шукаць разам таго “жартаўніка” павінны быць сяброўскі поціск рук і ягоны шлях туды – у жыццё па-за гэтымі сценамі.
– Не, сябра… Думаць – толькі у камеры. Адсюль выходзяць з дакладна акрэсленымі планамі на будучыню, – цвёрда, з усмешкай, якая зараз падалася хіжай, адказаў следчы. – Але строга папярэджваю: наша размова павінна застацца між намі. Помні пра правілы: усяго адзін крок. Выбірай: альбо наперад пад колы, альбо назад – у бяспечнасць. Зразумеў?
Голас прагучаў як жорсткае папярэджанне.
Мацвей кіўнуў.
Яго вялі назад тым самым калідорам, са скрыгатам адкрыліся дзверы камеры, Мацвей увайшоў і раптоўна тут, у цеснаце і шэрасці адчуў палёгку – быццам пасля задушанага памяшкання апынуўся сярод лесу, дзе стала хапаць паветра.
– Ну як? – ціха, каб не было чуваць іншым, пацікавіўся Зміцер, прысеўшы побач.
– Не разумею, – шчыра прызнаўся Мацвей – ён насамрэч не мог пакуль уцяміць: куды і да чаго прывяла размова са следчым.
– Давай угадаю, – з усмешкай загаварыў Зміцер. – Слядак – вельмі ж добры чалавек, ну, недзе, канечне і строгі, але хоча, каб было ўсё па-справядлівасці. Таму прапанаваў табе дапамагчы пашукаць адказ на пытанне: адкуль у цябе ўзяліся лістоўкі? Хто іх мог падкінуць? Ну?
Мацвей, уражаны, узняў позірк на Зміцера, сустрэў лёгкую скруху.